Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Магілёўскі абласны суд пакінуў без змянення рашэнне суда першай інстанцыі па грамадзянскай справе аб абароне правоў спажыўца

18 чэрвеня 2021  1374

16 чэрвеня 2021 года судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда ў апеляцыйным парадку разгледжана грамадзянская справа па апеляцыйнай скарзе ПВУП «Макс Стайл» (далей – адказчык) на рашэнне суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска ад 26 красавіка 2021 года па іску Г. (далей – ісцец) да ПВУП «Макс Стайл» аб абароне правоў спажыўца.

Устаноўлена, што 29 лістапада 2018 года паміж Г. і ПВУП «Макс Стайл» заключаны дагавор на рэалізацыю корпуснай мэблі, у адпаведнасці з якім ПВУП «Макс Стайл» абавязвалася перадаць Г. ва ўласнасць, а Г. прыняць і аплаціць кухню коштам 3000 рублёў.

У снежні 2018 года адказчыкам выраблена, дастаўлена і ўстаноўлена кухня, абавязацельствы па плаце істцом таксама выкананы.

Пасля ўстаноўкі кухні была выяўлена неадпаведнасць памераў адной скрыні, у сувязі з чым ісцец звярнуўся да адказчыка з прэтэнзіяй, які недахопы ліквідаваў, аднак дадаткова ўстанавіў фальш-панелі, што візуальна псавала знешні выгляд кухні. Пасля чаго ісцец паўторна звярнуўся да адказчыка па дадзеным пытанні, але названы недахоп не быў ліквідаваны.

Акрамя таго, на працягу тэрміну эксплуатацыі ісцец неаднаразова звяртаўся да адказчыка з прэтэнзіямі па якасці вырабленай кухні, якія ім часткова ліквідаваліся, аднак гэтыя недахопы праяўляліся зноў пасля ліквідацыі.

У верасні 2020 года прадстаўніком адказчыка складзены рэкламацыйны акт з адлюстраваннем дэфектаў, якія ў далейшым не былі ліквідаваны.

У далейшым на адрас адказчыка накіравана прэтэнзія аб скасаванні дагавора на рэалізацыю корпуснай мэблі і звароце грашовых сродкаў у суме 3000 рублёў, у адказ на якую адказчык згадзіўся толькі ліквідаваць недахопы.

Спасылаючыся на названыя абставіны, а таксама на тое, што ў сувязі з невыкананнем дагаворных абавязацельстваў яму прычынены маральныя пакуты, ісцец звярнуўся ў суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска, рашэннем якога ад 26 красавіка 2021 года яго патрабаванні аб скасаванні дагавора на рэалізацыю корпуснай мэблі былі задаволены і спагнана заплачаная сума па дагаворы ў памеры 3000 рублёў, няўстойка за несвоечасовую ліквідацыю недахопаў у суме 300 рублёў, няўстойка за парушэнне тэрміну задавальнення патрабаванняў аб скасаванні дагавора ў суме 930 рублёў, кампенсацыя маральнай шкоды ў суме 350 рублёў, пакрыты судовыя выдаткі ў суме 135 рублёў.

Палічыўшы рашэнне суда першай інстанцыі незаконным, прадстаўнік ПВУП «Макс Стайл» падаў апеляцыйную скаргу, у якой прасіў адмяніць рашэнне суда ў частцы і прыняць новае рашэнне, у адпаведнасці з якім ускласці на адказчыка абавязак па ліквідацыі выяўленых недахопаў кухні.

Праверыўшы матэрыялы грамадзянскай справы, абмеркаваўшы довады апеляцыйнай скаргі, судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда згадзілася з вывадамі суда першай інстанцыі.

З улікам выкладзенага рашэнне суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска судом апеляцыйнай інстанцыі пакінута без змянення, а апеляцыйная скарга ПВУП «Макс Стайл» – без задавальнення.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі