Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Інтэрв'ю Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь выданню «СБ Беларусь сегодня»

11 чэрвеня 2020  9287

Валянцін Сукала – аб новай сістэме правасуддзя

Справядлівы суд

Судовая ўлада — надзвычай важная састаўная частка дзяржавы. Аднак чаму ў Беларусі стваралі абсалютна новую сістэму правасуддзя? Як за чвэрць стагоддзя мяняўся судовы лад, судаводства краіны і ад якіх, здавалася б, перадавых ідэй у 1990-я прыйшлося адмовіцца? Аб гэтым і не толькі мы папрасілі расказаць Старшыню Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалу.

Фота Аляксандра Кушнера ("СБ Беларусь сегодня")

Валянцін Алегавіч, што гэта быў за час, калі вы вырашылі стаць суддзёй, і чаму выбралі гэту прафесію?

— Не скажу, што гэта мара дзяцінства. Я з рабочай сям’і, з 15 гадоў працаваў токарам на заводзе. Рос у рабочым пасёлку (тады ўскраіна Мінска), у якім была няпростая крымінагенная абстаноўка... Я заўсёды многа чытаў, гэта заўважылі і ў арміі, камандзіры казалі, што мне трэба атрымліваць вышэйшую адукацыю. І вось пасля падрыхтоўчых курсаў для ваеннаслужачых я паступіў на юрыдычны факультэт БДУ, з адзнакай закончыў яго ў 1968 годзе. Чаму стаў менавіта суддзёй, а не пракурорам, следчым або аператыўнікам? Мне здавалася, што гэта прафесія — прыняцце канчатковага рашэння – найбольш значная для юрыста. А спасцігаць яе на практыцы пачаў ужо на чацвёртым курсе, калі людзі выбралі мяне старшынёй суда і суддзёй Мядзельскага раёна. Так, тады суддзю выбіралі. Я ездзіў на сустрэчы з насельніцтвам, адказваў на пытанні пра вучобу, сям’ю, маладосць, пра тое, чаму мінчанін і выдатнік едзе ў сельскую мясцовасць.


Я быў адзіным суддзёй на ўвесь раён, і спытаць што-небудзь у прафесійным плане не было ў каго. Да таго ж тады ва ўніверсітэтах не вучылі ні судовай этыцы, ні псіхалогіі, ні таму, як вырашаць судовыя канфлікты, весці сам працэс у сельскай мясцовасці. Так што ўсяму гэтаму вучыўся сам. З часам пабудавалі і новы будынак суда, стары — маленькая драўляная хата з характэрнымі ўмовамі ўтрымання пад вартай, вядзення працэсу. У той час, дарэчы, і мантыі не было, і патрабаванні да засядацеляў былі больш простымі.  
 

Праз 4 гады я быў выбраны суддзёй Мінскага абласнога суда. Гэта сур’ёзнае павышэнне. Пайшлі больш складаныя крымінальныя справы, я спецыялізаваўся на шматэпізодных працэсах. Першая справа, памятаю, была аб серыі крадзяжоў з крам гаспадарчых тавараў: 23 абвінавачаныя, мноства эпізодаў, што перасякаюцца паміж сабой у розных варыянтах. Праз яшчэ 4 гады мне прапанавалі пасаду старшыні Мінаблсуда. Гэта было нечакана, мне ж было толькі 32 гады.

«Задача Вярхоўнага Суда — зрабіць так, каб айчынная судовая сістэма адказвала найлепшым стандартам правасуддзя. Карысталася аўтарытэтам у юрыдычнай супольнасці як нашай краіны, так і за мяжой. Такі падыход будзе ў значнай меры садзейнічаць развіццю інавацыйных тэхналогій, прыцягненню замежных інвестыцый, павышэнню канкурэнтаздольнасці эканомікі», — падкрэсліў Прэзідэнт на нарадзе з судзейскім корпусам 5 красавіка 2019 года.

— Валянцін Алегавіч, вы адзін з тых людзей, якія стваралі нацыянальную судовую сістэму і праводзілі рэформы органаў судовай улады. Як выбудоўвалася гэта работа?

- Да распаду Савецкага Саюза я працаваў у Маскве першым намеснікам Старшыні Вярхоўнага Суда СССР. Той вопыт прымяніў пры фарміраванні новай нацыянальнай мадэлі правасуддзя беларускай суверэннай дзяржавы. Тады перад маладой краінай паўстала пытанне: якой будзе судовая сістэма і як яе будаваць? Савецкая ж мадэль нам не падыходзіла. Дык вось, у 1992 годзе прынялі першую канцэпцыю судова-прававой рэформы. Яна была цікавай, але ў многім апярэджвала свой час і з’яўлялася цяжкавыканальнай. Калі ў 1997-м я ўзначаліў Вярхоўны Суд, то ўбачыў, што канцэпцыя, па сутнасці, не працуе. Сталі аналізаваць. Ну, скажам, што такое стварыць з трохзвённай судовай сістэмы, якая тады існавала, новую чатырохзвённую, якая не супадала з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам краіны? Гэта стварэнне новых судовых акруг, міжраённых судоў, шматлікія кадравыя рашэнні, будаўніцтва… Або прапанаваны канцэпцыяй суд прысяжных. Як забяспечыць судовую калегію прысяжных з 7 – 9 чалавек, калі мы не маглі забяспечыць яўку нават 2 народных засядацеляў? Людзі не рваліся выконваць гэту функцыю. Ды і сам суд прысяжных — не самая ўдалая і якасная форма правасуддзя. Наогул, як практык, я бачыў, што правасуддзе трэба пераводзіць на новыя рэйкі, пры гэтым не спыняючы яго ні на дзень.  

Тады Кіраўнік дзяржавы вельмі мудра сказаў: «Давайце паслухаем практычных работнікаў». Склікалі першы з’езд суддзяў, дзе і вызначыліся з будучай нацыянальнай мадэллю правасуддзя. Мы сыходзілі з праблем. Правасуддзе задыхалася ад перагружанасці, напрыклад, бясспрэчнымі справамі (недзе нават дробнымі), самі судовыя працэдуры былі вельмі складанымі, забюракратызаванымі і забіралі шмат часу, было многа паператворчасці. Патрабавалася знізіць нагрузку, у той час на аднаго суддзю прыходзілася больш за 100 спраў у месяц, цяпер 65 – 70. Патрабавала спрашчэння і сама працэдура судаводства, якая ў многім адстала ў часе. Прапаноўвалася таксама стварыць завочнае судаводства, загаднае, перадаць рад пытанняў пад юрысдыкцыю іншых органаў. Яшчэ трэба было вырашыць, як развіваць апеляцыю і якім будзе правасуддзе, прафесійным і аднаасобным ці калегіяльным і з удзелам засядацеляў. Пытанняў было многа.

В.Сукала: «Вяршыць правасуддзе павінны самыя моцныя юрысты, якія да таго ж павінны быць публічнымі, умець хутка прымаць узважанае рашэнне, вырашаць канфлікты. Яшчэ патрабаванне — бездакорнасць з пункта погляду маральных паводзін, прытрымліванне закона заўсёды і паўсюль».

— Якія б вы вылучылі асноўныя этапы пабудовы беларускай мадэлі правасуддзя?


— Першым я б назваў перыяд прыняцця ў 2002 годзе новай канцэпцыі і рада адпаведных нарматыўных актаў. Менавіта тады судовая сістэма атрымала новы глыток паветра. Адсюль і аператыўнасць, і зусім іншая якасць правасуддзя. Другі этап — рэалізацыя прынятага ў 2010-м Паслання Прэзідэнта аб далейшай перспектыве развіцця судоў агульнай юрысдыкцыі. Трэці — аб’яднанне ў канцы 2013-га агульных і эканамічных судоў у адну цэнтралізаваную судовую сістэму, перадача функцый судовага адміністравання і забеспячэння ад Міністэрства юстыцыі судовым органам. Гэта вельмі важна: судовая ўлада адышла ад двайнога падпарадкавання, стала цалкам незалежнай. З’явіўся свой бюджэт, якім мы маглі рацыянальна распараджацца. Штогод пачалі будаваць 5 — 6 будынкаў судоў, капітальна рамантаваць 18 — 20. Я ўжо не кажу аб нядаўнім узвядзенні будынка Вярхоўнага Суда, які як бы падкрэслівае цяперашні стан усёй судовай сістэмы.

У адрозненне ад многіх краін постсавецкай прасторы мы былі вельмі няспешныя, узважаныя і асцярожныя ў правядзенні судовых пераўтварэнняў, таму што разумелі: памыліцца небяспечна. І як паказала жыццё, мы былі дастаткова рацыянальныя, эфектыўныя ў сваіх рэформах. Пры гэтым наш вопыт цікавы іншым краінам. Можа быць, мы сціплыя і не вельмі гэта афішыравалі, без лішняга шуму рабілі тое, што патрабавалася. Дарэчы, паводле апошняга сусветнага рэйтынгу вяршэнства права, беларуская сістэма правасуддзя лідзіруе на постсавецкай прасторы. Аднак заўсёды неабходна рухацца далей.

— Якраз пра гэта, калі не памыляюся, ішла размова год таму на нарадзе Кіраўніка дзяржавы з судзейскім корпусам?  

— Так, і па выніках сустрэчы была сфарміраваная нацыянальная праграма ўдасканалення сістэмы правасуддзя на бліжэйшую пяцігодку. Напрыклад, мы перайшлі на апеляцыйнае судаводства ў крымінальным і грамадзянскім правасуддзі, эканамічным, па сутнасці, проста пераўтварыўшы дзеючыя абласныя суды ў апеляцыйныя і не атрымаўшы ніводнай дадатковай адзінкі. Такога не было нідзе на постсавецкай прасторы. У сваіх рэформах мы выбралі шлях разумнай працэсуальнай эканоміі.

— Ці можна гаварыць, што і судовыя памылкі ў краіне зведзены да мінімуму?

— Правільна. Напрыклад, сёння не так многа абскарджваецца судовых рашэнняў. З каля 700 тысяч спраў рознай катэгорыі, якія штогод разглядаюцца ў краіне, у вышэйстаячую інстанцыю падаецца скарга ўсяго на каля 20 працэнтаў рашэнняў. Мне здаецца, гэта сведчыць і аб даверы да суда. Ёсць сацапытанні, прамыя тэлефонныя лініі, мы аналізуем усе звароты, якія да нас паступаюць, абскарджанне вердыктаў, колькасць наведванняў у судовыя ўстановы, канкрэтныя справы. Імкнёмся ад суддзяў усіх узроўняў дамагчыся разумення таго, што давер пачынаецца ўнізе, нават з таго, як сустрэнуць чалавека, выслухаюць, растлумачаць і гэтак далей.
Мы арыентуем суддзяў на тое, каб правасуддзе было больш зразумелым людзям, трэба шукаць такія рашэнні, якія грамадства ўспрымае як справядлівыя, разумныя, узважаныя. Суддзі — выканаўцы законаў і абавязаны працаваць у межах вызначаных санкцый. Цяпер мы ўсё робім для таго, каб звесці да мінімуму колькасць людзей у месцах пазбаўлення волі. Пазбаўленне волі ў структуры крымінальнага пакарання складае ў дарослых асуджаных 22 працэнты, а ў непаўналетніх толькі 10 працэнтаў.  

Мы павінны адаптаваць практыку вызначэння пакаранняў, заканадаўства да рэальных магчымасцей і да таго, што адбываецца ў грамадстве. Калі ў Беларусі ў апошнія 10 гадоў адзначаецца паляпшэнне крымінагеннай сітуацыі і ўзровень злачыннасці зніжаецца, то можна плаўна змякчаць санкцыі. Вось часта гавораць быццам бы аб вялізнай колькасці непаўналетніх у калоніях, на самай справе іх 140 чалавек. Згодна з міжнароднымі нормамі, гэта нармальная сітуацыя. Так што беларускі суд далёка не самы суровы. У той жа час мы павінны ўлічваць агульную крымінагенную карціну і прызнаць, што ў краіне высокі ўзровень рэцыдыўнай злачыннасці — больш за 30 працэнтаў. Гэта ўлічваецца пры вызначэнні пакарання тым, хто ўжо быў судзімы.

— Відэапратаколы, адзіная база судовых рашэнняў і іншыя новаўвядзенні аказаліся не такой ужо і далёкай перспектывай. Якія задачы яшчэ не вырашаныя? 

— Якраз аб гэтым многа было сказана на адкрыцці Прэзідэнтам новага будынка Вярхоўнага Суда. Дарэчы, сам будынак з яго ўнікальнымі тэхнічнымі магчымасцямі падштурхнуў нас да таго, што такімі сучаснымі павінны быць усе суды. Мы ўжо выкарыстоўваем найноўшыя тэхналогіі, напрыклад, для апавяшчэння бакоў, дапытваем па відэасувязі сведкаў і абвінавачаных. Цяпер працуем над тым, каб аналагічным чынам заслухоўваць людзей у следчых ізалятарах у апеляцыйным судаводстве. Таксама стварае электронны банк даных і аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму судоў, якая дазволіць з Вярхоўнага Суда адсочваць абсалютна любую справу, што разглядаецца любым судом. Гэта ўнікальная магчымасць, аднак абноўленая сістэма і ад судоў патрабуе новага ўзроўню падрыхтаванасці. 

— Якая сітуацыя з судзейскімі кадрамі?

— Якасны склад судзейскага корпуса — адна з галоўных задач, якую нам даводзіцца рашаць. Мяркуецца і так склалася гістарычна, што суддзя — гэта лепшы юрыст у сваім рэгіёне, бо менавіта ён выносіць канчатковы вердыкт. Ён завяршае працу следчага, пракурора, адваката. Так лічаць ва ўсіх краінах. Атрымліваецца, што вяршыць правасуддзе павінны самыя моцныя юрысты, якія да таго ж павінны быць публічнымі персонамі, умець хутка прымаць узважанае рашэнне, вырашаць канфлікты. Яшчэ патрабаванне — бездакорнасць з пункту гледжання маральных паводзін, прытрымліванне закона заўсёды і паўсюль. На жаль, далёка не ўсе юрысты  адпавядаюць гэтым патрабаванням. У апошні час была шырока развітая камерцыйная юрыдычная адукацыя, дзе пры гэтым не было сур’ёзнага адбору. Часта яна проста пераўтваралася ў платную паслугу без адпаведнай якасці выніку. Запрашаць на працу такіх людзей мы не маглі па аб’ектыўных прычынах. 

Да таго ж стаць суддзёй не асабліва імкнуцца, не ўсе гатовыя браць на сябе адказнасць, прытрымлівацца абмежаванняў. З кожным годам усё складаней падбіраць спецыялістаў, таму мы распрацавалі рад рэкамендацый па паляпшэнні якасці адукацыі, прынялі меры па павышэнні якасці адбору кандыдатаў у суддзі плюс абавязковае для іх праходжанне псіхалагічнага тэсціравання. Людзі ж хочуць бачыць у суддзі не проста юрыста, а чалавека з добрай базавай падрыхтоўкай, з веданнем сучасных тэхналогій, з шырокім кругаглядам, панарамным мысленнем, інтэлектуала. Такіх людзей мы шукаем. Разам з тым стараемся падняць прэстыж прафесіі, зрабіць яе больш прывабнай.

— Асобная тэма — нарказлачыннасць. Якой, на ваш погляд, павінна быць ідэальная антынаркатычная кампанія ў краіне?

 — Сёння, гаворачы аб злачынствах, звязаных з наркотыкамі, сваякі абвінавачаных і СМІ часта спрашчаюць сітуацыю: маўляў, ну што тут такога, давайце неяк змякчаць адказнасць. Але яны недаацэньваюць небяспеку, размова ж ідзе не толькі аб канкрэтных лёсах, але і аб генафондзе нацыі. Нарказлачыннасць падрывае аснову маладога пакалення ў кожнай краіне. Не выпадкова ж у радзе краін за гэтыя злачынствы прадугледжана самае суровае пакаранне — смяротная кара. Ды і сама нарказлачыннасць добра арганізаваная, у яе ўцягнуты многія людзі. З ёй даволі складана змагацца. Дык вось, неадкладныя меры па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў спынілі вал такіх злачынстваў, з удзелам непаўналетніх — у пяць разоў. І цяпер заканадаўства прыведзена ў адпаведнасць з агульнай крымінагеннай сітуацыяй у гэтай частцы. Яно дазваляе дастаткова эфектыўна знаходзіць разумнае, узважанае і справядлівае пакаранне. Апошнім часам наогул адзначаецца гуманізацыя крымінальнага заканадаўства. У сувязі з гэтым адбываюцца змены і ў судовай практыцы.

— Цікавіць ваша меркаванне: у краіне так шмат зроблена для барацьбы з карупцыяй, што яшчэ неабходна ажыццявіць? Ці атрымалася знізіць карупцыйную рызыку ў самой судовай сістэме?

— Калі ўзяць, напрыклад, атрыманне хабару дзяржслужачымі, то такіх злачынстваў за апошнія тры гады стала амаль удвая болей. І тут ёсць небяспечныя тэндэнцыі, якія да канца не ўлічваюцца. Мае калегі часта звязваюць гэты рост з актывізацыяй работы па выяўленні такіх выпадкаў. Можа, і так, аднак я бачу і недастатковасць прафілактыкі, немагчымасць устанавіць прычыны негатыўнай з’явы і знайсці той комплекс мер, які спыніць рост такіх злачынстваў, саму ідэю карумпіраванасці, у першую чаргу чыноўнікаў. Мне здаецца, што неабходна праводзіць крыміналагічныя даследаванні, часцей абагульняць практыку — судовую, следчую, пракурорскую. Магчыма, справа ў псіхалогіі… Гэта значыць праблему трэба вывучаць, і тут юрыдычная навука ў даўгу перад намі. Недапрацоўваем і ў інфармацыйным плане. Гэта праблематыка павінна асвятляцца кваліфікавана, а часта ў СМІ і сацсетках тэма гучыць без асуджэння, паблажліва і з жалем. Але ж чалавек разумеў, што здзяйсняе крымінальна каральнае дзеянне.

Што тычыцца карупцыі ў судзейскім корпусе. Суддзі — гэта частка нашага грамадства, людзі, якія працуюць ва ўмовах асаблівай карупцыйнай рызыкі. Кожны дзень суды выносяць 4 з паловай тысячы рашэнняў. За кожным стаяць грамадзяне і некаторыя з іх спрабуюць уплываць на суддзю. За апошнія 5 гадоў у нас асуджаны 4 чалавекі. Гэта адзінкавыя выпадкі, але яны ёсць. Так, у нас многа спосабаў кантролю, і яны, паверце, жорсткія, але, на жаль, цалкам пазбегнуць інцыдэнтаў не атрымліваецца. Мы ўсё робім для таго, каб мінімізаваць іх.

— Валянцін Алегавіч, што будзе вызначаць заўтра беларускага правасуддзя?
 

— Калі абстрагавацца ад прававых тэрмінаў, я б назваў правасуддзе заўтрашняга дня зразумелым грамадству, разумным, выканальным, сучасным з пункта гледжання тэхналагічных магчымасцей. Гэта правасуддзе з чалавечым тварам. Менш канфліктнае, прымірыцельнае, звязанае з медыяцыяй, трацейскімі магчымасцямі. Правасуддзе, якое не асацыіравалася б з нейкімі карнымі функцыямі, а, наадварот, суды ўспрымаліся б людзьмі як месца, дзе абароняць іх правы, рассудзяць па законе і справядлівасці.


У мінулым годзе Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці новага будынка Вярхоўнага Суда і нарадзе па ўдасканаленні дзейнасці сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі. Тады  Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што галоўнымі ў рабоце судоў  павінны быць справядлівыя адносіны да людзей. Пры гэтым у прыняцці рашэнняў суды павінны быць незалежныя ад іншых структур і галін улады. 

«Грамадзяне павінны быць упэўнены, што ў судзе знойдуць абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў. Гэта значыць, іх праблему пачуюць, унікнуць у жыццёвую сітуацыю, прымуць аргументаванае і ўзважанае рашэнне. І вельмі важна, каб чалавеку было зразумела, чаму суд вынес менавіта такое рашэнне», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што суддзям трэба быць свабоднымі пры прыняцці рашэнняў, не азірацца на пракурораў, следчых і мясцовую ўладу, а кіравацца толькі законам.

Гутарыла Людміла Гладкая

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі