Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Рашэнне па справе № 3-2/2020 па скарзе Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі на рашэнне прэзідыума Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта аб стварэнні Гомельскай абласной выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

22 мая 2020  182

Справа № 3-2/2020

Р А Ш Э Н Н Е

              ІМЕМ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ 

22 мая 2020 года                                                                                                                                     г. Гомель            

Гомельскі абласны суд у складзе старшынствуючага суддзі Ягоравай Сняжаны Аляксееўны пры сакратары Сафонавай Святлане Уладзіміраўне, з удзелам пракурора Гомельскай абласной пракуратуры Паўлюкавец Алены Міхайлаўны, прадстаўніка заяўніка Новікава М.Дз., прадстаўнiкоў зацікаўленых асоб Ражкова Дз.А. і Шышыкіна А.А., разгледзеўшы ў адкрытым судовым пасяджэннi ў памяшканнi Гомельскага абласнога суда грамадзянскую справу па скарзе Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі на рашэнне прэзідыума Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта аб стварэнні Гомельскай абласной выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

                                         УСТАНАВІЎ:

У скарзе Гомельская абласная арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі адзначыла, што рашэннем Савета Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ад 14 мая 2020 года ў склад Гомельскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў вылучаны прадстаўнік партыі Кацора У.А.

Рашэннем прэзідыума Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ад 18 мая 2020 года сфарміравана Гомельская абласная выбарчая камісія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пры гэтым прапанаваная партыяй кандыдатура прадстаўніка Кацоры У.А. у склад выбарчай камісіі не была ўключана, што сведчыць аб парушэнні правоў і законных інтарэсаў партыі і яе членаў.

З улікам вышэйпададзеных абставін прасілі прызнаць рашэнне прэзідыума Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ад 18 мая 2020 года № 24/402 аб стварэнні Гомельскай абласной выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь незаконным і парушаючым правы заяўніка, абавязаць зацікаўленых асоб прыняць новае рашэнне аб стварэнні  Гомельскай абласной выбарчай камісіі з уключэннем у яе склад прадстаўніка Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У судовым пасяджэнні прадстаўнік Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Новікаў М.Дз. скаргу падтрымаў. Звярнуў увагу на тое, што Кацора У.А. валодае якасцямі для працы ў выбарчай камісіі, мае вопыт ажыццяўлення функцый члена тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, з’яўляўся абласным каардынатарам незалежнага назірання на выбарах.

Прадстаўнікі зацікаўленых асоб Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Ражкоў Дз.А. і Шышыкін А.А. скаргу лічаць неабгрунтаванай, паколькі пры стварэнні абласной выбарчай камісіі патрабаванні выбарчага заканадаўства не былі парушаны. Прасілі пакінуць скаргу без задавальнення.

Заслухаўшы тлумачэнні прадстаўнікоў заяўніка і зацікаўленых асоб, даследаваўшы пісьмовыя матэрыалы справы, выслухаўшы меркаванне пракурора аб адсутнасці прававых падстаў для задавальнення скаргі, суд лічыць, што скарга не падлягае задавальненню.

У адпаведнасці з патрабаваннямі ч. 3 арт. 341 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь суб'екты, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі, маюць права падаць скаргу на рашэнне органаў, якія стварылі камісію, у трохдзённы тэрмiн з дня прыняцця рашэння ў парадку, прадугледжаным законам.

Згодна з ч.ч.1-5 арт. 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь абласныя, Мінская гарадская камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ствараюцца прэзідыумамі абласных, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі ў складзе 9–13 членаў камісіі не пазней чым за 80 дзён да выбараў.

Органы, якія ўтвараюць камісію, як правіла, не менш за адну трэць яе складу фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў.

У склад камісіі не могуць уваходзіць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш за адну трэць складу камісіі.

Сумесныя рашэнні прэзідыума адпаведнага мясцовага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта прымаюцца большасцю галасоў склада. У сумесным пасяджэнні  гэтых органаў павінны ўдзельнічаць не менш двух трэцей склада прэзідыума мясцовага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта.

Судом устаноўлена, што 18 мая 2020 года адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыума Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, на якім прынята рашэнне № 24\402 аб стварэнні Гомельскай абласной выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у складзе 13 чалавек.

Выбарчая камісія фарміравалася з 20 кандыдатаў - прадстаўнікоў ад палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў арганізацый, а таксама грамадзян шляхам падачы заявы.

Пры гэтым у склад абласной выбарчай камісіі не ўвайшоў прадстаўнік Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Кацора У.А.

У адпаведнасці са звесткамі аб колькасным складзе прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта, пратаколу № 2/14 сумеснага пасяджэння ад 18 мая 2020 года тэрмін і парадак правядзення сумеснага пасяджэння прэзідыума Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта парушаны не былі, удзел прынялі не менш за дзве трэці складу прэзідыума Савета і выканаўчага камітэта (адпаведна 8 з 9 і 10 з 12), гэта значыць, што рашэнне аб стварэнні выбарчай камісіі было прынята правамочным складам.

Пасяджэнне прэзідыума Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта праходзіла ў рэжыме прамой відэатрансляцыі, за ходам абмеркавання кандыдатур у выбарчую камісію мелі магчымасць назіраць усе жадаючыя асобы.

Пры фарміраванні Гомельскай абласной выбарчай камісіі выкананы патрабаванні заканадаўства. Колькасць членаў камісіі адпавядае складу, прадугледжанаму ч. 1 арт. 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У склад абласной камісіі не ўваходзяць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Дзяржаўныя служачыя (2 члена) не складаюць больш за адну трэць складу камісіі. Не менш за адну трэць камісія сфарміравана з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў (4 і 6 членаў).

Таксама ўстаноўлена, што перад прыняццем рашэння аб фарміраванні выбарчай камісіі было вынесена на абмеркаванне пытанне аб дзелавых і палітычных якасцях асоб, прапанаваных у склад камісіі, заслухоўвалася інфармацыя па кожнай кандыдатуры і праведзена персанальнае галасаванне, у тым ліку і  ў адносінах Кацоры У.А.

Звесткі аб усіх асобах кандыдатаў агучваліся ў поўным аб’ёме. Рашэнне прынята пасля вывучэння данных усіх кандыдатаў у камісію.

Дадзеныя абставіны пацвярджаюцца пратаколам  № 2/4,  рашэннем прэзідыума Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ад 18 мая 2020 года, а таксама тлумачэннямі ў судзе прадстаўнікоў Ражкова Дз.А. і Шышыкіна А.А., якія непасрэдна прысутнічалі на сумесным пасяджэнні, і не аспрэчваюцца прадстаўніком заяўніка.

Довады скаргі не ўтрымліваюць спасылкі на невыкананне нормаў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія датычацца прадстаўніцтва ў абласную выбарчую камісію. Не ўстаноўлена такіх парушэнняў і судом.

Пытанне ўключэння або неўключэння канкрэтных асоб у склад выбарчай камісіі адносіцца да выключнай кампетэнцыі органаў, якія ствараюць камісію.

Неўключэнне Кацоры У.А. у склад абласной выбарчай камісіі не сведчыць аб незаконнасці абскарджваемага рашэння і не парушае канстытуцыйных правоў партыі на ўдзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Пры такіх абставінах суд прыходзіць да высновы, што скарга Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі задавальненню не падлягае.

Кіруючыся арт.  302, ч. 2 арт. 317, арт. 343  ГПК  Рэспублікі Беларусь, суд  

ВЫРАШЫЎ:

Рашэнне прэзідыума Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ад 18 мая 2020 года № 24/402 аб стварэнні Гомельскай абласной выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пакінуць без змянення, а скаргу Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі – без задавальнення.

Рашэнне суда ўступае ў законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння, абскарджанню або апратэставанню ў апеляцыйным парадку не падлягае.

 

Суддзя Гомельскага

абласнога суда                                                                                                          С.А.Ягорава  

                     

      

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык