Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь


Правілы апублікавання аўтарскіх матэрыялаў у часопісе «Судовы веснiк»

 

● Да апублікавання ў часопісе «Судовы веснiк» (далей – часопіс) могуць быць прынятыя артыкулы, якія адпавядаюць тэматычнай скіраванасці часопіса, на рускай або беларускай мове.

● Накіроўваючы артыкул для апублікавання, аўтар пацвярджае, што дадзены артыкул раней не быў апублікаваны і не накіроўваўся для разгляду ў некалькі інфармацыйных крыніц адначасова. У выпадку выяўлення рэдакцыяй артыкулаў, апублікаваных або прынятых да друку (размяшчэння) іншымі выданнямі ці электроннымі крыніцамі інфармацыі (даведачна-прававымі сістэмамі, інтэрнэт-рэсурсамі і да т. п.), названыя матэрыялы рэдакцыяй не разглядаюцца.

● Аўтары, якія падалі матэрыялы для апублікавання ў часопісе, нясуць адказнасць за дакладнасць выкладзенай інфармацыі, пазначэння крыніц цытавання, названых у артыкуле статыстычных, персанальных і іншых даных.

● Аўтарскія матэрыялы, што паступаюць у рэдакцыю, праходзяць працэдуру рэцэнзавання суддзямі і кіраўнікамі структурных падраздзяленняў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь або вучонымі, якія спецыялізуюцца ў адпаведнай галіне права. Яны правяраюць артыкул на прадмет:
– адпаведнасці тэматыцы часопіса;
– тэарэтычнай і (або) практычнай значнасці;
– адпаведнасці вывадаў, што ўтрымліваюцца ў артыкуле, дзеючаму заканадаўству і правапрымяняльнай практыцы;
– актуальнасці;
– змястоўнасці;
– паўнаты раскрыцця тэмы.

Калі па ацэнцы рэцэнзента матэрыял не адказвае названым крытэрыям, аўтару можа быць адмоўлена ў публікацыі матэрыялу. Артыкул, які патрабуе, на думку рэцэнзента і (або) рэдакцыі, дапрацоўкі, накіроўваецца аўтару з заўвагамі. Калі аўтар адмаўляецца дапрацаваць артыкул з улікам заўваг рэцэнзента і (або) рэдакцыі, як правіла, прымаецца рашэнне адмовіць яму ў апублікаванні.

● Пытанні, звязаныя з тэрмінамі публікацыі, вырашае рэдакцыя зыходзячы з актуальнасці артыкула, з улікам рэдакцыйных планаў публікацый і рэкамендацый рэдакцыйнай калегіі часопіса.

● Артыкулы, якія паступаюць у рэдакцыю, зазнаюць літаратурную рэдактуру. Рэдакцыя ўзгадняе праўкі з аўтарам у выпадках, калі ўнесеныя рэдактарам змяненні і скарачэнні паўплывалі на змест матэрыялу і вывады аўтара. Калі аўтар не згодны з рэдакцыйнымі праўкамі, рэдакцыя мае права адмовіцца ад публікацыі дадзенага матэрыялу. Стылістычныя і карэктарскія праўкі з аўтарам не ўзгадняюцца.

● Артыкулы, якія накіроўваюцца ў рэдакцыю, павінны быць набраныя ў тэкставым рэдактары MS Word. Рэкамендуемы аб’ём матэрыялу – да 22 тыс. знакаў (з прабеламі), што арыенціровачна адпавядае 7,5 старонкам тэксту, набранага праз адзінарны інтэрвал шрыфтам Times New Roman, 14 пунктаў, абзацны водступ – 1,25.

● Спасылкі на выкарыстаную літаратуру, нарматыўныя прававыя акты, судовыя пастановы, згаданыя ў артыкуле, абавязковыя.

● Рэкамендуемы аб’ём навуковых артыкулаў, якія залічваюцца ў якасці публікацый па тэме дысертацыі, – да 18 тыс. знакаў (уключаючы прабелы і ўсе названыя ніжэй элементы), што адпавядае прыкладна 6 старонкам тэксту, набранага згаданым вышэй чынам. Навуковыя артыкулы павінны ўключаць наступныя элементы: анатацыю (да 100 слоў), уводзіны, асноўную частку, заключэнне з выразна сфармуляванымі вывадамі, рэзюмэ (не больш за 50 слоў) на асноўнай мове публікацыі (рускай або беларускай) і на англійскай мове, спіс цытаваных крыніц (за выключэннем нарматыўных прававых актаў) у канцы тэксту. Навуковыя публікацыі павінны адпавядаць патрабаванням ВАК Рэспублікі Беларусь.

● Электронны варыянт артыкула, які абавязкова павінен быць пададзены, можа быць накіраваны па электроннай пошце на адрас sudvestnik@court.by або перададзены ў рэдакцыю на электронным носьбіце. Артыкул на папяровым носьбіце, засведчаны подпісам аўтара, павінен быць пададзены абавязкова ў выпадку яго перадачы ў рэдакцыю іншым спосабам, а не па электроннай пошце.

● Да ўсіх матэрыялаў, што накіроўваюцца ў рэдакцыю, прыкладаюцца поўныя звесткі аб аўтары (аўтарах): прозвішча, імя, імя па бацьку (поўнасцю), месца работы і пасада, вучоная ступень і званне, дамашні адрас з паштовым індэксам, кантактныя тэлефоны, пашпартныя даныя (серыя, нумар, ідэнтыфікацыйны нумар, кім і калі выдадзены).