Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Правы крэдытораў у выпадку, калі раздзяляльны баланс даўжніка не змяшчае палажэння аб правапераемнасці ў дачыненні да часткі актываў рэарганізаванай юрыдычнай асобы: прыклад з судовай практыкі

7 красавіка 2022  468

Эканамічны суд Гродзенскай вобласці разгледзеў матэрыялы справы па іску Г. і І. да ТАА «П» (адказчык) аб прымусе ліквідатара да ўключэння ў рэестр патрабаванняў крэдытораў ТАА «П» патрабаванняў Г. у памеры 748 821,71 рубля і патрабаванняў І. у памеры 763 821,71 рубля.

У абгрунтаванне заяўленых патрабаванняў істцы ўказвалі на неабгрунтаваную адмову ліквідатара ва ўключэнні ў рэестр патрабаванняў крэдытораў ТАА «П» патрабаванняў, устаноўленых рашэннем эканамічнага суда г. Мінска.

Адказчык іск не прызнаў, указаў на дачаснасць уключэння ў рэестр патрабаванняў крэдытораў ТАА «П» патрабаванняў істцоў, паколькі на момант разгляду спрэчкі ў судовым парадку аспрэчваліся здзелкі, на падставе якіх узнікла крэдыторская запазычанасць.

З матэрыялаў справы вядома, што ў 2003 годзе было зарэгістравана ТАА «Ф». У 2018 годзе паміж удзельнікамі ТАА «Ф» (прадаўцамі) і ТАА «Ф» (пакупніком) заключаны два дагаворы куплі-продажу, згодна з якімі істцы Г. і І. прадалі прыналежныя ім долі ў ТАА «Ф» самому ТАА «Ф» за 623 500 еўра з умовай аплаты ў растэрміноўку. Калі сума па дагаворах, якая засталася да выплаты, дасягнула 478 500 еўра, то плацяжы спыніліся. Істцы звярнуліся ў эканамічны суд г. Мінска з патрабаваннем аб датэрміновым спагнанні запазычанасці па дагаворах. Суд задаволіў патрабаванне істцоў.

Пасля ўступлення рашэння ў законную сілу ТАА «Ф» было рэарганізавана ў форме раздзялення на ТАА «П» і ТАА «ПЧ».

У 2021 годзе ў дачыненні да ТАА «П» і ТАА «ПЧ» па рашэнні ўласніка была адкрыта працэдура ліквідацыі.

Згодна з раздзяляльным балансам абедзве юрыдычныя асобы з’яўляліся правапераемнікамі правоў і абавязкаў ТАА «Ф». Пры гэтым крэдыторская запазычанасць істцоў Г. і І. у поўным аб’ёме перайшла да ТАА «ПЧ».

Разам з тым раздзяляльны баланс не змяшчаў звестак аб усіх правах (актывах) ТАА «Ф», а менавіта аб правапераемнасці ў дачыненні да долі ў статутным фондзе трэцяй юрыдычнай асобы ў памеры 39,43 %.

Істцы, мяркуючы, што ў такой сітуацыі ў адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 56 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь наступае салідарная адказнасць новаўтвораных юрыдычных асоб, патрабавалі ўключыць іх у рэестр патрабаванняў крэдытораў і ТАА «П», і ТАА «ПЧ». Ліквідатар указаў на тое, што патрабаванні істцоў могуць быць уключаны толькі ў рэестр патрабаванняў ТАА «ПЧ», ва ўключэнні ў рэестр патрабаванняў крэдытораў ТАА «П» было адмоўлена.

У мэтах абароны сваіх інтарэсаў істцы звярнуліся ў эканамічны суд Гродзенскай вобласці.

Суд з улікам палажэнняў ГК, а таксама Закона Рэспублікі Беларусь «Аб гаспадарчых таварыствах» прыйшоў да вываду, што ўстаноўленыя пунктам 3 артыкула 56 ГК спецыяльныя наступствы парушэння парадку рэарганізацыі падлягаюць прымяненню не толькі ў выпадку, калі раздзяляльны баланс не змяшчае палажэння аб правапераемнасці па ўсіх абавязацельствах рэарганізаванай юрыдычнай асобы, але і ў выпадку, калі раздзяляльны баланс не дазваляе вызначыць правапераемніка ў дачыненні да актываў рэарганізаванай юрыдычнай асобы.

Заяўленыя патрабаванні суд задаволіў і абавязаў уключыць патрабаванне істца Г. у памеры 748 821,71 рубля і патрабаванне істца І. у памеры 763 821,71 рубля ў рэестр патрабаванняў крэдытораў ТАА «П».

Рашэнне ўступіла ў сілу і ў вышэйстаячыя інстанцыі не абскарджвалася.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі