Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Важна, каб практыка прымянення новага КаАП поўнасцю адпавядала мэтам яго распрацоўкі і грамадскім чаканням: інтэрв’ю суддзі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Эдгара Марцірасяна Нацыянальнаму прававому інтэрнэт-парталу

28 ліпеня 2022  3500

30 чэрвеня 2022 года Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову аб прымяненні судамі норм Агульнай часткі КаАП. Як суды спрацавалі, прымяняючы новыя нормы закона, якія новаўвядзенні з’явіліся ў сістэме адміністрацыйных спагнанняў, як на практыцы працуе механізм вызвалення ад адказнасці за адміністрацыйныя правіннасці, – на гэтыя і іншыя пытанні ў інтэрв’ю рravo.by адказаў суддзя Вярхоўнага Суда Эдгар Марцірасян.

 – Новы КаАП уступіў у сілу больш за год назад, тым не менш унесеныя ў КаАП новаўвядзенні і практыка іх прымянення працягваюць заставацца актуальнымі і зараз. Эдгар Вячаслававіч, раскажыце, як суды спрацавалі, прымяняючы на практыцы новыя нормы закона.

– Праведзены Вярхоўным Судом аналіз судовай практыкі паказаў, што суды рэспублікі ў цэлым паспяхова адаптаваліся да новага заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці і спрацавалі стабільна. Прымяненне судамі палажэнняў новых КаАП і ПВКаАП у цэлым цяжкасцей не выклікала. Пэўную ролю ў гэтым адыграў і Вярхоўны Суд, паколькі работа па вывучэнні новага заканадаўства была арганізавана ў судах яшчэ да ўвядзення ўказаных кодэксаў у дзеянне.

Кажучы аб актуальнасці тэмы Пленума, трэба адзначыць, што асноўныя новаўвядзенні тычацца Агульнай часткі КаАП. А для любога правапрымяняльніка не сакрэт, што менавіта гэта частка кодэкса ўтрымлівае алгарытмы і патрабаванні, без выканання якіх немагчыма прыняць па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні правільнае рашэнне.

У 2021 годзе за 10 месяцаў дзеяння новага КаАП суды рэспублікі разгледзелі больш за 180 тыс. спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях розных катэгорый. У выніку за такі непрацяглы перыяд часу быў назапашаны багаты матэрыял, які дазволіў абагульніць судовую практыку і выявіць асноўныя пытанні, якія ўзніклі ў судоў пры выкананні правасуддзя.

Таму з мэтай фарміравання правільнай і аднастайнай судовай практыкі Пленумам Вярхоўнага Суда, пасяджэнне якога адбылося 30 чэрвеня 2022 года, і былі дадзены растлумачэнні па прымяненні палажэнняў Агульнай часткі КаАП.

 

– Пры распрацоўцы КаАП на першы план выйшаў прынцып справядлівасці. Раскажыце, у чым яго сутнасць і як ён рэалізуецца на практыцы.

– Сапраўды, у новым КаАП найбольш значная роля адведзена прынцыпу справядлівасці. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам ключавыя палажэнні кодэкса накіраваны на ўзмацненне яго прафілактычнай і зніжэнне карнай функцыі. На сённяшні дзень закон прама прадпісвае, што адміністрацыйнае спагнанне можа накладвацца на правапарушальніка пры адсутнасці дастатковых падстаў прымянення да яго прафілактычных мер уздзеяння.

Прадастаўленая заканадаўцам альтэрнатыва ў прымяненні той ці іншай нормы, а значыць, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці або вызваленне ад яе з’яўляецца адной з форм рэалізацыі прынцыпу справядлівасці.

Калі казаць аб рэалізацыі дадзенага прынцыпу ў дачыненні да здзейсненых адміністрацыйных правапарушэнняў у эканамічнай сферы, то сутнасць заключаецца ў тым, што ў першую чаргу да адказнасці прыцягваецца вінаваты работнік юрыдычнай асобы, а адказнасць самой юрыдычнай асобы разглядаецца як дадатковая. У гэтай сувязі законам устаноўлены канкрэтныя правілы і ўмовы, калі ў дачыненні да юрыдычнай асобы можа наступаць такая адказнасць.

Згодна з данымі судовай статыстыкі за 2021 год, было абскарджана ўсяго каля 1,5 % ад агульнай колькасці вынесеных судамі пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. І дадзены паказчык абскарджання ў параўнанні з 2020 годам зменшыўся амаль на 1 %.

Даныя статыстыкі гавораць аб тым, што практычна ва ўсіх выпадках як сам правапарушальнік, так і пацярпелы згадзіліся з прынятымі судовымі рашэннямі, не аспрэчвалі іх правільнасць і справядлівасць.

 

– Гаворачы аб прафілактычнай накіраванасці кодэкса, нагадайце, калі ласка, якія меры прафілактычнага ўздзеяння прадугледжвае КаАП і якія з іх прымяняюцца непасрэдна судом?

– Закон прадугледжвае тры меры прафілактычнага ўздзеяння – гэта вусная заўвага, папярэджанне і меры выхаваўчага ўздзеяння ў дачыненні да непаўналетніх, якія прымяняюцца пры вызваленні правапарушальніка ад адміністрацыйнай адказнасці. Мэта прымянення гэтых мер і заключаецца ў папярэджанні новых адміністрацыйных правапарушэнняў.

З ліку прафілактычных мер уздзеяння толькі вусная заўвага не адносіцца да кампетэнцыі суда. Гэта абумоўлена тым, што дадзеная мера прымяняецца не ў агульным, а ў спрошчаным парадку, гэта значыць самой службовай асобай, якой і было выяўлена правапарушэнне. У гэтым выпадку якія-небудзь пратаколы не складаюцца, пастановы не выносяцца і адміністрацыйны працэс не вядзецца.

Для нагляднасці можна прывесці наступны прыклад, калі за пераход праезнай часткі ў неўстаноўленым месцы, калі гэта не паўплывала на бяспеку дарожнага руху, супрацоўнік ДАІ мае права на месцы здзяйснення правапарушэння аб’явіць пешаходу вусную заўвагу, абмежаваўшыся тым самым правядзеннем прафілактычнай гутаркі.

 

– У КаАП уключаны абсалютна новыя палажэнні аб катэгорыях адміністрацыйных правапарушэнняў. Патлумачце, на чым заснаваны іх падзел?

– У адпаведнасці з новым КаАП адміністрацыйныя правапарушэнні падзелены на тры катэгорыі ў залежнасці ад іх характару і ступені грамадскай шкоднасці на адміністрацыйныя правіннасці, значныя і грубыя адміністрацыйныя правапарушэнні.

Катэгарызацыя правапарушэнняў дазваляе індывідуалізаваць меры адміністрацыйна-прававога ўздзеяння да правапарушальніка, а таксама павышае іх прафілактычную і папераджальную накіраванасць.

Асноўным крытэрыем аднясення правапарушэння да адной з дадзеных катэгорый з’яўляецца від адміністрацыйнага спагнання, указанага ў санкцыі.

Да правіннасцей аднесены правапарушэнні, за якія можа быць накладзена спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры, які не перавышае 10 базавых велічынь для фізічнай асобы, 25 базавых велічынь для індывідуальнага прадпрымальніка і 50 базавых велічынь для юрыдычнай асобы.

Калі санкцыя артыкула прадугледжвае больш высокі штраф або канфіскацыю і дэпартацыю, то тады гэта значнае правапарушэнне.

Грубыя правапарушэнні – гэта тыя, паўторнае здзяйсненне якіх цягне крымінальную адказнасць, а таксама за якія асоба можа быць падвергнута пазбаўленню права займацца пэўнай дзейнасцю, грамадскім работам і адміністрацыйнаму арышту.

 

– У якіх выпадках чалавек, які здзейсніў адміністрацыйную правіннасць, павінен быць безумоўна вызвалены ад адміністрацыйнай адказнасці?

– З катэгорыямі правапарушэнняў звязаны парадак вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці з прымяненнем такой прафілактычнай меры ўздзеяння, як папярэджанне. У гэтым і праяўляецца прафілактычны складнік КаАП, калі на першы раз правапарушальнік замест прымянення да яго адміністрацыйнага спагнання толькі папярэджваецца. Пры гэтым добрапрыстойны грамадзянін абавязкова зробіць для сябе вывады і не дапусціць паўторнага здзяйснення правапарушэння.

Напрыклад, калі здзейснена адміністрацыйная правіннасць, то правапарушальнік у абавязковым парадку вызваляецца ад адміністрацыйнай адказнасці, аднак для гэтага павінны быць выкананы наступныя ўмовы:

  • ён прызнаў факт здзяйснення ўказанага правапарушэння;
  • згодны на тое, каб яго вызвалілі ад такой адказнасці;
  • на працягу 1 года да гэтага ён не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і не вызваляўся ад яе за такое ж парушэнне.

Дадзеныя правілы вызвалення ад адказнасці суды прымянялі дастаткова часта па справах за правіннасці, звязаныя з парушэннем грамадзянамі абавязкаў па воінскім уліку.

Што тычыцца значнага адміністрацыйнага правапарушэння, то вызваленне ад адказнасці за здзяйсненне такога правапарушэння з’яўляецца правам, а не абавязкам суда або органа, упаўнаважанага на разгляд справы. У гэтым выпадку павінны быць выкананы не толькі тыя ж умовы, як пры вызваленні за правіннасць, але і ўлічаны канкрэтныя акалічнасці здзейсненага правапарушэння, шкодныя наступствы і даныя пра асобу правапарушальніка.

Па гэтай падставе суды прымалі рашэнні аб вызваленні, напрыклад, за непрадастаўленне ва ўстаноўленыя тэрміны дакументаў і справаздач, самавольнае будаўніцтва і г. д.

Акрамя таго, заканадавец прадугледжвае абавязковае вызваленне ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання і ў іншых выпадках. У прыватнасці, у адпаведнасці з заўвагай да главы 16 КаАП, гэта значыць за здзяйсненне правапарушэнняў супраць экалагічнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і парадку прыродакарыстання.

У дадзенай сітуацыі катэгорыя адміністрацыйнага правапарушэння ўжо не мае значэння. Аднак пры наяўнасці па справе шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, дадатковай умовай вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці з’яўляецца добраахвотнае пакрыццё такой шкоды.

У адпаведнасці з заўвагай да главы 16 КаАП суды прымалі рашэнні аб вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці, напрыклад, за парушэнні правіл палявання, здабычы рыбы, а таксама за рад іншых правапарушэнняў, прадугледжаных названай главой.

 

– Што гавораць даныя судовай статыстыкі аб колькасці вызваленых судамі ад адміністрацыйнай адказнасці?

– Прывяду наступныя лічбы. За 10 месяцаў 2021 года вызвалілі ад адміністрацыйнай адказнасці каля 4,4 тыс. асоб, а за 6 месяцаў 2022 года – ужо больш за 3 тыс. асоб. З іх больш чым у палове выпадкаў – у сувязі з прымяненнем такой прафілактычнай меры ўздзеяння, як папярэджанне, а па малазначнасці – прыкладна ў кожным трэцім выпадку.

На першы погляд, гэтыя лічбы могуць здавацца нязначнымі. Аднак трэба мець на ўвазе, што каля 80 % разгледжаных судамі спраў адносяцца да катэгорыі грубых, у дачыненні да якіх, у параўнанні з іншымі катэгорыямі правапарушэнняў, магчымасцей для вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці значна менш. І гэта дастаткова сур’ёзныя правапарушэнні, якія накіраваны, у прыватнасці, супраць асобы, уласнасці, грамадскага парадку і грамадскай маралі, у тым ліку супраць парадку дзяржаўнага кіравання.

Пры гэтым значныя правапарушэнні, у ліку якіх эканамічныя, мытныя, складаюць у судовай нагрузцы парадку 18 %, а адміністрацыйныя правіннасці – усяго толькі менш за 2 %.

 

– Якія крытэрыі ацэнкі прымяняюцца судамі ў выпадку вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці па малазначнасці?

– Новы КаАП прадугледжвае магчымасць вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці пры малазначнасці правапарушэння, гэта значыць у выпадку, калі правапарушэнне не прычыніла і па сваім змесце не магло прычыніць значнай шкоды інтарэсам, якія ахоўваюцца КаАП.

Паняцце малазначнасці мае ацэначны характар. Акрамя таго, з прычыны разнастайнасці правапарушэнняў і розных акалічнасцей іх здзяйснення складана ўявіць магчымасць стварэння ўніверсальнага пераліку крытэрыяў для аднясення таго ці іншага дзеяння да малазначнага. Таму пры рашэнні пытання аб вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці па дадзенай падставе суды ацэньваюць кожную сітуацыю індывідуальна, улічваюць як характар і ступень грамадскай шкоднасці здзейсненага правапарушэння, так і канкрэтныя акалічнасці яго здзяйснення.

Напрыклад, у практыцы судоў сустракаліся справы, калі з гандлёвай сеткі спрабавалі выкрасці корм для жывёл коштам 90 капеек або мармелад коштам 38 капеек. Мы разумеем, што гэта грубыя правапарушэнні і так рабіць нельга. Аднак нязначны кошт тавару, вяртанне яго ўладальніку і адсутнасць значнай шкоды інтарэсам, якія ахоўваюцца КаАП, з’явіліся падставай для прызнання названых дзеянняў малазначнымі.

 

– Якія новаўвядзенні ў частцы вылічэння тэрмінаў накладання адміністрацыйнага спагнання? Якія тут ёсць асаблівасці?

– У параўнанні з раней дзеючым КаАП, які прадугледжваў больш за дзясятак тэрмінаў накладання адміністрацыйнага спагнання, зараз алгарытм іх вылічэння значна спрошчаны і залежыць ад таго, кім з’яўляецца суб’ект адміністрацыйнага правапарушэння, гэта значыць фізічнай асобай, службовай асобай або суб’ектам гаспадарання.

Па агульным правіле тэрмін накладання спагнання на фізічную асобу складае 2 месяцы з дня здзяйснення правапарушэння і з’яўляецца найбольш распаўсюджаным. Пры гэтым за правапарушэнне, якое працягваецца, напрыклад, за самавольную перапланіроўку кватэры, – гэты тэрмін вылічаецца з дня выяўлення правапарушэння ўпаўнаважанымі органамі або з дня спынення дадзенага правапарушэння, гэта значыць, калі чалавек вярнуў планіроўку кватэры ў першапачатковы стан або ўзаконіў унесеныя ў яе змяненні.

Калі ж фізічнай асобай здзейснена правапарушэнне ў сферы падаткаабкладання або мытнага рэгулявання, то тэрмін накладання спагнання не можа перавышаць 1 года з дня здзяйснення такога правапарушэння.

У той жа час для спецыяльных суб’ектаў правапарушэння, такіх як індывідуальны прадпрымальнік, юрыдычная асоба і яе службовая асоба, закон прадугледжвае больш працяглы тэрмін накладання спагнання. Ён складае 3 гады з дня здзяйснення і 6 месяцаў з дня выяўлення адміністрацыйнага правапарушэння.

 

– Новы КаАП прадастаўляе суду права накладаць штраф у памеры, меншым за яго ніжнюю мяжу, што прадугледжана санкцыяй артыкула. Ці карысталіся суды такім правам?

– Палажэнні новага КаАП сапраўды дазваляюць выключыць выпадкі, калі накладанне на фізічную або юрыдычную асобу штрафу ў рамках санкцыі прававой нормы з’яўляецца залішне суровым і не адпавядае прынцыпу справядлівасці. Прымяняючы дадзенае спагнанне ў памеры, меншым за яго ніжнюю мяжу, суды найбольш часта ўлічвалі канкрэтныя акалічнасці здзейсненага правапарушэння, узрост, стан здароўя і памер даходаў правапарушальніка, а таксама маёмаснае і фінансавае становішча суб’ектаў гаспадарання.

Пры гэтым у практыцы былі выпадкі, калі суды за здзяйсненне розных правапарушэнняў, у тым ліку ў эканамічнай сферы, прымянялі грашовыя штрафы ў памерах, зменшаных у параўнанні з санкцыямі артыкулаў у 2 і больш разы.

 

– Яшчэ пры распрацоўцы новага КаАП шмат гаварылася аб новым відзе адміністрацыйнага спагнання – грамадскіх работах. Што ён сабой уяўляе? Гэта аплачваемая праца?

– Грамадскія работы выконваюцца на бязвыплатнай аснове, а арганізацыя іх выканання ўскладзена на мясцовыя органы ўлады. Гэта яны вызначаюць канкрэтны від грамадскіх работ, а таксама аб’ект або месца, дзе гэтыя работы павінны выконвацца. У дадзеным выпадку правапарушальнік не толькі прыцягваецца да працы, але і грамадства атрымлівае ад гэтага пэўную карысць.

Ключавой асаблівасцю грамадскіх работ з’яўляецца тое, што яны могуць прымяняцца судом толькі пры наяўнасці згоды правапарушальніка. Аднак гэта яшчэ не значыць, што дадзены від спагнання будзе абавязкова прыменены. Суд павінен ацаніць, ці заслугоўвае правапарушальнік менавіта такога спагнання, ці будзе гэта справядлівым, а таксама ўпэўніцца, ці не адносіцца дадзеная асоба да той катэгорыі грамадзян, да якіх закон не дазваляе прымяняць грамадскія работы ў сілу ўзросту, стану здароўя і іншых указаных у законе падстаў.

Грамадскія работы з’яўляюцца добрай альтэрнатывай грашоваму штрафу або адміністрацыйнаму арышту, а таксама маюць вялікі прафілактычны патэнцыял.

Пры гэтым у выпадку ўхілення правапарушальніка ад выканання грамадскіх работ закон прадугледжвае для яго штраф у значным памеры або той жа адміністрацыйны арышт.

 

– Як часта судамі прызначаліся грамадскія работы ў якасці адміністрацыйнага спагнання і за якія правапарушэнні?

– У 2021 годзе дадзенаму спагнанню былі падвергнуты ўсяго 20 чалавек. Гэта было звязана з тым, што мясцовым органам улады патрабаваўся некаторы час, каб паўнацэнна арганізаваць сваю работу ў гэтым напрамку. У выніку за першую палову 2022 года грамадскія работы былі прыменены судамі ў дачыненні да амаль 600 чалавек, а факты ўхілення ад іх выканання носяць на сённяшні дзень адзінкавы характар.

Калі казаць аб складах, па якіх суды прымянялі дадзенае спагнанне, то ў пераважнай большасці выпадкаў гэта такія грубыя правапарушэнні, як дробны крадзеж, дамашняе насілле і з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

 

– Навелай з’явілася ўвядзенне асобнай главы ў КаАП, закліканай больш дэталёва ўрэгуляваць пытанні прыцягнення непаўналетніх асоб да адміністрацыйнай адказнасці. Раскажыце аб ключавых асаблівасцях гэтага новаўвядзення.

– Палажэнні новага КаАП устанаўліваюць больш ільготны, у параўнанні з дарослымі, рэжым адміністрацыйнай адказнасці.

Напрыклад, пры рашэнні пытання аб вызваленні непаўналетняга ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання катэгорыя здзейсненага правапарушэння ўжо не мае значэння. Пры гэтым да непаўналетніх дадаткова могуць прымяняцца меры выхаваўчага ўздзеяння, пералік і змест якіх прама ўказаны ў законе.

Калі ж прафілактычныя меры ўздзеяння не далі жаданага прафілактычнага эфекту, то ў дачыненні да непаўналетняга будзе рашацца пытанне аб прызначэнні яму спагнання. У гэтым выпадку патрабуецца ўлічыць умовы жыцця і выхавання непаўналетняга, яго характарыстыкі і асаблівасці развіцця, а таксама ўплыў, які на яго паводзіны аказалі блізкія і іншыя асобы з яго акружэння. Пры гэтым да непаўналетніх не могуць прымяняцца грамадскія работы і адміністрацыйны арышт, а памер штрафу не можа перавышаць дзве базавыя велічыні.

Асноўная маса рашэнняў па справах аб правапарушэннях, здзейсненых непаўналетнімі, прымаецца камісіямі па справах непаўналетніх. У суды такія справы паступаюць у рэдкіх выпадках, напрыклад, калі санкцыя артыкула прадугледжвае канфіскацыю прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, прылад або сродкаў яго здзяйснення, паколькі дадзенае спагнанне можа быць прыменена толькі судом.

 

– Эдгар Вячаслававіч, на Ваш погляд, ці дасягнуты мэты, якія ставіліся пры распрацоўцы новага КаАП? Ці выконвае ён сваю прафілактычную, найперш, місію?

– Аб дасягненні некаторых вынікаў пасля ўвядзення ў дзеянне новага КаАП мы можам казаць на падставе даных судовай статыстыкі, згодна з якімі ў 2021 годзе ў параўнанні з 2020 годам агульная колькасць спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія паступілі ў суды, знізілася больш чым на 21 %. Адпаведна, скарацілася і колькасць асоб, прыцягнутых судамі да адміністрацыйнай адказнасці.

У той жа час для таго, каб мець магчымасць даць комплексную ацэнку новаму КаАП, на сённяшні дзень прайшло яшчэ параўнальна нямнога часу, таму мяркую, што яго эфект яшчэ недастаткова праявіўся.

Пры гэтым нельга не адзначыць, што дадзены кодэкс мае больш шырокія магчымасці для індывідуальнага падыходу да кожнага правапарушальніка. Ён дазваляе замест прымянення адміністрацыйнага спагнання даць асобе, якая здзейсніла памылку, шанс усвядоміць свае проціпраўныя дзеянні і не дапусціць іх паўтарэння ў будучым. Таму важна, каб практыка прымянення новага КаАП поўнасцю адпавядала тым мэтам, якія ставіліся пры яго распрацоўцы, і грамадскім чаканням.

 

– Мы ўжо згадалі, што нядаўна Пленум Вярхоўнага Суда прыняў пастанову аб прымяненні судамі норм Агульнай часткі КаАП. Патлумачце, па якіх ключавых пытаннях Пленум даў растлумачэнні.

– Пленум закрануў усе тыя новаўвядзенні, аб якіх я згадаў вышэй, а таксама даў растлумачэнні аб дзеянні закона ў часе, множнасці правапарушэнняў і асаблівасцях адміністрацыйнай адказнасці суб’ектаў гаспадарання. Былі дадзены рэкамендацыі па парадку накладання адміністрацыйных спагнанняў, прымяненні палажэнняў аб вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці і па іншых прававых пазіцыях, найбольш запатрабаваных у судовай практыцы.

Выкананне прынятай пастановы Пленума накіравана на забеспячэнне адзінства судовай практыкі і павышэнне якасці выканання правасуддзя па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. Растлумачэнні, якія змяшчаюцца ў пастанове Пленума, будуць карысныя і для іншых правапрымяняльнікаў, якія ў сваёй дзейнасці ажыццяўляюць вядзенне адміністрацыйнага працэсу.

– Дзякуем за змястоўную гутарку!

Па інфармацыі Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала Рэспублікі Беларусь

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі