Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Банкруцтва – мера крайняя: інтэрв’ю суддзі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Віктара Шыльчонка

30 сакавіка 2022  10017

Праект новага Закона Рэспублікі Беларусь «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці» накіраваны не так даўно ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У праекце закона рэалізаваны асноўныя патрабаванні, пастаўленыя Кіраўніком дзяржавы, аб зрушэнні акцэнтаў на абарону правоў прадпрыемстваў, што апынуліся ў складанай фінансавай сітуацыі, зняцці празмернай нагрузкі з судоў, ускладанні каардынацыі працэсу на Урад і мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады.

Патрэбнасць карэкціроўкі інстытута эканамічнай неплацежаздольнасці наспявала даўно і абумоўлена як напрацаванай правапрымяняльнай практыкай, так і неабходнасцю стварэння ўмоў для аднаўлення эканамічнай дзейнасці і плацежаздольнасці жыццяздольных прадпрыемстваў, аздараўлення эканомікі ў цэлым.

На што нацэлены праект закона і што зменіцца пасля яго прыняцця, нядаўна ў эфіры праграмы «Актуальны мікрафон» на Першым канале Беларускага радыё расказаў суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Віктар Фёдаравіч Шыльчонак.

Публікуем пашыраную версію гутаркі.

 

– Віктар Фёдаравіч, што такое банкруцтва па дзеючым заканадаўстве?

– Для таго каб разабрацца, што ж сёння ўяўляе сабой інстытут эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва), неабходна звярнуцца да Закона Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 2012 года «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)», які дзейнічае ў цяперашні час з улікам апошніх змяненняў і дапаўненняў, унесеных у кастрычніку 2016 года.

У гэтым законе дадзены азначэнні паняццям банкруцтва і эканамічнай неплацежаздольнасці.

Банкруцтва — гэта неплацежаздольнасць, якая мае або набывае ўстойлівы характар, прызнаная рашэннем эканамічнага суда аб банкруцтве з ліквідацыяй даўжніка – юрыдычнай асобы, або спыненнем дзейнасці даўжніка – індывідуальнага прадпрымальніка.

Пры гэтым неплацежаздольнасць – няздольнасць у поўным аб’ёме задаволіць патрабаванні крэдытора (або крэдытораў) па плацежных абавязацельствах, а таксама па абавязацельствах, што вынікаюць з працоўных і звязаных з імі адносін.

Гэта значыць толькі пасля вынясення эканамічным судом рашэння па справе аб адкрыцці ліквідацыйнага вядзення юрыдычная асоба прызнаецца банкрутам.

У той жа час, калі па выніках разгляду справы эканамічным судом устаноўлена неплацежаздольнасць юрыдычнай асобы, якая мае або набывае ўстойлівы характар, але прынята рашэнне аб адкрыцці працэдуры санацыі, то мае месца эканамічная неплацежаздольнасць юрыдычнай асобы.

– Колькі зараз у вядзенні эканамічных судоў спраў аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)? Ці шмат сярод іх прадпрыемстваў, якія маюць значэнне для эканомікі і сацыяльнай сферы краіны?

 

– У вядзенні эканамічных судоў Рэспублікі Беларусь у цяперашні час знаходзіцца 1315 прынятых да вядзення спраў дадзенай катэгорыі. З іх абсалютная большасць – 90 % – справы аб банкруцтве прыватных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў.

У цяперашні час ажыццяўляецца банкруцтва 209 індывідуальных прадпрымальнікаў. Акрамя таго, да вядзення судоў у бягучым годзе ўжо прынята 282 справы.

Трэба адзначыць, што за апошнія пяць гадоў колькасць спраў дадзенай катэгорыі, якія знаходзіліся ў вядзенні эканамічных судоў, змяншалася з 5131 справы ў 2017 годзе да 3328 спраў у 2021 годзе. Таксама фактычна ў тры разы зменшылася рэшта няскончаных спраў у параўнанні з 2017 годам.

Хачу звярнуць увагу, што традыцыйна найбольшая колькасць спраў аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) разглядаецца ў эканамічным судзе горада Мінска (40 %).

Статыстычнымі данымі па выніках работы за 2021 год адзначаны некаторы рост паступлення зваротаў з заявамі аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) (на 10 %). Аднак ён абумоўлены не ростам стратных прадпрыемстваў, а неаднаразовымі зваротамі з заявамі адных і тых жа суб’ектаў гаспадарання, паколькі першапачаткова пададзеныя імі заявы вярталіся з-за няякаснай іх падрыхтоўкі, а па шэрагу выпадкаў увогуле адсутнічалі падставы для звароту з такімі заявамі.

Калі ж гаварыць аб юрыдычных асобах, якія знаходзяцца ў банкруцтве і маюць значэнне для эканомікі і сацыяльнай сферы краіны, то да такіх арганізацый, як правіла, адносяцца дзяржаўныя прадпрыемствы, арганізацыі, што маюць долю дзяржаўнай уласнасці ў статутным фондзе, а таксама градаўтваральныя і прыраўнаваныя да іх арганізацыі, бюджэтаўтваральныя арганізацыі. Зараз у вядзенні судоў знаходзяцца 123 такія справы. Сярод іх можна назваць такія вядомыя ў свой час суб’екты гаспадарання, як «Дываны Брэста», «Віцебскі камбінат шаўковых тканін», «Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод», «Дэльта-банк», якія знаходзяцца ў працэдуры ліквідацыі, а таксама шэраг арганізацый, якія знаходзяцца ў працэдуры санацыі.

 – Хто зараз па дзеючым заканадаўстве можа быць прызнаны банкрутам?

 – У адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам і дзеючым Законам у цяперашні час могуць быць прызнаныя эканамічна неплацежаздольнымі (банкрутамі) у судовым парадку юрыдычныя асобы, якія з’яўляюцца камерцыйнымі арганізацыямі, за выключэннем казённых прадпрыемстваў, а таксама юрыдычныя асобы, якія дзейнічаюць у форме спажывецкага кааператыва або дабрачыннага ці іншага фонду, калі яны не ў стане задаволіць патрабаванні крэдытораў.

Пры гэтым у ГК замацаваны агульны прынцып, што ў першую чаргу прызнанне юрыдычнай асобы эканамічна неплацежаздольным (банкрутам) цягне яго санацыю, і толькі пры немагчымасці задаволіць патрабаванні крэдытораў – ліквідацыю.

Таксама можа быць прызнаны эканамічна неплацежаздольным (банкрутам) у судовым парадку індывідуальны прадпрымальнік, які не ў стане задаволіць патрабаванні крэдытораў, звязаныя з ажыццяўленнем ім прадпрымальніцкай дзейнасці.

У прапанаваным праекце закона дадзены падыход па суб’ектным складзе не зменены. У ім таксама захоўваецца пераемнасць па асобах, пытанне аб неплацежаздольнасці або банкруцтве якіх можа быць пастаўлена. Аднак істотна змяняюцца падставы і ўмовы для падачы заявы даўжніка аб неплацежаздольнасці або заявы даўжніка аб банкруцтве, а таксама парадак падачы заяў крэдыторамі аб банкруцтве.

 – А чым увогуле выклікана неабходнасць карэкціроўкі інстытута эканамічнай неплацежаздольнасці? 

– Гэта патрэбнасць прадыктавана як напрацаванай правапрымяняльнай практыкай, так і неабходнасцю рашэння задач па стварэнні ўмоў для аднаўлення эканамічнай дзейнасці і плацежаздольнасці жыццяздольных прадпрыемстваў, аздараўлення эканомікі ў цэлым.

Вельмі важна, і на гэта ў свой час звяртаў увагу Кіраўнік дзяржавы, узмацніць ролю мясцовых выканаўчых органаў, галіновых міністэрстваў у папярэджанні неплацежаздольнасці і банкруцтва як у дасудовым парадку, так і пры разглядзе спраў дадзенай катэгорыі.

Паводле праекта закона функцыі каардынацыі дзейнасці па фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў і арганізацый пераходзяць да Урада Рэспублікі Беларусь і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Запланаваны адыход ад поўнага судовага суправаджэння. Галіновыя дзяржорганы ў дачыненні да падведамасных арганізацый, выканкамы ў дачыненні да камунальных прадпрыемстваў і ўсіх прадпрыемстваў на сваёй тэрыторыі, якія знаходзяцца ў працэдуры санацыі, арганізуюць дасудовае і судовае аздараўленне, даюць ацэнку дзейнасці кіраўнікоў, чые кандыдатуры імі прадстаўлены.

 – Такая ўвага з боку выканаўчай улады будзе толькі да прадпрыемстваў дзяржсектара?

 – Не толькі. І ў гэтым якраз і навацыя. У праекце закона прадугледжваецца, што мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па хадайніцтве арганізацый, якія не з’яўляюцца дзяржаўнымі (або з доляй дзяржаўнай уласнасці) і знаходзяцца на іх тэрыторыі, узгадняюць меры па папярэджанні неплацежаздольнасці і банкруцтва ў дачыненні да такіх арганізацый, маніторынг іх выканання, а таксама аказваюць садзейнічанне ў рэалізацыі такіх мер. Акрамя таго, рашэнне аб мерах па папярэджанні неплацежаздольнасці і банкруцтва прыватных арганізацый гэтыя мясцовыя выканаўчыя органы могуць прыняць самастойна, арыентуючыся на патрэбнасці і інтарэсы рэгіёна.

 

– Відавочна, што гэтыя меры – свайго роду сацыяльная абарона работнікаў такіх прадпрыемстваў, ці не так?

– Так, праз іх рэалізацыю задавальняецца запыт грамадства на дадатковую сацыяльную абарону працоўных калектываў. Узмацненне ролі і паўнамоцтваў мясцовых выканаўчых органаў у гэтым працэсе якраз накіравана на захаванне працоўнага рэсурсу і патэнцыялу работнікаў. Згадзіцеся, што для эканомікі рэгіёна важныя ўсе прадпрыемствы – і дзяржаўныя, і прыватныя.

 

– Якімі яшчэ паўнамоцтвамі плануецца надзяліць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы?

 – Акрамя таго, аб чым мы ўжо згадалі, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы змогуць прадстаўляць у суд кандыдатуру кіраўніка ў вядзенні па справе аб неплацежаздольнасці або банкруцтве градаўтваральных або прыраўнаваных да іх арганізацый, якія не з’яўляюцца дзяржаўнымі (з доляй дзяржавы), а таксама ў дачыненні да арганізацый, якія не з’яўляюцца дзяржаўнымі (з доляй дзяржавы) пры папярэднім узгадненні плана санацыі. 

– А якія яшчэ сацыяльныя гарантыі прадугледжаны праектам закона?

– Як дадатковую гарантыю па сацыяльнай абароне работнікаў можна разглядаць, з майго пункту погляду, і абавязковае ўключэнне ў склад камітэта крэдытораў прадстаўніка работнікаў даўжніка. Важнасць дадзенага палажэння ў тым, што зараз у справе кіраўнік фактычна становіцца падсправаздачным камітэту і сходу крэдытораў. Гэта значыць праз свайго прадстаўніка работнікі прадпрыемства змогуць кантраляваць работу кіраўніка.

– Санацыя па-ранейшаму будзе шырока распаўсюджана як інструмент фінансавага аздараўлення? Як зменіцца сама працэдура санацыі?

– Санацыя не будзе прымяняцца да даўжнікоў, у якіх адсутнічаюць фінансавыя перадумовы аздараўлення. У той жа час судам будзе прадастаўляцца права на зацвярджэнне выканальнага і гарантаванага плана санацыі, адобранага дзяржаўным органам, якому падначалена прадпрыемства, нягледзячы на нязгоду крэдытораў.

У цэлым для дзяржаўных прадпрыемстваў праектам устанаўліваецца асобы парадак пачатку працэдур неплацежаздольнасці. Мінімальны памер патрабаванняў крэдытора ўстанаўліваецца ў дзяржсектары ў памеры 30 тысяч і больш базавых велічынь, у прыватным сектары – 500 базавых велічынь. Сам пачатак справы аб неплацежаздольнасці будзе магчымы толькі пры ўмове прыняцця міністэрствам, канцэрнам або выканкамам рашэння аб немэтазгоднасці дасудовага аздараўлення, а таксама ўзгаднення або падачы ў суд заявы аб неплацежаздольнасці.

Важна, што пры гэтым уводзіцца рэгулярны разгляд дадзенымі органамі ўзгодненых планаў санацыі і ліквідацыі.

Неплацежаздольным, а не банкрутам, можа быць прызнаны даўжнік, які, усведамляючы цяжкасць свайго фінансавага становішча, ініцыяваў сваю санацыю, не чакаючы звароту крэдытораў у суд з заявай аб яго банкруцтве.

 

– Які далейшы лёс прадпрыемства пасля працэдуры санацыі, калі яна аказалася непаспяховай. Калі адбываецца ліквідацыя?

 

– Па праекце Закона эканамічны суд, разгледзеўшы заяву даўжніка аб неплацежаздольнасці, пры наяўнасці падстаў выносіць рашэнне аб прызнанні даўжніка неплацежаздольным і ўвядзенні санацыі на тэрмін, які не перавышае трыццаці шасці месяцаў. Тэрмін санацыі можа быць працягнуты судом па хадайніцтве кіраўніка, дзяржаўнага органа, які ўзгадніў план санацыі даўжніка, у тым ліку пры зацвярджэнні змяненняў і (або) дапаўненняў у план санацыі, але не больш чым на дваццаць чатыры месяцы.

Пасля таго як прайшла санацыя даўжніка і падведзены вынікі санацыі, эканамічны суд мае права спыніць вядзенне па справе аб неплацежаздольнасці, або прыняць рашэнне аб прызнанні даўжніка банкрутам і аб адкрыцці ліквідацыйнага вядзення, або вызначэнне аб прадаўжэнні тэрміну санацыі, якія могуць быць абскарджаны (апратэставаны).

Пры гэтым эканамічным судом выносіцца рашэнне аб прызнанні даўжніка банкрутам, калі сходам крэдытораў прынята рашэнне аб заяве ў суд хадайніцтва аб адкрыцці ліквідацыйнага вядзення, а такое рашэнне можа быць прынята, калі санацыя аказалася непаспяховай і падстаў для прадаўжэння санацыі няма.

 

– На Ваш погляд, ці трэба прыкладаць масу намаганняў усіх зацікаўленых, каб прадпрыемства, якое аказалася на мяжы банкруцтва, выратаваць? Ці заўсёды гэта выгодна эканамічна? Ці не прасцей адразу пазбавіцца ад бесперспектыўных актываў?

 – Універсальнага адказу на дадзенае пытанне па кожным даўжніку няма. Паколькі фінансавае становішча даўжнікоў, перспектывы аздараўлення ў сілу аб’ектыўных абставін розныя, таму менавіта ўласнікі арганізацый павінны ў першую чаргу вызначыцца з лёсам сваіх арганізацый. Задача пры правядзенні працэдур аздараўлення заключаецца ў тым, каб прапанаваныя бізнес-планы былі выканальныя, рэалістычныя. Аднак, калі ў складаным фінансавым становішчы аказваюцца дзяржаўныя арганізацыі, арганізацыі прыватнай формы ўласнасці, якія маюць значэнне для канкрэтнага рэгіёна, забяспечваюць занятасць і вытворчасць, то ў такіх выпадках, безумоўна, неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць арганізацыі, працоўныя калектывы, улічваючы меркаванне мясцовых органаў улады.

 – Узнімаючы сённяшнюю тэму, нельга не закрануць банкруцтва сельскагаспадарчых арганізацый.

 – Так, сапраўды, такія справы знаходзяцца на асаблівым кантролі, улічваючы значнасць дадзеных арганізацый для сельскагаспадарчых рэгіёнаў нашай краіны.

Па даных судовай статыстыкі на пачатак сакавіка бягучага года ў вядзенні эканамічных судоў знаходзіліся 24 справы аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) сельскагаспадарчых арганізацый.

Пры гэтым адна сельгасарганізацыя знаходзіцца ў працэдуры санацыі, па 19 адкрыта ліквідацыйнае вядзенне, па астатніх прызначаны судовыя разборы.

Таксама ажыццяўляецца банкруцтва 9 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак.

У апошні час колькасць даўжнікоў дадзенай катэгорыі ў эканамічных судах зменшылася, ды і па абласцях іх колькасць розная.

Для падтрымкі сельскагаспадарчых арганізацый Кіраўніком дзяржавы былі ў свой час прыняты Указ № 253 ад 04.07.2016 «Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый» і Указ № 399 ад 02.10.2018 «Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый». Сама назва гэтых заканадаўчых актаў гаворыць аб іх накіраванасці.

Пасля прыняцця першага са ўзгаданых указаў на канец 2017 года працэдуру аздараўлення (санацыі) праходзілі 80 сельскагаспадарчых арганізацый, а ў дачыненні да 21 арганізацыі было адкрыта ліквідацыйнае вядзенне.

Разам з тым кожны рэгіён зыходзячы з паказчыкаў работы самастойна вызначаў сельскагаспадарчыя арганізацыі, у дачыненні да якіх неабходна было прымяненне судовай працэдуры.

Напрыклад, у Гомельскай вобласці прынята рашэнне не ўключаць ва ўказаны пералік сельскагаспадарчыя арганізацыі, абмежаваўшыся пазасудовымі працэдурамі, а ў Гродзенскай вобласці ва ўказаны пералік было ўключана 30 сельгасарганізацый.

Прымяненне Указа № 253 з увядзеннем судовай працэдуры эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) у дачыненні да шэрага стратных сельскагаспадарчых арганізацый дазволіла частцы арганізацый, у дачыненні да якіх прымалася рашэнне аб санацыі, працягнуць сваю гаспадарчую дзейнасць з улікам распрацаваных бізнес-планаў. Тым самым была аказана падтрымка з боку дзяржавы і прадастаўлена магчымасць аднаўляць сваю плацежаздольнасць з захаваннем вытворчасці.

З прыняццем Указа № 399 уводзіліся дадатковыя пазасудовыя інструменты і механізмы аздараўлення неплацежаздольных сельскагаспадарчых арганізацый, якія прадугледжваюць рэструктурызацыю запазычанасці.

Саніруемыя сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія не мелі запазычанасці перад дзяржаўным пазабюджэтным фондам сацыяльнай абароны насельніцтва (за выключэннем пені, штрафаў), падлягалі ўключэнню ў пералік неплацежаздольных сельскагаспадарчых арганізацый, якія падлягаюць фінансаваму аздараўленню. Дадзеныя пералікі згодна з Указам № 399 зацвярджаліся аблвыканкамамі.

Гэта значыць частка сельскагаспадарчых арганізацый, уключаных у пералік, атрымала магчымасць працягнуць сваю дзейнасць згодна з распрацаванымі бізнес-планамі ў пазасудовым парадку, бо вядзенне па справах аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) у гэтым выпадку падлягала спыненню.

Дзякуючы падтрымліваючым заканадаўчым мерам частка сельскагаспадарчых арганізацый выйшла з працэдуры банкруцтва і працягнула сваю дзейнасць.

Трэба адзначыць, што, безумоўна, не заўсёды ўдаецца захаваць арганізацыю ў тым выглядзе, у якім яна прыходзіць у банкруцтва, але мэта працэдуры банкруцтва, нагадаю, перш за ўсё захаваць вытворчасць і працоўныя калектывы. Бо часта гэтыя арганізацыі ў невялікіх населеных пунктах з’яўляюцца адзінымі, хто забяспечвае занятасць насельніцтва і падтрымлівае інфраструктуру мясцовасці. Таму важнасць іх банкруцтва з удзелам мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, ад якіх шмат у чым таксама залежыць лёс гэтых прадпрыемстваў, вельмі высокая.

Менавіта на гэта, я паўтару, і накіраваны праект закона – на ўзмацненне значэння і ролі мясцовых выканаўчых органаў і галіновых міністэрстваў.

  

– У справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) важная роля антыкрызіснага кіраўніка. Ці застанецца працэсуальны кантроль суда за дзейнасцю антыкрызіснага кіраўніка ў новым законе? Якія новаўвядзенні з’явяцца ў рабоце антыкрызісных менеджараў?

 – Я б адзначыў, што суд і зараз не з’яўляецца кантралюючым органам. Эканамічны суд у справе аб неплацежаздольнасці або банкруцтве, у першую чаргу, прызначаны ажыццяўляць абарону правоў і законных інтарэсаў асоб, якія ўдзельнічаюць у справе, шляхам ажыццяўлення правасуддзя. У сувязі з гэтым у справе суд кантралюе ход судовага разбору і вырашае спрэчкі (скаргі), якія ўзнікаюць у справе, у тым ліку на дзеянні кіраўніка.

Орган дзяржаўнага кіравання па справах аб неплацежаздольнасці і банкруцтве ажыццяўляе кантроль за выкананнем кіраўніком патрабаванняў заканадаўства аб урэгуляванні неплацежаздольнасці.

Праектам закона ўстанаўліваюцца прынцыпы сістэмы ўзнагароджання кіраўнікоў, якія матывуюць на аднаўленне прадпрыемства ў санацыі, а пры адсутнасці эканамічных перадумоў – на рэалізацыю прадпрыемства інвестару з захаваннем вытворчасці. 

Акрамя таго, удасканальваецца дзейнасць юрыдычных асоб – кіраўнікоў у мэтах павышэння якасці іх работы і недапушчэння пазбягання адказнасці праз нядобрасумленнасць. Навацыяй з’яўляецца і абавязак атрымання атэстата кіраўніка не толькі для кіраўніка, але і для ключавых работнікаў такой юрыдычнай асобы.

Уводзіцца забарона на перадачу паўнамоцтваў кіраўніцтва дзейнасцю юрыдычнай асобы – кіраўніка і паўнамоцтваў кіраўніка ў справах аб неплацежаздольнасці і банкруцтве.

Кіраўнік становіцца падсправаздачным сходу (камітэту) крэдытораў, а ў выпадку яго прадстаўлення дзяржаўным органам таксама гэтаму органу.

 Крыніца фота: «РИА Новости»”

 – У некаторых краінах ужо даволі даўно дзейнічае інстытут банкруцтва фізічных асоб. Яшчэ пару гадоў таму, абмяркоўваючы магчымасць гэтага новаўвядзення ў нас, мы гаварылі, што ў нашай краіне гэта не запатрабавана. Як справы сёння? Ці магчыма банкруцтва фізасоб (не індывідуальных прадпрымальнікаў) у Беларусі? Якое ў Вас меркаванне?

 – У цяперашні час у Расіі, у некаторых краінах Усходняй Еўропы сапраўды ўведзены інстытут банкруцтва ў дачыненні да фізічных асоб. Для ўвядзення такога інстытута неабходна вывучыць у цэлым эканамічныя паказчыкі па краіне. Адзначу, што для нашай краіны да нядаўняга часу быў характэрны нізкі ўзровень неплацежаздольнасці (закрэдытаванасці насельніцтва), была добрая культура вяртання даўгоў, што адзначалася ў тым ліку міжнароднымі экспертамі Сусветнага банка. Думаю, што ўводзіць інстытут банкруцтва фізічных асоб сёння яшчэ рана.

 – Новы закон будзе называцца «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці». З назвы выключана слова «банкруцтва». З чым гэта звязана?

 – Такое змяненне назвы закона не выпадковае. Патрэбнасцю грамадства з’яўляецца наяўнасць арганізацый (прадпрыемстваў), якія працуюць, забяспечваюць занятасць і даход людзям, а дзяржаве – падаткі. Аднак у сілу розных прычын эфектыўна весці бізнес атрымліваецца не заўсёды і не ва ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Цывілізаванае прававое рэгуляванне выхаду суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці са складанага фінансавага становішча якраз і павінен забяспечыць інстытут неплацежаздольнасці.

Глабальная мэта пры гэтым – паляпшэнне фінансавага становішча даўжніка да такога стану, які дазволіць яму разлічыцца з крэдыторамі поўнасцю або часткова, а калі гэта не атрымалася, то найбольш справядлівае размеркаванне абмежаваных, недастатковых сродкаў даўжніка паміж крэдыторамі.

Практыка прымянення дзеючага закона паказала, што нормы, якія ў ім змяшчаюцца, не заўсёды і не ў поўнай меры дазвалялі эфектыўна рашаць абазначаныя задачы. У большасці выпадкаў на практыцы падача заявы аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) прыводзіць да ліквідацыі юрыдычных асоб.

Таму змяненне назвы праекта Закона заклікана падкрэсліць прыярытэт норм, якія ўключаюцца ў законапраект, па прыняцці ў першую чаргу своечасовых мер па фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў і арганізацый. Гэта значыць асноўная задача – папярэдзіць неплацежаздольнасць і банкруцтва, у тым ліку ў пазасудовым парадку, а калі гэта не атрымаецца, то прыняць меры, накіраваныя на захаванне дзейнасці арганізацыі і вытворчасці.

Мяняецца таксама і роля эканамічнага суда. Павінна павысіцца аператыўнасць разгляду спраў дадзенай катэгорыі, сама працэдура будзе больш празрыстая і публічная.

Такім чынам, зменена не толькі назва закона, змяняецца ідэалогія і падыход да эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва).

Працэдура аздараўлення прадпрыемстваў будзе менш складанай, паколькі адбудзецца адыход ад поўнага судовага суправаджэння, пачынаючы ад непасрэднага разгляду справы аб неплацежаздольнасці і заканчваючы рэалізацыяй ужо прынятага судовага рашэння. Бясспрэчна, гэта адаб’ецца на павышэнні аператыўнасці эканамічнага правасуддзя і дазволіць знізіць судовую нагрузку.

У той жа час за эканамічнымі судамі захоўваецца функцыя вырашэння пытанняў, якія могуць узнікаць на стадыі санацыі або ліквідацыйнага вядзення паміж крэдыторамі і кіраўнікамі.

Фактычна працэдура банкруцтва стане публічнай і падкантрольнай грамадству ў асобе працоўных калектываў, крэдытораў і ўласнікаў.

 Падрыхтавана Юліяй Лясковай

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі