Афіцыйныя друкаваныя выданні

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь

Архiў нумароў

Чытайце ў часопісе "Судебный вестник Плюс: экономическое правосудие". № 11/2022

Для прагляду неабходна аўтарызавацца або зарэгістравацца

Чарговы нумар часопіса змяшчае актуальныя матэрыялы, аснову якіх складаюць судовыя пастановы судоў, якія разглядаюць эканамічныя справы.

У артыкуле суддзі Вярхоўнага Суда Канстанціна Харытанюка і намесніка старшыні эканамічнага суда Гомельскай вобласці Дзмітрыя Федарцова паказана, што рэалізацыя права на судовую абарону шмат у чым залежыць ад выканання самой асобай, якая звярнулася за судовай абаронай, прадугледжаных заканадаўствам патрабаванняў і ўмоў, пры выкананні якіх дадзенае права будзе рэалізавана ў поўнай меры.

З навэламі ў прававым рэгуляванні працэдур дзяржаўных закупак, абумоўленымі прыняццем пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.10.2022 № 692 «Аб змяненні пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 сакавіка 2016 г. № 206 і ад 15 чэрвеня 2019 г. № 395», знаёміць публікацыя саветніка суддзі Суда Еўразійскага эканамічнага саюза к.ю.н. Юліі Амяльчэні.

Аб кадыфікацыі заканадаўства ў сферы архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, навацыях прававога рэгулявання, практыцы вырашэння спрэчак, якія вынікаюць з дагавораў будаўнічага падраду, даведаемся з рэпартажу, падрыхтаванага па выніках круглага стала, праведзенага з удзелам прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда.

У матэрыяле суддзі Вярхоўнага Суда Дзмітрыя Аляксандрава разглядаюцца пытанні прыцягнення юрыдычнай асобы да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнне карупцыйнай накіраванасці, прадугледжанае арт. 24.59 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, мадэлююцца шляхі фарміравання правапрымяняльнай практыкі з улікам яе магчымай адаптацыі да існуючых у іншых краінах алгарытмаў вызначэння сувязі хабарадавальніка з інтарэсамі юрыдычнай асобы.

Практыка вырашэння эканамічнымі судамі спрэчак аб неналежным выкананні будаўніча-мантажных работ адлюстравана ў публікацыі суддзі эканамічнага суда Магілёўскай вобласці Ганны Касцянікавай. Аўтар акцэнтуе ўвагу на асаблівасцях прад'яўлення і разгляду іскавых патрабаванняў у залежнасці ад таго, узнікла спрэчка на стадыі прыёмкі вынікаў работ альбо ў перыяд гарантыйнага тэрміну, ужо пасля прыняцця і аплаты іх заказчыкам.

У другой частцы артыкула суддзі эканамічнага суда Мінскай вобласці Аляксея Мініча прадстаўлены падыходы суда да разгляду зямельных спрэчак, звязаных з ліквідацыяй перашкод у ажыццяўленні правоў на зямельны ўчастак і з усталяваннем зямельнага сервітуту.

У першай частцы публікацыі суддзі эканамічнага суда Магілёўскай вобласці Віталія Перапёткіна разглядаюцца класіфікацыя, асаблівасці і прававыя падставы пакрыцця страт, якія ўзніклі ў выніку парушэння дагаворных абавязацельстваў, а таксама з прычыны супрацьпраўных дзеянняў вінаватага боку.

Пытанням спагнання страт, звязаных з незахаванасцю груза пры перавозцы аўтамабільным транспартам, прысвечаны артыкул суддзі эканамічнага суда Гродзенскай вобласці Дзяніса Ката. Як вынікае з прыведзеных аўтарам прыкладаў, адсутнасць дакументальна пацверджанага памеру страт, а таксама безумоўных доказаў наяўнасці прычынна-следчай сувязі паміж дзеяннямі (бяздзейнасцю) перавозчыка і ўзнікненнем страт з'яўляецца падставай для адмовы ў задавальненні іска.

Ці будзе лічыцца захаваным патрабаванне аб пісьмовай форме дагавора ў выпадку яго заключэння на электроннай гандлёвай пляцоўцы? Аргументаваны адказ на гэтае пытанне дала суддзя эканамічнага суда Мінскай вобласці Аксана Каралёва.

З вынікам разгляду спрэчкі аб спагнанні беспадстаўнага ўзбагачэння знаёміць выманне з рашэння судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда.