Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Праяўляць абачлівасць і ўважліва падыходзіць да прыняцця рашэння аб набыцці тавараў: інтэрв’ю суддзі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Ігара Калесніка аб абароне правоў спажыўца

6 чэрвеня 2022  7530

Абарона правоў спажыўцоў ва ўмовах развіцця рыначнай эканомікі і інфармацыйных тэхналогій застаецца адным з найбольш актуальных пытанняў. Як правіла, спажывец у спрэчках дадзенай катэгорыі з’яўляецца бокам больш уразлівым у параўнанні з прадаўцом. Гэта абумоўлена і яго няроўным матэрыяльным становішчам у параўнанні з прадаўцом, і недастатковым, але неабходным узроўнем спецыяльных ведаў. Аднак спажывец павінен ведаць, што дзяржаўныя інстытуты і дзеючае заканадаўства гарантуюць яму шырокую палітру магчымасцей абароны і аднаўлення яго парушаных правоў. Аб судовай абароне правоў спажыўцоў, аб найбольш частых іх патрабаваннях пры звароце ў суд, аб адказнасці, прадугледжанай дзеючым заканадаўствам, у эфіры праграмы «Актуальны мікрафон» Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё расказаў суддзя судовай калегіі па грамадзянскіх справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Ігар Віктаравіч Калеснік.

 

Публікуем дапоўнены матэрыял па такой актуальнай тэме.

 

Аб формах абароны правоў спажыўца

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 09.01.2002 № 90-З «Аб абароне правоў спажыўцоў» (далей па тэксце – Закон, Закон аб абароне правоў спажыўца) спажыўцы маюць права на дзяржаўную абарону сваіх правоў, у тым ліку на зварот у суд і іншыя ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы, а таксама на грамадскую абарону.

У адпаведнасці з артыкулам 41 згаданага Закона дзяржаўную абарону правоў спажыўца і кантроль за выкананнем заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў ажыццяўляюць у межах сваёй кампетэнцыі ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы.

Так, у структуры кожнага аблвыканкама (Мінскага гарвыканкама), раённага (гарадскога) выканкама ёсць упаўнаважаныя асобы па абароне правоў спажыўцоў. Пры гэтым на сайтах названых дзяржаўных органаў размешчана агульная інфармацыя, памяткі, растлумачэнні па найбольш актуальных пытаннях абароны правоў спажыўцоў.

У мэтах абароны правоў спажыўцоў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы абавязаны разглядаць звароты спажыўцоў у адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, арганізоўваць растлумачэнне заканадаўства і кансультаваць людзей па пытаннях абароны правоў спажыўцоў, звяртацца ў суд з іскам аб абароне правоў спажыўца, ажыццяўляць іншыя функцыі па абароне правоў спажыўцоў, прадугледжаныя заканадаўствам.

Важна адзначыць, што каардынацыю дзейнасці ў дадзенай галіне ажыццяўляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь.

Апрача дзяржаўных органаў дапамогу ў абароне парушаных правоў спажыўца аказваюць грамадскія аб’яднанні спажыўцоў. Такія грамадскія аб’яднанні маюць права даваць на бязвыплатнай аснове кансультацыі спажыўцу па пытаннях абароны яго правоў, праводзіць экспертызу тавараў (работ, паслуг) па факце парушэння правоў спажыўца, звяртацца ў суд з іскам аб абароне правоў спажыўца, прадстаўляць і абараняць у судзе правы і законныя інтарэсы спажыўца (нявызначанага кола спажыўцоў).

Перш чым звяртацца ў дзяржаўныя органы або грамадскія аб’яднанні, спажывец, у першую чаргу, можа звярнуцца да прадаўца за вырашэннем узніклых пытанняў, напрыклад, шляхам перагавораў або накіраваўшы прэтэнзію. Калі ж такім чынам канфлікт вырашыць не ўдалося, спажывец можа звярнуцца за прадастаўленнем дзяржаўнай або грамадскай абароны.

Такім чынам, абарона правоў спажыўцоў можа быць ажыццёўлена як у дасудовым, так і ў судовым парадку. Пры гэтым права выбару асобы, да якой прад’яўляюцца адпаведныя патрабаванні (у выпадку прадугледжанай Законам альтэрнатывы), належыць спажыўцу. Гэта значыць, што спажывец сам выбірае, да каго звяртацца: да прадаўца, вытворцы, пастаўшчыка, прадстаўніка або ў рамонтную арганізацыю. Аднак, калі спажывец вырашыў звярнуцца да прадаўца, то ў гэтым выпадку прадавец не мае права перанакіраваць яго, напрыклад, да вытворцы.

Дзеючым заканадаўствам спажыўцу прадастаўлены шэраг магчымасцей для абароны парушанага права, напрыклад, звярнуцца:

  • у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы,
  • у грамадскія аб’яднанні спажыўцоў,
  • юрыдычную кансультацыю,
  • або самастойна абараняць свае правы ў судзе.

Важным момантам з’яўляюцца прадугледжаныя Падатковым кодэксам ільготы па дзяржпошліне для спажыўцоў. Істцы вызваляюцца ад платы дзяржпошліны пры звароце ў суд за разглядам іскавых заяў аб парушэнні іх правоў спажыўцоў, прадугледжаных заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў, а таксама за падачу апеляцыйных скаргаў па такіх справах (падпункт 1.1.9 пункта 1 артыкула 285 ПК). Пры гэтым за падачу нагляднай скаргі ў суд дзяржаўная пошліна выплачваецца.

Разам з тым, калі рашэннем суда істцу ў задавальненні заяўленых іскавых патрабаванняў адмоўлена, то дзяржаўная пошліна спаганяецца з істца (пункт 17 артыкула 285 ПК, абзац 2 падпункта 1.26 пункта 1 артыкула 288 ПК).

 

Аб статыстычных даных па спрэчках аб абароне правоў спажыўца

Даныя судовай статыстыкі сведчаць, што на працягу апошніх пяці гадоў у суды штогод паступае ў сярэднім каля 3500 іскаў аб абароне правоў спажыўцоў. Пры гэтым задавальняемасць іскавых патрабаванняў складае больш за 85 %. Гэта значыць, што ў абсалютнай большасці выпадкаў патрабаванні спажыўцоў пры звароце ў суд за абаронай сваіх правоў судом задавальняюцца.

Пры гэтым на стабільна высокім узроўні знаходзіцца і паказчык спынення вядзення па спрэчках аб абароне правоў спажыўцоў (звыш за 30 % спраў, якія паступілі ў суды, спыняецца, у тым ліку ў сувязі з заключэннем бакамі міравога пагаднення). Гэта значыць, што пры наяўнасці добрай волі бакоў практычна кожная трэцяя спрэчка па дадзенай катэгорыі магла быць вырашана ў дасудовым парадку, без звароту ў суд.

Аналіз судовай практыкі паказвае, што часцей за ўсё спажыўцы звяртаюцца ў суд з патрабаваннямі аб бязвыплатнай ліквідацыі недахопаў выкананых работ (паслуг), замене няякаснага тавару, скасаванні дагавораў і спагнанні выплачаных грашовых сум.

Як правіла, па спрэчках аб абароне правоў спажыўцоў у судах пераважаюць спрэчкі, звязаныя з продажам тавараў, аказаннем жыллёва-камунальных паслуг, рамонтных паслуг, а таксама спрэчкі, звязаныя з аказаннем спажыўцу медыцынскіх, турыстычных паслуг, паслуг грамадскага харчавання.

 

Аб праве спажыўца на інфармацыю аб тавары і наступствах яе непрадастаўлення

Спажывец мае права атрымаць ад прадаўца, а прадавец, у сваю чаргу, абавязаны своечасова прадаставіць пакупніку неабходную і дакладную інфармацыю аб тавары (рабоце, паслузе). Пры гэтым інфармацыя аб іх павінна прадастаўляцца на беларускай або рускай мовах у дакументацыі, якая прыкладаецца да тавараў (на ўпакоўцы, этыкетках, у таварасуправаджальных дакументах, укладышах і рэкламных буклетах). Інфармацыя на замежнай мове лічыцца неперададзенай.

 

У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 7 Закона аб абароне правоў спажыўцоў у дачыненні да ўсіх без выключэння тавараў павінна быць прадастаўлена наступная інфармацыя:

  • найменне тавару (работы, паслугі);
  • віды і асаблівасці прапануемых работ (паслуг);
  • указанне на заканадаўства, якое ўстанаўлівае патрабаванні да якасці тавару (напрыклад, тэхнічныя, ДАСТы і інш.);
  • звесткі аб асноўных уласцівасцях тавару;
  • цана і ўмовы аплаты, калі гэтыя ўмовы адрозніваюцца ад звычайных умоў аплаты адпаведных тавараў;
  • гарантыйны тэрмін, калі ён устаноўлены;
  • дата вырабу, і (або) тэрмін службы, і (або) тэрмін годнасці, і (або) тэрмін захоўвання для тавараў працяглага карыстання, а таксама іх камплектуючых вырабаў і састаўных частак, якія па сканчэнні пэўнага тэрміну могуць уяўляць небяспеку для вашага жыцця, здароўя, спадчыннасці, маёмасці і навакольнага асяроддзя;
  • найменне, адрас прадаўца і вытворцы, пры наяўнасці – імпарцёра, рамонтнай арганізацыі, упаўнаважанай на ліквідацыю недахопаў тавару, яго тэхнічнае абслугоўванне; калі прадавец індывідуальны прадпрымальнік – яго прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку і месца жыхарства;
  • краіну паходжання тавару, калі яна не супадае з месцам знаходжання вытворцы;
  • звесткі аб абавязковым пацвярджэнні адпаведнасці тавараў (работ, паслуг), якія падлягаюць абавязковаму пацвярджэнню адпаведнасці, патрабаванням ТНПА;
  • указанне на канкрэтную асобу, якая будзе выконваць работу (паслугу), і інфармацыю пра яе, калі гэта мае значэнне зыходзячы з характару работы (паслугі) (напрыклад, цырульніцкая паслуга павінна быць аказана пэўным майстрам);
  • колькасць або камплектнасць тавару;
  • штрыхавы ідэнтыфікацыйны код (далей – штрыхкод), калі абавязковае маркіраванне тавараў такім кодам прадугледжана заканадаўствам;
  • клас энергаэфектыўнасці тавару, калі яго ўстанаўленне прадугледжана для дадзенага тавару. Напрыклад, для бытавой тэхнікі: халадзільнікаў, пральных машын і інш.
  • звесткі аб правілах і ўмовах эфектыўнага і бяспечнага карыстання таварамі, у тым ліку догляду за імі, калі гэта мае значэнне зыходзячы з характару тавару;
  • указанне на выкарыстанне фанаграм выканаўцамі музычных твораў на культурна-відовішчных мерапрыемствах;
  • іншыя звесткі, неабходныя спажыўцу адпаведнага тавару.

 

У выпадку непрадастаўлення ў поўным аб’ёме ўказанай інфармацыі спажывец мае права скасаваць дагавор рознічнай куплі-продажу і запатрабаваць вяртання грашовых сродкаў, выплачаных за тавар.

Акрамя таго, прадавец, які не прадаставіў пакупніку магчымасці атрымання адпаведнай інфармацыі аб тавары, нясе адказнасць і за тыя недахопы тавару, якія ўзніклі пасля яго перадачы пакупніку, калі пакупнік дакажа, што яны ўзніклі ў сувязі з адсутнасцю ў яго такой інфармацыі.

 

Аб праве спажыўца на вяртанне і абмен тавару

Закон прадастаўляе спажыўцу права на вяртанне тавару як неналежнай якасці, так і належнай, але ў кожным выпадку ёсць свае асаблівасці.

Гаворачы аб тавары належнай якасці, трэба зыходзіць з норм артыкула 28 Закона, згодна з якім спажывец мае права на працягу 14 дзён з моманту перадачы яму непрадуктовага тавару, калі больш працяглы тэрмін не абвешчаны прадаўцом, вярнуць тавар належнай якасці або абмяняць яго на аналагічны тавар іншых памеру, формы, габарыту, фасону, расфарбоўкі або камплектацыі, зрабіўшы ў выпадку розніцы ў цане неабходны пераразлік з прадаўцом.

Да таго ж, прадавец самастойна не мае права зменшыць тэрмін, устанавіўшы яго меншым за 14 дзён. Пры гэтым 14 дзён вылічаюцца з дня, наступнага за днём пакупкі, а калі 14-ы дзень прыйдзецца на дзень, калі прадавец не працуе, то днём заканчэння тэрміну лічыцца бліжэйшы наступны за ім працоўны дзень.

Важна, што тавар належнай якасці спажывец мае права вярнуць або абмяняць толькі ў выпадках, калі ён:

  • адносіцца да непрадуктовых. Напрыклад, харчовыя прадукты належнай якасці абмену і вяртанню не падлягаюць;
  • не быў ва ўжыванні;
  • захаваў свае спажывецкія ўласцівасці;
  • не ўключаны ў пералік непрадуктовых тавараў належнай якасці, якія не падлягаюць абмену і вяртанню (напрыклад, тэкстыльныя тавары, ювелірныя вырабы, тэхнічна складаныя тавары бытавога прызначэння, тавары бытавой хіміі, парфюмерна-касметычныя тавары і многія іншыя).

Пры гэтым максімальны тэрмін для задавальнення патрабавання спажыўца аб вяртанні ім тавару належнай якасці не можа перавышаць 7 дзён.

Што тычыцца рэалізацыі спажыўцу тавару неналежнай якасці (калі аб недахопах тавару не паведамлялася прадаўцом), трэба падкрэсліць, што ў дадзенай сітуацыі спажывец мае права на свой выбар патрабаваць:

  • замены недабраякаснага тавару таварам належнай якасці;
  • суразмернага змяншэння пакупной цаны тавару;
  • неадкладнай бязвыплатнай ліквідацыі недахопаў тавару;
  • пакрыцця выдаткаў па ліквідацыі недахопаў тавару (артыкул 20 Закона).

Спажывец мае права прад’явіць указаныя патрабаванні прадаўцу (вытворцу, пастаўшчыку, прадстаўніку, рамонтнай арганізацыі) у дачыненні да недахопаў тавару на працягу гарантыйнага тэрміну або тэрміну годнасці тавару. Да прыкладу, для сезонных тавараў (адзення, футравых вырабаў і інш.) гарантыйныя тэрміны вылічаюцца з моманту наступлення адпаведнага сезона.

Часам прыходзіцца вяртаць бытавую тэхніку вялікіх памераў. Дапусцім, тэлевізар аказаўся няспраўным. Правядзенне той жа экспертызы або дастаўкі прадаўцу няякаснай бытавой тэхнікі вялікіх памераў прычыніць спажыўцу нямала клопату. Пры ўзнікненні падобных сітуацый заканадавец прадугледзеў норму закона, згодна з якой буйнагабарытны тавар або тавар вагой больш за 5 кг павінен дастаўляць сам прадавец (вытворца, пастаўшчык). У тым выпадку, калі спажывец самастойна даставіць тавар, то расходы, звязаныя з дастаўкай тавару, абавязаны пакрыць прадавец (абзац 10 артыкула 1, пункта 13 артыкула 20 Закона аб абароне правоў спажыўцоў). Для кампенсацыі расходаў на дастаўку патрэбны пацвярджальныя дакументы, напрыклад, квітанцыя, чэк.

 

Аб вяртанні грашовых сродкаў за набыты тавар (аказаную паслугу, выкананую работу) неналежнай якасці і парадку правядзення экспертызы тавару (работ, паслуг)

Набываючы тавар, заказваючы выкананне якіх-небудзь работ (паслуг), кожны разлічвае на іх якасць, магчымасць выкарыстоўваць па прызначэнні як мага даўжэй. Аднак нават пры самым беражлівым выкарыстанні тавар можа выйсці са строю, а якасць аказаных паслуг або выкананых работ пакідае жадаць лепшага.

У той жа час іншы раз пры вяртанні грошай за набыты няякасны тавар (няякасна аказаную паслугу або выкананую работу) узнікаюць канфлікты, паколькі прадаўцы (вытворцы) адмаўляюцца вяртаць грошы або прапаноўваюць выплаціць суму меншую, чым тая, якая была выплачана спажыўцом за тавар (паслугу, работу).

Спажыўцу трэба ведаць, што пры скасаванні дагавора і (або) вяртанні выплачанай за тавар неналежнай якасці грашовай сумы спажыўцу пакрываюцца выплачаная за тавар грашовая сума, а таксама розніца паміж цаной тавару, устаноўленай дагаворам, і цаной адпаведнага тавару на момант добраахвотнага задавальнення патрабавання спажыўца, а калі патрабаванне добраахвотна не задаволена, – на момант вынясення судом рашэння.

Пры вяртанні пакупніку выплачанай за тавар грашовай сумы прадавец не мае права ўтрымліваць з яе суму, на якую панізіўся кошт тавару з-за поўнага або частковага яго выкарыстання, страты ім таварнага выгляду або іншых падобных акалічнасцей.

Гэта значыць, што Закон гарантуе спажыўцу магчымасць у выпадку вяртання тавару неналежнай якасці набыць адпаведны тавар без даплаты розніцы ў цане. Пры гэтым на час замены або рамонту тавару прадавец або вытворца абавязаны ў трохдзённы тэрмін прадаставіць у часовае карыстанне аналагічны тавар. Выключэннем з дадзенага правіла будуць некаторыя тавары (напрыклад, аўтамабіль, мэбля, печ ЗВЧ (пункт 2 артыкула 22 Закона аб абароне правоў спажыўцоў).

Уявім сітуацыю. Спажывец набыў халадзільнік па цане 2000 рублёў. У месячны тэрмін пасля перадачы тавару ў ім праявіліся дэфекты. У выніку праведзенай прадаўцом экспертызы ўстанавілі наяўнасць вытворчага браку. Пакупнік ад ліквідацыі недахопаў адмовіўся і патрабаваў скасаваць дагавор рознічнай куплі-продажу і вярнуць выплачаную за тавар суму. На момант прад’яўлення спажыўцом такога патрабавання цана аналагічнага тавару склала ўжо 2500 рублёў. У дадзенай сітуацыі прадавец па Законе абавязаны вярнуць пакупніку суму ў памеры 2500 рублёў. Акрамя таго, выдаткі, звязаныя з правядзеннем экспертызы, ускладаюцца на прадаўца.

Пры правядзенні экспертызы спажывец павінен быць апавешчаны ў пісьмовай форме аб месцы і часе яе правядзення. Таксама ён мае права прыняць удзел у праверцы якасці і правядзенні экспертызы тавару асабіста або праз свайго прадстаўніка. Заканадавец прадугледзеў і права спажыўца на правядзенне экспертызы самастойна, аднак у гэтым выпадку прадавец павінен быць апавешчаны аб такім рашэнні пакупніка.

Прыклад з судовай практыкі

Падставай задавальнення патрабаванняў ісціцы з’явілася ў тым ліку заключэнне і тлумачэнне эксперта, апытанага ў судовым пасяджэнні. Рашэннем суда пастаноўлена спагнаць з адказчыка на карысць ісціцы выплачаную суму за аказаную паслугу па нарошчванні валасоў у памеры 277 рублёў, выдаткі па аплаце касметыкі і расчоскі для валасоў у памеры 120 рублёў, выдаткі па аплаце паслугі па зняцці валасоў у памеры 14 рублёў, няўстойку за парушэнне тэрмінаў задавальнення патрабаванняў у памеры 100 рублёў, кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 50 рублёў.

 

Аб набыцці тавараў, якія былі ва ўжыванні

Заканадаўства аб абароне правоў спажыўца гаворыць, што, калі набываемы спажыўцом тавар быў ва ўжыванні або ў ім ліквідаваўся недахоп, спажыўцу павінна быць прадастаўлена інфармацыя аб гэтым. У выпадку набыцця такога тавару звесткі аб наяўнасці недахопу (недахопаў) павінны быць указаны ў дакуменце, які пацвярджае факт набыцця тавару.

Пакупнік мае права вярнуць рэчы, якія былі ва ўжыванні, толькі ў тым выпадку, калі яны аказаліся няякаснымі або пакупніку не было вядома аб тым, што тавар не новы.

Пры наяўнасці недахопаў у прадаваемай рэчы (напрыклад, драпіны на мабільным тэлефоне) прадавец абавязаны гэтую інфармацыю давесці да ведама пакупніка. У тым выпадку, калі пакупнік набывае тавар з агаворанымі прадаўцом недахопамі, то гэта значыць, што ў далейшым пакупнік не будзе мець права заяўляць патрабаванні аб вяртанні выплачаных грошай па прычыне недахопаў рэчы, аб якіх ён быў паінфармаваны.

У сувязі з сітуацыямі падобнага роду прадаўцам тавараў неабходна апісваць у аб’явах наяўныя недахопы тавару, што дазволіць засцерагчыся пры ўзнікненні спрэчнай сітуацыі.

Пры куплі тавару належнай якасці, але былога ва ўжыванні, права пакупніка на вяртанне непрадуктовага тавару належнай якасці на працягу 14 дзён не дзейнічае.

У судовай практыцы сустракаюцца спрэчкі, калі пакупнік просіць скасаваць дагавор куплі-продажу тавару і вярнуць грошы, спасылаючыся на той факт, што набыты тавар аказаўся не новым. Калі падчас судовага разбору суду будуць прадастаўлены доказы таго, што сапраўды пакупнік набываў новы тавар, а інфармацыя аб тым, што тавар раней быў ва ўжыванні прадаўцом не агаворвалася, то патрабаванні пакупніка аб скасаванні дагавора могуць быць задаволены.

 

Прыклад з судовай практыкі

Ісціца звярнулася з іскам у суд па спрэчцы аб абароне правоў спажыўца, указаўшы, што яна ў ТАА (адказчыка) набыла праз інтэрнэт-магазін мабільны тэлефон «Apple iPhone 11 Рrо» коштам 2180 рублёў.

Пасля прыёмкі тавару ісціца пачала рэгістрацыю тэлефона на афіцыйным сайце кампаніі, дзе было ўказана, што мабільны тэлефон з серыйным нумарам, аналагічным прададзенаму, раней знаходзіўся ў эксплуатацыі, тэрмін яго тэхнічнага абслугоўвання скончыўся. Акрамя таго, крапежныя балты, размешчаныя на корпусе мабільнага тэлефона, маюць дэфекты, на мабільны тэлефон наклеена неарыгінальная ахоўная плёнка.

Ісціца звярнулася да прадаўца, указаўшы, што набыты мабільны тэлефон з’яўляецца не новым і раней быў ва ўжыванні, у сувязі з чым патрабавала вяртання грошай у поўным аб’ёме. Адказчык першапачаткова адмаўляў факт рэалізацыі мабільнага тэлефона, які быў ва ўжыванні, а ў далейшым паведаміў, што мабільны тэлефон з’яўляецца адноўленым.

З мэтай дасудовага ўрэгулявання спрэчкі ісціца накіравала на адрас адказчыка прэтэнзію, у якой указала вышэйпададзеныя факты, а таксама прасіла скасаваць дагавор куплі-продажу, аднак адказчык адмовіў ёй у вяртанні грашовых сродкаў і скасаванні дагавора.

У далейшым ісціца звярнулася ў экспертную арганізацыю для правядзення экспертызы, згодна з заключэннем якой тэлефон з’яўляецца адноўленым, пры гэтым указана, што рамантаваўся ён не ў заводскіх умовах.

Згодна з заканадаўствам пры рэалізацыі ў інтэрнэт-магазінах былых ва ўжыванні тавараў, а таксама тавараў, у якіх ліквідаваўся недахоп, або тавараў, якія маюць недахоп, такая інфармацыя павінна даводзіцца прадаўцом да ведама спажыўцоў разам з найменнем тавару на сайце інтэрнэт-магазіна. Недавядзенне да ведама спажыўцоў такой інфармацыі з’яўляецца парушэннем патрабаванняў пункта 4 Правіл продажу тавараў пры ажыццяўленні рознічнага гандлю па ўзорах, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15.01.2009 № 31.

Утойванне такой інфармацыі можа быць расцэнена судом як увядзенне спажыўцоў у зман і пацягнуць скасаванне дагавора з вяртаннем грашовых сродкаў у поўным аб’ёме.

Ісціца прасіла суд скасаваць дагавор куплі-продажу, спагнаць з адказчыка на яе карысць выплачаную грашовую суму ў памеры 2180 рублёў, няўстойку ў памеры 523 рублі 20 капеек за парушэнне тэрмінаў задавальнення патрабавання аб скасаванні дагавора і вяртанні грашовых сродкаў у добраахвотным парадку, страты, звязаныя з правядзеннем экспертызы, у памеры 255 рублёў, грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 300 рублёў.

Суд, даследаваўшы ўсе акалічнасці справы, у тым ліку вывучыўшы заключэнне экспертызы, прыйшоў да вываду, што іскавыя патрабаванні з’яўляюцца абгрунтаванымі і задаволіў іх у поўным аб’ёме.

 

Аб доказах і сродках даказвання па спрэчках аб абароне правоў спажыўца

Згодна з палажэннямі ГПК абавязак прадставіць неабходныя для ўстанаўлення ісціны па справе доказы ляжыць на баках, трэціх асобах і іншых юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асобах.

Прыведзеная норма закона азначае, што пры звароце ў суд з іскавай заявай па любой справе і пры яе разглядзе, у тым ліку і па спрэчках аб абароне правоў спажыўца, удзельнікі працэсу абавязаны прадставіць доказы ў абгрунтаванне заяўленых патрабаванняў.

У цэлым, трэба сказаць, што дагавор рознічнай куплі-продажу лічыцца заключаным у належнай форме з моманту выдачы прадаўцом пакупніку касавага або таварнага чэка або іншага дакумента, які пацвярджае аплату тавару.

У адпаведнасці з Законам аб абароне правоў спажыўца дакументам, які пацвярджае факт набыцця тавару (выканання работы, аказання паслугі), з’яўляецца касавы чэк, іншы плацежны дакумент у адпаведнасці з заканадаўствам, квітанцыя да прыходнага касавага ордара, таварны чэк, дакумент (карт-чэк, чэк і інш.), што пацвярджае здзяйсненне плацяжу пры дапамозе банкаўскіх плацежных картак, электронных грошай, сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы, праязны дакумент (білет), іншы дакумент, які пацвярджае аплату тавару (выканання работы, аказання паслугі) у адпаведнасці з заканадаўствам, належным чынам аформлены тэхнічны пашпарт, інструкцыя па эксплуатацыі, інструкцыя для карыстальніка, іншы дакумент, які змяшчае звесткі аб найменні прадаўца (выканаўцы), найменні, цане тавару (работы, паслугі).

Аднак не заўсёды спажыўцы захоўваюць пацвярджальныя дакументы, ды і не заўсёды прадаўцы іх выдаюць, што прыводзіць у далейшым да таго, што спажыўцы сутыкаюцца з праблемай, як вярнуць тавар, які ім не падышоў або аказаўся неналежнай якасці.

Адсутнасць у пакупніка дакумента, які пацвярджае факт набыцця тавару, не з’яўляецца безумоўнай падставай для адмовы ў задавальненні яго патрабаванняў і не пазбаўляе яго права пры ўзнікненні спрэчкі прадстаўляць іншыя доказы ў пацвярджэнне факта наяўнасці паміж спажыўцом і прадаўцом грамадзянска-прававых адносін. Такімі доказамі могуць быць элементы спажывецкай упакоўкі, перапіска з прадаўцом, у якой апошні пацвярджае факт пакупкі тавару, паказанні сведак, а таксама дакументы і іншыя сродкі даказвання, якія ўказваюць на набыццё тавару ў гэтага прадаўца.

 

Аб выдатках, якія спаганяюцца судом па спрэчках аб абароне правоў спажыўца

Аналіз даных судовай статыстыкі сведчыць, што спажыўцы дастаткова часта звяртаюцца ў суд за абаронай сваіх парушаных правоў і законных інтарэсаў.

Пры прад’яўленні іскавай заявы аб абароне правоў спажыўца пакупнік, як ужо згадвалася вышэй, мае права заявіць патрабаванні:

  • аб замене недабраякаснага тавару таварам належнай якасці,
  • суразмерным змяншэнні пакупной цаны тавару,
  • неадкладнай бязвыплатнай ліквідацыі недахопаў тавару (рамонце),
  • пакрыцці сваіх выдаткаў па ліквідацыі недахопаў тавару,
  • скасаванні дагавора рознічнай куплі-продажу і вяртанні выплачанай за тавар грашовай сумы.

Акрамя вышэйпералічанага, спажывец мае права патрабаваць:

  • спагнання з прадаўца няўстойкі;

 

Прыклад з судовай практыкі

У сувязі з тым, што мэбля ў поўным аб’ёме адказчыкам не выраблена, парушаны тэрмін дагавора, ёсць мноства неадпаведнасцей і недахопаў, суд скасаваў дагавор і спагнаў з ІП на карысць істца выплачаныя па дагаворы грашовыя сродкі, няўстойку за парушэнне тэрмінаў выканання дагавора ў памеры 300 рублёў, грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 500 рублёў, выдаткі па аплаце юрыдычнай дапамогі, а таксама спагнаў іншыя выдаткі.

 

  • пакрыцця маральнай шкоды;

Пры гэтым спагнанне кампенсацыі маральнай шкоды не залежыць ад маёмаснай шкоды, якая падлягае пакрыццю. Памер кампенсацыі маральнай шкоды вызначаецца судом у кожным канкрэтным выпадку ў залежнасці ад характару прычыненых спажыўцу фізічных або маральных пакут, а таксама ад ступені віны прычыняльніка шкоды, калі яго віна з’яўляецца падставай для пакрыцця. Характар прычыненых спажыўцу фізічных і маральных пакут ацэньваецца судом з улікам фактычных абставін, пры якіх была прычынена маральная шкода, а таксама індывідуальных асаблівасцей спажыўца;

 

Прыклад з судовай практыкі

Рашэннем суда на карысць ісціцы спагнаны кампенсацыя маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, выдаткі па аплаце юрыдычных паслуг у памеры 550 рублёў, дзяржпошліна ў даход дзяржавы ў памеры 87 рублёў.

 

Прыклад з судовай практыкі

У заяве суду ісцец, 1940 года нараджэння, указаў, што 6 жніўня 2021 года падпісаў з ТАА «АблВентыляцыя» дагавор на выкананне работ па ачыстцы ўнутрыкватэрнай вентыляцыі коштам 195 рублёў, а таксама акт здачы-прыёмкі выкананых работ. Лічыць, што дадзеная паслуга яму была навязана работнікамі адказчыка, якія пераканалі яго, што вентыляцыя ў яго жылым памяшканні патрабуе ачысткі, аднак ва ўказаных работах ён не меў патрэбы. Дагавор і акт здачы-прыёмкі выкананых работ ім былі падпісаны без прачытання па прычыне яго старога ўзросту і стану здароўя. Афармленне дадзеных дакументаў рабілася пасля выканання ачысткі, якая доўжылася не больш за 15–20 мінут з улікам часу, затрачанага на іх запаўненне. Прасіў суд скасаваць дагавор на выкананне работ ад 6 жніўня 2021 года.

 

  • пакрыцця шкоды, прычыненай праз недахопы тавару;

Шкода, прычыненая праз недахопы тавару, падлягае пакрыццю, калі яна ўзнікла на працягу ўстаноўленых тэрміну годнасці або тэрміну службы тавару, а пры адсутнасці іх – на працягу 10 гадоў з дня вырабу тавару.

 

  • спагнанне выдаткаў, звязаных з разглядам справы;

(напрыклад, сумы, якія падлягаюць выплаце сведкам, судова-экспертным арганізацыям, экспертам, спецыялістам і перакладчыкам, выдаткі, звязаныя з правядзеннем агляду на месцы, паштовыя выдаткі, выдаткі бакоў і трэціх асоб па праездзе і найме жылых памяшканняў, панесеныя імі ў сувязі з яўкай у суд, выдаткі па аплаце дапамогі прадстаўнікоў, кампенсацыя бакам за страту працоўнага часу, а таксама іншыя выдаткі, прызнаныя судом неабходнымі).

 

Прыклад з судовай практыкі

Рашэннем суда дагавор, заключаны паміж пакупніком і ІП скасаваны. На карысць істца спагнаны выплачаная па дагаворы сума ў памеры 300,90 рубля, няўстойка за парушэнне тэрмінаў задавальнення патрабаванняў у памеры 250 рублёў, грашовая кампенсацыя маральнай шкоды ў памеры 200 рублёў. Акрамя таго, з ІП спагнаны выдаткі па аплаце кошту праведзенай экспертызы ў памеры 677,96 рубля, а таксама штраф у памеры 750,90 рубля, выдаткі грамадскага аб’яднання ў памеры 1920,62 рубля і дзяржпошліна ў памеры 444,03 рубля.

 

Хацелася б звярнуць увагу прадаўцоў на палажэнні артыкула 44 Закона аб абароне правоў спажыўцоў, якія прадугледжваюць спагнанне за невыкананне добраахвотнага парадку задавальнення патрабаванняў спажыўца штрафу ў памеры 100 % сумы, прысуджанай судом на карысць спажыўца, калі з іскавай заявай аб абароне правоў спажыўца выступаюць мясцовы выканаўчы і распарадчы орган або грамадскае аб’яднанне спажыўцоў. Па агульным правіле штраф падлягае спагнанню ў мясцовы бюджэт.

Калі ж з іскам у абарону правоў спажыўца выступае грамадскае аб’яднанне спажыўцоў, то яму пералічваецца 10 працэнтаў ад сумы штрафу.

Такім чынам, прадавец павінен разумець, што ў выпадку задавальнення патрабаванняў спажыўца грашовыя сумы, якія падлягаюць спагнанню з прадаўца, могуць быць спагнаны ў двухразовым памеры.

 

Аб продажы тавараў на прэзентацыях

У цяперашні час сустракаюцца выпадкі продажу розных тавараў (посуду, пасцельнай бялізны, касметыкі і інш.) на прэзентацыях. Рэалізацыя тавараў такім спосабам адносіцца да разноснага гандлю. Яго прынцып у тым, што прадавец вусна прадстаўляе (прэзентуе) тавар, гутарачы з адным або некалькімі патэнцыяльнымі пакупнікамі з мэтай продажу тавару.

У суды звяртаюцца пакупнікі тавараў, набытых на такіх прэзентацыях, з патрабаваннямі аб скасаванні дагавораў і вяртанні выплачанай грашовай сумы. Пры гэтым пакупнікі такіх тавараў, якія потым і звяртаюцца ў суд як істцы, часцей за ўсё пажылыя людзі, пенсіянеры.

У іскавых заявах такія пакупнікі ўказваюць, што прадаўцы пры рэкламаванні тавару ўводзяць іх у зман, робячы акцэнт на ўяўных перавагах тавару (выраб з высокатрывалага матэрыялу, напрыклад), самых нізкіх цэнах на дадзены тавар, вялікіх скідках, дадатковых бясплатных падарунках да набываемага тавару і т.п.

Згаджаючыся з нібы выгаднай прапановай прадаўца, пакупнікі тавар набываюць. Але ўжо прыйшоўшы дадому, спакойна асэнсаваўшы ўсю сітуацыю, пагаварыўшы з блізкімі, разумеюць, што тавар купілі па завышаных цэнах, да таго ж штомесяц на працягу працяглага часу неабходна плаціць растэрміноўку, працэнты і т.п. Пры спробах вяртання тавару прадаўцы адмаўляюць у яго прыняцці і вяртанні грошай, спасылаючыся на тое, што дагавор ужо заключаны і дзейнічаюць дагаворныя адносіны.

У такіх сітуацыях спажыўцу трэба ведаць, што пры рэалізацыі тавараў на прэзентацыях суб’екты гандлю абавязаны выконваць патрабаванні Закона аб абароне правоў спажыўцоў, Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2014 г. № 128-З «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь» і Правіл продажу асобных відаў тавараў.

Так, пры рэалізацыі тавараў на прэзентацыях для прадаўца ўстаноўлены абавязак своечасова давесці да ведама пакупніка неабходную і дакладную інфармацыю як аб таварах, так і аб сабе.

Абавязковая інфармацыя аб таварах павінна змяшчаць звесткі

  • аб тавары:
  • найменне тавару;
  • указанне на нарматыўныя дакументы, якія ўстанаўліваюць патрабаванні да якасці тавару, што выпускаецца па такіх нарматыўных дакументах;
  • звесткі аб асноўных спажывецкіх уласцівасцях тавараў;
  • цану;
  • гарантыйны тэрмін, калі ён устаноўлены;
  • найменне (фірменнае найменне), месца знаходжання вытворцы, а таксама пры наяўнасці – арганізацыі, якая ажыццяўляе дзейнасць па ўвозе тавару на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь для яго наступнай рэалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, калі вытворцам з’яўляецца індывідуальны прадпрымальнік або ўвоз тавару на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь для яго наступнай рэалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь быў ажыццёўлены індывідуальным прадпрымальнікам, – прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку і месца жыхарства індывідуальнага прадпрымальніка;
  • краіну паходжання тавару, калі яна не супадае з месцам знаходжання (месцам жыхарства) вытворцы;
  • звесткі аб абавязковым пацвярджэнні адпаведнасці тавараў, якія падлягаюць абавязковаму пацвярджэнню адпаведнасці;
  • колькасць або камплектнасць тавару;
  • неабходныя звесткі аб правілах і ўмовах эфектыўнага і бяспечнага карыстання таварамі, у тым ліку догляду за імі, калі гэта мае значэнне зыходзячы з характару.

 

аб сабе:

  • прадавец-арганізацыя абавязаны давесці сваё найменне (фірменнае найменне) і месца знаходжання;
  • прадавец – індывідуальны прадпрымальнік – аб сваіх прозвішчы, уласным імені, імені па бацьку, месцы жыхарства, а таксама аб дзяржаўнай рэгістрацыі і найменні органа, які ажыццявіў яго дзяржаўную рэгістрацыю ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

 

У выпадку непрадстаўлення ў поўным аб’ёме пералічанай інфармацыі спажывец мае права на падставе пункта 1 артыкула 16 Закона аб абароне правоў спажыўцоў скасаваць дагавор рознічнай куплі-продажу і патрабаваць вяртання грашовых сродкаў, выплачаных за тавар.

 

Прыклад з судовай практыкі

Падставай задавальнення іскавых патрабаванняў спажыўца з’явілася давядзенне не ў поўным аб’ёме неабходнай і дакладнай інфармацыі аб тавары. Таксама рашэннем суда з прадаўца на карысць пакупніка спагнаны грашовыя сродкі па дагаворы рознічнай куплі-продажу ў памеры 1390 рублёў, грашовая кампенсацыя маральнай шкоды ў памеры 200 рублёў, няўстойка ў памеры 250,20 рубля, штраф у мясцовы бюджэт; таксама судом вырашана пытанне аб судовых выдатках.

 

Прыклад з судовай практыкі

Падставай для скасавання дагавора з’явіліся наступныя абставіны: адсутнасць у пакупніка магчымасці азнаёміцца з усімі характарыстыкамі тавару, не было прадэманстравана, як карыстацца таварам, не праверана яго працаздольнасць, пакупнік не быў папярэджаны аб негатыўных наступствах выкарыстання тавару пры некаторых хранічных захворваннях, а таксама не была перададзена інструкцыя па эксплуатацыі тавару, не прадастаўлены звесткі аб рамонтнай арганізацыі, не прадастаўлены сертыфікат на выраб медыцынскага прызначэння.

 

Аб пакупцы тавараў праз інтэрнэт

Сёння спажыўцы сталі больш актыўна карыстацца інтэрнэт-рэсурсамі і часцей сталі сутыкацца з нядобрасумленнымі прадаўцамі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць праз інтэрнэт-сайты і рэалізуюць не заўсёды якасны тавар.

Нагадаем, што суб’ект гандлю мае права ажыццяўляць рознічны гандаль з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт праз інтэрнэт-магазін, зарэгістраваны ў Гандлёвым рэестры.

Пры набыцці тавараў у інтэрнэт-магазіне за пакупніком захоўваюцца ўсе правы, гарантаваныя Законам аб абароне правоў спажыўцоў.

Пры гэтым заканадаўствам вызначаны пералік абавязковай інфармацыі аб тавары і прадаўцу, а таксама парадак яе размяшчэння на сайце інтэрнэт-магазіна (пункты 4, 6 і 7 Правіл дыстанцыйнага гандлю). Размяшчэнне такой інфармацыі інтэрнэт-магазінам аб таварах з’яўляецца публічнай афертай. Гэта значыць, што асоба, якая размясціла публічную аферту, абавязана заключыць дагавор на ўказаных у прапанове ўмовах з любым, хто адгукнецца.

Прывядзём прыклад: на старонцы інтэрнэт-магазіна ўказана інфармацыя аб продажы пыласоса коштам 500 рублёў. Пакупнік аформіў па тэлефоне заяўку на набыццё дадзенага тавару па ўказаным кошце, аднак у далейшым прадавец паведамляе, што цана на пыласос паднялася на 50 рублёў і ў продажы пыласоса коштам 500 рублёў адмаўляе. У дадзенай сітуацыі дзеянні прадаўца з’яўляюцца неправамернымі, паколькі прадавец абавязаны прадаць тавар па цане, указанай на сайце ў момант заказу яго спажыўцом.

Часта спажыўцы сутыкаюцца з праблемай неадпаведнасці заказанага тавару пастаўленаму. Аднак пры дастаўцы тавару, набытага ў інтэрнэт-магазіне, кур’ер абавязаны перадаць тавар, які поўнасцю адпавядае ўзору або апісанню, якасць якога адпавядае інфармацыі, прадстаўленай спажыўцу на сайце, выдаць неабходныя дакументы (тэхнічны пашпарт; інструкцыю па эксплуатацыі, гарантыйны талон, які змяшчае адзнаку аб даце продажу, звесткі аб прадаўцу і сэрвісным цэнтры, подпіс прадаўца), прадэманстраваць тавар.

Пакупнік у сваю чаргу мае права да заключэння дагавора рознічнай куплі-продажу агледзець тавар, патрабаваць у яго прысутнасці праверыць уласцівасці або правесці дэманстрацыю выкарыстання, калі гэта не выключае характар тавару і не супярэчыць правілам, прынятым у рознічным гандлі.

Таксама прадавец не мае права ўстанаўліваць у дагаворы куплі-продажу абавязак спажыўца выплаціць вяртанне (дастаўку) няякаснага тавару, г.зн. патрабаваць якія-небудзь грошы за паштовую перасылку няякаснага тавару, за выезд кур’ера і гэтак далей. Гэта значыць, што прадавец, які патрабуе ад спажыўца вярнуць яму няякасны тавар, абавязаны самастойна, за свой кошт забраць тавар або прапанаваць спажыўцу (са згоды апошняга) прывезці (пераслаць) тавар з наступнай кампенсацыяй дакументальна пацверджаных выдаткаў апошняга па дастаўцы.

 

Аб «спажывецкім экстрэмізме»

Ходкі выраз «спажывец заўсёды мае рацыю» не заўсёды адпавядае рэчаіснасці. У практыцы сустракаюцца і такія спрэчкі, калі спажывец паводзіць сябе нядобрасумленна ў дачыненні да прадаўца, маючы, як правіла, карыслівую мэту – атрыманне даходу або іншай матэрыяльнай выгады (напрыклад, замена былога ва ўжыванні тавару на аналагічны новы), разумеючы, што прадавец з’яўляецца плацежаздольным.

Часам фіксуюцца і выпадкі злоўжывання правамі з боку спажыўцоў. Пры ўстанаўленні судом такога роду фактаў злоўжывання правам суд адмаўляе спажыўцу ў заяўленых патрабаваннях, а таксама ў гэтым выпадку спаганяе са спажыўца выдаткі, звязаныя з разглядам справы. Прычым гэта могуць быць вельмі значныя сумы, у сувязі з чым хацелася б звярнуць увагу на недапушчальнасць злоўжывання правам, паколькі суд абараняе менавіта парушаныя законныя правы спажыўца.

Прыклад з судовай практыкі

У суд звярнулася грамадскае аб’яднанне ў інтарэсах істца да ЗАТ з патрабаваннем аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды, выдаткаў аб’яднання. У іскавай заяве было ўказана, што ў верасні 2020 года ісцец набыў у магазіне адказчыка мабільны тэлефон коштам 77 рублёў. У працэсе эксплуатацыі быў выяўлены дэфект: тэлефон перастаў зараджацца. У сувязі з гэтым у маі 2021 года ісцец звярнуўся да адказчыка для ліквідацыі выяўленага дэфекту на працягу тэрміну гарантыі. У рамках гарантыйнага рамонту была зроблена замена раздыму. Аднак у чэрвені 2021 года ісцец зноў звярнуўся да адказчыка з выяўленым дэфектам і патрабаваннем аб вяртанні выплачаных грашовых сродкаў. Адказчыкам зроблены рамонт, а тэлефон вернуты істцу.

Паколькі ісцец не заяўляў патрабаванні аб правядзенні рамонту, рамонт адказчыкам зроблены па ўласнай ініцыятыве, то ісцец у прэтэнзійным парадку прасіў спагнаць з адказчыка прычыненую яму маральную шкоду ў памеры 200 рублёў. Адказчык заяўленыя патрабаванні задаволіў часткова, добраахвотна выплаціўшы істцу суму ў памеры 40 рублёў.

З улікам выкладзенага грамадскае аб’яднанне прасіла суд спагнаць з прадаўца на карысць пакупніка кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 160 рублёў, а на карысць грамадскага аб’яднання – кампенсацыю панесеных выдаткаў у памеры 1047,06 рубля.

У судовым пасяджэнні было ўстаноўлена, што спажывец быў згодны на правядзенне без апавяшчэння аб месцы і часе і ў сваю адсутнасць праверкі якасці тавару і яго рамонту ў тэрмін да 14 дзён, а таксама на правядзенне рамонту тавару ў выпадку выяўлення недахопу тавару. Паколькі тэлефон адносіцца да тэхнічна складаных тавараў і пры правядзенні праверкі якасці ўстаноўлены нязначны дэфект, які быў ліквідаваны, тэлефон вернуты спажыўцу.

У сувязі з наяўнасцю дадзеных дэфектаў спажыўцу ўжо была выплачана кампенсацыя маральнай шкоды ў суме 40 рублёў.

У адпаведнасці з артыкулам 9 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь не дапускаюцца дзеянні грамадзян і юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюцца выключна з намерам прычыніць шкоду іншай асобе, а таксама злоўжыванне правам у іншых формах.

Усе іншыя прадстаўленыя ў судовым пасяджэнні бакамі довады былі даследаваны, аднак яны не аказваюць уплыву на ўстаноўленыя судом акалічнасці, ацэнку прадстаўленых доказаў і прававую кваліфікацыю праваадносін.

Такім чынам, ацаніўшы ўсе сабраныя па справе доказы ў іх сукупнасці, суд адмовіў істцу ў задавальненні заяўленых патрабаванняў аб спагнанні астатняй часткі кампенсацыі маральнай шкоды.

 

Як бачым з прыведзенага прыкладу судовай практыкі, намаганні суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці па абароне сваіх правоў не бесперспектыўныя.

 

Аб адказнасці за парушэнне правоў спажыўца

У выпадку парушэння правоў спажыўца апрача грамадзянска-прававой адказнасці (спагнання няўстойкі, пакрыцця выдаткаў, працэнтаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі), аб якой згадвалася вышэй, прадавец можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай або нават да крымінальнай адказнасці.

З 1 сакавіка 2021 года ўступіў у сілу новы Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйнай адказнасці. Змяненні закранулі ў тым ліку і адказнасць за парушэнне парадку гандлю і грамадскага харчавання, а таксама маркіроўкі тавару.

Так, у адпаведнасці з артыкулам 13.10 КаАП падман спажыўцоў работнікам індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычнай асобы, якія ажыццяўляюць рэалізацыю тавараў, выкананне работ або аказанне паслуг, або падман спажыўцоў індывідуальным прадпрымальнікам, які ажыццяўляе такую ж дзейнасць (падман спажыўцоў), цягне накладанне штрафу ў памеры ад 2 да 25 базавых велічынь.

За парушэнне парадку ажыццяўлення гандлю і грамадскага харчавання, аказання паслуг насельніцтву, рэалізацыі тавараў фізічнымі асобамі таксама прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (артыкул 13.11 КаАП). Напрыклад, за рэалізацыю або прапанову да рэалізацыі тавараў са скончанымі тэрмінамі годнасці, захоўвання прадугледжана накладанне штрафу на індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычную асобу ў памеры да 100 базавых велічынь.

 

Прыклад з судовай практыкі

Эканамічны суд Гомельскай вобласці разгледзеў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні, якая паступіла з галоўнага ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці, у дачыненні да ААТ «Цукаргандаль» па частцы 2 артыкула 13.11 КаАП.

Згодна з матэрыяламі справы ААТ «Цукаргандаль» у магазінах, размешчаных у г. Гомелі, прапанаваны да рэалізацыі тавары (хлеб, каўбаса, ківі, цукеркі, пячэнне, паўфабрыкат мясны з субпрадуктаў) са скончаным тэрмінам годнасці.

Ацаніўшы прадстаўленыя ў матэрыялы справы доказы, суд прыйшоў да вываду аб вінаватасці ААТ «Цукаргандаль» у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па частцы 2 артыкула 13.11 КаАП і прыцягнуў таварыства да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь, што склала 320 рублёў.

 

Прыклад з судовай практыкі

Згодна з матэрыяламі справы ААТ «Н» у магазіне, размешчаным у г. Гомелі, грамадзяніну К. былі рэалізаваны тавары (каўбаса, здоба, булачкі) са скончаным тэрмінам годнасці.

Ацаніўшы ў судовым пасяджэнні прадстаўленыя доказы, суд прыйшоў да вываду аб вінаватасці ААТ «Н» у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па частцы 2 артыкула 13.11 КаАП і прыцягнуў таварыства да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 5 базавых велічынь, што склала 145 рублёў.

Таксама ў адпаведнасці з артыкулам 250 КК за распаўсюджванне лжывай інфармацыі аб таварах і паслугах асоба можа быць прыцягнута да крымінальнай адказнасці.

Згодна з пунктам 33 пастановы Пленума № 4 «Аб практыцы прымянення судамі заканадаўства пры разглядзе спраў аб абароне правоў спажыўцоў» суды рэагуюць вынясеннем прыватных вызначэнняў на факты парушэння заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў, а таксама прымаюць неабходныя меры да аднаўлення і забеспячэння абароны правоў спажыўцоў.

 

У заключэнне

Падводзячы некаторыя вынікі, важна адзначыць, што колькасць спрэчак аб абароне правоў спажыўца, якія паступаюць у суды, застаецца значнай. Пры гэтым колькасць спыненняў судамі вядзення па справах дадзенай катэгорыі (як ужо згадвалася, звыш за 30 % такіх спраў, якія паступілі ў суды, спыняецца, у тым ліку ў сувязі з заключэннем бакамі міравога пагаднення) гаворыць аб тым, што бакі канфлікту могуць добраахвотна вырашыць яго, не даводзячы справу да суда. Такі падыход да вырашэння канфлікту эканоміць як час, так і грошы бакоў.

Паколькі пры разглядзе спрэчак у судах узнікае шэраг пытанняў аб тым, як даказаць факт набыцця тавару (аказанай паслугі, выкананай работы) або як вярнуць прадаўцу інтэрнэт-магазіна няякасны тавар, спажыўцу лепш захоўваць чэк або іншыя пацвярджальныя дакументы на набыты тавар (аказаную паслугу, выкананую работу), загадзя знаёміцца з водгукамі і каментарыямі аб дзейнасці прадаўца, каб засцерагчы сябе ад нядобрасумленных дзеянняў, а таксама праяўляць абачлівасць, уважліва падыходзіць да прыняцця рашэння аб набыцці тавараў, знаёміцца з умовамі дагавора.

 

Падрыхтавана Анастасіяй Шыльвян

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі