Верховный Суд
Республики Беларусь

Интернет-портал судов общей юрисдикции Республики Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Минск, ул. Орловская, 76

Расписание заседаний

Рашэнне Гродзенскага абласнога суда ад 4 верасня 2019 года

4 сентября 2019  167

Р А Ш Э Н Н Е

імем Рэспублікі Беларусь

 

 04 верасня 2019 года.                                                                                                                              г. Гродна

Гродзенскі абласны суд у складзе старшынствуючага – суддзі Міхневіча Вячаслава Расціслававіча, пры сакратару судовага пасяджэння Паўлюкевіч Але Віктараўне, з удзелам пракурора Дворнікавай Сняжаны Леанідаўны, прадстаўніка заяўнiка Саранчукова Вадзiма Уладзiмiравiча, прадстаўнікоў зацікаўленай асобы Хацука Сяргея Канстанцінавiча i Новiк Алены Iванаўны, разгледзеўшы ў адкрытым судовым пасяджэнні ў зале судовых пасяджэнняў Гродзенскага абласнога суда грамадзянскую справу па скарзе палітычнай партыі БНФ на рашэнне прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ад 31 жніўня 2019 года №162/514 «Аб утварэнні Гродзенскай абласной і акруговых выбарчых камісій»,

 

У С Т А Н А В I Ў:

 

У пададзенай у суд скарзе старшыня палітычнай партыі БНФ, далей – Партыя БНФ, зазначыў, што рашэннем прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ад 31 жніўня 2019 года №162/514 «Аб утварэнні Гродзенскай абласной і акруговых выбарчых камісій» створаны акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, у прыватнасці, Гродзенская-Цэнтральная №51, Нёманская №56, Лідская №55 і Смаргонская №59, аб уключэнні ў склад якіх прадстаўнікоў Партыі БНФ – Мальчыка Сяргея Сцяпанавіча ў склад камісіі №51; Дзяшука Юрыя Віктаравіча  ў склад камісіі №56; Карабана Станіслава Вацлававіча ў склад камісіі №55; Дзергачова Аляксандра Мартынавіча ў склад камісіі №59, названым рашэннем было адмоўлена.

Лічачы прызначанае рашэнне неабгрунтаваным, парушаючым правы Партыі БНФ, гарантаваныя ч.1 арт.21 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб палітычных партыях», сцвярджаючы, што Партыяй БНФ у поўным аб'ёме выкананы патрабаванні ч.7 арт.35 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а Мальчык С.С., Дзяшук Ю.В., Карабан С.В., Дзергачоў А.М. маюць вопыт працы ў выбарчых кампаніях, спасылаючыся на палажэнні ч.2 арт.34, арт.арт.335, 336-358 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, просіць суд прызнаць рашэнне прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ад 31 жніўня 2019 года №162/514 «Аб утварэнні Гродзенскай абласной і акруговых выбарчых камісій» незаконным і парушаючым правы заяўніка, абавязаць Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт і прэзідыум Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў прыняць новае рашэнне аб стварэнні акруговых выбарчых камісій у Гродзенскай вобласці з уключэннем у іх склад прадстаўнікоў Партыі БНФ: Гродзенскай-Цэнтральнай №51 - Мальчыка С.С., Нёманскай №56 - Дзяшука Ю.В., Лідскай №55 – Карабана С.В., Смаргонскай №59 – Дзергачова А.М.

Прадстаўнік Партыі БНФ Саранчукоў В.У. пададзеную скаргу падтрымаў па выкладзеных у ёй падставах. Не аспрэчваючы падставы ўключэння ў склад акруговых выбарчых камісій Гродзенскай-Цэнтральнай №51, Нёманскай №56, Лідскай №55, Смаргонскай №59 асоб у іх уключаных рашэннем, якое аспрэчваецца, спасылаецца як на маральны аспект неўключэння ў названыя камісіі прадстаўнікоў Партыі БНФ, як немалой часткі грамадзянскай супольнасці, так і на некаторую дыскрымінацыю Партыі БНФ у праве ўдзелу ў акруговых выбарчых камісіях па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Прадстаўнікі прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Хацук С.К. і Новік А.I. прасілі суд пакiнуць скаргу без задавальнення, мяркуючы, што рашэнне прынята ў адпаведнасці з законам.

Заслухаўшы тлумачэнні бакоў, даследаваўшы пісьмовыя матэрыялы справы, заслухаўшы меркаванне пракурора аб неабходнасці адмовіць у задавальненні скаргі, суд лічыць, што скарга не падлягае задавальненню паводле наступных падстаў.

У сілу арт.335 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, суд разглядае справы па скаргах на рашэнні органаў, якія ўтварылі адпаведную выбарчаю камісію, у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам аб выбарах.

Згодна з арт.343 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па выніках разгляду скаргі суд выносіць адно з наступных матываваных рашэнняў:

аб пакіданні рашэння, якое абскарджваецца, без змены, а скаргі – без задавальнення;

аб абгрунтаванасці скаргі і абавязку ліквідаваць дапушчанае парушэнне.

Рашэнне суда ўступае ў законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння і абскарджанню або апратэставанню ў апеляцыйным парадку не падлягае.

У адпаведнасці з ч.6 арт.34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь рашэнне органаў, якія ўтварылі камісію, можа быць абскарджана ў трохдзённы тэрмін з дня яго прыняцця адпаведна ў абласны суд суб'ектамі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі. Скарга павінна быць падпісана адпаведна кіраўніком палітычнай партыі. Суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з'яўляецца канчатковым.

Згодна з ч.ч.1-5 арт.34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў утвараюцца прэзідыумамі абласных Саветаў дэпутатаў і абласнымі выканаўчымі камітэтамі ў складзе 9-13 членаў камісіі не пазней, чым за 75 дзён да выбараў.

Органы, якія фарміруюць камісію, як правіла, не менш за адну трэць яе складу фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў.

У склад камісіі не могуць уваходзіць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш за адну трэць складу камісіі.

Сумесныя рашэнні прэзідыума адпаведнага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта прымаюцца большасцю галасоў складу. У сумесным пасяджэнні гэтых органаў павінны ўдзельнічаць не менш за дзве трэці складу прэзідыума Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта.

У адпаведнасці з арт.35 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь на сваіх пасяджэннях кіруючыя органы палітычных партый маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

У ходзе судовага пасяджэння ўстаноўлена, што рашэннямі кiруючага органа партыi Партыі БНФ (Сойма) ад 24 жніўня 2019 года ў склад акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ў Гродзенскай вобласці вылучаны члены Партыі БНФ: Мальчык С.С. - у Гродзенскую-Цэнтральную №51, Дзяшук Ю.В. – у Нёманскую №56, Карабан С.В. – у Лідскую №55, Дзергачоў А.М. – у Смаргонскую №59.

У склад прэзiдыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў уваходзіць 7 чалавек, 5 з iх прысутнiчалi на пасяджэнні органа, які ўтвараў камісіі, што складае не менш за дзве трэці складу прэзідыума.

У склад Гродзенскага абласнога выканаўчага камiтэта ўваходзіць 12 чалавек, 9 з iх прысутнiчалi на пасяджэнні органа, які ўтвараў камісіі, што складае не менш за дзве трэці складу выканаўчага камітэта.

Колькасць прэтэндэнтаў у склад акруговых выбарчых камісій №№51, 56, 55 i 59 склала 22, 17, 17 i 18 чалавек адпаведна, што перавышае дапушчальную Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь колькасць членаў такіх камісій.

Перад прыняццем рашэння аб фарміраваннi названых вышэй выбарчых камісій на пасяджэннi абмеркаваны кожны з кандыдатаў у склад камісій, заслухана інфармацыя па кожнай кандыдатуры, і па кожнаму кандыдату асабіста рашэнне прынята большасцю галасоў складу.

У склад акруговых выбарчых камісій Гродзенскай-Цэнтральнай №51, Нёманскай №56, Лідскай №55 i Смаргонскай №59 увайшлі па 13 чалавек, больш за адну трэць з якіх з’яўляюцца членамі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.

Суддзяў, пракурораў, кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў сярод асоб, што ўвайшлі ў склад гэтых камісій, няма, а дзяржаўныя служачыя займаюць менш за адну трэць у кожнай з азначаных акруговых выбарчых камісій.

Такія абставіны пацвярджаюцца даследаванымі ў судовым пасяджэнні: пратаколамi пасяджэнняў Сойма Партыі БНФ ад 24 жніўня 2019 года №№4/5-2, 4/5-3, 4/5-4, 4/5-14, спiсам членаў Гродзенскага абласнога выканаўчага камiтэта; рашэннем Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў ад 29 сакавіка 2018 года аб стварэннi прэзiдыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў; выпіскай з пратакола сумеснага пасяджэння прэзiдыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання i Гродзенскага абласнога выканаўчага камiтэта №20/18 ад 31 жніўня 2019 года; рашэннем прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ад 31 жніўня 2019 года №162/514 «Аб ўтварэнні Гродзенскай абласной і акруговых выбарчых камісій». інфармацыяй аб кандыдатурах, вылучаных у склад акруговых выбарчых камісій Гродзенскай-Цэнтральнай №51, Нёманскай №56, Лідскай №55, Смаргонскай №59,

Не давяраць прадстаўленым доказам у суда падстаў не маецца.

Прыведзеныя вышэй абставіны па факце іх наяўнасці не аспрэчваліся ў судовым пасяджэнні прадстаўнікамі заяўніка і зацікаўленай асобы.

Што тычыцца довадаў прадстаўніка заяўніка ў судовым пасяджэнні, то, паводле меркавання суда, яны нічым аб'ектыўна не пацверджаныя.

Пытанне аб тым, чаму пры роўных умовах у склад выбарчай камісіі былі абраныя адны кандыдаты і было адмоўлена іншым, уваходзіць у выключную кампетэнцыю органа, які стварыў выбарчыя камісіі.

Разгледжаныя судом доказы сведчаць аб тым, што орган, які стварыў выбарчыя камісіі, абгрунтаваў свае высновы праз галасаванне.

З улікам выкладзенага рашэнне, якое абскарджваецца, з’яўляецца законным і абгрунтаваным, падстаў для задавальнення скаргі заяўніка не маецца.

Кіруючыся ч.ч.1 - 6 арт.34, арт.35 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, 342, 343, 300, 302  Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, суд

 

В Ы Р А Ш Ы Ў:

 

Рашэнне прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ад 31 жніўня 2019 года №162/514 «Аб ўтварэнні Гродзенскай абласной і акруговых выбарчых камісій» пакінуць без змены, а скаргу палітычнай партыi БНФ – без задавальнення.

Рашэнне ўступае ў законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння, абскарджанню і апратэставанню ў апеляцыйным парадку не падлягае.

 

Суддзя                                                                                                                                                         В.Р. Міхневіч

В очередном выпуске

Мониторинг СМИ

Google переводчик