Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

БОЛДЫРАЎ Яўген Піліпавіч

Нарадзіўся 13 лістапада 1897 года ў сям’і чыгуначніка ў г. Дзвінску Віцебскай губерні. Па нацыянальнасці беларус.

У 1914–1915 гг. працаваў канторшчыкам на ст. Дзвінск Паўночна-Заходняй чыгункі, ў 1916 г. – слесарам чыгуначных майстэрняў у Ленінградзе.

У 1916–1918 гг. – радавы пісар 285 Пяхотнага стралковага палка г. Нарвы. З 1918 па 1923 гг. справавод, сакратар і начальнік мабілізацыйнага аддзела гарадскога павятовага ваенкамата Гарадка Віцебскай вобласці.

У 1923–1924 гг. працаваў інспектарам райміліцыі ў Гарадку, у 1924–1925 гг. – памочнікам начальніка райаддзялення міліцыі ў м. Бешанковічы, у 1925–1926 гг. – начальнікам райаддзялення міліцыі ў м. Мяжа Віцебскай вобласці.

З 1926 г. па 1929 г. працаваў народным суддзёй Езярышчанскага раёна, у 1929–1930 гг. – нарсуддзёй Межынскага раёна, у 1930–1934 гг. – нарсуддзёй Суражскага раёна Віцебскай вобласці.

1935 –1939 гг. – вучыўся ў Мінскім юрыдычным інстытуце. У 1927 г. уступіў у члены КПСС.

З 1934 г. член Вярхоўнага Суда БССР, старшыня судовай калегіі па крымінальных справах, з 1939 г. нам. Старшыні Вярхоўнага Суда БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны са жніўня 1941 г. па сакавік 1942 г. працаваў Старшынёй Ваеннага трыбунала 283 Гомельскай стралковай дывізіі, з сакавіка па верасень 1942 г. – Старшынёй Ваеннага трыбунала 6 гвардзейскай стралковай дывізіі, з верасня па сакавік 1943 г. – членам калегіі Ваеннага трыбунала Бранскага фронту, з сакавіка 1943 г. па снежань 1943 г. – Старшынёй Ваеннага трыбунала 48 арміі.

У 1948 –1951 гг. праходзіў трохгадовыя тэарэтычныя курсы пры ЦК партыі Беларускага ўніверсітэта марксізму-ленінізму.

У снежні 1943 г. прызначаны намеснікам Старшыні Вярхоўнага Суда БССР, а 25 мая 1945 г. выбраны Старшынёй Вярхоўнага Суда БССР і на гэтай пасадзе працаваў да сакавіка 1957 г.

З 16 сакавіка 1957 г. пачаў выконваць абавязкі члена Вярхоўнага Суда БССР. У сувязі з выхадам на пенсію з 15 красавіка 1959 г. вызвалены ад абавязкаў члена Вярхоўнага Суда БССР.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”; медалямі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, “За доблесную працу ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.”; Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

У 1947 г. і 1951 г. выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, у 1952 г. – членам рэвізійнай Камісіі ЦК КПБ.

Быў персанальным пенсіянерам саюзнага значэння. Памёр 21 лістапада 1964 года.

 

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі