Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 226-12-06

+375 (17) 327-12-25

г. Мінск, вул. Леніна, 28

г. Мінск, вул. Валадарскага, 8

Расклад пасяджэнняў

Адбылося першае пасяджэнне Рэспубліканскай канферэнцыі суддзяў

26 кастрычніка 2017

 

25 кастрычніка 2017 года ў Мінску прайшло першае пасяджэнне Рэспубліканскай канферэнцыі суддзяў – новага органа судзейскай супольнасці, які заснаваны Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і статусе суддзяў.

У рабоце першай Рэспубліканскай канферэнцыі суддзяў прынялі ўдзел больш за дзвесце прадстаўнікоў судзейскай супольнасці краіны, сярод якіх суддзі Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, суддзі судоў агульнай юрысдыкцыі ў колькасці па 20 чалавек ад кожнай вобласці, горада Мінска, выбраныя адпаведнымі канферэнцыямі суддзяў абласных (Мінскага гарадскога) судоў і эканамічных судоў абласцей (горада Мінска).

На першым пасяджэнні Рэспубліканскай канферэнцыі суддзяў прыняты яе Рэгламент, утвораны рабочыя органы, выбраны Рэспубліканскі савет суддзяў і яго старшыня, заслуханы даклады і выступленні ўдзельнікаў, зацверджана выніковая Рэзалюцыя.

Старшынёй Рэспубліканскага савета суддзяў выбраны Аляксандр Міхайлавіч Павутаў – суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Выступаючы перад удзельнікамі Канферэнцыі, Аляксандр Павутаў падзякаваў калегам за аказаны давер і коратка акрэсліў асноўныя напрамкі будучай дзейнасці, запэўніўшы, што Савет «прыкладзе максімум намаганняў для таго, каб яго дзейнасць садзейнічала ўмацаванню судовай сістэмы, забеспячэнню канстытуцыйнага прынцыпу незалежнасці суддзяў пры ажыццяўленні правасуддзя».

Сярод найбольш значных напрамкаў работы – далейшае ўдасканаленне заканадаўства па пытаннях, якія тычацца дзейнасці судовай сістэмы і судаводства, разгляд актуальных праблем арганізацыйнага, кадравага, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння дзейнасці судоў і пытанняў прававога, матэрыяльнага і сацыяльнага становішча суддзяў, судовай этыкі, садзейнічанне далейшаму павышэнню прэстыжу прафесіі суддзі, і іншыя, не менш важныя задачы.

Зыходзячы з гэтых напрамкаў на пасяджэнні, якое адбылося ў перапынку работы Канферэнцыі, Рэспубліканскім саветам суддзяў прынятыя рашэнні аб фарміраванні рабочых органаў Савета.

У склад Рэспубліканскага савета суддзяў уваходзяць па пасадзе Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Згодна з часткай першай артыкула 152 Кодэкса аб судовым ладзе і статусе суддзяў Рэспубліканскі савет суддзяў складаецца з секцый Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, судоў агульнай юрысдыкцыі. Саветам утвораны дзве названыя секцыі. У першую ўвайшлі адпаведна суддзі Канстытуцыйнага Суда, у другую – суддзі судоў агульнай юрысдыкцыі.

Старшынёй секцыі Канстытуцыйнага Суда выбраны суддзя Канстытуцыйнага Суда Тадэвуш Валянцінавіч Варановіч. Старшынёй секцыі судоў агульнай юрысдыкцыі – суддзя Вярхоўнага Суда Ігар Генадзьевіч Мільто.

Згодна з часткай другой артыкула 152 Кодэкса аб судовым ладзе і статусе суддзяў Рэспубліканскі савет суддзяў можа ўтвараць пастаянныя і часовыя камісіі, якія з'яўляюцца рабочымі органамі Рэспубліканскага савета суддзяў па асноўных напрамках яго дзейнасці.

Рэспубліканскім саветам прынята рашэнне аб утварэнні 5 пастаянных камісій.

Думку аб значнасці склікання першай Рэспубліканскай канферэнцыі суддзяў у гісторыі беларускага правасуддзя выказаў, выступаючы з дакладам перад удзельнікамі, Старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала:

«Паступальнае развіццё грамадскіх адносін, удасканаленне і ўмацаванне інстытутаў судовай улады абумоўліваюць неабходнасць далейшага эфектыўнага развіцця органаў судзейскай супольнасці. Заканадаўствам гэтым органам адведзена высокая роля прадстаўляць пазіцыю і інтарэсы ўсіх суддзяў. Яны закліканы садзейнічаць забеспячэнню самастойнасці і незалежнасці судовай улады, удасканаленню судовай сістэмы і судаводства. З гэтымі мэтамі ўпершыню склікана Рэспубліканская канферэнцыя суддзяў, якая назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю айчыннага правасуддзя як значная падзея для судовай сістэмы нашай краіны».

«Сённяшняе маштабнае мерапрыемства павінна паслужыць імпульсам для актывізацыі дзейнасці ўсіх органаў судзейскай супольнасці, – сказаў Сукала. – Пры гэтым шырокае прадстаўніцтва на канферэнцыі судзейскага корпуса нашай краіны дазваляе забяспечыць адзінства і ўлік інтарэсаў усіх узроўняў і звёнаў судовай сістэмы».

Рэспубліканская канферэнцыя суддзяў як орган судзейскай супольнасці раней не ўзгадвалася ў заканадаўстве. Яе прававы статус, задачы і кампетэнцыя вызначаны новай рэдакцыяй Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і статусе суддзяў, прынятай у канцы мінулага года.

«Утварэнне гэтага органа стала магчымым у тым ліку ў выніку паспяхова праведзенага маштабнага ўдасканалення судовай сістэмы. Яго станоўчыя вынікі мы адчуваем ужо сёння, і гэта пацвярджае правільнасць выбранай стратэгіі судова-прававой рэформы», – падкрэсліў кіраўнік беларускай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі.

Валянцін Сукала таксама адзначыў асноўныя задачы па ўдасканаленні судовай сістэмы на сучасным этапе, сярод якіх: забеспячэнне аператыўнасці аднаўлення судамі парушаных правоў і рэалізацыі канстытуцыйнага права на судовую абарону; найстражэйшае захаванне прынцыпаў законнасці і прэзумпцыі невінаватасці; далейшая ўніфікацыя судовых працэдур і збліжэнне працэсуальных норм у сферы грамадзянскага і эканамічнага правасуддзя; максімальнае заканадаўчае і арганізацыйнае спрашчэнне судовага працэсу па справах усіх катэгорый і дэбюракратызацыя судовых працэдур; поступовы пераход з папяровага на электронны дакументаабарот; комплекснае ўкараненне медыяцыі і прымірыцельных працэдур ва ўсіх відах судаводства, пашырэнне падстаў для магчымага спынення судовых спраў, разумная гуманізацыя крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.

Так, гаворачы аб неабходнасці разумнай гуманізацыі крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, Валянцін Сукала адзначыў: «Ва ўмовах дастаткова спакойнай крымінагеннай сітуацыі і правапарадку ў краіне ў нас ёсць рэальныя магчымасці для фарміравання судовай практыкі ў духу прымірыцельнага і аднаўленчага правасуддзя. Неабходна больш шырока прызначаць меры пакарання, альтэрнатыўныя пазбаўленню волі, што павінна спалучацца з актыўным прымяненнем штрафных санкцый пры добраахвотным пакрыцці ўрону або дзейным раскаянні.

У судоў таксама ёсць немалы заканадаўчы рэзерв для спынення спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях па розных падставах ці вяртання іх іншым органам пры наяўнасці альтэрнатыўнай падведамнасці.

Меры, якія прымаюцца да вінаватых асоб, павінны быць суразмерныя дапушчаным парушэнням, у сферы бізнесу і прадпрымальніцтва ўлічваць разумную абгрунтаваную дзелавую рызыку, стымуляваць добраахвотную ліквідацыю наступстваў і пакрыццё шкоды пацярпелым».

Старшыня Вярхоўнага Суда азнаёміў удзельнікаў Рэспубліканскай канферэнцыі суддзяў з вынікамі, дасягнутымі ў сферы паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнага і інфармацыйнага забеспячэння судоў і органаў судзейскай супольнасці, адзначыўшы, што сёння актыўна ажыццяўляецца будаўніцтва новых будынкаў, капітальны і бягучы рамонты, абнаўляецца аснашчэнне судоў камп'ютарнай і іншай тэхнікай, працягваецца стварэнне адзінай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі і мадэрнізацыя інтэрнэт-партала судоў агульнай юрысдыкцыі.

Сукала падкрэсліў, што ў рэалізацыі названых напрамкаў павышэння эфектыўнасці судовай дзейнасці значную ролю павінны адыграць менавіта органы судзейскай супольнасці, якія «…павінны стаць праваднікамі новых ідэй, ініцыятарамі ўкаранення перадавых форм і метадаў работы. Неабходна, каб ад органаў судзейскай супольнасці зыходзіла большасць канкрэтных перспектыўных прапаноў па ўдасканаленні судовай сістэмы і судаводства, рэкамендацый і растлумачэнняў па актуальных пытаннях судовай дзейнасці», – рэзюмаваў ён.

У завяршэнні свайго выступлення Старшыня Вярхоўнага Суда яшчэ раз звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўнага выкарыстання патэнцыялу суддзяў, якія ўваходзяць у органы судзейскай супольнасці: «Гэта суддзі, якія маюць багаты практычны вопыт работы, бездакорную рэпутацыю, якія валодаюць сур'ёзнай тэарэтычнай падрыхтоўкай. Таму ўсім органам судзейскай супольнасці і іх структурам варта ўзмацніць аналітычную, метадычную і інфармацыйную работу <…> трэба падключаць органы судзейскай супольнасці да выканання задачы падтрымкі і ўмацавання аўтарытэту судовай улады, <…> заяўляць аб сабе на дзяржаўным узроўні, імкнуцца стаць больш пазнавальнымі і сфарміраваць адносіны да сябе як да раўнапраўных органаў у адносінах да іншых дзяржаўных структур».

Перад удзельнікамі Рэспубліканскай канферэнцыі суддзяў таксама выступіла старшыня Вышэйшай кваліфікацыйнай калегіі суддзяў Вярхоўнага Суда, суддзя Вярхоўнага Суда Алена Мікалаеўна Троска.

Сваё выступленне яна прысвяціла ролі кваліфікацыйных калегій у сучасных умовах праз прызму той работы, якую кваліфікацыйныя калегіі, у тым ліку і Вышэйшая кваліфікацыйная калегія, выконвалі і выконваюць з мэтай падтрымкі высокага прэстыжу судзейскай працы і аўтарытэту судовай улады.

Перш за ўсё, як адзначыла Алена Троска, важным з'яўляецца ўдзел кваліфікацыйных калегій у кадравым забеспячэнні судовай сістэмы:

«Ва ўмовах растучых патрабаванняў прафесійна-дзелавога і маральнага характару, з тым, каб дзяржава і грамадства ў канчатковым выніку атрымалі прафесійных, аб'ектыўных і справядлівых суддзяў, важнае значэнне мае работа кваліфікацыйных калегій пры разглядзе заяў аб залічэнні кандыдатаў у суддзі, паколькі менавіта на гэтай стадыі фактычна фарміруецца будучы судзейскі корпус».

Яна звярнула ўвагу калег-суддзяў на тое, што адпаведнасць кандыдата ўсім фармальным патрабаванням не заўсёды з'яўляецца доказам яго фактычнай гатоўнасці да ажыццяўлення правасуддзя як у арганізацыйным, так і ў працэсуальным ці матэрыяльна-прававым сэнсах:

«Вельмі важна кваліфікацыйнай калегіі «дыягнаставаць» псіхафізіялагічныя, маральна-этычныя рысы характару кандыдата, атрымаць уяўленні аб яго ладзе жыцця, паводзінах у быце. Кандыдат у суддзі павінен валодаць высокай працаздольнасцю, псіхалагічнай устойлівасцю як да крытыкі ў любых яе формах, так і да знешніх праяў гонару. Менавіта члены кваліфікацыйнай калегіі суддзяў у стане з высокай ступенню пэўнасці вызначыць, ці валодае прэтэндэнт на пасаду суддзі судзейскім патэнцыялам, ці можна яму надаць статус «кандыдата ў суддзі». Члены кваліфікацыйных калегій у гэтым выпадку павінны думаць не вузка прагматычна і «працаваць» не толькі юрыстамі, але і быць адначасова псіхолагамі, работнікамі кадравых службаў, экспертамі па рабоце з дакументамі, паколькі рост маштабаў судаводства, пашырэнне катэгорый спраў, ускладненне іх зместу – усё гэта патрабуе беспамылковага камплектавання судзейскага корпуса краіны».

Спынілася Алена Троска і на асвятленні такога важнага напрамку дзейнасці кваліфікацыйных калегій, як ажыццяўленне кваліфікацыйнай атэстацыі суддзяў, звярнуўшы ўвагу на недапушчальнасць фармалізацыі самога працэсу атэстацыі. Таксама старшыня Вышэйшай кваліфікацыйнай калегіі суддзяў расказала аб неабходных адказных адносінах кваліфікацыйных калегій пры ажыццяўленні імі такой няпростай функцыі, як разгляд дысцыплінарнага вядзення.

«Сёння роля кваліфікацыйнай калегіі пры ажыццяўленні гэтай функцыі празмерна адказная, паколькі менавіта гэты орган судзейскай супольнасці з'яўляецца пярвічным пры ацэнцы правіннасці свайго калегі, і менавіта кваліфікацыйная калегія рэкамендуе прыняць канкрэтныя адэкватныя меры да суддзі», – адзначыла Алена Троска.

«Не варта забываць і аб прафілактычнай ролі кваліфікацыйных калегій, – паведаміла Троска. – Прыродзе любой адказнасці ўласціва функцыя прэвенцыі – папярэджання, засцярогі. Таму пры разглядзе дысцыплінарных пытанняў задача любой кваліфікацыйнай калегіі – быць надзвычай справядлівай, каб яе заключэнні ўспрымаліся як пераканаўчы ўрок і сталі інфармацыйным здабыткам калег», – резюмавала яна.

У завяршэнні свайго выступлення Алена Троска звярнула ўвагу на неабходнасць работы органаў судзейскай супольнасці ў шчыльным супрацоўніцтве адзін з адным і пажадала судзейскай супольнасці, а таксама яе органам у асобе кваліфікацыйных калегій суддзяў адказнага выканання сваіх абавязкаў, далейшай канструктыўнай і зладжанай работы, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з Рэспубліканскім саветам суддзяў.

Па выніках пасяджэння зацверджана Рэзалюцыя Рэспубліканскай канферэнцыі суддзяў – першы выніковы дакумент новага органа судзейскай супольнасці.

Рэзалюцыя Рэспубліканскай канферэнцыі суддзяў абавязковая для выканання ўсімі суддзямі і ўтрымлівае практычныя рэкамендацыі па рэалізацыі як агучаных сёння, так і іншых актуальных задач у сферы ўдасканалення працэсу правасуддзя і работы судоў.


ФОТАГАЛЕРЭЯ

 

 

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык