Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

ОСІПАВА Марыя Барысаўна (27.12.1908 – 5.02.1999)

Савецкая антыфашыстка-падпольшчыца. Арганізатар і кіраўнік адной з першых падпольных арганізацый у часова акупіраваным нямецка-фашысцкімі войскамі Мінску. Адна з арганізатараў ліквідацыі генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Герой Савецкага Саюза (1943).

Марыя Барысаўна Осіпава (народжаная Сакаўцова) паходзіць з сям’і рабочых мясцовага шклянога завода Барыса Цітавіча і Агаф’і Іванаўны Сакаўцовых. Беларуска. З 13 гадоў працавала на шкляным заводзе ў пасёлку Дрэтунь. Вяла актыўную грамадска-палітычную працу. Была старшынёй раённай арганізацыі піянераў. У 1924 годзе яе абралі дэлегатам 6-га з’езда РКСМ, на якім яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Якавам Осіпавым. У 1933 годзе Марыя Барысаўна з сям’ёй пераехала ў Мінск і паступіла ў Вышэйшую сельскагаспадарчую партыйную школу імя У. І. Леніна, якую паспяхова закончыла ў 1935 годзе. У 1940 годзе яна закончыла Мінскі юрыдычны інстытут. Член ВКП(б) з 23 ліпеня 1928 г., у час вучобы ў інстытуце Марыя Барысаўна была сакратаром яго партыйнага камітэта. Пасля заканчэння інстытута яна была накіравана на працу ў Вярхоўны Суд Беларускай ССР.

У першыя дні акупацыі Мінска нямецка-фашысцкімі войскамі Марыя Барысаўна сумесна з выкладчыкам Мінскага юрыдычнага інстытута А. А. Сакаловай у інтэрнаце інстытута арганізавала адну з першых падпольных антыфашысцкіх груп. Апагеем падпольнай работы М. Б. Осіпавай стаў яе ўдзел у аперацыі «Адплата», у ходзе якой быў ліквідаваны генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ, адказны за гібель велізарнай колькасці мірных жыхароў. 20 верасня 1943 года з рызыкай для жыцця М. Б. Осіпава даставіла ў Мінск з партызанскага атрада міну з хімічным узрывальнікам. Выбухам гэтай міны, закладзенай пад матрац ложка ў спальні Кубэ, ноччу 22 верасня 1943 года генеральны камісар быў забіты.

29 кастрычніка 1943 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Марыі Осіпавай і яшчэ дзвюм удзельніцам аперацыі было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза.

Пасля вызвалення Беларусі Чырвонай Арміяй Марыя Барысаўна вярнулася ў Мінск і актыўна ўдзельнічала ў аднаўленні разбуранага вайной горада. Затым працавала ў апараце Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР В. І. Казлова, узначальвала аддзел па памілаванні пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Беларусі, была членам Вярхоўнага Суда Беларускай ССР, членам рэспубліканскага Камітэта абароны міру. У 1947–1963 гадах яна выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 2 – 5-га скліканняў. Немалаважная заслуга М. Б. Осіпавай і ў рэабілітацыі членаў мінскага падполля, абвінавачаных у супрацоўніцтве з фашысцкімі акупантамі. Марыя Барысаўна паручылася больш чым за тры сотні ўдзельнікаў антыфашысцкага руху. Пасля выхаду на пенсію яна займалася патрыятычным выхаваннем моладзі, удзельнічала ў ветэранскім руху. 5 лютага 1999 года Марыя Барысаўна памерла. Пахаваная ў Мінску на Усходніх (Маскоўскіх) могілках.

Матэрыял Вікіпедыі

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі