Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Эканамічны суд Магілёўскай вобласці прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці юрыдычную асобу за ажыццяўленне забароненай прадпрымальніцкай дзейнасці, што выявілася ў здабычы крыптавалюты

5 жніўня 2021  5555

Эканамічным судом Магілёўскай вобласці разгледжана справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да СТАА «З», якое выявілася ў ажыццяўленні дзеянняў, што з’яўляюцца забароненай прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні СТАА «З» у асобе дырэктара Ш. у перыяд з 01.04.2021 па 03.06.2021 у адміністрацыйным будынку СТАА «З», размешчаным у г. Магілёве, не з’яўляючыся рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій, ажыццяўляла прадпрымальніцкую дзейнасць, якая ў адпаведнасці з п. 2.6 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21.12.2017 № 8 (у рэдакцыі Дэкрэта ад 18.03.2021 № 1) «Аб развіцці лічбавай эканомікі» (далей – Дэкрэт № 8) з’яўляецца забароненай. У прыватнасці, дырэктар СТАА «З» Ш., выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, даў указанне сістэмнаму адміністратару прадпрыемства ўстанавіць у серверным памяшканні адміністрацыйнага будынка 17 відэакарт, 4 мацярынскія платы і 7 блокаў сілкавання, а таксама вырабіць і настроіць з іх майнінг-фермы для здабычы крыптавалюты, падключыўшы іх да электрасеткі і сеткі інтэрнэт СТАА «З». Для ахалоджвання абсталявання быў набыты вентылятар за кошт СТАА «Б» і ўстаноўлены ў сервернай па ўказанні дырэктара Ш. Ад дадзенай дзейнасці атрыманы даход у памеры 1,42 Ethereum (што па стане на 04.06.2021 склала 4046 долараў ЗША).

Правапарушэнне праваахоўным органам кваліфікавана па частцы 3 артыкула 13.3 КаАП. У якасці меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу праваахоўным органам арыштавана і канфіскавана маёмасць (17 відэакарт, 4 мацярынскія платы, 7 блокаў сілкавання, 1 свіч) на агульную суму 56 000 руб., прыналежная СТАА «З».

Дырэктар СТАА «З» у судовым пасяджэнні прызнаў віну. Разам з тым сцвярджаў, што дзейнасць па майнінгу ажыццяўляў як фізічная асоба. Патлумачыў, што дагавор арэнды памяшкання (сервернай) з умовамі пакрыцця ўсіх выдаткаў своечасова не паспеў аформіць. Тэкст дагавора быў складзены толькі 03.06.2021. Усе заробленыя 1,42 Ethereum знаходзяцца па цяперашні час у асабістым інтэрнэт-кашальку Ш. Таксама ён сцвярджаў, што абсталяванне для майнінгу набыў за асабістыя сродкі.

Як вынікае з пратакола апытання сістэмнага адміністратара, па даручэнні дырэктара Ш. з абсталявання (у прыватнасці відэакарт) у сакавіку 2021 года ён сабраў чатыры майнінгавыя фермы, якія былі ўстаноўлены ў сервернай на першым паверсе адміністрацыйнага будынка СТАА «З». Праз мабільны дадатак «Jaxx» ён дапамог дырэктару стварыць крыптакашалёк, даныя якога былі ўнесены ў майнінг-ферму. 15 мая 2021 года яго заработная плата была павялічана на 120 рублёў за выкананую работу па ўстаноўцы майнінг-ферм.

Па пратаколе агляду месца здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння ў сервернай СТАА «З» знаходзілася на металічных пастаментах абсталяванне, якое складаецца з блокаў сілкавання ў колькасці 7 штук, мацярынскіх плат у колькасці 4 штукі, відэакарт у колькасці 17 штук, свіча ў колькасці 1 штукі. Абсталяванне падключана да электрасеткі і сеткі інтэрнэт СТАА «З», што пацвярджаецца таксама і паведамленнямі Магілёўскага філіяла «Магілёўскі вузел электрасувязі», РУП «Белтэлекам» і філіялам «Магілёўскія электрычныя сеткі» РУП «Магілёўэнерга». У сервернай таксама знаходзілася выцяжка-вентылятар (для ахалоджвання абсталявання).

Згодна з таварнай накладной ад 20.04.2021 СТАА «З» набыла ў ІП Ш. вентылятар цэнтрабежны агульным коштам 378,24 руб.

Дадзеныя доказы пацвярджаюць, што асяроддзе перадачы даных, абсталяванне і сродкі для здабычы лічбавых знакаў належаць СТАА «З».

Па інфармацыі ДУ «Адміністрацыя парка высокіх тэхналогій» СТАА «З» не з’яўляецца рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій.

Сукупнасць вышэйназваных доказаў сведчыць аб ажыццяўленні СТАА «З» дзейнасці па майнінгу без наяўнасці спецыяльнага статусу – статусу рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій.

Даведачна: Падпунктам 2.6 пункта 2 Дэкрэта № 8, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам, з’яўляецца незаконнай і забараняецца прадпрымальніцкая дзейнасць фізічных асоб, а таксама юрыдычных асоб, якія не з’яўляюцца рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, што ажыццяўляюць адпаведныя віды дзейнасці па:

аказанні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і (або) з выкарыстаннем інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў нацыянальнага сегмента глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт іншым асобам садзейнічання ў здзяйсненні і (або) выкананні здзелак (аперацый) з токенамі (у тым ліку выступаючы бокам па такіх здзелках (аперацыях) з выкарыстаннем функцыянуючай у глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт інфармацыйнай сістэмы або пры дапамозе прадастаўлення права (дазволу) іншым асобам выкарыстоўваць такую інфармацыйную сістэму);

набыцці і (або) адчужэнні, у тым ліку абмену, токенаў, акрамя выпадкаў, прадугледжаных у падпунктах 2.1 і 2.2 дадзенага пункта.

Довады дырэктара Ш. аб тым, што ён ажыццяўляў майнінг як фізічная асоба, не знайшлі свайго пацвярджэння.

Так, дагавор арэнды ад 16.04.2021, у адпаведнасці з якім СТАА «З» перадае Ш. у тэрміновае платнае карыстанне нежылое памяшканне, якое ўяўляе сабой ізаляванае памяшканне плошчай 7,7 м. кв., згодна з інфармацыяй атрыбута файла і пратакола агляду рабочага кабінета СТАА «З» ад 04.06.2021 быў зроблены толькі 03.06.2021 у 11 г. 49 мін., г. зн. пасля заканчэння агляду месца здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння старшым о/у па АУС УБЭЗ УУС Магілёўскага абласнога выканкама (пратакол агляду ад 03.06.2021, агляд пачаты ў 10-05 г., закончаны ў 11-15 г.). Таму сцвярджэнні дырэктара, выкладзеныя ў пратаколе агляду месца здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння ад 04.06.2021, аб тым, што з 01.05.2021 памяшканне фактычна здадзена ў арэнду, без афармлення дагавора, суд расцаніў як жаданне схаваць незаконную дзейнасць прадпрыемства. Акрамя таго, суд меркаваў, што афармленне крыптакашалька зроблена на імя Ш. толькі таму, што дырэктар СТАА «З» з кансультацый сістэмнага адміністратара дакладна ведаў, што дадзеная дзейнасць для юрыдычных асоб з’яўляецца незаконнай. Заява Ш. аб набыцці абсталявання для майнінгу за асабістыя грашовыя сродкі ў судовым пасяджэнні не пацвердзілася. Адпаведныя доказы (дагавор куплі-продажу або таварна-транспартныя накладныя, касавыя чэкі і г. д.) у матэрыялы справы не прадстаўлены.

З улікам усіх абставін справы суд наклаў на СТАА «З» адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 500 базавых велічынь, што складае 14 500 руб., з канфіскацыяй у даход Рэспублікі Беларусь: даходу ў памеры 1,42 Ethereum (што па стане на 04.06.2021 складала 4046 долараў ЗША), што знаходзіцца ў крыптакашальку, зарэгістраваным на імя Ш.; прылад і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння – маёмасці (17 відэакарт, 4 мацярынскія платы, 7 блокаў сілкавання, 1 свіч) на агульную суму 56 000 руб.

Пастанова аб накладанні адміністрацыйнага спагнання не абскарджвалася, уступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі