Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Адбылася прэс-канферэнцыя першага намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерыя Леанідавіча Калінковіча, прысвечаная вынікам дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі ў 2019 годзе

12 лютага 2020  4534

12 лютага 2020 года падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры былі агучаны асноўныя вынікі дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі ў 2019 годзе.

Удзельнікам дыялогу з журналістамі стаў першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерый Леанідавіч Калінковіч.

У сваім выступленні Валерый Калінковіч адзначыў, што мінулы год аказаўся для судовай сістэмы знакавым па шэрагу абставін. «Ён азнаменаваў сабой пачатак другой пяцігодкі работы адзінай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі, што мела на ўвазе падвядзенне пэўных вынікаў мінулага этапу развіцця і вызначэнне перспектыў. Сімвалічна, што гэта было зроблена 5 красавіка 2019 на нарадзе па пытаннях удасканалення дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі, якая адбылася пры адкрыцці новага сучаснага будынка Вярхоўнага Суда. Сёння патэнцыял гэтага будынка выкарыстоўваецца практычна па максімуме. Акрамя судовых пасяджэнняў, там рэгулярна праводзяцца не толькі ўнутрысістэмныя мерапрыемствы, але і міжнародныя прававыя канферэнцыі і семінары – каля дзесяці з моманту адкрыцця.

Валерый Калінковіч падрабязна спыніўся на аналізе асноўных напрамкаў далейшага развіцця інстытутаў судовай улады ў нашай краіне, якія былі вызначаны ў тым ліку на ўзроўні даручэнняў Кіраўніка дзяржавы.

Кадры

«Безумоўна, гэта далейшае ўмацаванне кадравага саставу судзейскага корпуса і апарату судоў, прыцягненне туды найбольш дастойных прадстаўнікоў юрыдычнай супольнасці. Для гэтага неабходна глыбокае і ўсебаковае вывучэнне асобы кандыдата, яго інтэлектуальнага патэнцыялу, жыццёвых установак, маральна-валявых якасцей, прыгоднасці да выканання публічных функцый, а для кіраўнікоў, яшчэ, безумоўна, і ўменне кіраваць. З гэтай мэтай распрацавана і ўведзена з 2020 года абноўленая сістэма крытэрыяў падбору кадраў. Яна грунтуецца на нашым і замежным вопыце, міжнародных стандартах, якія прад’яўляюцца да асобы суддзі і кіраўніка суда, апошніх распрацоўках у сферы псіхалогіі публічнай дзейнасці і навукі кіравання, яна будзе суправаджацца абавязковым псіхалагічным тэстам, распрацаваным Акадэміяй кіравання. Безумоўна, захаваецца і сур’ёзная праверка прававых ведаў. Гэта павінна забяспечыць строга індывідуальны падыход да кожнага кандыдата на судовыя пасады, яго асобы і прававых пераваг. Мы гатовы максімальна стымуляваць імкненне нашых людзей да самаразвіцця, самаадукацыі, удзелу ў навуковай дзейнасці – гэта таксама адна з умоў, якія садзейнічаюць павышэнню агульнага патэнцыялу нашай сістэмы. Мы гатовы даваць магчымасць раскрыцца кожнаму, хто шчыра хоча ўкласці свой патэнцыял у цяперашняе і будучае нацыянальнага правасуддзя», – абазначыў асноўныя напрамкі кадравай палітыкі Валерый Калінковіч.

Адкрытасць, арганізацыя, эфектыўнасць і справядлівасць правасуддзя, безумоўнае захаванне прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці

«Мы добра ўсведамляем, што сучаснае грамадства жадае бачыць работу судовай сістэмы максімальна адкрытай, прафесійнай, таксама як і тое, што ў прававой дзяржаве судовая ацэнка прававой сітуацыі, асабліва калі яна ідзе ад судоў вышэйшай інстанцыі, з’яўляецца не толькі арыенцірам для правапрымяняльнікаў, але і фактарам, які аказвае прамы ўплыў на агульнае праваразуменне. Мы ўважліва аналізуем тое, як адклікаецца ў грамадстве работа судоў, выкарыстоўваючы любыя крыніцы – ад скаргаў на канкрэтныя судовыя пастановы да публікацый у СМІ і інтэрнэце і зваротаў грамадзян, якія ўказваюць на існуючыя, на іх погляд, недахопы ў рабоце судоў.

Мы разумеем, што арганізацыя, эфектыўнасць і справядлівасць правасуддзя – трыяда, якая сімвалізуе ў сучаснай грамадскай свядомасці якасць судовай дзейнасці ў цэлым. У гэтым кантэксце сёння і даецца ацэнка кожнаму, хто працуе ў сістэме судоў.

Таму мы патрабуем ад судоў па кожным звароце, па кожнай справе забеспячэння даступнасці інструментаў судовай абароны, высокай культуры справаводства і ўласна правасуддзя, разумнай аператыўнасці (забеспячэнне належнай падрыхтоўкі судовага разбору і яго правядзенне ў мінімальнай колькасці судовых пасяджэнняў); высокай арганізацыі падрыхтоўкі да судовага працэсу, строгага выканання працэсуальных канонаў пры правядзенні судовага працэсу, пачынаючы з захавання прынцыпу галоснасці, і патрабаванняў матэрыяльнага закона пры вырашэнні справы; пераканаўчай аргументацыі прымаемых рашэнняў. Гэта, канечне ж, безумоўнае захаванне прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці ў крымінальным і адміністрацыйным працэсах. Гэта справядлівасць прызначаных пакаранняў і адміністрацыйных спагнанняў; справядлівасць рашэнняў, якія закранаюць істотныя інтарэсы і правы грамадзян і юрыдычных асоб. Разумнае выкарыстанне альтэрнатыў крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, інстытутаў прымірэння бакоў, стымуляванне дзейнага раскаяння».

Лічбавізацыя правасуддзя

«Важным напрамкам пашырэння магчымасці доступу да правасуддзя, яго разумнай эканамічнасці, адкрытасці судовай сістэмы мы лічым укараненне ў судовую дзейнасць сучасных інфармацыйных тэхналогій і спрашчэнне ў сувязі з гэтым існуючых судовых працэдур. Нагадаю, што восенню мінулага года парламентам быў прыняты ў першым чытанні законапраект, які дазволіць перайсці ад складання падрабязных папяровых пратаколаў судовага пасяджэння да аўдыявідэафіксацыі судовых працэсаў ва ўсіх відах судаводства. Да восені бягучага года мы павінны завяршыць аснашчэнне сучаснымі сістэмамі для такой фіксацыі ўсе суды абласнога звяна. Прыкладна ў гэтыя ж тэрміны плануецца прыступіць да вопытнай эксплуатацыі новай адзінай інфармацыйнай сістэмы (АІС САЮ). Яна створыць новыя магчымасці і для нас, дазваляючы больш аператыўна атрымліваць інфармацыю аб рабоце судоў і практычна звесці да мінімуму папяровы дакументаабарот. Але галоўнае, што яна пашырыць магчымасці і дыстанцыйнага звароту ў суд, і атрымання інфармацыі пра рух сваёй справы праз асабісты кабінет.

Акрамя таго, намі сумесна з НЦПІ вядзецца распрацоўка агульнадаступнага і дастаткова аб’ёмнага электроннага банка судовых рашэнняў, які мяркуецца запусціць у дзеянне з наступнага года. Пры гэтым будзе забяспечвацца абарона персанальных даных удзельнікаў працэсу, што патрабуе стварэння дастаткова складанага праграмнага прадукту.

Удасканаленне заканадаўства

«Вынікі работы адзінай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі паказалі неабходнасць далейшага заканадаўчага забеспячэння судовай дзейнасці. У гэтай сувязі намі сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі вядзецца распрацоўка адразу некалькіх законапраектаў.

У прыватнасці, гэта адзіны ГПК, распрацоўку якога мы павінны завяршыць да канца наступнага года. Да работы над кодэксам прыцягнуты нашы вядучыя беларускія вучоныя, актыўна вывучаецца міжнародны вопыт.

Нядаўна прынята стратэгічнае рашэнне аб стварэнні эканамічнага апеляцыйнага суда. Гэты крок дазволіць канчаткова ўпарадкаваць сістэму судовага ладу, вытрымаць яе трохзвённасць, а таксама арганізацыйна і функцыянальна адасобіць эканамічныя суды першай і другой інстанцыі з улікам функцый, якія яны выконваюць.

Завяршаецца распрацоўка законапраекта аб развіцці апеляцыйнага вядзення ў крымінальным працэсе з улікам вынікаў функцыянавання гэтага інстытута з 2016 года. Асноўная яго накіраванасць – пашырэнне паўнамоцтваў апеляцыйнай інстанцыі па непасрэдным даследаванні доказаў, якія маюцца ў справе і дадаткова прадстаўленых, і іх самастойнай ацэнцы, а як вынік – прыняцце па справе канчатковага рашэння без яе накіравання на новы разгляд. Прапрацоўваюцца таксама прававыя механізмы ўвядзення апеляцыйнага парадку разгляду скаргаў на прыгаворы і рашэнні Вярхоўнага Суда па першай інстанцыі.

У цэлым гэта дазволіць надаць нашай апеляцыі завершаны выгляд ва ўсіх асноўных відах судаводства і зрабіць сапраўды выключнымі выпадкі перагляду судовых рашэнняў пасля іх уступлення ў законную сілу.

Мы непасрэдна падышлі да распрацоўкі заканадаўчых прапаноў аб пераходзе ад нагляднага да касацыйнага парадку разгляду скаргаў на судовыя рашэнні па крымінальных і грамадзянскіх справах, якія ўступілі ў законную сілу (у эканамічным судаводстве такі парадак існуе).

Гэта толькі некаторыя стратэгічныя напрамкі далейшага нашага руху. Задачы стаяць больш чым сур’ёзныя. Да таго ж іх рашэнне не вызваляе суды ад галоўнага іх штодзённага абавязку па ажыццяўленні правасуддзя. Аднак уяўляецца, што сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі валодае неабходным валявым і інтэлектуальным патэнцыялам для іх паспяховага вырашэння.

Што ж тычыцца канкрэтных вынікаў работы ў мінулым годзе, то мы адзначаем некаторае зніжэнне колькасці спраў, што паступаюць на разгляд; зніжэнне колькасці скаргаў на арганізацыю работы судоў. У чарговы раз скарацілася колькасць асуджаных непаўналетніх. У цэлым даныя аб рабоце судоў, на наш погляд, сведчаць аб наяўнасці неабходных умоў для далейшай пазітыўнай работы».

Відэазапіс выступлення глядзіце ў раздзеле «Відэа» на галоўнай старонцы партала.

Спампаваць факт-ліст

Валерый Калінковіч адказаў на ўсе пытанні, што паступілі падчас прэс-канферэнцыі. Азнаёміцца з матэрыяламі прэс-канферэнцыі можна па спасылках:

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ