Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Адбылося пасяджэнне Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь па пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры разглядзе эканамічных і грамадзянскіх спраў, якія ўзнікаюць з падатковых праваадносін

20 снежня 2019  3967

19 снежня 2019 года адбылося пасяджэнне Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь па пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры разглядзе эканамічных і грамадзянскіх спраў, якія ўзнікаюць з падатковых праваадносін.

У рабоце Пленума прынялі ўдзел прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства па падатках і зборах.

Заканадаўства аб падатках і зборах знаходзіцца ў працэсе бесперапыннага развіцця, а яго правільнае прымяненне з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў у сферы правасуддзя.

З часу прыняцця новай рэдакцыі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь прайшоў практычна год. Змяненні падатковага заканадаўства былі накіраваны на далейшае зніжэнне падатковай нагрузкі на эканоміку, павышэнне эфектыўнасці падатковага адміністравання, стымуляванне дзелавой ініцыятывы, паляпшэнне інвестыцыйнага клімату.

Акрамя таго, прызнаны страціўшым сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.10.2012 № 488 «Аб некаторых мерах па прадухіленні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў», які крытыкаваўся бізнес-супольніцтвам. Нормы, накіраваныя на забеспячэнне паўнаты выплаты падаткаў, сёння замацаваныя непасрэдна ў Падатковым кодэксе (у арт. 33).

У новым Падатковым кодэксе расшыраны пералік асноўных прынцыпаў падаткаабкладання, сярод якіх законнасць, абавязковасць, роўнасць, справядлівасць і эканамічная абгрунтаванасць падаткаабкладання, прэзумпцыя добрасумленнасці плацельшчыка падаткаў, збораў (пошлін). Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.11.2017 № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» прынцып добрасумленнасці суб’ектаў гаспадарання вызначаны як адзін з асноўных прынцыпаў пры ўзаемаадносінах дзяржаўных органаў, іх службовых асоб з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Наколькі сёння ўстаранёна прававая няпэўнасць у праблемных пытаннях пры прымяненні норм падатковага заканадаўства ў гаспадарчай дзейнасці, якая папярэдняя работа судамі праведзена, наколькі кансалідаваны падыходы кантралюючых органаў і судоў у частцы правіл карэкціроўкі падатковых абавязацельстваў у кантэксце процідзеяння ўхіленню ад выплаты падаткаў – гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі падчас пасяджэння Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Комплексны аналіз паняццяў, якія змяшчаюцца ў падатковым заканадаўстве, дазволіў распрацоўшчыкам праекта пастановы Пленума прапанаваць механізм рэалізацыі новага для падатковага заканадаўства прынцыпу – прынцыпу прэзумпцыі добрасумленнасці падаткаплацельшчыка праз размеркаванне цяжару даказвання.

Кантралюючыя (наглядныя) органы павінны забяспечыць празрыстасць падыходаў пры прымяненні пункта 4 артыкула 33 ПК, рэгулярна інфармуючы суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці аб дапушчальных умовах падатковай аптымізацыі.

У дачыненні да добрасумленных падаткаплацельшчыкаў не прымяняецца карэкціроўка падатковай базы па ўзаемаадносінах з контрагентам, чыя дзейнасць добрасумленнай не была, калі не даказана, што контрагенты дзейнічалі супольна ў мэтах неабгрунтаванай мінімізацыі сваіх падатковых абавязацельстваў.

Увага судоў звернута на тое, што зыходзячы з прынцыпу прэзумпцыі добрасумленнасці плацельшчыка падаткаў цяжар даказвання невыканання ці неналежнага выканання ім падатковых абавязацельстваў ляжыць на падатковых і іншых упаўнаважаных органах, іх службовых асобах.

Як адзначыў падчас пасяджэння Пленума намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Юрый Віктаравіч Кобец, відавочна, што прынцып добрасумленнасці з’яўляецца асноўным прынцыпам усяго прававога абароту, як паміж роўнымі суб’ектамі права, так і паміж асобамі, якія знаходзяцца паміж сабой у адносінах улады і падпарадкавання ў галіне адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін. Пры гэтым у адносінах да агульнага прынцыпу добрасумленнасці важна адзначыць, што ў Падатковым кодэксе гэты прынцып замацаваны як прэзумпцыя плацельшчыка і вызначаны яго змест, а дакладна, плацельшчык прызнаецца добрасумленным, пакуль іншае не будзе даказана на падставе дакументальна пацверджаных звестак.

У гэтай сувязі па эканамічных справах добрасумленнасць плацельшчыка, які ўдзельнічае ў справе, можа абвяргацца іншымі асобамі, якія ўдзельнічаюць у справе, а дакладна, падатковымі і іншымі ўпаўнаважанымі органамі, іх службовымі асобамі, і толькі на падставе дакументальна пацверджаных звестак.

З улікам іх даследавання і ацэнкі суд можа палічыць прэзумпцыю абвергнутай, калі вызначыць, напрыклад, што невыкананне (ці неналежнае выкананне) у вызначаны тэрмін падатковага абавязацельства мела месца па абставінах, што залежалі ад плацельшчыка, якія ён мог пераадолець за кошт магчымасцей, што ў яго былі.

Юрый Кобец падкрэсліў, што адпаведныя прававыя пазіцыі замацаваны ў праекце пастановы Пленума.

Аспрэчыць рашэнні падатковага, іншых упаўнаважаных органаў, абскардзіць дзеянні (бяздзейнасць) іх службовых асоб маюць права любыя асобы, калі яны мяркуюць, што такімі рашэннямі, дзеяннямі (бяздзейнасцю) парушаны іх правы і (ці) законныя інтарэсы. Асоба мае права звярнуцца за судовай абаронай незалежна ад таго, ці абскардзіла яна рашэнне падатковага, іншых упаўнаважаных органаў, дзеянні (бяздзейнасць) іх службовых асоб у вышэйстаячы падатковы, іншы ўпаўнаважаны орган ці вышэйстаячай службовай асобе.

У праекце пастановы Пленума асаблівае значэнне мае шырокае раскрыццё юрыдычнага аспекту прынцыпу справядлівасці праз вызначэнне парадку вырашэння прабелаў у прававым рэгуляванні падатковых адносін. Калі падчас разгляду эканамічных і грамадзянскіх спраў, якія ўзнікаюць з падатковых праваадносін, будуць устаноўлены прабелы ў прававым рэгуляванні падатковых адносін, унутраныя супярэчнасці ў актах падатковага заканадаўства або іншыя недахопы, якія ствараюць прававую няпэўнасць, суды павінны будуць прымаць рашэнні на карысць плацельшчыкаў падаткаў, збораў (пошлін).

Фармальныя парушэнні парадку складання пярвічных уліковых дакументаў не з’яўляюцца падставай для карэкціроўкі падатковай базы падаткаплацельшчыка, пры адсутнасці сукупнасці доказаў, якія сведчаць аб праследаванні мэты неабгрунтаванага атрымання падатковай выгады. У праекце пастановы адзначана, што пры праверцы законнасці карэкціроўкі падатковай базы судам неабходна ўлічваць, што гаспадарчыя аперацыі адлюстроўваюцца ў бухгалтарскім і (ці) падатковым уліку зыходзячы не столькі з іх прававога, колькі з іх эканамічнага зместу.

Прынятая пастанова Пленума з’яўляецца гарантыяй павышэння адказнасці за прыняцце рашэнняў усімі ўдзельнікамі падатковых адносін, зніжэння прававой рызыкі прадпрымальніцкай дзейнасці, растлумачэння канкрэтных абставін як падстаў для карэкціроўкі падатковай базы ці сумы, якая падлягае выплаце (заліку, вяртанню) падатку (збору).

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык