Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь


Чытайце ў нумары "Судовы веснiк". № 1/2019

Для прагляду неабходна аўтарызавацца або зарэгістравацца

У снежні 2018 г. Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь абмеркаваў матэрыялы праведзенага абагульнення практыкі разгляду спраў, звязаных з дзяржаўнай рэгістрацыяй і ліквідацыяй (прыпыненнем дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання. З асноўнымі тлумачэннямі, дадзенымі судам у прынятай па выніках пасяджэння Пленума пастанове, знаёміць каментарый В. Сінкевіч, прадстаўлены ў рубрыцы “На тэму Пленума”.

У гэтым выпуску адразу дзве публікацыі прысвечаны апеляцыйнай вытворчасці. У артыкуле Г. Сакалоўскай ідзе размова пра разгляд грамадзянскіх спраў у судзе апеляцыйнай інстанцыі. Аўтар крок за крокам раскрывае алгарытм дзеянняў суда другой інстанцыі і акцэнтуе ўвагу на тэрмінах разгляду справы ў судзе апеляцыйнай інстанцыі, прадмеце і межах разгляду апеляцыйных скаргаў і пратэстаў, парадку падачы на ніх пярэчанняў і іншых пытаннях (рубрыка “За літарай закона”). У матэрыяле А. Яфрэмава і А. Кавальчука на падставе абагульнення судовай практыкі аналізуюцца пытанні, звязаныя з рэалізацыяй паўнамоцтваў суда першай інстанцыі на стадыі падрыхтоўкі крымінальнай справы да разгляду ў апеляцыйным парадку (рубрыка “Судовая практыка”).

Артыкул Т. Міколенка змяшчае тлумачэнні па пытаннях разгляду іскавых патрабаванняў аб спагнанні двух відаў няўстойкі па дагаворах будаўнічага падраду: за неабгрунтаванае ўхіленне ад прыёмкі выкананых будаўнічых работ і афармлення дакументаў, якія зацвярджаюць іх выкананне, і за несвоечасовае правядзенне разлікаў за выкананыя і прынятыя ва ўсталяваным парадку будаўнічыя работы.

Да далейшай дыскусіі запрашае матэрыял А. Сужаева, у якім аўтар выкладае пункт гледжання на тое, якім чынам апошняя інфармацыйная рэвалюцыя ўплывае на дзейнасць судоў і якія новыя патрабаванні ў гэтай сувязі прад’яўляюцца як да суддзяў, так і да іншых работнікаў судовай сістэмы.

Прадстаўленыя ў рубрыцы “Праблемы, меркаванні, прапановы” навуковыя публікацыі асвятляюць такія тэмы, як прававая прырода і прававое значэнне судзімасці (артыкул Р. Ключко); прымяненне прававых фікцый у грамадзянскім і гаспадарчым працэсах у кантэксце ўніфікацыі працэсуальнага заканадаўства (артыкул А. Хацько); тэарэтычныя і практычныя аспекты пазыковага абавязацельства, уключаючы пытанні спагнання працэнтаў па камерцыйным займе (артыкул Ю. Амяльчэні).