Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь


У Вярхоўным Судзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці

31 студзеня 2018

30 студзеня 2018 года ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча намесніка Старшыні вышэйшай судовай інстанцыі, старшыні судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Жанны Барысаўны Шкурдзюк і суддзяў калегіі з прадстаўнікамі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі намеснік Генеральнага дырэктара САІУ Джон Сэндзедж, які курыруе Сектар патэнтаў і тэхналогій, адказвае за функцыянаванне міжнароднай патэнтнай сістэмы РСТ і работу Цэнтра САІУ па арбітражы і пасрэдніцтве, а таксама Яўгеній Сясіцкі – кіраўнік праграм Дэпартамента краін з пераходнай і развітой эканомікай САІУ.

Удзельнікі сустрэчы ад Вярхоўнага Суда: намеснік Старшыні, старшыня судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Ж.Б.Шкурдзюк; суддзі калегіі: В.Р.Коўшун, Р.В.Казарэзава, А.Д.Латышэвіч, І.В.Цісік; галоўны спецыяліст аддзела міжнародна-прававой дзейнасці ўпраўлення заканадаўства Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь К.А.Блінцоў.

Прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці: генеральны дырэктар П.М.Броўкін, начальнік аддзела кантролю за захаваннем заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці А.М.Маханькова, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва А.Д.Ахраменка, намеснік начальніка ўпраўлення права і міжнародных дагавораў А.П.Заяц.

Прадстаўнікі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці: намеснік Генеральнага дырэктара Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці Джон Сэндзедж (на фота ў цэнтры), кіраўнік праграм Дэпартамента краін з пераходнай і развітой эканомікай Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці Яўгеній Сясіцкі (на фота злева).

У ходзе сустрэчы Жанна Барысаўна Шкурдзюк, адрэкамендаваўшы ўдзельнікаў сустрэчы з беларускага боку, адзначыла, што інтэлектуальны патэнцыял – гэта галоўны рэсурс любой дзяржавы і ён мае патрэбу ў асобай абароне. Правы інтэлектуальнай уласнасці з’яўляюцца моцнымі толькі ў той ступені, наколькі моцныя сродкі іх абароны.

Намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда расказала прадстаўнікам САІУ пра структуру нацыянальнай судовай сістэмы, падкрэсліўшы ў ёй ролю і значэнне судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці.

Ж.Б. Шкурдзюк таксама праінфармавала членаў дэлегацыі САІУ аб асаблівасцях стварэння і функцыянавання калегіі, вопыце Беларусі па фарміраванні яе кадравага складу, юрысдыкцыі калегіі і статыстыцы вырашэння спраў, у тым ліку з удзелам замежных юрыдычных асоб. У размове кіраўнік судовай калегіі таксама ўпамянула аб парадку вырашэння спрэчак у сферы прамысловай уласнасці калегіяльным складам з трох суддзяў і парадку абскарджання рашэнняў.

Пры гэтым Ж.Б. Шкурдзюк падкрэсліла, што трэць суддзяў калегіі, акрамя вышэйшай юрыдычнай, маюць тэхнічную адукацыю ці адукацыю ў сферы патэнтазнаўства, а таксама стаж работы ў гэтай сферы, што дазваляе ажыццяўляць аператыўнае і эфектыўнае правасуддзе, аднак такі станоўчы вопыт Беларусі не паўтарыла ні адна з дзяржаў былога Савецкага Саюза.

У ходзе дыскусіі бакі абмеркавалі таксама памеры ставак дзяржаўных пошлін, якія ўносіліся ініцыятарамі спрэчак пры падачы заяў і скарг у калегію, прызнаўшы, што яны параўнальна невялікія і не з’яўляюцца перашкодай для звяртання ў суд.

Гаворачы пра перавагу стварэння спецыялізаваных судовых структур для вырашэння асобых катэгорый спрэчак, Ж.Б. Шкурдзюк сказала, што спецыялізацыя ў сферы інтэлектуальнай уласнасці дазволіла павысіць эфектыўнасць і якасць судаводства, прафесіяналізм суддзяў, ліквідаваць адрозненні ў тлумачэнні законаў і дасягнуць аднастайнасці ў судовай практыцы, а таксама строгага захавання працэсуальных тэрмінаў пры разглядзе спраў гэтай катэгорыі. Наблізіць правапрымяняльную практыку да міжнародных стандартаў удалося таксама дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў нарматворчай дзейнасці па ўдасканаленні заканадаўства ў сферы аўтарскага права і права прамысловай уласнасці. Па словах Жанны Шкурдзюк, менавіта практыка правапрымянення служыць крытэрыем ісціны.

У ходзе сустрэчы намгендырэктара Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці станоўча ацаніў вопыт Беларусі па стварэнні спецыялізаванага суда і падборы яго кадравага складу, а таксама прапанаваў падзяліцца вопытам вырашэння спрэчак у рамках навучальных семінараў, якія праводзяцца САІУ. Джон Сэндзедж асабліва адзначыў, што Ж.Б.Шкурдзюк раней прымала ўдзел у такіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў краінах Цэнтральнай Азіі, у якасці дакладчыка ад Беларусі.

Бакі таксама абмеркавалі прымяненне медыяцыі пры вырашэнні спрэчак інтэлектуальнай уласнасці і ролі трацейскіх судоў, якія спецыялізуюцца на вырашэнні такіх канфліктаў. Аднак, па словах кіраўніка судовай калегіі, пакуль бакі аддаюць перавагу вырашэнню канфліктаў у спецыялізаванай калегіі і больш давяраюць сіле судовага рашэння, чым альтэрнатыўным спосабам вырашэння спрэчак.

У дыялогу абмяркоўвалася дзейнасць Цэнтра па арбітражы і пасрэдніцтве Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці – міжнароднага органа, які прапануе эфектыўныя з пункту гледжання часавых і матэрыяльных затрат альтэрнатывы судоваму ўрэгуляванню спрэчак у сферы інтэлектуальнай уласнасці.

У ходзе дыскусіі быў станоўча ацэнены вопыт Цэнтра па вырашэнні спрэчак, якія тычацца даменных імёнаў на аснове Адзінай палітыкі ўрэгулявання спрэчак у сферы даменных імёнаў (АПУС) і Правілаў да Адзінай палітыкі.

Таксама бакі абмеркавалі перавагі спрошчанай працэдуры атрымання патэнтаў у розных краінах па адной «міжнароднай заяўцы» ў рамках Дагавора аб патэнтнай кааперацыі – РСТ, да якога Рэспубліка Беларусь далучылася ў 1991 годзе.

У завяршэнне сустрэчы бакі падзякавалі адзін аднаго за карысны і пазнавальны дыялог. Падкрэсліваючы важнасць супрацоўніцтва Вярхоўнага Суда з САІУ, старшыня судовай калегіі адзначыла, што Беларусь як член Сусветнай арганізацыі не можа выходзіць з міжнароднага кантэксту ў сферы інтэлектуальнай уласнасці і заўсёды прытрымліваецца рэкамендацый САІУ ў сферы рэгулявання гэтых праваадносін.

Сустрэча ў Вярхоўным Судзе адбылася ў рамках афіцыйнага візіту спадара Сэндзеджа ў Рэспубліку Беларусь. Праграмай візіту, у прыватнасці, прадугледжваўся ўдзел дэлегацыі САІУ ў круглым стале для патэнтных павераных і іншых экспертаў у сферы інтэлектуальнай уласнасці на базе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, а таксама сустрэчы з кіраўніцтвам Камітэта і ў Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.


ФОТАГАЛЕРЭЯ