Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

АБУШКЕВІЧ Карп Мікалаевіч

Нарадзіўся 13 лістапада 1902 г. у сям’і селяніна ў в. Старая Мілеўка Магілёўскага раёна.

Да 1924 г. пражываў у вёсцы, зімой вучыўся, а летам займаўся сельскай гаспадаркай, два гады служыў батраком у заможных сялян. У 1924 г. скончыў Грудзінаўскую школу ІІ ступені (Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці) і летам таго ж года быў выбраны сакратаром Слабодскага сельсавета. У 1925 г. быў выбраны Старшынёй Сідаровіцкага спажывецкага таварыства.

З чэрвеня па лістапад 1926 г. – сакратар Лупалаўскага райвыканкама Магілёўскай вобласці.

З лістапада 1926 г. па люты 1927 г. – народны суддзя Лупалаўскага раёна. З лютага 1927 г. па студзень 1928 г. – народны суддзя Магілёва.

З лютага па жнівень 1928 г. вучыўся на юрыдычных курсах пры НКЮ БССР у г. Мінску. З верасня 1928 г. па студзень 1930 г. – старшы народны суддзя Магілёва. Са студзеня 1930 г. па жнівень 1931 г. – народны суддзя Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Са жніўня 1931 г. па кастрычнік 1933 г. – народны суддзя г. Сянно Віцебскай вобласці.

З лістапада 1933 г. па сакавік 1936 г. – член Вярхоўнага Суда БССР.

У 1936 –1940 гг. – студэнт завочнага аддзялення Мінскага юрыдычнага інстытута.

З сакавіка 1936 г. па красавік 1937 г. – старшыня крымінальна-касацыйнай калегіі Вярхоўнага Суда БССР, з красавіка 1937 г. па чэрвень 1938 г. – намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда БССР. З чэрвеня 1938 г. па лістапад 1938 г. – выконваючы абавязкі Старшыні Вярхоўнага Суда БССР.

Са снежня 1938 г. па верасень 1940 г. – начальнік Упраўлення судовых органаў НКЮ БССР.

З кастрычніка 1940 г. па ліпень 1941 г. – член Вярхоўнага Суда БССР.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны працаваў на наступных пасадах: з ліпеня па жнівень 1941 г. – намеснік Старшыні Ваеннага трыбунала 21 стралковага корпуса 21 арміі; са жніўня 1941 г. па ліпень 1942 г. – член Ваеннага трыбунала Бранскага фронту; з ліпеня 1942 г. па красавік 1944 г. – інспектар-рэвізор Галоўнага ўпраўлення ваенных трыбуналаў Чырвонай Арміі і Ваенна-марскога флоту Масквы; з красавіка 1944 г. па лістапад 1945 г. – член Ваеннага трыбунала Чарнаморскага флоту.

З лістапада 1945 г. па сакавік 1947 г. – член Вярхоўнага Суда БССР.

22 сакавіка 1947 г. прызначаны намеснікам Старшыні Вярхоўнага Суда БССР і старшынёй судовай калегіі па крымінальных справах. Па стане здароўя з 27 чэрвеня 1962 г. быў вызвалены ад пасады намесніка Старшыні і выбраны членам Вярхоўнага Суда БССР. З кастрычніка 1965 г. – персанальны пенсіянер саюзнага значэння.

У 1951 г. прымаў удзел у Кангрэсе Міжнароднай Асацыяцыі юрыстаў- дэмакратаў у г. Берліне, дзе быў выбраны членам Савета МАЮД. У студзені 1945 г. прымаў удзел у Міжнароднай канферэнцыі юрыстаў-дэмакратаў у Вене, а ў чэрвені 1954 г. – у пасяджэнні Савета МАЮД у Лейпцыгу. У 1954 г. і 1955 г. двойчы прымаў удзел у рабоце сесій ААН у Нью-Ёрку, з’яўляючыся членам Беларускай дэлегацыі. У 1956 г. удзельнічаў у рабоце Кангрэса ў Жэневе па барацьбе з рабствам.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і “Знак Пашаны”, медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, іншымі медалямі і ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

 

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі