Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Адбылося пасяджэнне Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь

24 снежня 2021  7249

23 снежня 2021 года адбылося пасяджэнне Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, прысвечанае практыцы прымянення заканадаўства пры разглядзе спраў, звязаных з вынаходствамі, карыснымі мадэлямі, прамысловымі ўзорамі.

  

У пасяджэнні Пленума прынялі ўдзел генеральны дырэктар Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Уладзімір Анатольевіч Рабаволаў, намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Максім Валер’евіч Варонін.

 Каштоўнасць інавацый для развіцця эканомікі дзяржавы і ўсяго грамадства не выклікае сумненняў. Пры гэтым інавацыйны шлях развіцця ўключае не толькі ўкараненне новых эканамічных мадэлей і высокатэхналагічных вытворчасцей, але і структурную мадэрнізацыю эканомікі з выкарыстаннем аб’ектаў права прамысловай уласнасці – вынаходстваў, карысных мадэлей і прамысловых узораў. У гэтай сувязі асаблівую актуальнасць набывае правільнае і аднастайнае прымяненне заканадаўства, што рэгулюе дадзеную сферу праваадносін, выступаючы гарантыяй правамернага ўцягнення гэтых аб’ектаў у грамадзянскі абарот, абароны правоў і законных інтарэсаў яго ўдзельнікаў.

Падчас пасяджэння Пленума з дакладам выступіла суддзя судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Іна Віктараўна Цысік.

Яна звярнула ўвагу калег на важнасць праекта, які абмяркоўваецца, адзначыўшы пры гэтым, што вывучэнне спраў падчас абагульнення судовай практыкі пры падрыхтоўцы праекта пастановы Пленума паказала, што яны з’яўляюцца адной з самых складаных катэгорый грамадзянскіх спраў.

«Складанасць іх разгляду абумоўлена не толькі недасканаласцю заканадаўства, якое падлягае прымяненню, але і спецыфікай саміх аб’ектаў, стварэнне, прававая ахова і выкарыстанне якіх маюць рознае прававое рэгуляванне і свае асаблівасці. Цяжкасці ў разглядзе спраў абумоўлены разнастайнасцю матэрыяльна-прававых адносін, якія нараджаюць спрэчкі, складанасцю праверкі акалічнасцей, што ўваходзяць у прадмет даказвання, збору і ацэнкі доказаў, а таксама пасіўнымі працэсуальнымі паводзінамі бакоў».

Як падкрэсліла суддзя-дакладчык, «дасягнуты ўзровень практычнага прымянення заканадаўства, сфарміраваныя ў яго прымяненні падыходы па найбольш распаўсюджаных і тыповых прававых сітуацыях, на прыкладзе якіх бачны яго прабелы і недахопы, заканамерна прадвызначылі неабходнасць замацавання вывераных судовай практыкай прававых пазіцый у пастанове Пленума. <…>

Улічваючы накіраванасць растлумачэнняў, прававую прыроду і змест адносін з вынаходствамі, карыснымі мадэлямі, прамысловымі ўзорамі, галоўнай задачай пры падрыхтоўцы праекта пастановы з’яўлялася паслядоўна і сістэматызавана на падставе атрыманых падчас абагульнення і аналізу судовай практыкі вынікаў растлумачыць найбольш значныя і праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць на практыцы, звярнуць увагу на асаблівасці заканадаўчага рэгулявання адносін з такімі аб’ектамі».

Прынятая пастанова Пленума складаецца з назвы, прэамбулы і 25 пунктаў. Умоўна яе можна падзяліць на два блокі.

Першы блок з улікам асаблівасцей прававога рэгулявання адносін з вынаходствамі, карыснымі мадэлямі, прамысловымі ўзорамі растлумачвае прымяненне норм працэсуальнага права пры разглядзе такіх спрэчак.

Растлумачэнні тычацца падсуднасці спраў, патрабаванняў да працэсуальных дакументаў пры звароце за судовай абаронай, захавання парадку вырашэння спрэчак і тэрмінаў звароту ў суд, прававых наступстваў невыканання гэтых патрабаванняў, падстаў і парадку прымянення забеспячальных мер.

Другі блок праекта растлумачвае прымяненне норм матэрыяльнага права, што рэгулююць стварэнне, прававую ахову і выкарыстанне вынаходстваў, карысных мадэлей, прамысловых узораў.

Растлумачэнні тычацца падстаў і парадку набыцця выключных правоў, асаблівасцей іх абароны, парадку распараджэння выключным правам і прававых наступстваў невыканання патрабаванняў заканадаўства ў названай частцы. Гэты блок растлумачвае прымяненне заканадаўства аб службовых аб’ектах, падставах і парадку выплаты ўзнагароджання, тэрмінах дзеяння патэнтаў, умовах і парадку выдачы прымусовай ліцэнзіі.

Прынятая пастанова Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь пасадзейнічае не толькі фарміраванню стабільнай і аднастайнай практыкі па прымяненні заканадаўства, але і павышэнню ўзроўню прававой дасведчанасці ўдзельнікаў такіх адносін, а таксама спецыялістаў у галіне права прамысловай уласнасці (адвакатаў, патэнтных павераных, патэнтаведаў, юрыстаў), якія, як паказала практыка, пры звароце за судовай абаронай не заўсёды выконваюць патрабаванні працэсуальнага заканадаўства, недастаткова добра арыентуюцца ў нормах матэрыяльнага права, якія падлягаюць прымяненню, адчуваюць цяжкасці ў вызначэнні магчымых сродкаў даказвання і спосабаў абароны ў канкрэтных прававых сітуацыях. Растлумачэнні дапамогуць правільна разумець і прымяняць не толькі палажэнні заканадаўства, але і вывераныя судовай практыкай падыходы да разгляду спраў.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі