Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь
Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь
220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76
Эканамічным судом Гомельскай вобласці разгледжана справа па іску Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь (далей – ФСАН, фонд) да прыватнай установы адукацыі «Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых “Мастацтва ведаў”» (далей – УА) аб ліквідацыі ўстановы.
Згодна з матэрыяламі справы ФСАН звярнуўся ў суд з іскам аб ліквідацыі УА ў адпаведнасці з абзацам 6 часткі 1 падпункта 3.2 пункта 3 Палажэння аб ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання, зацверджанага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 16 студзеня 2009 года № 1 «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання» (далей – Палажэнне аб ліквідацыі), па прычыне парушэння ўстаноўленых заканадаўствам парадку і тэрмінаў ліквідацыі.
УА зарэгістравана Мінскім гарвыканкамам 30 студзеня 2015 года. Адзіным яго заснавальнікам з’яўляецца ТАА «Гасцінічны комплекс «Лідар». Згодна з рашэннем заснавальніка УА падлягала ліквідацыі ў тэрмін да 29 верасня 2017 года, ліквідатарам прызначана грамадзянка Н.
Аднак у названы тэрмін УА не была ліквідавана. Акрамя таго, па выніках праведзенай у 2018 годзе фондам праверкі на прадмет выканання УА заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні былі выяўлены шматлікія парушэнні і дадзена прадпісанне аб аплаце 38 872,48 рубля.
Нявыплата ўстановай дадзенай запазычанасці парушае правы дваццаці былых работнікаў арганізацыі на выплаты сацыяльнага характару (дапамогі, пенсіі і т. п.).
Накіраванае на адрас ліквідатара патрабаванне крэдытора на вышэйназваную суму засталося без адказу.
У адпаведнасці з артыкулам 59 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК) у працэсе ліквідацыі ліквідатар павінен прыняць усе магчымыя меры да выяўлення крэдытораў і разгляду іх патрабаванняў ва ўстаноўленым парадку.
У сілу норм абзаца 6 часткі 1 падпункта 2 пункта 2 артыкула 57 ГК, абзаца 6 часткі 1 падпункта 3.2 пункта 3 Палажэння аб ліквідацыі юрыдычная асоба можа быць ліквідавана па рашэнні эканамічнага суда ў выпадку парушэння ўстаноўленых заканадаўствам парадку і тэрмінаў ліквідацыі.
Такім чынам, суд па выніках разгляду справы вынес рашэнне аб задавальненні іскавых патрабаванняў і ліквідацыі ўстановы адукацыі.
Рашэнне суда не абскарджана і ўступіла ў законную сілу.
Даведачна:
Згодна з данымі судовай статыстыкі эканамічнага суда Гомельскай вобласці ў 2021 годзе ад органаў ФСАН паступіла 12 іскавых заяў аб ліквідацыі юрыдычных асоб прыватнай формы ўласнасці. Агульная сума запазычанасці дадзеных прадпрыемстваў па страхавых плацяжах у ФСАН склала 48 тысяч рублёў. Нявыплата такіх узносаў пазбаўляе былых работнікаў арганізацый правоў і сацыяльных гарантый, прадугледжаных працоўным заканадаўствам, і прыводзіць да таго, што ў працоўны стаж пры прызначэнні пенсіі па ўзросце не будзе залічаны перыяд часу, на працягу якога не былі выплачаны ўзносы ў ФСАН, што непасрэдна паўплывае на памер іх пенсіі.