Вярхоўны суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 226-12-06

+375 (17) 327-12-25

г. Мінск, вул. Леніна, 28

г. Мінск, вул. Валадарскага, 8

Актуальна

18 верасня 2018 28 жніўня 2018 27 жніўня 2018

Электронныя звароты: патрабаванні да афармлення, працэдура разгляду

 

Электронныя звароты падлягаюць разгляду ў парадку, устаноўленым для разгляду пісьмовых зваротаў, з улікам асаблівасцей, прадугледжаных заканадаўствам.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь
Закон Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб»
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 «Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб»
Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. № 2 «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва»

Як накіраваць электронны зварот у суд?

Пры звароце ў раённы (гарадскі) суд электронны зварот належыць накіраваць на адрас электроннай пошты адпаведнага суда.

Пры звароце ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, абласныя (Мінскі гарадскі) і эканамічныя суды можна скарыстаць сэрвіс для электронных зваротаў:

Накіраваць электронны зварот

Звароты выкладаюцца на беларускай або рускай мове.

Звяртаем увагу!

Звароты грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб у сферы судовай дзейнасці, у тым ліку па пытаннях арганізацыі работы раённых (гарадскіх) судоў, першапачаткова падлягаюць разгляду старшынямі адпаведных судоў.

Адказы на звароты, дадзеныя старшынямі раённых (гарадскіх) судоў, могуць быць абскарджаныя старшыням адпаведных абласных (Мінскага гарадскога) судоў. У выпадку нязгоды з адказамі на звароты яны могуць быць абскарджаныя ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.

Звароты ў сферы судовай дзейнасці, у тым ліку па пытаннях арганізацыі работы абласных (Мінскага гарадскога) судоў, эканамічных судоў абласцей (г. Мінска), першапачаткова падлягаюць разгляду старшынямі адпаведных судоў. У выпадку нязгоды з адказамі на звароты яны могуць быць абскарджаныя ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.

Электронныя звароты грамадзян павінны ўтрымліваць:

  • назву і (або) адрас арганізацыі ці пасаду асобы, якой накіроўваецца зварот;
  • прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) або ініцыялы грамадзяніна, адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання);
  • адрас электроннай пошты заяўніка;
  • выклад сутнасці звароту.

Электронныя звароты юрыдычных асоб павінны ўтрымліваць:

  • назву і (або) адрас арганізацыі ці пасаду асобы, якой накіроўваецца зварот;
  • поўную назву юрыдычнай асобы і яе месца знаходжання;
  • адрас электроннай пошты заяўніка;
  • выклад сутнасці звароту;
  • прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) або ініцыялы кіраўніка ці асобы, упаўнаважанай ва ўстаноўленым парадку падпісваць звароты.

Да электронных зваротаў, якія падаюцца прадстаўнікамі заяўнікаў, прыкладаюцца электронныя копіі дакументаў, што пацвярджаюць іх паўнамоцтвы.

У зваротах павінна ўтрымлівацца інфармацыя аб выніках іх папярэдняга разгляду. Пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць гэту інфармацыю, да звароту павінны быць прыкладзены электронныя копіі (сканы) названых дакументаў.

Электронныя копіі дакументаў, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы заяўнікаў, утрымліваюць інфармацыю аб выніках папярэдняга разгляду зваротаў, а таксама іншых дакументаў або звестак, неабходных для рашэння пытанняў, выкладзеных у зваротах, прымацоўваюцца да формаў электронных зваротаў ці да пісьма, што накіроўваецца на адрас электроннай пошты суда.

Электронныя копіі дакументаў прымацоўваюцца ў фарматах: PDF/A, DOCX, DOC, RTF, TXT, ODT, ZIP, RAR, PNG, TIFF, JPEG, JPG.

У зваротах не дапускаецца ўжыванне нецэнзурных або абразлівых слоў або выразаў.

Падача заяўнікамі зваротаў, што ўтрымліваюць паклёп ці абразы, або здзяйсненне імі пры падачы і разглядзе зваротаў іншых проціпраўных дзеянняў цягнуць за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Выдаткі, звязаныя з разглядам зваротаў

Звароты разглядаюцца без спагнання платы.

Выдаткі, панесеныя судамі ў сувязі з разглядам неабгрунтаваных сістэматычна накіроўваемых (тры і болей разоў на працягу года) зваротаў, а таксама зваротаў, якія ўтрымліваюць загадзя лжывыя звесткі, могуць быць спагнаныя з заяўнікаў у судовым парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам (да такіх выдаткаў адносяцца: сумы, якія падлягаюць выплаце экспертам і іншым спецыялістам, якія прыцягваюцца да разгляду зваротаў, паштовыя выдаткі, выдаткі, звязаныя з выездам на месца разгляду звароту, і іншыя выдаткі, за выключэннем аплаты рабочага часу работнікаў, якія разглядаюць звароты).

Тэрміны падачы зваротаў

Падача заяў і прапаноў тэрмінам не абмяжоўваецца.

Скаргі могуць быць пададзены заяўнікамі на працягу трох гадоў з дня, калі яны даведаліся ці павінны былі даведацца аб парушэнні іх правоў, свабоды або законных інтарэсаў. У выпадку, калі названы тэрмін прапушчаны па ўважлівай прычыне (цяжкае захворванне, інваліднасць, працяглая камандзіроўка і інш.), наяўнасць якой пацверджана адпаведнымі дакументамі, прадстаўленымі заяўнікам, гэты тэрмін падлягае аднаўленню па рашэнні старшыні суда, і скарга разглядаецца ў парадку, устаноўленым Законам.

Звароты лічацца разгледжанымі па сутнасці, калі разгледжаны ўсе выкладзеныя ў іх пытанні, прынятыя належныя меры па абароне, забеспячэнні рэалізацыі, аднаўленні правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўнікаў і ім накіраваны пісьмовыя адказы.

Пры адсутнасці ў зваротах якіх-небудзь рэкамендацый, патрабаванняў, хадайніцтваў, паведамленняў аб парушэнні актаў заканадаўства, недахопах у рабоце арганізацый або пры наяўнасці ў іх толькі ўдзячнасці, такія звароты прымаюцца да ведама і адказы на іх не накіроўваюцца.

Электронныя звароты могуць быць пакінуты без разгляду па сутнасці, калі:

  • выкладзеныя не на беларускай ці рускай мове;
  • не ўтрымліваюць прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку (калі такое маецца);
  • не ўтрымліваюць поўнай назвы юрыдычнай асобы і адраса яе месца знаходжання, прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку (калі такое маецца) або ініцыялаў кіраўніка ці асобы, упаўнаважанай ва ўстаноўленым парадку падпісваць звароты (для юрыдычных асоб);
  • не ўтрымліваюць назвы і (або) адраса арганізацыі ці службовай асобы, якой накіроўваецца зварот;
  • не ўтрымліваюць адраса электроннай пошты заяўніка;
  • не ўтрымліваюць сутнасці звароту;
  • утрымліваюць тэкст, які не паддаецца прачытанню;
  • утрымліваюць нецэнзурныя ці абразлівыя словы або выразы;
  • падлягаюць разгляду ў адпаведнасці з заканадаўствам аб канстытуцыйным судаводстве, грамадзянскім, грамадзянскім працэсуальным, гаспадарчым працэсуальным, крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, заканадаўствам, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу, заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах, з’яўляюцца зваротамі работніка да наймальніка або ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі ўстаноўлены іншы парадак падачы і разгляду такіх зваротаў;
  • прапушчаны без уважлівай прычыны тэрмін падачы скаргі;
  • заяўнікам пададзены паўторны зварот, у якім не ўтрымліваюцца новыя абставіны, якія маюць значэнне для разгляду звароту па сутнасці;
  • з заяўнікам спынена перапіска па выкладзеных у звароце пытаннях.

Звароты, якія ўтрымліваюць пытанні, рашэнне якіх не адносіцца да кампетэнцыі судоў

Суды пры паступленні да іх зваротаў, якія ўтрымліваюць пытанні, рашэнне якіх не адносіцца да іх кампетэнцыі, на працягу 5 рабочых дзён накіроўваюць звароты для разгляду арганізацыям у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй і паведамляюць заяўнікам у той жа тэрмін або ў той жа тэрмін пакідаюць звароты без разгляду па сутнасці і паведамляюць аб гэтым заяўнікам з растлумачэннем, у якую арганізацыю і ў якім парадку належыць звярнуцца для вырашэння пытанняў, выкладзеных у зваротах.

Права на адкліканне электроннага звароту

Заяўнік мае права адклікаць свой зварот да разгляду яго па сутнасці. Адклікаць электронны зварот можна двума спосабамі:

  • падаць пісьмовую заяву,
  • накіраваць заяву ў электроннай форме тым жа спосабам, якім быў накіраваны электронны зварот.

Тэрміны разгляду зваротаў

Электронныя звароты павінны быць разгледжаны не пазней за 15 дзён, а звароты, якія патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі, — не пазней за 1 месяц, калі іншы тэрмін не ўстаноўлены заканадаўчымі актамі.

Калі для рашэння выкладзеных у зваротах пытанняў неабходна ажыццявіць пэўныя дзеянні, атрымаць інфармацыю з замежнай дзяржавы ў тэрміны, якія перавышаюць 1 месяц, заяўнікам накіроўваецца пісьмовае паведамленне аб прычынах перавышэння месячнага тэрміну, тэрмінах ажыццяўлення неабходных дзеянняў або тэрмінах разгляду зваротаў па сутнасці.

Пісьмовае паведамленне накіроўваецца заяўнікам у тэрмін не пазней за 1 месяц з дня, наступнага за днём паступлення іх зваротаў.

Адказы на электронныя звароты

Адказы (паведамленні) на электронныя звароты накіроўваюцца на адрас электроннай пошты заяўнікаў, указаны ў электронных зваротах.

На электронныя звароты даюцца пісьмовыя адказы (накіроўваюцца пісьмовыя паведамленні) у выпадках, калі:

  • заяўнік у сваім электронным звароце просіць накіраваць пісьмовы адказ ці адначасова накіраваць пісьмовы адказ і адказ на адрас яго электроннай пошты;
  • у электронным звароце ўказаны адрас электроннай пошты, па якім па тэхнічных прычынах не ўдалося даставіць адказ (паведамленне).

Абскарджанне адказаў на звароты

Адказ суда на зварот або рашэнне пакінуць зварот без разгляду па сутнасці могуць быць абскарджаны ў парадку артыкула 20 Закона.

Разгляд паўторных зваротаў

Калі ў адпаведнасці з абзацамі трэцім, чацвёртым або шостым пункта 1 артыкула 15 Закона паўторны зварот пакінуты без разгляду па сутнасці, заяўніку пісьмова паведамляецца, што паўторны зварот неабгрунтаваны і перапіска з ім па гэтым пытанні спыняецца.

Пры паступленні паўторнага звароту ад заяўніка, перапіска з якім спынена, такі зварот пакідаецца без разгляду па сутнасці без паведамлення аб гэтым заяўніку.

Разгляд ананімных зваротаў

Ананімныя звароты – гэта звароты заяўнікаў, у якіх:

  • не названыя прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) або ініцыялы грамадзяніна ці адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання);
  • не ўтрымліваецца назва юрыдычнай асобы (поўнай ці скарочанай) або яе месца знаходжання;
  • названыя даныя не адпавядаюць рэчаіснасці.

Ананімныя звароты не падлягаюць разгляду, калі яны не ўтрымліваюць звестак аб злачынстве, якое рыхтуецца, здзяйсняецца або было здзейснена.

У выпадку калі электронныя звароты аналагічнага зместу паступаюць ад розных заяўнікаў і носяць масавы характар (больш за дзесяць зваротаў), адказы на такія звароты могуць размяшчацца на інтэрнэт-партале сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі без накіравання адказаў (паведамленняў) заяўнікам. Рашэнне аб гэтым прымае старшыня суда ці асоба, упаўнаважаная ім падпісваць ва ўстаноўленым парадку адказы на звароты.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык