Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Суд прызнаў неправадзейным рашэнне ДАІ аб адмове ў ажыццяўленні працэдуры рэгістрацыі

16 лістапада 2021  1025

Эканамічны суд Гродзенскай вобласці разгледзеў матэрыялы справы па скарзе таварыства з дадатковай адказнасцю «М» г. Гродна (заяўнік) аб прызнанні неправадзейным рашэння міжраённага рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзела ДАІ.

ТДА «М» у юрыдычнай асобы на тэрыторыі Чэшскай Рэспублікі набыла аўтамабільны прычэп. Прычэп быў увезены на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, прайшоў мытнае афармленне з аплатай усіх адпаведных збораў і плацяжоў. Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выдаў на прычэп пасведчанне, якое пацвярджае бяспеку яго канструкцыі, а таксама прыгоднасць для выкарыстання на дарогах агульнага карыстання без абмежавання. Для праходжання дзяржаўнай рэгістрацыі і пастаноўкі на ўлік ТДА «М» прадаставіла прычэп і падала дакументы ў МРЭА ДАІ. Пры зверцы нумарных агрэгатаў былі выяўлены прыметы відазмянення ідэнтыфікацыйнага нумара прычэпа, у сувязі з чым была прызначана экспертыза. Эксперты прыйшлі да вываду, што абазначэнне нумара з’яўляецца другасным, першапачатковы ж змест вызначыць немагчыма. У выніку ўпаўнаважаны орган прыняў адміністрацыйнае рашэнне аб адмове ТДА «М» у ажыццяўленні працэдуры рэгістрацыі прычэпа.

ТДА «М», не згадзіўшыся з прынятым рашэннем, звярнулася ў суд з патрабаваннем прызнаць рашэнне ўпаўнаважанага органа неправадзейным.

Суд устанавіў наступнае: па выніках праведзенай экспертызы звестак, якія ўказваюць на наўмыснае знішчэнне, змяненне ідэнтыфікацыйнага нумара на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, атрымана не было. Адзначана, што не выключаны заводскі брак, што часта бывае ў аналагічных выпадках. Таксама прычэп неаднаразова раней праходзіў рэгістрацыю ў краіне завода-вытворцы. Дадатковыя даныя пацвярджаюць, што дадзенага прычэпа няма на ўліку і ён не знаходзіцца ў вышуку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, краін СНД і па базе даных пошукавай сістэмы Генеральнага сакратарыята Інтэрпола.

Згодна з дзеючым Палажэннем аб парадку дзяржаўнай рэгістрацыі і дзяржаўнага ўліку транспартных сродкаў у выпадках, калі першапачатковы ідэнтыфікацыйны нумар транспартнага сродку не ўстаноўлены і яго відазмяненне не звязана з наўмысным знішчэннем, рэгістрацыйныя дзеянні ажыццяўляюцца з абмежаваннямі, якія забараняюць зняцце яго з уліку на працягу трох гадоў.

Пры такіх абставінах суд прыйшоў да вываду, што неажыццяўленне рэгістрацыі парушае правы і законныя інтарэсы заяўніка ў сферы прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці.

Суд прызнаў неправадзейным рашэнне міжраённага рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзела Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі аб адмове ТДА «М» у ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры па дзяржаўнай рэгістрацыі прычэпа.

Таксама суд абавязаў упаўнаважаны орган ліквідаваць дадзенае парушэнне і ва ўстаноўленым парадку ажыццявіць дзяржаўную рэгістрацыю прычэпа з абмежаваннямі, якія забараняюць зняцце яго (прычэпа) з уліку на працягу трох гадоў.

Рашэнне ў вышэйстаячую інстанцыю не абскарджвалася і ўступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі