Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Абмежаванняў у праве на судовае абскарджанне няма: інтэрв’ю намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Сяргея Кандрацьева выданню «СБ Беларусь сёння»

3 жніўня 2022  2968

Намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда: абмежаванняў у праве на судовае абскарджанне няма

Падпісаны Кіраўніком дзяржавы Закон «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» прысвечаны завяршэнню рэфармавання апеляцыйнага парадку перагляду прыгавораў, якія не ўступілі ў законную сілу, судоў усіх узроўняў і пераўтварэнню наступных стадый крымінальнага правасуддзя, патлумачыў намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Сяргей Кандрацьеў.

Фота “СБ Беларусь сёння”

 

– Судова-прававая рэформа ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку ўвядзенне інстытута апеляцыйнага вядзення, праводзілася паэтапна, каб судовая сістэма краіны адаптавалася да новых форм правасуддзя і працавала стабільна. У 2012 годзе ў крымінальна-працэсуальны закон былі ўкаранёны элементы апеляцыі, а ў 2016 – уведзены апеляцыйны парадак праверкі судовых рашэнняў, якія не ўступілі ў законную сілу. Рэфармаванне інстытута апеляцыйнага вядзення фактычна было завершана ў 2021 годзе, калі суд апеляцыйнай інстанцыі быў надзелены шырокім колам паўнамоцтваў па карэкціроўцы судовых пастаноў, у тым ліку правам на даследаванне і ацэнку доказаў, што зрабіла працэс правасуддзя больш сучасным, аператыўным і эканамічным, – расказаў Сяргей Кандрацьеў.

На сёння можна канстатаваць, што пераход да апеляцыі ў крымінальным працэсе адбыўся. У выніку рэалізаванай у Рэспубліцы Беларусь мадэлі апеляцыйнага вядзення колькасць адмененых прыгавораў па розных падставах з накіраваннем крымінальнай справы на новы судовы разбор у суд першай інстанцыі скарацілася больш чым у 13 разоў. Зменшылася колькасць пратэстаў, якія прыносяцца ў парадку нагляду службовымі асобамі судоў і пракуратуры, што дазволіла знізіць судовую нагрузку і прадаставіць грамадзянам больш шырокі доступ да правасуддзя, у тым ліку шляхам бесперашкоднага звароту ў суд за абаронай сваіх правоў і законных інтарэсаў.

 

– Разам з тым прыгаворы, пастаноўленыя Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь па першай інстанцыі, да цяперашняга часу не падлягалі праверцы ў апеляцыйным парадку і ўступалі ў законную сілу пасля іх абвяшчэння, – тлумачыць Сяргей Кандрацьеў.

Падпісаны Кіраўніком дзяржавы Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» прадастаўляе нашым грамадзянам права на абскарджанне ў апеляцыйным парадку прыгавораў, пастаноўленых Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь па першай інстанцыі, што ў поўнай меры адпавядае арт. 115 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які не змяшчае абмежаванняў у праве на абскарджанне судовых рашэнняў судоў усіх узроўняў.

Як гэта будзе адбывацца на практыцы? Перагляд прыгавору, пастаноўленага Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь па першай інстанцыі, будзе ажыццяўляцца спецыяльным складам апеляцыйнага суда, які будзе фарміравацца з ліку суддзяў, зацверджаных Пленумам Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, якія не прымалі ўдзелу ў  разглядзе дадзенай справы, як правіла, з ліку найбольш вопытных суддзяў, якія ўваходзяць у Прэзідыум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

У склад апеляцыйнай калегіі, акрамя прафесійных суддзяў, будуць уваходзіць і двое народных засядацеляў, што створыць дадатковыя гарантыі бесстароннасці пры праверцы справы ў апеляцыйным парадку.

 

– Такі падыход у поўнай меры адпавядае міжнароднай практыцы. У цэлым падобны парадак фарміравання апеляцыйных калегій прадугледжаны і ў тых краінах СНД, дзе заканадаўства захоўвае за Вярхоўным Судом права на разгляд крымінальных спраў па першай інстанцыі, – адзначае намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда.

Другая частка змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс заключаецца ва ўдасканаленні нагляднай стадыі перагляду судовых рашэнняў, што ўступілі ў законную сілу і падлягаюць выкананню, якая на працягу многіх гадоў практычна не рэфармавалася.

Аб’ектыўна такая стадыя неабходная, паколькі нават самая дасканалая сістэма апеляцыйнага вядзення не можа поўнасцю выключыць магчымасць судовай памылкі, тым больш, што па статыстыцы ў апеляцыі абскарджваецца толькі кожны пяты прыгавор суда.

Таму зараз уводзіцца дадатковая стадыя праверкі судовых рашэнняў, што ўступілі ў законную сілу, якая ў міжнароднай практыцы называецца касацыйнай інстанцыяй і будзе сканцэнтравана ў Прэзідыумах абласных (Мінскага гарадскога) судоў.

У чым прынцыповая розніца паміж судамі апеляцыйнай і касацыйнай інстанцый? Суд апеляцыйнай інстанцыі калегіяльна ў складзе трох прафесійных суддзяў ажыццяўляе праверку прыгавораў, пастаноўленых раённымі судамі, якія не ўступілі ў законную сілу.

 

– Суд касацыйнай інстанцыі будзе ажыццяўляць перагляд судовых рашэнняў як першай, так і апеляцыйнай інстанцый, якія ўступілі ў законную сілу, але на больш якасным узроўні. У адрозненне ад дзеючага цяпер нагляднага парадку касацыйная інстанцыя абласных (Мінскага гарадскога) судоў зможа ажыццяўляць такую праверку таксама калегіяльна ў складзе прафесійных суддзяў, з выпатрабаваннем крымінальных спраў, а таксама прыцягненнем да ўдзелу ў справе асуджаных і іх абаронцаў у сучасных формах. Таксама Законам нашым грамадзянам прадастаўляецца права абскарджваць выніковае рашэнне суда касацыйнай інстанцыі, што сёння пры пераглядзе крымінальнай справы па скарзе асуджанага ў парадку нагляду не прадугледжана, – адзначае Сяргей Кандрацьеў. – У прынцыпе на стадыі касацыйнага абскарджання судовага рашэння працэс правасуддзя павінен заканчвацца. Гэта дазволіць скараціць час на аднаўленне судом парушаных правоў грамадзян, зробіць магчымым аператыўна пакрыць ім прычынены злачынствам урон, а таксама скараціць час і колькасць судовых разбораў, неабходных для прыняцця па справе канчатковага рашэння, што зробіць працэс правасуддзя больш аператыўным, менш затратным і павысіць давер грамадзян да судовай сістэмы.

Наглядную стадыю праверкі законнасці і справядлівасці прынятых па справе судовых рашэнняў прапануецца засяродзіць выключна ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь.

 

– На наш погляд, прынятыя сёння змяненні ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь дазваляюць забяспечыць баланс у паўнамоцтвах усіх судовых інстанцый, пазбегнуць дубліравання іх функцый. Яны накіраваны, у першую чаргу, на ўмацаванне гарантый рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на судовую абарону, забеспячэнне законнасці і справядлівасці судовых рашэнняў, – гаворыць Сяргей Кандрацьеў. 

Прынятыя змяненні ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь уступяць у сілу праз год. Намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда падкрэсліў, што гэты час неабходны для прывядзення ў адпаведнасць з прынятым Законам іншых нарматыўных прававых актаў.

 

Гутарыла Ганна Курак

"СБ Беларусь сёння"

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі