Верховный Суд
Республики Беларусь

Интернет-портал судов общей юрисдикции Республики Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Минск, ул. Орловская, 76

Расписание заседаний

Рашэнне Віцебскага абласнога суда ад 4 верасня 2019 года

5 сентября 2019  208
Р А Ш Э Н Н Е
IМЕМ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
 
г. Віцебск                                                                    04 верасня 2019 года
 
Віцебскі абласны суд у складзе: старшынствуючага суддзі Лях Наталлі Віктараўны, сакратара Кот Ганны Алегаўны, з удзелам пракурора Духновай Марыі Валер'еўны,
прадстаўнiка заяўніка Смолікава К.Э.,
прадстаўнiкоў зацікаўленых асоб Бутарава А.У.,  Чарыевай А.Х., 
разгледзеўшы ў адкрытым судовым пасяджэннi ў памяшканнi Віцебскага абласнога суда грамадзянскую справу па скарзе Партыі БНФ на сумеснае рашэнне Прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 01 верасня 2019 года па фарміраванні складу Віцебскай абласной выбарчай камісіі  і акруговых выбарчых камісій у Віцебскай вобласці па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання,
 
у с т а н а в i ў:
 
у скарзе суду  заяўнік указаў, што рашэннямі кіруючага органа Партыі БНФ (Сойм) ад 24 жніўня 2019 года на падставе артыкула 35 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь у склад абласной i акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ў Віцебскай вобласці былі вылучаны сябры Партыі БНФ:
у Віцебскую абласную выбарчую камісію - Смолікаў Канстанцін Эдуардавіч; у акруговую выбарчую кaмiciю Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18 – Карызна Тамара Мікалаеўна; у акруговую выбарчую камісію Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай aкpyгі №20 – Жаляпаў Хрыстафор Савельевіч.
Нягледзячы на тое, што ўсе яны валодаюць досведам удзелу ў выбарах, дасканала ведаюць выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку,  маюць усе прафесійныя якасці, неабходныя для выканання функцый члена акруговай ці абласной выбарчай камісіі, сумесным рашэннем Прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 01 верасня 2019 года Партыі БНФ было адмоўлена ва ўключэнні названых прадстаўнікоў у склад Віцебскай абласной выбарчай камiсіі і адпаведных, пазначаных вышэй, акруговых выбарчых камісій.
Спасылаючыся на незаконнасць названага рашэння, парушэнне правоў Партыі БНФ, а таксама правоў і законных інтарэсаў вылучаных грамадзян, прасіў:
 прызнаць рашэнне Прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 01 верасня 2019 года аб утварэнні Віцебскай абласной і акруговых выбарчых камісій незаконным i парушаючым правы заяўніка;
абавязаць Віцебскі абласны выканаўчы камітэт i Прэзідыум Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў прыняць новае рашэнне аб фармiраванні акруговых выбарчых камісій у Віцебскай вобласці і Віцебскай абласной выбарчай камісіі з уключэннем у ix склад прадстаўнікоў Партыі БНФ: у Віцебскую абласную выбарчую кaмiciю - Смолікава Канстанціна Эдуардавіча; у акруговую выбарчую кaмiciю Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай aкругі №18 – Карызну Тамару Мікалаеўну; у акруговую выбарчую кaмiciю Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20 – Жаляпава Хрыстафора Савельевіча.
У судовым пасяджэнні прадстаўнік Партыі БНФ Смолікаў К.Э. заяўленную скаргу падтрымаў.
Прадстаўнiкі  Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Бутараў А.У. і Чарыева А.Х., прасiлі пакiнуць скаргу без задавальнення, мяркуючы, што рашэнне прынята ў адпаведнасцi з законам.
Заслухаўшы тлумачэннi ўдзельнікаў працэсу, даследаваўшы пiсьмовыя матэрыялы справы, заслухаўшы меркаванне пракурора аб неабходнасцi адмовiць у задавальненнi скаргi, суд лiчыць, што скарга не падлягае задавальненню па наступных падставах.
У адпаведнасці з абз.1 ч.1 арт.34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей - ВК) абласныя тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, сфармiраваныя з прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, а таксама прадстаўнікоў грамадзян, вылучаных у склад камісіі шляхам падачы заявы, утвараюцца прэзідыумамі абласных Саветаў дэпутатаў і абласнымі выканаўчымі камітэтамі ў складзе 9-13 членаў камісіі не пазней, чым за 75 дзён да выбараў.
Па правіле частак 2, 3, 4 гэтага ж артыкула органы, якія ўтвараюць камісію, як правіла, не менш за адну трэць яе складу фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў. У склад камісіі не могуць уваходзіць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш за адну трэць складу камісіі.
Згодна з ч.5 арт. 34 ВК сумесныя рашэнні прэзідыума адпаведнага мясцовага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта прымаюцца большасцю галасоў складу. У сумесным пасяджэнні гэтых органаў павінны ўдзельнічаць не менш за дзве трэці складу прэзідыума мясцовага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта. На пасяджэнні органаў, якія ўтвараюць камісіі, маюць права прысутнічаць прадстаўнікі палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі.
Па справе ўстаноўлена, што Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 05 жніўня 2019 года № 294 на 17 лістапада 2019 года прызначаны выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.
Распараджэннем старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта № 193р ад 09 жніўня 2019 года ў выканкаме арганізаваны прыём і рэгістрацыя дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склад Віцебскай абласной i акруговых выбарчых камісій.  
30 жніўня 2019 года вылучэнне прадстаўнікоў у склад Віцебскай абласной і акруговых выбарчых камісій скончана.
На падставе пунктаў 1 і 2 часткі восьмай артыкула 24, абзацаў другога і трэцяга часткі першай артыкула 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь пастановай прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 01 верасня 2019 г. № 41/435 у Віцебскай вобласці былі ўтвораны Віцебская абласная і 14 акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. 
З матэрыялаў справы вынікае, што сумеснае рашэнне аб утварэнні абласной і акруговых выбарчых камісій прынята правамоцным органам, у вызначаны законам тэрмін, у прысутнасці прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі.
Выкладзенае пацверджана тлумачэннямі удзельнікаў працэсу, копіяй распараджэння аб прыёме дакументаў, спісамі асоб вылучаных у склад выбарчых камісій, копіяй пастановы прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 01 верасня 2019 г. № 41/435, пратаколам сумеснага пасяджэння названых органаў, спісамі членаў прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
Не давяраць звесткам, названым у дадзеных дакументах, суд не мае падстаў.
Доказы заяўніка аб тым, што пры фарміраванні Віцебскай абласной выбарчай камісіі, а таксама камісій: Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18,  Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20  не былі выкананы патрабаванні выбарчага закона, парушаны правы сяброў Партыі БНФ, матэрыяламі справы не пацверджаны.
У судовым пасяджэнні ўстаноўлена, што ў склад Віцебскай абласной выбарчай камісіі былі вылучаны 17 прадстаўнікоў, у тым ліку ад палітычных партый - 5, ад грамадскіх аб'яднанняў - 7, ад працоўных калектываў – 1, ад грамадзян шляхам падачы заявы - 4. Склад камісіі сфарміраваны з 13 членаў, у максімальным памеры, прадугледжаным выбарчым законам.
Выбраны склад Віцебскай абласной выбарчай камісіі складаецца з 3 прадстаўнікоў партый і 5 прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, або 61,5% ад агульнай колькасці складу камісіі, 4 прадстаўнікоў ад грамадзян шляхам падачы заявы, 1 прадстаўніка ад працоўнага калектыву. У склад камісіі абраны 1 дзяржаўны служачы. Суддзяў, пракурораў, кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у складзе камісіі няма.
У склад выбарчай камісіі Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай aкругі №18 было вылучана 19 прадстаўнікоў, у тым ліку ад палітычных партый - 6, ад грамадскіх аб'яднанняў - 10, ад грамадзян шляхам падачы заявы - 3, прадстаўнікі ад працоўных калектываў не вылучаліся. Склад камісіі сфарміраваны з 13 членаў, у максімальным памеры, прадугледжаным выбарчым законам.
Выбраны склад выбарчай камісіі Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай aкругі №18 складаецца з 2 прадстаўнікоў партыі і 9 прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, або 84,6 % ад агульнай колькасці складу камісіі, 2 прадстаўнікоў ад грамадзян шляхам падачы заявы.
У складе камісіі няма дзяржаўных служачых, суддзяў, пракурораў, кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
У склад выбарчай камісіі Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20 было вылучана 18 прадстаўнікоў, у тым ліку ад палітычных партый - 5, ад грамадскіх аб'яднанняў - 10, ад грамадзян шляхам падачы заявы - 3, прадстаўнікі ад працоўных калектываў не вылучаліся. Склад камісіі сфарміраваны з 13 членаў, у максімальным памеры, прадугледжаным выбарчым законам.
Выбраны склад выбарчай камісіі Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20 складаецца з 3 прадстаўнікоў партый і 8 прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, што складае 84,6% ад агульнай колькасці членаў камісіі, 2 прадстаўнікоў ад грамадзян шляхам падачы заявы.
У складзе камісіі таксама няма дзяржаўных служачых, суддзяў, пракурораў, кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Названыя абставіны пацверджаны дапушчальнымі пісьмовымі дакументамі, сумнявацца ў сапраўднасці якіх суд не мае падстаў.
Сцвярджэннi прадстаўніка Партыі БНФ, што прынятым рашэннем былі ўшчэмлены правы членаў партыі, з'яўляюцца неабгрунтаванымi.
З матэрыялаў справы відаць, што заява Партыі БНФ ва ўстаноўленым парадку была прынята, названыя імі прадстаўнікі былі пастаўлены на галасаванне і большасцю галасоў адхілены.
Больш за тое, з тлумачэнняў удзельнікаў працэсу, матэрыялаў справы вынікае, што ў склад акруговай выбарчай камісіі Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акругі № 17 тады ж быў абраны іншы вылучаны прадстаўнік Партыі БНФ - Магучая Г.Е., а ў склад акруговай выбарчай камісіі Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі № 19 – Малахоўскі У.Г.
Доказы Смолікава К.Э. аб тым, што падчас сумеснага пасяджэння прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта не абмяркоўваліся ў поўным аб’еме звесткі аб асобах кандыдатаў, адсутнічаюць неабходныя звесткі (нумар тэлефона) ў дачыненні да кандыдата ад працоўнага калектыву – Філіпенкі Г.А., не з'яўляюцца падставай для задавальнення скаргі.
Пры наяўнасці такіх дадзеных суд прыходзіць да высновы аб тым, што пры ўтварэнні выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь парушэнняў выбарчага заканадаўства не маецца, а таму скарга заяўніка задавальненню не падлягае.
Кiруючыся арт. 341-343 ГПК Рэспублiкi Беларусь, суд
 
в ы р а ш ы ў:
 
Пастанову прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 01 верасня 2019 г. № 41/435 “Аб утварэнні Віцебскай абласной, акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання” пакінуць без змянення, а скаргу Партыі БНФ - без задавальнення.
Рашэнне ўступае ў законную сiлу неадкладна пасля яго абвяшчэння і абскарджанню (апратэставанню) у апеляцыйным парадку не падлягае.
 
Старшынствуючы
суддзя Віцебскага абласнога суда                                                                                                                  Н.В. Лях
В очередном выпуске

Мониторинг СМИ

Google переводчик