Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Суд Кастрычніцкага раёна г. Віцебска спагнаў маральную і матэрыяльную шкоду на карысць жанчыны ў сувязі з прычыненнем шкоды яе здароўю

15 ліпеня 2021  2568

29 красавіка 2021 года судом Кастрычніцкага раёна г. Віцебска разгледжана грамадзянская справа па іску Р. (далей – ісціца) да УП «Віцебскаблвадаканал», ДП «Гарсвятло» г. Віцебска, ДП «ЖРЭТ г. Віцебска», БРУСП «Белдзяржстрах» (далей – адказчыкі) аб спагнанні матэрыяльнай шкоды і кампенсацыі маральнай шкоды.

Ісціца звярнулася з іскам да адказчыкаў аб спагнанні з іх у салідарным парадку кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 20 000 рублёў, матэрыяльнай шкоды ў памеры 194,10 рубля, а таксама судовых выдаткаў за шкоду здароўю, прычыненую ў выніку падзення ў яму асфальтавага пакрыцця дарогі.

Адказчыкі ў судовым пасяджэнні іск не прызналі.

Заслухаўшы тлумачэнні бакоў, паказанні сведак, заключэнне спецыялістаў, даследаваўшы пісьмовыя доказы, фатаграфіі месца падзення ісціцы, з улікам фактычных абставін справы суд прыйшоў да вываду, што іскавыя патрабаванні абгрунтаваны і падлягаюць задавальненню з умовай ускладання на адказчыкаў адказнасці ў долях зыходзячы з наступнага.

Судом устаноўлена, што 21 жніўня 2020 года каля 23:55 гадзін ісціца выйшла з працы і накіравалася да прыпынку грамадскага транспарту. Пры пераходзе праезнай часткі на процілеглы бок нагой ступіла ў яму, якая мелася ў асфальтавым пакрыцці, у выніку чаго ўпала і атрымала рассечаныя раны твару, пералом нагі, пасля чаго была дастаўлена ва ўстанову аховы здароўя з цялеснымі пашкоджаннямі, што адносяцца да катэгорыі цяжкіх цялесных пашкоджанняў, па прымеце небяспекі для жыцця.

Каналізацыйны калодзеж, паблізу якога ўтварылася яма ў асфальтавым пакрыцці, знаходзіцца на балансе і абслугоўванні філіяла «Віцебсквадаканал» УП «Віцебскаблвадаканал». Зроблены супрацоўнікамі УП «Віцебскаблвадаканал» 12 чэрвеня 2020 года агляд каналізацыйнай сеткі неабходнасці ў якім-небудзь рамонце не выявіў.

Тэрыторыя, на якой утварылася яма ў асфальтавым пакрыцці, знаходзіцца на абслугоўванні ў ДП «ЖРЭТ г. Віцебска». У перыяд са жніўня 2019 года па 21 жніўня 2020 года работы па асфальтаванні і замене бардзюраў праезнай часткі дарогі каля месца падзення ісціцы не праводзіліся.

Свяцільні электраўстаноўкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі, дзе ўтварылася яма, знаходзяцца на балансе ДП «Гарсвятло» г. Віцебска. Устаноўлена, што ў дзень падзення асвятленне ў дадзеным раёне адсутнічала.

З улікам выкладзенага суд прыйшоў да вываду, што непрыняцце мер па агароджванні аварыйнага ўчастка і неажыццяўленне дзеянняў па ліквідацыі абрушэння асфальтавага пакрыцця супрацоўнікамі ДП «ЖРЭТ г. Віцебска» і УП «Віцебскаблвадаканал», а таксама адсутнасць асвятлення ў дадзеным раёне з’явіліся прычынай падзення ісціцы.

Адказнасць адказчыкаў ДП «ЖРЭТ г. Віцебска» і УП «Віцебскаблвадаканал» застрахавана ў БРУСП «Белдзяржстрах», у сувязі з чым заяўленая сума ў лік пакрыцця матэрыяльнай шкоды на карысць ісціцы і судовыя выдаткі па спагнанай суме матэрыяльнай шкоды падлягаюць спагнанню з БРУСП «Белдзяржстрах».

Рашэннем суда Кастрычніцкага раёна г. Віцебска пастаноўлена іскавыя патрабаванні ісціцы задаволіць:

- спагнаць з ДП «ЖРЭТ г. Віцебска» на карысць ісціцы кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 12 000 рублёў, выдаткі за аказанне юрыдычнай дапамогі ў памеры 540 рублёў;

- спагнаць з УП «Віцебскаблвадаканал» на карысць ісціцы кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 6000 рублёў, выдаткі за аказанне юрыдычнай дапамогі ў памеры 270 рублёў;

- спагнаць з ДП «Гарсвятло» г. Віцебска на карысць ісціцы кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 2000 рублёў, матэрыяльную шкоду ў памеры 19,41 рубля, выдаткі за аказанне юрыдычнай дапамогі ў памеры 90 рублёў;

- спагнаць з БРУСП «Белдзяржстрах» на карысць ісціцы матэрыяльную шкоду ў памеры 174,69 рубля.

Акрамя таго, з адказчыкаў спагнана ў даход дзяржавы дзяржаўная пошліна.

Судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суда ад 21 чэрвеня 2021 года рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Віцебска па іску Р. да УП «Віцебскаблвадаканал», ДП «Гарсвятло» г. Віцебска, ДП «ЖРЭТ г. Віцебска», БРУСП «Белдзяржстрах» пакінута без змяненняў, апеляцыйны пратэст намесніка пракурора г. Віцебска і апеляцыйныя скаргі ДП «ЖРЭТ г. Віцебска» і УП «Віцебскаблвадаканал» – без задавальнення.

Рашэнне ўступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі