Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь
Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь
220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76
22 чэрвеня 2021 года судом Першамайскага раёна г. Мінска разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да Н., 1971 года нараджэння, абвінавачанага ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК, М., 1985 года нараджэння, абвінавачанага ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 6 арт. 16, ч. 3 арт. 430 КК, Ц., 1975 года нараджэння, абвінавачанага ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 431 КК.
Абвінавачаны Н., з’яўляючыся службовай асобай – генеральным дырэктарам унітарнага прадпрыемства Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь «Спартыўна-аздараўленчы комплекс «Алімпійскі» (далей – УП «САК «Алімпійскі»), у перыяд з 1 кастрычніка 2018 года па 13 студзеня 2021 года, прыняў для сябе ў некалькі прыёмаў ад абвінавачанага Ц. (дырэктара і заснавальніка ТАА «ДэльфіСэрвіс») перададзеныя праз саўдзельніка – абвінавачанага М. (начальніка аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння УП «САК «Алімпійскі»), а таксама непаінфармаванага аб яго злачынных намерах работніка ТАА «ДэльфіСэрвіс» грашовыя сродкі ў якасці хабару на агульную суму 28 000 беларускіх рублёў за спрыяльнае рашэнне пытанняў, што ўваходзяць у яго кампетэнцыю, а менавіта ў сувязі з прадастаўленнем ТАА «ДэльфіСэрвіс» магчымасці ўдзелу ў конкурсе, які праводзіўся УП «САК «Алімпійскі», па закупцы паслуг па абслугоўванні тэхналагічнага абсталявання плавальных басейнаў і водападрыхтоўкі.
Абвінавачаны Н. у судовым пасяджэнні віну па прад’яўленым абвінавачанні не прызнаў.
Абвінавачаныя М. і Ц. віну па прад’яўленым абвінавачанні прызналі поўнасцю.
У судовым пасяджэнні дзяржаўны абвінаваўца выключыў з прад’яўленага абвінавачаным Н., М. і Ц. абвінавачання ўказанне аб здзяйсненні эпізоду перадачы незаконнага ўзнагароджання ў снежні 2020 года ў памеры 5000 беларускіх рублёў, а таксама зменшыў суму перададзенага хабару па эпізодзе верасня 2020 года з 9000 беларускіх рублёў на 1000 беларускіх рублёў, паколькі дадзеныя факты не пацверджаны наяўнымі ў матэрыялах справы доказамі і не знайшлі свайго пацвярджэння падчас судовага следства, з прычыны чаго дзеянні абвінавачаных перакваліфікаваны: абвінавачанага Н. – з ч. 3 арт. 430 КК на ч. 2 арт. 430 КК, абвінавачанага М. – з ч. 6 арт. 16, ч. 3 арт. 430 КК на ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 430 КК.
Таксама дзяржаўны абвінаваўца прасіў выключыць з прад’яўленага абвінавачаным Н., М. і Ц. абвінавачання ўказанне аб кваліфікуючай прымеце ч. 2 арт. 430 і ч. 2 арт. 431 КК – паўторнасці, паколькі дзеянні абвінавачаных Н., М. і Ц. ахопліваліся адзіным намерам.
Прыгаворам суда
абвінавачаны Н. прызнаны вінаватым у прыняцці службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцей, прадастаўляемых выключна ў сувязі з займаемым ёй службовым становішчам, за спрыяльнае рашэнне пытанняў, што ўваходзяць у яе кампетэнцыю, і выкананне ў інтарэсах таго, хто дае хабар, якога-небудзь дзеяння, якое гэта асоба павінна была або магла здзейсніць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў (атрыманне хабару), у буйным памеры, і на падставе ч. 2 арт. 430 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 300 базавых велічынь, што складае 8700 рублёў, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых, адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў і юрыдычна значных дзеянняў, на тэрмін 5 гадоў.
Абвінавачаны М. прызнаны вінаватым у саўдзельніцтве ў прыняцці службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцей, прадастаўляемых выключна ў сувязі з займаемым ёй службовым становішчам, за спрыяльнае рашэнне пытанняў, што ўваходзяць у яе кампетэнцыю, і выкананне ў інтарэсах таго, хто дае хабар, якога-небудзь дзеяння, якое гэта асоба павінна была або магла здзейсніць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў (атрыманне хабару), у буйным памеры, і на падставе ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 430 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 300 базавых велічынь, што складае 8700 рублёў, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў.
Абвінавачаны Ц. прызнаны вінаватым у дачы хабару ў буйным памеры, і на падставе ч. 2 арт. 431 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму без штрафу.
Прыгавор не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.