Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

Вярхоўны Cуд Рэспублікі Беларусь


Некаторыя пытанні падрыхтоўкі праекта адзінага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь абмеркавалі ў Вярхоўным Судзе

25 лістапада 2019  4100

22 лістапада 2019 года ў Вярхоўным Судзе адбыўся рабочы семінар, прысвечаны абмеркаванню актуальных пытанняў падрыхтоўкі праекта адзінага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У семінары прынялі ўдзел намеснікі Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Аляксандравіч Забара, Жанна Барысаўна Шкурдзюк, Юрый Віктаравіч Кобец, суддзі і работнікі апарату Вярхоўнага Суда, удзельнікі рабочай групы па распрацоўцы праекта адзінага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, прадстаўнікі кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права БДУ, спецыялісты НЦЗПД, а таксама ў фармаце відэаканферэнцсувязі кіраўнікі і суддзі абласных (Мінскага гарадскога) судоў і эканамічных судоў абласцей (горада Мінска).

Звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара з прывітальным словам,  Андрэй Аляксандравіч Забара адзначыў, што задача ўніфікацыі грамадзянскага і эканамічнага працэсуальнага заканадаўства ў Рэспубліцы Беларусь набыла асаблівую актуальнасць у сувязі са стварэннем з 1 студзеня 2014 года адзінай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі. «Нягледзячы на адзінства сістэмы, судаводства па грамадзянскіх і эканамічных справах працягвае рэгулявацца працэсуальнымі кодэксамі, якія істотна адрозніваюцца. Пры гэтым ёсць даволі вялікі аб’ём адрозненняў, прычым не заўсёды апраўданых. У прыватнасці, гэта тычыцца працэсуальнай тэрміналогіі, прынцыпаў судаводства, вызначэння функцый і задач судоў, складу ўдзельнікаў працэсу, іх прававога становішча, правіл даказвання, правіл вылічэння працэсуальных тэрмінаў, рэгламентацыі пытанняў прымірэння бакоў, сістэм праверкі правільнасці судовых пастаноў. Першапачатковая агульнасць прававой прыроды грамадзянскіх і эканамічных спраў абумоўлівае і неабходнасць адзінства прынцыповых падыходаў да арганізацыі сістэмы працэсуальных правіл дзейнасці судоў, якія такія справы разглядаюць», – сказаў Андрэй Забара.

Ён таксама нагадаў, што ў ходзе праведзенай 5 красавіка бягучага года нарады з удзелам Кіраўніка дзяржавы па пытаннях удасканалення дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі прызнаны неабходнымі распрацоўка і прыняцце адзінага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Стварэнне адзінага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, на думку намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда, найбольш эфектыўны спосаб уніфікацыі грамадзянскага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства, таму што сканцэнтраванне ў адзіным фармаце ўсіх працэсуальных норм дазволіць звесці да мінімуму рызыку з’яўлення прабелаў, разыходжанняў і калізій пры разглядзе грамадзянскіх і эканамічных спраў.

Разам з тым, як адзначыў Забара, у працэсе абмеркавання ўжо ўзнікаюць пытанні, звязаныя са спецыфікай грамадзянскага і гаспадарчага судаводства. У прыватнасці, па пытаннях падсуднасці спраў, па складзе і аб’ёме паўнамоцтваў удзельнікаў працэсу і радзе іншых пытанняў. Асаблівай увагі патрабуе ўніфікацыя падыходу да стадыі праверкі судовых пастаноў, удасканалення апеляцыйнага вядзення ў першую чаргу. А таксама надання выключнага характару магчымасці перагляду судовых пастаноў, якія ўступілі ў законную сілу, у парадку нагляду. Пры гэтым варта мець на ўвазе і канцэптуальную сувязь паміж пераходам да адзінага працэсу і неабходнасцю адпаведных рэформ у сферы судовага ладу. Праблемным з’яўляецца і пошук неабходнага балансу паміж рознымі ідэалогіямі існуючых працэсаў.

Аб тым, наколькі адказная праца па стварэнні адзінага працэсуальнага кодэкса для эканамічных судоў, расказаў Юрый Віктаравіч Кобец. Ён станоўча адзначыў зацікаўленасць ніжэйстаячых судоў, якія ўжо ўнеслі нямала прапаноў па ўніфікацыі грамадзянскага і гаспадарчага працэсаў, а таксама пацвердзіў важнасць намераў пераходу эканамічных судоў на трохзвённую сістэму, аналагічную сістэме астатніх судоў агульнай юрысдыкцыі.

Падчас семінара ўдзельнікі абмеркавалі пытанні, звязаныя з кампетэнцыяй судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь (даклад суддзі Вярхоўнага Суда Людмілы Анатольеўны Калеснікавай); з вядзеннем па справах, якія вынікаюць з публічна-прававых адносін (даклад прафесара кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права БДУ, к.ю.н. Івана Мікалаевіча Калядкі); з прававым становішчам удзельнікаў судаводства ў адзіным Грамадзянскім працэсуальным кодэксе (даклад суддзі Вярхоўнага Суда Андрэя Валер’евіча Алешчанкі). Па пытаннях, звязаных з асаблівасцямі інстытута прымірэння ў аспекце ўніфікацыі грамадзянскага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства, выступіла загадчык кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права БДУ, дацэнт, к.ю.н. Аксана Мікалаеўна Здрок.

Усе ўдзельнікі семінара адзначылі важнасць шырокага абмеркавання пытанняў уніфікацыі грамадзянскага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства, правільна адзначыўшы вяршэнства адзінства падыходаў да працэсу ўніфікацыі як з боку прафесійнай судзейскай супольнасці, так і з боку вучоных-прававедаў.