Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь
Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь
220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76
XVII нарада старшынь вярхоўных судоў дзяржаў – членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) пачала работу ў Душанбэ 18 жніўня г.г.
Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Алегавіч Сукала прыняў удзел (анлайн) у нарадзе ў якасці назіральніка.
Вітаючы калег, Валянцін Сукала выказаў глыбокую ўдзячнасць за арганізацыю сустрэчы і за запрашэнне прыняць у ёй удзел.
«Правядзенне сённяшняй нарады ў вельмі няпросты час, калі фактычна неэфектыўныя многія прававыя міжнародныя арганізацыі і інстытуты, будзе садзейнічаць павышэнню міжнароднага ўплыву ШАС і дасягненню задач, якія стаяць перад намі.
У цяперашніх умовах мы канцэнтруем свае намаганні на далейшым умацаванні прававога і эканамічнага супрацоўніцтва на еўразійскай прасторы. Наша дзяржава зацікаўлена ва ўдзеле ў шматбаковым партнёрстве, заснаваным на прынцыпах узаемнага даверу, павагі, адкрытасці і раўнапраўнага супрацоўніцтва.
Шлях Рэспублікі Беларусь у ШАС пачаўся з 2010 года са статусу партнёра па дыялогу, затым у 2015 годзе Беларусь стала назіральнікам. У гэтым годзе нашай краінай пададзена заяўка на паўнапраўнае членства ў арганізацыі. І мы спадзяёмся, што ў хуткім часе Рэспубліка Беларусь набудзе статус дзяржавы – члена ШАС», – адзначыў ён у прывітанні.
Валянцін Сукала таксама падкрэсліў, што Беларусь нацэлена на актыўны ўдзел у праектах ШАС: «Мяркую, што адносіны паміж дзяржавамі – членамі ШАС павінны стаць эталонам эфектыўнага ўзаемадзеяння ў складзе інтэграцыйных аб’яднанняў. Спадзяюся на далейшае ўмацаванне міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў судовай сферы і пашырэнне механізмаў аказання ўзаемнай прававой дапамогі. Мы заўсёды адкрытыя для дыялогу, абмену ведамі і вопытам», – запэўніў ён замежных калег.