Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

БОНДАР Аляксей Георгіевіч

Нарадзіўся 2 кастрычніка 1908 года ў вёсцы Касцяшы Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і селяніна.

Сваю працоўную дзейнасць пачаў у 1929 г. на сялянскай гаспадарцы бацькоў і сезонную – на лесараспрацоўках у в. Касцяшы. У 1929–1930 гг. працаваў загадчыкам ляснога склада.

У 1927 годзе ўступіў у члены УЛКСМ і з 1928 г. па 1930 г. быў сакратаром пярвічнай камсамольскай арганізацыі. У 1929 г. быў прыняты кандыдатам у члены, а ў 1930 г. – членам КПСС.

З 1930 па 1932 год служыў у РСЧА – курсант школы, малодшы камандзір, намеснік палітрука школы асобнага сапёрнага батальёна 4 стралковага корпуса. Пасля дэмабілізацыі ў 1932 г. паступіў у Мінскі юрыдычны інстытут, які скончыў у 1935 годзе.

Пасля заканчэння інстытута ў 1935–1937 гг. працаваў памочнікам пракурора г. Мінска, у 1938–1939 гг. – пракурорам Мінска.

З 1939 па 1941 гг. – пракурор Мінскай вобласці.

Быў кандыдатам у члены бюро Мінскага абкама КПБ і дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных.

У гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1942 гг.) па заданні ЦК КПБ знаходзіўся ў тыле ворага, з’яўляючыся членам Мінскага падпольнага абкама КПБ, намеснікам камандзіра злучэння па разведцы Мінскай, Палескай і Бабруйскай абласцей.

6 кастрычніка 1941 г. быў цяжка паранены. У кастрычніку 1942 г., калі была наладжана авіясувязь, быў перавезены ў Маскву на лячэнне ў Крамлёўскай бальніцы. Пасля папраўкі ў жніўні 1943 г. быў накіраваны Цэнтральным штабам партызанскага руху ў штаб Бранскага фронту Упаўнаважаным па каардынацыі дзеянняў партызан з часцямі Савецкай Арміі, дзе і прабыў да лютага 1944 г.

У лютым 1944 года адкліканы з фронту і прызначаны Старшынёй Вярхоўнага Суда БССР.

У 1945 годзе выбраны сакратаром Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

У 1949 –1967 гг. працаваў Пракурорам Беларускай ССР.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР трох скліканняў (1950 г., 1954 г., 1958 г.); дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР другога, трэцяга, шостага і сёмага скліканняў (1947 г., 1951 г., 1963 г., 1967 г.).

У 1946 г. удзельнічаў у якасці дэлегата ад БССР у рабоце мірнай канферэнцыі ў Парыжы, у 1956 г. – у якасці члена дэлегацыі юрыстаў СССР наведаў КНДР, у 1957 г. – член парламенцкай дэлегацыі СССР у Пакістане, у 1960 г. – член дэлегацыі юрыстаў СССР на сусветным кангрэсе юрыстаў у Лондане, у 1964 г. удзельнічаў у якасці дэлегата ў кангрэсе юрыстаў у Швецыі.

Са жніўня 1967 г. па люты 1984 г. працаваў на пасадзе Старшыні Вярхоўнага Суда БССР.

За заслугі перад Радзімай Бондар А. Г. узнагароджаны ордэнамі: Леніна (1949 г.), Чырвонай Зоркі (1942 г.), Чырвонага Сцяга (1943 г.), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1954 г.), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967 г.), Кастрычніцкай рэвалюцыі (17 красавіка 1974 г.), Дружбы народаў (1978 г.); медалямі: “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” 2 ступені, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, “За доблесную працу”, “У азнаменаванне 100-годдзя са дня нараджэння У. І. Леніна”, “Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” і 2 ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

У 1968 годзе прысвоена ганаровае званне “Заслужаны юрыст БССР” (Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 18.12.1968 г.).

 

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі