Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Эканамічны суд Віцебскай вобласці зменшыў памер штрафу, налічаны Віцебскім аблвыканкамам інвестару, у два разы

21 ліпеня 2021  2104

23 чэрвеня 2021 года ў эканамічным судзе Віцебскай вобласці разгледжана справа па іску Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта (ісцец, Віцебскі выканкам) да таварыства з абмежаванай адказнасцю «Санта Рытэйл» (адказчык, інвестар, ТАА «С») аб спагнанні 8700 беларускіх рублёў штрафу.

Як вынікае з матэрыялаў справы, паміж Рэспублікай Беларусь у асобе Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і ТАА «С» заключаны інвестыцыйны дагавор (далей – дагавор), у адпаведнасці з якім ТАА «С» павінна ажыццяўляць інвестыцыйную дзейнасць у мэтах рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Будаўніцтва аб’екта гандлю па вул. Кандрацьева ў г. Дуброўна». Тэрмін рэалізацыі праекта – 24 месяцы з даты дзяржаўнай рэгістрацыі дагавора ў Дзяржаўным рэестры інвестыцыйных дагавораў з Рэспублікай Беларусь. На падставе рашэння Віцебскага аблвыканкама дадатковым пагадненнем ад 6 лістапада 2019 года тэрмін рэалізацыі праекта быў павялічаны да 27 месяцаў.

Пісьмом ад 2 красавіка 2020 года ТАА «С» звярнулася да Віцебскага аблвыканкама з просьбай спыніць дзеянне дагавора па пагадненні бакоў, указаўшы, што інвестыцыйны праект для інвестара не акупіцца, страта па бягучай дзейнасці пасля рэалізацыі праекта складзе 50 964 беларускія рублі.

У адпаведнасці з рашэннем Віцебскага аблвыканкама ад 30 красавіка 2020 года нявыкананы інвестыцыйны дагавор з ТАА «С» скасаваны па пагадненні бакоў.

У адпаведнасці з умовамі дагавора Рэспубліка Беларусь мае права на спагнанне з інвестара штрафу ў памеры 300 базавых велічынь, устаноўленых заканадаўствам на дзень яго выплаты, у выпадку невыканання або неналежнага выканання інвестарам яго абавязацельстваў па дагаворы, выкліканага вінаватымі дзеяннямі (бяздзейнасцю) інвестара, у тым ліку тымі, што пацягнулі змяненне або спыненне дагавора.

Віцебскім аблвыканкамам 4 мая 2020 года ТАА «С» накіравана паведамленне аб скасаванні дагавора і патрабаванне аб выплаце штрафу, прадугледжанага дагаворам. ТАА «С» звярнулася ў Віцебскі аблвыканкам з заявай аб вызваленні ад платы штрафу. Віцебскі аблвыканкам паведаміў ТАА «С» аб немэтазгоднасці прыняцця такога рашэння.

Ісцец звярнуўся ў эканамічны суд Віцебскай вобласці з іскам аб спагнанні 8700 беларускіх рублёў штрафу.

Пунктам 6 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2009 г. № 10 «Аб стварэнні дадатковых умоў для ажыццяўлення інвестыцый у Рэспубліцы Беларусь» вызначана, што ў выпадку спынення інвестыцыйнага дагавора па падставах іншых, чым выкананне інвестарам (інвестарамі) і (або) арганізацыяй сваіх абавязацельстваў па інвестыцыйным дагаворы, інвестар (інвестары) і (або) арганізацыя абавязаны кампенсаваць Рэспубліцы Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам сумы льгот і (або) прэферэнцый у парадку і тэрміны, вызначаныя Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама выплаціць няўстойку (штраф, пеню), прадугледжаную інвестыцыйным дагаворам, калі іншае не вызначана ў пункце 7 названага Дэкрэта.

Палажэннем аб парадку заключэння, змянення і спынення інвестыцыйных дагавораў паміж інвестарам (інвестарамі) і Рэспублікай Беларусь, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 19 ліпеня 2016 года № 563, таксама прадугледжана, што пры скасаванні інвестыцыйнага дагавора па пагадненні бакоў інвестару накіроўваецца патрабаванне аб кампенсацыі Рэспубліцы Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам сум ільгот і (або) прэферэнцый, выплаце няўстойкі (штрафу, пені), прадугледжанай інвестыцыйным дагаворам.

З прычыны таго, што абавязацельства па дагаворы не было выканана, інвестыцыйны праект не рэалізаваны і інвестар не даказаў, што належнае выкананне абавязацельства немагчыма з прычыны неадольнай сілы, гэта значыць надзвычайных і непазбежных пры дадзеных умовах абставін, суд прыйшоў да вываду аб абгрунтаванасці налічэння штрафу адказчыку.

Разам з тым, ацаніўшы ўстаноўленыя фактычныя абставіны і наяўныя доказы, эканамічны суд прыйшоў да вываду, што штраф, які спаганяецца істцом па дагаворы, яўна несуразмерны наступствам парушэння абавязацельства, у сувязі з чым зменшыў яго ў 2 разы ў адпаведнасці з артыкулам 314 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Рашэннем эканамічнага суда Віцебскай вобласці ад 23 чэрвеня 2021 года патрабаванні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта задаволены часткова: з ТАА «С» спагнаны штраф у памеры 4350 беларускіх рублёў.

Названае рашэнне не абскарджвалася і 15 ліпеня 2021 года ўступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі