Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Мінскі абласны суд пакінуў без змянення рашэнне суда першай інстанцыі па грамадзянскай справе па іску аб пакрыцці выдаткаў на будаўніцтва

29 снежня 2021  1194

23 снежня 2021 года судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда ў апеляцыйным парадку разгледжана грамадзянская справа па апеляцыйнай скарзе Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта на рашэнне суда Барысаўскага раёна ад 6 верасня 2021 года па іску Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта (далей – ісцец) да Л. (далей – адказчыца) аб пакрыцці выдаткаў на будаўніцтва аб’ектаў размеркавальнай інжынернай і транспартнай інфраструктуры. 

Ісцец у іскавай заяве ўказаў, што рашэннем Барысаўскага райвыканкама ад 24 жніўня 2015 года быў сфарміраваны зямельны ўчастак для правядзення аўкцыёнаў па продажы зямельных участкаў у прыватную ўласнасць плошчай 0,0914 га для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ў г. Барысаве. Аўкцыён па продажы названага зямельнага ўчастка адбыўся 2 сакавіка 2017 года. Па выніках праведзеных таргоў пераможцам аўкцыёну была прызнана адказчыца, якая набыла яго і 10 сакавіка 2017 года ажыццявіла рэгістрацыю ўчастка. 

У 2017 годзе адказчыца атрымала дазвол на будаўніцтва двухпавярховага жылога дома на названым зямельным участку, аднак пасля яго ўзвядзення ў 2018 годзе ёй у прыёмцы ў эксплуатацыю названай пабудовы было адмоўлена, паколькі яна не пакрыла выдаткі на будаўніцтва, у тым ліку праектаванне, аб’ектаў інжынернай, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры, якія былі вызначаны рашэннем Барысаўскага райвыканкама ад 7 жніўня 2017 года. Зыходзячы з названых паказчыкаў адказчыца абавязана была аплаціць дзяржаве выдаткі на названыя аб’екты па стане на 1 снежня 2018 года ў памеры 26 069,62 рубля. 

Судовай пастановай 4 мая 2019 года рашэнне Барысаўскага райвыканкама ў дадзенай частцы было прызнана неправамерным, у сувязі з чым дом быў прыняты ў эксплуатацыю, акт прыёмкі выдадзены адказчыцы, зарэгістравана ўзнікненне права ўласнасці на дом. 

Паколькі да цяперашняга часу названыя выдаткі не пакрыты, зроблены іх пераразлік, і па стане на 1 чэрвеня 2021 года іх памер склаў 33 117 рублёў 28 капеек. Спасылаючыся на выкладзенае, а таксама патрабаванні п. 9 Палажэння аб парадку пакрыцця асобай, якой прадастаўлены зямельны ўчастак, выдаткаў на будаўніцтва, у тым ліку праектаванне, аб’ектаў размеркавальнай інжынернай і транспартнай інфраструктуры да такога зямельнага ўчастка, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 01.04.2014 № 298 (далей – Палажэнне), ісцец прасіў спагнаць з адказчыцы на карысць Барысаўскага райвыканкама 33 117 рублёў 28 капеек. 

Рашэннем суда Барысаўскага раёна ад 6 верасня 2021 года ў задавальненні іскавых патрабаванняў істцу адмоўлена.

Палічыўшы рашэнне суда першай інстанцыі незаконным, ісцец падаў апеляцыйную скаргу, у якой прасіў аб адмене рашэння суда.

Падчас судовага пасяджэння ўстаноўлена, што ў сілу п. 3 Палажэння пакрыццё выдаткаў на будаўніцтва, у тым ліку праектаванне, аб’ектаў інфраструктуры не ажыццяўляецца асобамі, якім зямельныя ўчасткі прадастаўляюцца з унясеннем платы за права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў, а таксама платы за зямельныя ўчасткі, якія набываюцца ў прыватную ўласнасць, у выпадку, калі затраты па відах аб’ектаў інфраструктуры ўключаны ва ўказаную плату.

У сілу арт.арт. 64, 66 Закона «Аб нарматыўных прававых актах», нарматыўныя прававыя акты, што закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асоб, уступаюць у сілу толькі пасля іх афіцыйнага апублікавання… Нарматыўны прававы акт не мае зваротнай сілы, гэта значыць не распаўсюджвае сваю дзейнасць на адносіны, якія ўзніклі да яго ўступлення ў сілу, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян і юрыдычных асоб. 

У гэтай сувязі прынятае Барысаўскім райвыканкамам рашэнне ад 7 жніўня 2017 года не можа быць прыменена да праваадносін, што ўзніклі да яго прыняцця, у тым ліку да праектавання аб’ектаў размеркавальнай інжынернай і транспартнай інфраструктуры ў дачыненні да зямельнага ўчастка, прададзенага з аўкцыёну 2 сакавіка 2017 года.

Акрамя таго, з матэрыялаў справы вынікае, што пры фарміраванні зямельнага ўчастка для правядзення аўкцыёну па продажы ў прыватную ўласнасць для будаўніцтва сядзібнага жылога дома ў г. Барысаве выдаткі па відах аб’ектаў інфраструктуры ўжо былі ўключаны ў кадастравы кошт зямельнага ўчастка, выстаўленага на аўкцыён. Дадзены факт таксама пацверджаны інфармацыяй аддзела землеўпарадкавання Барысаўскага раёна.

Акрамя таго, рашэннем выканкама 27 сакавіка 2017 года адказчыцы дазволена ўзвядзенне жылога дома на спрэчным зямельным участку без ускладання на яе абавязку па пакрыцці выдаткаў на будаўніцтва і праектаванне аб’ектаў інфраструктуры.

З улікам выкладзенага рашэнне суда Барысаўскага раёна ад 6 верасня 2021 года судом апеляцыйнай інстанцыі пакінута без змянення, а апеляцыйная скарга Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта – без задавальнення.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі