Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Юрый Руткоўскі прыняў удзел у рабоце міжнароднага форуму ў Казахстане

22 ліпеня 2022  1276

З 19 па 21 ліпеня 2022 года ў г. Нур-Султане (Рэспубліка Казахстан) адбылося чарговае пасяджэнне Форуму Еўразійскай групы па процідзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму (ЕАГ).

Суддзя Вярхоўнага Суда Юрый Іванавіч Руткоўскі прыняў удзел у рабоце форуму ў сесіі «Асаблівасці выяўлення, расследавання і судовага разгляду спраў аб адмыванні даходаў ад карупцыйных, падатковых, мытных і іншых эканамічных злачынстваў».

Выступаючы з тэмай даклада «Практыка разгляду судамі Рэспублікі Беларусь спраў аб злачынствах, звязаных з легалізацыяй (адмываннем) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам», Юрый Руткоўскі адзначыў, што прыняццем шэрага міжнародных нарматыўных прававых актаў, якія каардынуюць намаганні праваахоўных органаў дзяржаў у барацьбе з легалізацыяй (адмываннем) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, пацверджаны высокі ўзровень грамадскай небяспекі такіх злачынстваў.

Ён звярнуў увагу на артыкул 235 КК Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якім пад легалізацыяй (адмываннем) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, разумеецца здзяйсненне фінансавых аперацый са сродкамі, атрыманымі заведама злачынным шляхам, для надання правамернага выгляду валоданню, карыстанню і (або) распараджэнню ўказанымі сродкамі ў мэтах утойвання або скажэння паходжання, месцазнаходжання, размяшчэння, руху або сапраўднай прыналежнасці ўказаных сродкаў.

Юрый Руткоўскі падкрэсліў, што ў Рэспубліцы Беларусь на пастаяннай аснове ажыццяўляюцца неабходныя прафілактычныя мерапрыемствы ў мэтах прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам. Асновай для такой работы з’яўляецца дзеючы Закон Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2014 года № 165-З «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння».

Суддзя Вярхоўнага Суда прывёў даныя судовай статыстыкі аб колькасці прыцягнутых да крымінальнай адказнасці па справах аб злачынствах, звязаных з легалізацыяй даходаў, атрыманых злачынным шляхам. Пры гэтым адзначыў, што колькасць асуджаных па арт. 235 КК невялікая, што звязана з прынятымі ў дзяржаве жорсткімі мерамі па барацьбе з карупцыйнымі праявамі і злачынствамі.

«Так, у перыяд з 2017 па 2021 год у Рэспубліцы Беларусь за легалізацыю даходаў, атрыманых злачынным шляхам, было асуджана 15 чалавек, што складае крыху больш за 1 % ад агульнай колькасці асуджаных, з іх у складзе арганізаванай групы здзейснілі злачынства 7 чалавек», – падкрэсліў Юрый Руткоўскі.

Суддзя звярнуў увагу на сацыяльную характарыстыку такіх асоб – як правіла, гэта асобы, якія маюць вышэйшую адукацыю, валодаюць пэўнымі псіхалагічнымі якасцямі, высокім узроўнем кваліфікацыі ў розных сферах, добра валодаюць дзеючым заканадаўствам, сацыяльна актыўныя, маюць высокую кампетэнтнасць у пытаннях сваёй непасрэднай дзейнасці, валодаюць разнастайнымі знаёмствамі і сувязямі ў розных колах.

«Усё гэта, безумоўна, уплывае на ступень выяўлення такога роду злачынстваў, якія часта носяць латэнтны характар, стварае значныя цяжкасці ў расследаванні гэтых злачынстваў і разглядзе іх падчас судовых разбораў. Такія злачынствы ў большасці сваёй носяць транснацыянальны характар, што ўскладняе збор доказнай базы, патрабуе цеснага і эфектыўнага супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі органамі розных дзяржаў», – адзначыў дакладчык.

Гаворачы аб эфектыўных механізмах і інстытутах, якія садзейнічаюць хуткаму і якаснаму раскрыццю такіх злачынстваў і іх судоваму разбору, суддзя звярнуў увагу ўдзельнікаў форуму, што адным з іх з’яўляецца інстытут дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве. Дадзены інстытут аказвае дзейсную і неацэнную дапамогу ў папаўненні адсутнай інфармацыі, здольны накіраваць следства ў патрэбным напрамку для збору іншых доказаў, паколькі паказанні асобы, якая згадзілася на дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве, дазваляюць у значным аб’ёме банкаўскіх, фінансавых дакументаў знайсці і ўстанавіць злачынныя фінансавыя трансакцыі, схемы, супаставіць іх з іншымі доказамі і атрымаць поўную карціну здзейсненага злачынства, устанавіць усе акалічнасці, якія падлягаюць даказванню па справе. «Таксама адной з асноўных задач, якую дазваляе рашыць яго прымяненне, з’яўляецца поўнае пакрыццё прычыненай злачынствам шкоды на пачатковай стадыі расследавання, што не дазволіць вінаватым утаіць атрыманыя злачынным шляхам матэрыяльныя сродкі», – падкрэсліў суддзя.

Ён таксама падрабязна расказаў аб дзейнасці Вярхоўнага Суда па дадзенай тэме, адзначыўшы, што вышэйшай судовай інстанцыяй ажыццяўляецца аналіз практыкі прызначэння пакарання і прымянення іншых мер крымінальнай адказнасці ў дачыненні да абвінавачаных па дадзенай катэгорыі злачынстваў.  Пры гэтым асабліва падкрэсліў, што агульнапрынятым у нашай краіне з’яўляецца падыход, згодна з якім адным з важных крытэрыяў пры прызначэнні пакарання па дадзенай катэгорыі крымінальных спраў з’яўляецца пакрыццё прычыненага дзяржаве ўрону.

У завяршэнне выступлення Юрый Іванавіч Руткоўскі адзначыў: «Рэгулярныя сустрэчы паміж прадстаўнікамі праваахоўных органаў, судовай сістэмы нашых дзяржаў, у тым ліку на пляцоўках дадзенага форуму, абмен вопытам у сферы барацьбы з такога роду злачынствамі дазволяць павысіць эфектыўнасць работы па аператыўным раскрыцці, якасным расследаванні злачынстваў і разглядзе ў судах такіх спраў».

 

Фота: Еўразійская група па процідзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму  

Даведачна: ЕАГ з’яўляецца міжнароднай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае 9 дзяржаў-членаў (Беларусь, Індыя, Кітай, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан). У адпаведнасці з Пагадненнем аб ЕАГ мэтай дзейнасці арганізацыі з’яўляецца забеспячэнне эфектыўнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні ў процідзеянні легалізацыі (адмыванню) злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі