Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Суд Цэнтральнага раёна г. Гомеля аднавіў на працы незаконна звольненага работніка

17 мая 2021  879

6 красавіка 2021 года судом Цэнтральнага раёна г. Гомеля разгледжана грамадзянская справа па іску Г. (далей – ісціца) да СП ААТ «Спартак» (далей – адказчык) аб аднаўленні на працы, спагнанні сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу, кампенсацыі маральнай шкоды.

У сваёй заяве ісціца ўказала, што з 1 сакавіка 2010 года працавала на пасадзе загадчыка фірменнага магазіна СП ААТ «Спартак» у г. Брэсце. З ісціцай 6 лютага 2020 года заключаны кантракт на тэрмін з 29 лютага 2020 года па 27 лютага 2021 года.

Пры падпісанні кантракта яна не ведала, што наймальнікам былі парушаны нормы ч. 4 арт. 261-3 Працоўнага кодэкса ў частцы тэрмінаў заключэння кантракта з добрасумленным работнікам, які не меў дысцыплінарных спагнанняў, а менавіта, калі бакі дасягнулі пагаднення аб прадаўжэнні працоўных адносін, кантракт павінен быў быць заключаны на тэрмін не менш за 3 гады. Аднак, падпісваючы кантракт на новы тэрмін, яна была ўпэўнена, што па яго заканчэнні працоўныя адносіны будуць працягнуты.

У далейшым ісціца пісьмова паведаміла наймальніку аб жаданні працягнуць працоўныя адносіны, аднак загадам ад 23 лютага 2021 года яна была звольнена па сканчэнні тэрміну кантракта 28 лютага 2021 года.

Лічыць звальненне па сканчэнні тэрміну дзеяння кантракта незаконным паколькі:

кантракт ад 6 лютага 2020 года павінен быў быць заключаны не менш чым на 3 гады згодна з нормай ч. 4 арт. 261-3 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;

звальненне праведзена наймальнікам на наступны дзень пасля сканчэння тэрміну дзеяння кантракта;

звальненне праведзена ў парушэнне п. 31.5 Тарыфнага пагаднення, згодна з якім наймальнікі гарантуюць з работнікамі, якія не дапускаюць парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, прадаўжэнне кантрактаў з іх згоды – да сканчэння максімальнага тэрміну дзеяння кантракта, заключэнне новага кантракта з іх згоды – на тэрмін не менш за тры гады, а з тымі, хто мае, акрамя таго, высокі прафесійны ўзровень і кваліфікацыю – на максімальны тэрмін.

З улікам выкладзенага ісціца прасіла суд аднавіць яе на пасадзе загадчыцы магазіна СП ААТ «Спартак», спагнаць на яе карысць сярэдні заробак за час вымушанага прагулу з 28 студзеня 2021 года, кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 2000 рублёў.

Падчас судовага пасяджэння ісціца і яе прадстаўнік падтрымалі заяўленыя іскавыя патрабаванні, настойвалі на іх задавальненні.

Прадстаўнікі адказчыка іск не прызналі, прасілі ў яго задавальненні адмовіць.

Выслухаўшы бакі, дапытаўшы сведак, даследаваўшы матэрыялы справы, суд палічыў, што іск падлягае задавальненню.

Рашэннем суда Цэнтральнага раёна г. Гомеля ад 6 красавіка 2021 года і дадатковым рашэннем ад 23 красавіка 2021 года пастаноўлена:

- аднавіць ісціцу на працы на пасадзе загадчыка фірменнага магазіна СП ААТ «Спартак»;

- спагнаць з СП ААТ «Спартак» на карысць ісціцы сярэдні заробак за час вымушанага прагулу за перыяд з 28 лютага па 6 красавіка 2021 года ў памеры 1312 рублёў 48 капеек, у пакрыццё кампенсацыі маральнай шкоды 150 рублёў;

- спагнаць з СП ААТ «Спартак» дзяржаўную пошліну ў даход дзяржавы ў памеры 239 рублёў 62 капейкі;

- спагнаць з СП ААТ «Спартак» на карысць ісціцы судовыя выдаткі ў памеры 67 рублёў 58 капеек.

Рашэнне не абскарджана (не апратэставана) і ўступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі