Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Спрэчкі аб выхаванні дзяцей: інтэрв’ю суддзі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь В.Б. Кругавай

1 чэрвеня 2020  16601

Дзеці маюць права на асаблівы, пераважны і першачарговы клопат як з боку бацькоў, так і з боку дзяржавы, што неабходна для іх дабрабыту і гарманічнага развіцця.

Пытанні, звязаныя з выхаваннем дзяцей, заўсёды знаходзяцца ў зоне пільнай увагі органаў судовай улады. У цяперашні час у судовым парадку можа быць абаронена любое парушанае права дзіцяці. Пры гэтым спрэчкі аб дзецях з’яўляюцца адной са складаных катэгорый судовых спраў, паколькі вынікі іх вырашэння ўплываюць на фарміраванне асобы непаўналетняга дзіцяці, яго фізічнае, духоўнае і маральнае развіццё.

21 красавіка 2020 г. гэтай тэме была прысвечана праграма «Актуальны мікрафон» Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з удзелам суддзі судовай калегіі па грамадзянскіх справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Веры Барысаўны Кругавай.

Праграма выклікала вялікую цікавасць у слухачоў, і мы сёння ў Міжнародны дзень абароны дзяцей дадаткова публікуем інтэрв’ю суддзі на такую сацыяльна значную тэму.

На фота: суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Вера Барысаўна Кругава

 

– Вера Барысаўна, раскажыце аб актуальнасці тэмы, якая абмяркоўваецца сёння.

– Закранутая тэма, безумоўна, з’яўляецца вельмі важнай і актуальнай. Яна заключаецца ў асаблівым прававым становішчы непаўналетніх, якія часта самастойна не могуць рэалізаваць свае правы і знаходзяцца ў залежнасці ад сваіх законных прадстаўнікоў.

Да таго ж разгляд спраў, звязаных з абаронай правоў і законных інтарэсаў дзяцей, з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці судоў.

Статыстычныя даныя таксама сведчаць аб пастаяннай актуальнасці ў судовай практыцы пытанняў, звязаных з выхаваннем дзяцей. Нягледзячы на тое, што статыстыка не вылучае асобна гэту катэгорыю спраў, трэба сказаць, што ў 2019 годзе судамі вынесена 25 385 рашэнняў аб скасаванні шлюбу сужэнцаў, з якіх 21 137, або 83 %, маюць непаўналетніх дзяцей (у 2018 годзе судамі вынесена 24 801 рашэнне аб скасаванні шлюбу сужэнцаў, з якіх 20 501, або 83 %, маюць непаўналетніх дзяцей).

Важна адзначыць, што Вярхоўным Судом сістэматычна праводзіцца маніторынг названай катэгорыі спраў, колькасць якіх штогод складае прыкладна чвэрць ад колькасці грамадзянскіх спраў, разгледжаных судамі рэспублікі. Да таго ж колькасць спраў аб скасаванні шлюбу штогод павялічваецца. Пры гэтым далёка не ва ўсіх выпадках былыя сужэнцы могуць дасягнуць дамоўленасці адносна пытанняў, што тычацца выхавання іх сумесных дзяцей.

– Ці ўсе пытанні, што тычацца выхавання дзяцей, бацькі могуць вырашыць самастойна, не звяртаючыся ў суд?

– Так, бацькі практычна ўсе пытанні пра дзяцей могуць рашыць мірным шляхам без звароту ў суд. Да таго ж пытанні выхавання дзяцей бацькі могуць урэгуляваць або ў Шлюбным дагаворы, або ў Пагадненні аб дзецях.

– Раскажыце, што можна «прапісаць» у Шлюбным дагаворы або ў Пагадненні аб дзецях?

– У мэтах павышэння культуры шлюбных і сямейных адносін і адказнасці сужэнцаў адно перад адным, вызначэння правоў і абавязкаў сужэнцаў у шлюбе і (або) пасля яго скасавання асобы, якія ўступаюць у шлюб, і сужэнцы ў любы час і ў вызначаным імі аб’ёме правоў і абавязкаў маюць права заключыць Шлюбны дагавор.

У Шлюбным дагаворы могуць быць вызначаны не толькі пытанні, што тычацца сумесна нажытай маёмасці, але і іншыя пытанні ўзаемаадносін паміж сужэнцамі (парадак нясення кожным з іх сямейных выдаткаў і т. п.), бацькамі і дзецьмі, калі гэта не парушае правы і законныя інтарэсы іншых асоб і не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

У цяперашні час артыкул 38 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і (далей – КоШС) прадугледжвае, што ў мэтах забеспячэння правоў і законных інтарэсаў сваіх непаўналетніх дзяцей сужэнцы пры скасаванні шлюбу могуць заключыць паміж сабой Пагадненне аб дзецях у парадку, вызначаным Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь для заключэння міравых пагадненняў.

У Пагадненні аб дзецях сужэнцы могуць вызначыць, з кім з іх будуць пражываць дзеці, парадак зносін з дзецьмі і ўдзелу ў іх выхаванні сужэнца, які жыве асобна, памер аліментаў на дзяцей, парадак выезду з Рэспублікі Беларусь дзяцей і іншыя пытанні выхавання і ўтрымання дзяцей пасля скасавання шлюбу, калі гэта не парушае правы і законныя інтарэсы дзяцей і іншых асоб і не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Разам з тым прыведзеныя нормы шлюбна-сямейнага заканадаўства гавораць аб тым, што вырашыць пытанне выхавання дзяцей такім чынам могуць толькі бацькі, якія былі ў зарэгістраваным шлюбе.

– А як быць тым бацькам, якія не знаходзяцца ў афіцыйным шлюбе, але жывуць разам?

– Сапраўды, у цяперашні час існуе такая даволі распаўсюджаная з’ява, як «грамадзянскі шлюб», калі асобы, якія знаходзяцца ў фактычных шлюбных адносінах, жывуць адной сям’ёй, маюць сумесных дзяцей, афіцыйна не афармляючы свае адносіны, не рэгіструючы шлюб.

На сённяшні дзень Пагадненне аб дзецях могуць заключыць толькі сужэнцы, якія знаходзяцца ў шлюбе. Аднак важна адзначыць, што Законам «Аб змяненні законаў» ад 18 снежня 2019 г. № 277-З (далей – Закон) унесены змяненні ў КоШС, якія ўступаюць у сілу з 1 ліпеня 2020 года, у адпаведнасці з якімі КоШС будзе дапоўнены артыкулам 76-1, які дазволіць заключаць Пагадненне аб дзецях не толькі асобам, якія знаходзіліся ў афіцыйным шлюбе, але і тым бацькам, якія ў шлюбе не знаходзіліся. Такое Пагадненне павінна быць заключана бацькамі ў пісьмовай форме і падлягае натарыяльнаму сведчанню.

Пры гэтым дадзеная норма захоўвае для сужэнцаў пры скасаванні шлюбу магчымасць заключыць Пагадненне аб дзецях у судзе, якое падлягае зацвярджэнню судом у парадку, устаноўленым ГПК для заключэння міравых пагадненняў.

Трэба адзначыць, што пытанні выхавання дзяцей могуць быць вырашаны ў Пагадненні аб дзецях толькі ў тым выпадку, калі яны не вырашаны судовай пастановай, якая ўступіла ў законную сілу, або не ўрэгуляваны Шлюбным дагаворам.

– На Ваш погляд, Вера Барысаўна, чым была абумоўлена неабходнасць унясення змяненняў у Закон, які Вы згадалі?

– Прыняцце Закона, якім уносяцца змяненні ў Грамадзянскі, Грамадзянскі працэсуальны, Гаспадарчы працэсуальны кодэксы, Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Падатковы кодэкс і закон «Аб медыяцыі», абумоўлена неабходнасцю забеспячэння больш актыўнага і дзейснага прымянення дасудовага ўрэгулявання спрэчак у асобных сферах грамадскіх адносін, у тым ліку з дапамогай медыятараў, удасканалення заканадаўчага рэгулявання шлюбна-сямейных адносін з улікам практыкі прымянення норм КоШС, рэалізацыі ў заканадаўчых актах палажэнняў міжнародна-прававых актаў у сферы забеспячэння і абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей.

– Раскажыце, якія навацыі заканадаўцам уведзены згаданым Законам у сферы шлюбна-сямейных адносін?

– З мэтай уліку найлепшых інтарэсаў дзіцяці пры прыняцці дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі рашэнняў у дачыненні да дзяцей у КоШС унесены змяненні, якія ўстанаўліваюць у тым ліку, што ў выпадку разгляду судом спрэчкі аб аспрэчванні запісу аб бацькоўстве спагнанне аліментаў з асобы, якая выплачвае іх па судовай пастанове, не прыпыняецца; замацоўваюць права бацькоў заключаць паміж сабой Пагадненне пра дзяцей незалежна ад факта знаходжання ў шлюбе; прадугледжваюць магчымасць выплаты аліментаў на будучы час; рэгулююць актыўнае прымяненне бакамі спрэчкі інстытута медыяцыі і іншыя.

Важна падкрэсліць, што ўнесеныя заканадаўцам змяненні маюць галоўную мэту – забяспечыць прыярытэт правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, прымірыць сужэнцаў з мэтай захавання шлюбу і сям’і.

– Што новага прадугледжана Законам у дачыненні да інстытута медыяцыі ў сферы шлюбна-сямейных адносін?

– Па сваім змесце ўнесеныя Законам змяненні забяспечваюць прававыя ўмовы для актыўнага прымянення медыяцыі пры дасудовым урэгуляванні спрэчак.

Так, артыкул 6 КоШС дапоўнены нормай, якая ўстанаўлівае, што ў выпадках, прадугледжаных пагадненнем бакоў, зацікаўленыя асобы да звароту ў суд з іскам аб абароне парушаных правоў або правоў, якія аспрэчваюцца, што вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін, маюць права ўрэгуляваць спрэчку з удзелам медыятара (медыятараў).

Новая норма ГПК – артыкул 39-1 прадугледжвае магчымасць урэгулявання бакамі спрэчкі па грамадзянскіх, сямейных, працоўных і іншых праваадносінах з удзелам медыятара да адыходу суда ў дарадчы пакой для вынясення судовай пастановы.

Артыкул 35-1 КоШС дапоўнены нормай, згодна з якой пры прыёме заявы аб скасаванні шлюбу орган, які рэгіструе акты грамадзянскага стану, растлумачвае сужэнцам прадугледжаныя КоШС умовы, пры наяўнасці якіх скасаванне шлюбу можа быць ажыццёўлена органам, які рэгіструе акты грамадзянскага стану, а таксама іх права на ўдзел у інфармацыйнай сустрэчы з медыятарам.

У артыкул 36 КоШС таксама ўнесены змяненні, згодна з якімі пры прыёме іскавай заявы аб скасаванні шлюбу суд прадастаўляе сужэнцам трохмесячны тэрмін для прыняцця мер да прымірэння і дасягнення пагаднення аб агульных непаўналетніх дзецях і падзеле маёмасці, а таксама растлумачвае сужэнцам права на добраахвотнае ўрэгуляванне спрэчкі з удзелам медыятара (медыятараў), уключаючы іх права на ўдзел у інфармацыйнай сустрэчы з медыятарам.

Дарэчы, агульная норма аб тым, што ў шлюбна-сямейных адносінах можа выкарыстоўвацца інстытут медыяцыі, ёсць і зараз. Аднак з  1 ліпеня сужэнцам, якія вырашылі скасаваць шлюбныя адносіны, суды будуць растлумачваць тое, што яны маюць права выкарыстаць паслугі медыятара, добраахвотна ўрэгуляваўшы спрэчку.

Разам з тым трэба падкрэсліць, што Законам замацавана толькі права, а не абавязак урэгуляваць спрэчку з удзелам медыятара, г. зн. размова ідзе толькі аб інфармаванні судом сужэнцаў, што такая працэдура можа быць імі выкарыстана. Гэта значыць, што прынцып добраахвотнасці захоўваецца: кожны вырашае сам, ці спрабаваць звяртацца да медыятара або не.

– У практыцы працягвае заставацца актуальным пытанне выплаты аліментаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. Законам унесены змяненні, што тычацца аліментных праваадносін. Раскажыце, якія навацыі ў гэтай частцы ўведзены заканадаўцам?

– Як ужо было сказана, заканадавец прадугледзеў, што ў выпадку разгляду судом спрэчкі аб аспрэчванні запісу аб бацькоўстве спагнанне аліментаў з асобы, якая выплачвае іх па судовай пастанове, не прыпыняецца; прадугледжана магчымасць выплаты аліментаў на будучы час.

Таксама з 1 ліпеня 2020 года Законам змяняюцца падыходы да разліку запазычанасці па аліментах у перыяд, на працягу якога даўжнік не працаваў, або не прадстаўлены дакументы, якія пацвярджаюць яго заробак і (або) іншы даход (зыходзячы з бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва), а таксама ўдакладняецца, што аліменты выплачваюцца штомесячна, калі іншае не вызначана Шлюбным дагаворам, Пагадненнем аб дзецях, Пагадненнем аб выплаце аліментаў. Пры гэтым выплата аліментаў за бягучы месяц праводзіцца не пазней за апошні дзень наступнага месяца.

У цяперашні час памер запазычанасці па аліментах вызначаецца судовым выканаўцам зыходзячы з заробку і (або) іншага даходу, атрыманага даўжніком за час, на працягу якога не рабілася спагнанне.

Калі даўжнік у гэты перыяд не працаваў або не прадстаўлены дакументы, якія пацвярджаюць яго заробак і (або) іншы даход, запазычанасць вызначаецца зыходзячы з заробку і (або) іншага даходу, які ён атрымліваў на момант налічэння запазычанасці па аліментах.

У выпадках, калі даўжнік на момант налічэння запазычанасці па аліментах не працуе, яе памер вызначаецца зыходзячы з заробку даўжніка па апошнім месцы працы, а пры адсутнасці звестак аб гэтым або калі з моманту звальнення прайшло больш за тры месяцы, – зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы.

З 1 ліпеня 2020 года запазычанасць па выплаце аліментаў, калі даўжнік не працаваў у перыяд налічэння запазычанасці, будзе вызначацца ў наступных памерах: на адно дзіця – 50 працэнтаў, на дваіх дзяцей – 100 працэнтаў, на траіх і больш дзяцей – 150 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

Таксама Законам вызначаны асаблівасці разліку запазычанасці па аліментах за перыяд знаходжання даўжніка ў складзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў на тэрміновай ваеннай службе, праходжання ім альтэрнатыўнай службы, калі памер аліментаў не вызначаны Шлюбным дагаворам, Пагадненнем аб дзецях або Пагадненнем аб выплаце аліментаў. У такіх выпадках аліменты, якія належаць выплаце, вызначаюцца ў наступным памеры: на адно дзіця – 25 працэнтаў, на дваіх дзяцей – 33 працэнты, на траіх і болей дзяцей – 50 працэнтаў фактычна атрыманага даўжніком даходу. Пры гэтым прадугледжаныя палажэннямі часткі першай артыкула 92 КоШС абмежаванні, якія вызначаюць мінімальны памер аліментаў, у гэтым выпадку не прымяняюцца.

– Прывядзіце прыклады спрэчак, звязаных з выхаваннем дзяцей, якія паступаюць у суды? Аб чым спрачаюцца бацькі?

- Да спрэчак, звязаных з выхаваннем дзяцей, адносяцца спрэчкі:

  • аб месцы жыхарства дзіцяці пры асобным пражыванні бацькоў (частка 3 артыкула 74 КоШС);
  • аб ліквідацыі рознагалоссяў у пытаннях выхавання дзяцей (частка 2 артыкула 75 КоШС);
  • аб ажыццяўленні апекавання над дзіцем адным з бацькоў і абмежаванні правоў і абавязкаў другога з бацькоў у дачыненні да гэтага дзіцяці (частка 4 артыкула 76 КоШС);
  • аб удзеле бацькі або маці, якія пражываюць асобна, у выхаванні дзяцей (артыкул 77 КоШС);
  • аб ліквідацыі перашкод у зносінах родных братоў і сясцёр адно з адным, дзядулі і бабулі з унукамі, прадзядулі і прабабулі з праўнукамі (артыкул 78 КоШС);
  • аб вяртанні бацькам дзяцей аб асоб, якія ўтрымліваюць іх у сябе без законных падстаў (артыкул 79 КоШС);
  • аб вяртанні апекуном (апекавальнікам) падапечных, а таксама прыёмным бацькам дзяцей ад асоб, якія ўтрымліваюць іх у сябе без законных падстаў (артыкул 159 КоШС).

– А з якімі патрабаваннямі істцы найбольш часта звяртаюцца ў суды?

– Як паказвае судовая практыка, найбольш часта ўзнікаюць спрэчкі паміж бацькамі аб вызначэнні месца жыхарства дзяцей і аб парадку ўдзелу бацькі або маці, якія пражываюць асобна, у выхаванні дзяцей.

– Ці любы суддзя можа разглядаць спрэчкі, звязаныя з выхаваннем дзяцей? Ці ёсць у судах спецыялізацыя па такіх справах? Магчыма, якія-небудзь дадатковыя патрабаванні прад’яўляюцца да суддзяў?

– Пытанні ажыццяўлення правасуддзя ў дачыненні да непаўналетніх як частка сістэмы ювенальнай юстыцыі ў Рэспубліцы Беларусь рашаюцца ў рамках дзеючага заканадаўства.

У судах агульнай юрысдыкцыі існуе спецыялізацыя суддзяў. Пры гэтым ювенальная юстыцыя не абмяжоўваецца толькі крымінальным і адміністрацыйным судаводствам, але распаўсюджваецца і на грамадзянскі працэс. Важна адзначыць, што менавіта з грамадзянскім працэсам звязана абарона найважнейшых правоў непаўналетніх: сямейных, маёмасных, жыллёвых, працоўных.

Разгляд спраў у дачыненні да непаўналетніх ажыццяўляецца, як правіла, найбольш вопытнымі суддзямі, якія валодаюць асаблівым прафесіяналізмам, які спалучае ў сабе веды ўзроставай псіхалогіі, псіхіятрыі, педагогікі, асаблівыя прафесійныя навыкі.

Суддзі, якія разглядаюць справы ў дачыненні да непаўналетніх, сістэматычна праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

– Бокам у спрэчцы аб дзецях могуць выступаць толькі бацькі або іншыя сваякі таксама (бабуля, дзядуля, напрыклад)?

– Не, не толькі бацькі. З іскам аб ліквідацыі перашкод у зносінах могуць звяртацца родныя браты, сёстры, дзядуля, бабуля, прадзядуля, прабабуля ў выпадку адмовы ім бацькамі, апекунамі, апекавальнікамі дзіцяці ў прадастаўленні магчымасці зносін адпаведна з роднымі братамі, сёстрамі, унукамі, праўнукамі (арт. 78 КоШС).

– Пры разглядзе спрэчак, звязаных з выхаваннем дзяцей, ці ўдзельнічаюць дзеці ў судовым пасяджэнні?

– Кожнае дзіця ў нашай краіне мае права на выказванне свайго меркавання пры рашэнні ў сям’і любога пытання, якое закранае яго інтарэсы.

Шлюбна-сямейнае заканадаўства абавязвае суды прымаць рашэнні, якія закранаюць інтарэсы дзіцяці, што дасягнула дзесяці гадоў, з улікам яго жадання, меркавання або згоды, за выключэннем выпадкаў, калі гэта супярэчыць яго інтарэсам.

Так, улік меркавання дзіцяці, што дасягнула дзесяці гадоў, абавязковы пры вызначэнні яго месца жыхарства (частка 4 артыкула 74 КоШС). Таксама пры вызначэнні парадку зносін родных братоў і сясцёр, дзядулі і бабулі, прадзядулі і прабабулі адпаведна з унукамі, праўнукамі павінна ўлічвацца жаданне дзяцей (частка 3 артыкула 78 КоШС). Для ўсынаўлення дзіцяці, які дасягнуў дзесяці гадоў, неабходна яго згода (частка 1 артыкула 130 КоШС). Жаданне такога дзіцяці павінна ўлічвацца і пры аднаўленні ў бацькоўскіх правах (частка 2 артыкула 84 КоШС).

– А якім чынам улічваецца меркаванне дзіцяці?

– Як правіла, меркаванне (жаданне, згода) дзіцяці, якое дасягнула дзесяці гадоў, выяўляецца органамі апекі і апекавальніцтва.

Пры неабходнасці яно можа быць выяўлена і судом як у працэсе падрыхтоўкі справы да судовага разбору, так і падчас судовага пасяджэння шляхам асабістай гутаркі суддзі з дзіцем, якая праводзіцца толькі ў прысутнасці педагога і ў абстаноўцы, якая выключае ўплыў на дзіця іншых асоб.

Пры гэтым суд выяўляе, ці з’яўляецца жаданне дзіцяці шчырым, ці не аказваўся на яго ціск з боку сваякоў і іншых асоб і іншыя абставіны, што ўплываюць на волевыяўленне дзіцяці.

Нярэдка для вырашэння канфліктных сітуацый у сям’і і спрэчак, звязаных з выхаваннем дзяцей, суды прыцягваюць спецыялістаў у галіне псіхалогіі, педагогікі, сацыяльнай работы, якія з дапамогай навукова распрацаваных методык могуць правесці псіхадыягнастычнае даследаванне з мэтай выяўлення меркавання непаўналетняга дзіцяці, у тым ліку таго, хто не дасягнуў дзесяцігадовага ўзросту.

– Якая функцыя ў судзе органаў апекі і апекавальніцтва?

– У сілу артыкула 86 КоШС пры разглядзе судом спрэчак, звязаных з выхаваннем дзяцей, да ўдзелу ў справе павінен быць прыцягнуты орган апекі і апекавальніцтва, які прадастаўляе суду заключэнне па сутнасці разглядаемай спрэчкі разам з дакументамі, якія адлюстроўваюць фактычныя абставіны справы.

Удзел органаў апекі і апекавальніцтва па справах аб выхаванні дзяцей прадугледжаны і Палажэннем аб органах апекі і апекавальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.10.1999 № 1676.

У справе па спрэчцы, звязанай з выхаваннем дзяцей, орган апекі і апекавальніцтва выступае як дзяржаўны орган, упаўнаважаны даць заключэнне па справе.

Заключэнні дзяржаўных органаў, а таксама звязаныя з імі акты і іншыя дакументы адносяцца да сродкаў даказвання, паколькі акрамя прававой ацэнкі ў іх атрымліваюць адлюстраванне ўстаноўленыя дадзеным органам факты. Яны даследуюцца судом падчас разгляду справы ў сукупнасці з усімі здабытымі па справе доказамі.

– Калі маці забараняе бацьку мець зносіны з дзіцем, што рабіць бацьку ў дадзенай сітуацыі?

– Безумоўна, кожная сітуацыя індывідуальная. Калі зыходзіць з таго, што абое бацькі сацыяльна паспяховыя, зносіны з імі не аказваюць шкоднага ўплыву на дзіця, то бацьку, перш за ўсё, трэба паспрабаваць дамовіцца з маці або, як варыянт, звярнуцца да медыятараў (з 12 ліпеня 2013 года прыняты і дзейнічае Закон «Аб медыяцыі»). У выпадку калі бацькі не змаглі ўрэгуляваць гэтае пытанне, то зацікаўленая асоба (у нашым выпадку – бацька) мае права звярнуцца за вырашэннем узніклай спрэчкі ў суд па месцы жыхарства адказчыка. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што шлюбна-сямейнае заканадаўства дазваляе бацьку адразу звярнуцца ў суд за вырашэннем такой спрэчкі.

– Калі бацька жадае мець зносіны з дзіцем не ў прысутнасці маці, аднак маці просіць суд вызначыць месцам зносін яе месца жыхарства, як суды дзейнічаюць у такіх выпадках? 

– Усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі, ступені вастрыні канфлікту паміж бакамі і іншых абставін справы.

Згодна з артыкулам 16 Закона «Аб правах дзіцяці» дзіця, якое пражывае асобна ад аднаго або абаіх бацькоў у Рэспубліцы Беларусь або іншай дзяржаве, мае права на падтрыманне рэгулярных асабістых адносін і прамых кантактаў з бацькамі, іншымі сваякамі, за выключэннем выпадкаў, калі такія зносіны не адпавядаюць інтарэсам дзіцяці.

Той з бацькоў, які пражывае асобна ад дзяцей, мае права мець зносіны з імі і абавязаны прымаць удзел у іх выхаванні. Той з бацькоў, пры якім пражываюць дзеці, не мае права перашкаджаць другому з бацькоў мець зносіны з дзецьмі і прымаць удзел у іх выхаванні.

На жаль, не заўсёды і не ўсе бацькі могуць канструктыўна падысці да вырашэння пытання аб удзеле таго з бацькоў, які пражывае асобна, у выхаванні дзяцей і дасягнуць пэўнай дамоўленасці. 

Пры гэтым развіццё канфлікту паміж бацькамі ў прысутнасці дзіцяці, якое нярэдка знаходзіцца толькі ў пачатковай стадыі станаўлення сацыяльных адносін, безумоўна аказвае на яго псіхатраўміруючае ўздзеянне. Таму пры вырашэнні такіх спрэчак трэба ўлічваць і гэтыя абставіны.

У цэлым трэба сказаць, што пры разглядзе спрэчак аб удзеле таго з бацькоў, хто пражывае асобна, у выхаванні дзяцей суды ўлічваюць мноства абставін: узрост дзіцяці, наяўнасць у таго з бацькоў, хто прэтэндуе на зносіны, навыкаў догляду за дзіцем, наяўнасць або адсутнасць дзіцяча-бацькоўскіх адносін паміж бацькамі і дзецьмі, ступень прыхільнасці дзіцяці да кожнага з бацькоў, стан здароўя дзіцяці, матэрыяльна-бытавыя ўмовы, рэжым працы бацькоў і іншыя.

Таму ў кожным канкрэтным выпадку суды вызначаюць круг фактаў, якія дазваляюць прыняць рашэнне, якое, найперш, максімальна ўлічвала б інтарэсы дзіцяці.

– Калі адзін з бацькоў з’яўляецца замежным грамадзянінам, у які суд трэба звяртацца другому з бацькоў з іскам па спрэчках аб выхаванні дзяцей?

– Пытанні падсуднасці спраў, звязаных з выхаваннем дзяцей, урэгуляваны артыкуламі 46, 47 ГПК. Гэта значыць іск, звязаны са спрэчкай аб выхаванні дзіцяці, прад’яўляецца па месцы жыхарства адказчыка, а калі такія патрабаванні заяўлены разам з іскам аб скасаванні шлюбу, то ісцец, пры якім знаходзіцца непаўналетняе дзіця, можа звярнуцца ў суд па месцы свайго жыхарства.

Падсуднасць спраў, у якіх удзельнічаюць замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, а таксама спраў, па якіх хаця б адзін з бакоў пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь, вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, калі іншае не ўстаноўлена міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь або пісьмовым пагадненнем бакоў (артыкул 544 ГК).

У адпаведнасці з артыкулам 545 ГПК судам Рэспублікі Беларусь падсудныя справы па ісках замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, замежных юрыдычных асоб да адказчыкаў, якія маюць месца жыхарства або месца знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь. Судам Рэспублікі Беларусь падсудныя таксама справы па ісках да замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, калі яны маюць месца жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і да замежных юрыдычных асоб, калі ў Рэспубліцы Беларусь знаходзіцца орган кіравання, прадстаўніцтва або філіял такой юрыдычнай асобы.

Для грамадзян дзяржаў – удзельніц Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах суды Рэспублікі Беларусь кампетэнтныя разглядаць спрэчкі, звязаныя з выхаваннем дзяцей, калі бацькі і дзеці маюць пастаяннае месца жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, а пры адсутнасці пастаяннага сумеснага месца жыхарства бацькоў і дзяцей – калі дзіця з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

– Ці залежыць матэрыяльнае становішча бацькоў ад таго, з кім суд вызначыць пражываць дзіця? Напрыклад, бацька матэрыяльна больш забяспечаны, чым маці, якая не можа прадаставіць дзіцяці роўныя з бацькам умовы для жыцця. Што робяць суды ў такіх выпадках?

– Перавага ў матэрыяльна-бытавым становішчы аднаго з бацькоў сама па сабе не з’яўляецца безумоўнай падставай для перадачы яму дзіцяці на выхаванне, паколькі суд, вырашаючы спрэчку аб месцы жыхарства дзіцяці пры асобным (па розных адрасах) пражыванні бацькоў (незалежна ад таго, ці знаходзяцца яны ў шлюбе), прымае пад увагу мноства і іншых важных абставін – узрост дзіцяці, яго прыхільнасць да кожнага з бацькоў, братоў, сясцёр, іншых членаў сем’і, маральныя і іншыя якасці бацькоў, адносіны, якія склаліся паміж кожным з бацькоў і дзіцем, ступень клопату і ўвагі, што праяўляюцца да дзіцяці з боку бацькоў з улікам іх роду дзейнасці, рэжыму працы, іншых умоў жыцця, магчымасць забеспячэння кожным з іх належных матэрыяльна-бытавых умоў для выхавання і развіцця дзіцяці, а таксама іншыя абставіны, якія склаліся ў месцы пражывання кожнага з бацькоў.

Разам з тым матэрыяльна-бытавое становішча кожнага з бацькоў з’яўляецца аб’ектам уважлівай ацэнкі суда па кожнай справе, звязанай з абаронай правоў і інтарэсаў дзяцей.

Акрамя названых абставін, суды прымаюць пад увагу наяўнасць у бацькоў іншай сям’і, прывычнае кола зносін дзіцяці, зручнасць размяшчэння медыцынскіх і адукацыйных устаноў, гурткоў, клубаў, якія наведвае дзіця, і магчымасць забеспячэння кожным з бацькоў умоў для наведвання такіх дадатковых заняткаў, уплыў (калі ён ёсць) полу дзіцяці на дзіцяча-бацькоўскія адносіны, адсутнасць пагрозы правам і інтарэсам дзіцяці, а таксама падтрымка стабільнага і камфортнага псіхалагічнага клімату пры яго пражыванні з канкрэтным з бацькоў.

Варта адзначыць, што палажэнні шлюбна-сямейнага заканадаўства дазваляюць аднаму з больш забяспечаных бацькоў, які пражывае асобна, даць свайму дзіцяці матэрыяльнае ўтрыманне ў большым памеры, чым вызначана заканадаўствам.

Таксама варта мець на ўвазе, што калі бацькі пражываюць хоць і адасоблена, але па адным адрасе, то спрэчка аб месцы жыхарства дзіцяці не ўзнікае. У такіх выпадках магчымыя спрэчкі аб парадку ўдзелу бацькоў у выхаванні дзіцяці.

– Ці ўдаецца судам у ходзе судовага разбору прымірыць удзельнікаў працэсу, заключыць, напрыклад, міравое пагадненне ў судзе?

– Такія выпадкі ў судовай практыцы маюць месца. На развіццё прымірыцельных працэдур арыентуе суды і пастанова Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 29.06.2016 № 3 (рэд. ад 28.09.2017) «Аб прымірэнні бакоў пры разглядзе судамі грамадзянскіх і эканамічных спрэчак», у адпаведнасці з якой суду трэба аказваць актыўнае садзейнічанне ў дасягненні бакамі прымірэння па канкрэтнай спрэчцы. Дарэчы, Пагадненне аб дзецях, якое сужэнцы маюць права заключыць пры скасаванні шлюбу ў судзе, таксама можна аднесці да міравых пагадненняў. Аднак судовая статыстыка асобна не вылучае такія выпадкі.

Уяўляецца, што добраахвотнае ўрэгуляванне спрэчкі паміж бацькамі станоўча ўплывае на іх узаемаадносіны і ўзаемаадносіны паміж бацькамі і дзецьмі, садзейнічае іх аздараўленню.

– Калі ў далейшым міравое пагадненне не выконваецца, як далей дзейнічаць: зноў ісці ў суд ці патрабаваць прымусовага выканання міравога пагаднення?

– Калі ўмовы міравога пагаднення не выконваюцца, то ў адпаведнасці з артыкулам 460 ГПК зацікаўленая асоба мае права звярнуцца ў суд з заявай аб выдачы выканаўчага ліста. Суд на падставе вызначэння аб зацвярджэнні міравога пагаднення выдае выканаўчы ліст, які спагнаннік прад’яўляе ў органы прымусовага выканання па месцы жыхарства (знаходжання) адказчыка.

Пытанні выканання выканаўчых дакументаў ускладваюцца на галоўнае ўпраўленне прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і тэрытарыяльныя органы прымусовага выканання (далей – органы прымусовага выканання).

– У тым выпадку, калі адзін з бацькоў плануе часовы выезд дзіцяці за мяжу, а другі – не дае згоды на выезд, што рабіць у такой сітуацыі?

– Асаблівасці выезду з Рэспублікі Беларусь непаўналетніх грамадзян рэгламентаваны главой 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 20.09.2009 № 49-З «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь».

Так, непаўналетнія могуць выязджаць з Рэспублікі Беларусь

  • у суправаджэнні абодвух законных прадстаўнікоў пры прад’яўленні законнымі прадстаўнікамі непаўналетняга супрацоўніку органа пагранічнай службы, а ў пунктах пропуску, у якіх пагранічны кантроль ажыццяўляецца мытнымі органамі, службовай асобе мытнага органа дакументаў, якія пацвярджаюць статус законных прадстаўнікоў непаўналетняга;
  • у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў пры прад’яўленні законным прадстаўніком непаўналетняга супрацоўніку органа пагранічнай службы, а ў пунктах пропуску, у якіх пагранічны кантроль ажыццяўляецца мытнымі органамі, службовай асобе мытнага органа дакумента, які пацвярджае статус законнага прадстаўніка непаўналетняга;
  • без суправаджэння законных прадстаўнікоў пры прад’яўленні непаўналетнім ці асобай, якая яго суправаджае, супрацоўніку органа пагранічнай службы, а ў пунктах пропуску, у якіх пагранічны кантроль ажыццяўляецца мытнымі органамі, службовай асобе мытнага органа пісьмовай згоды абодвух законных прадстаўнікоў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных артыкуламі 13, 14 і 16 гэтага Закона.

Разгледзім сітуацыю. Маці з дзіцем плануе часовы выезд за межы Рэспублікі Беларусь на адпачынак у іншую краіну, па правілах уезду ў якую неабходна пісьмовая згода бацькі, якую той адмаўляецца прадаставіць.

Паколькі бацька не дае згоды на часовы выезд дзіцяці за межы краіны, маці мае права звярнуцца ў суд з іскам аб дазволе на часовы выезд дзіцяці з Рэспублікі Беларусь без пісьмовай згоды бацькі.

Калі ж адзін з бацькоў не згодны з парадкам выезду непаўналетняга дзіцяці з Рэспублікі Беларусь, устаноўленым Законам, ён мае права звярнуцца ў суд з заявай аб вызначэнні іншага парадку выезду з Рэспублікі Беларусь непаўналетняга (напрыклад, з патрабаваннем аб выездзе дзіцяці з Рэспублікі Беларусь толькі з яго пісьмовай згоды).

На падставе рашэння суда аб вызначэнні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь непаўналетняга, якое адрозніваецца ад парадку, устаноўленага названым Законам, звесткі аб непаўналетнім і аб устаноўленым парадку яго выезду з Рэспублікі Беларусь уключаюцца ў банк даных аб грамадзянах, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана.

Таксама неабходна адзначыць, што названым законам устаноўлены асаблівасці выезду з Рэспублікі Беларусь непаўналетніх для аздараўлення, лячэння ці кансультацыі.

Так, калі дзіця выязджае ў складзе груп, арганізаваных арганізацыяй, якая мае права ажыццяўляць дзейнасць, звязаную з аздараўленнем дзяцей за мяжой, то ў гэтай сітуацыі патрабуецца наяўнасць дазволу на выезд аднаго з бацькоў. Тыя, хто суправаджае групу, павінны прадставіць работніку пагранічнай службы спіс дзяцей, якія адпраўляюцца на аздараўленне, засведчаны арганізацыяй, якая мае права ажыццяўляць дзейнасць, звязаную з аздараўленнем дзяцей за мяжой, з дазволам Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які пацвярджае гуманітарны характар паездкі.

Калі непаўналетняму патрабуецца медыцынская дапамога за межамі Рэспублікі Беларусь, то для яго выезду таксама дастаткова згоды аднаго з бацькоў, аднак у дадзенай сітуацыі неабходна атрымаць рашэнне камісіі па накіраванні грамадзян Рэспублікі Беларусь за межы Рэспублікі для атрымання медыцынскай дапамогі пры Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

– А калі адзін з бацькоў плануе выехаць з дзіцем на пастаяннае месца жыхарства за межы краіны, а другі супраць, як дзейнічаюць у гэтым выпадку суды?

– Якое рашэнне вынесе суд пры разглядзе такой спрэчкі, залежыць ад канкрэтных абставін справы. У цэлым трэба сказаць, што ў такіх сітуацыях суд вывучае дзіцяча-бацькоўскія адносіны, хто з бацькоў выяўляе большы клопат і ўвагу да дзіцяці, ступень прыхільнасці дзіцяці да бацькоў, меркаванне дзіцяці (калі яно дасягнула дзесяцігадовага ўзросту), вынікі псіхадыягнастычнага даследавання непаўналетніх, умовы пражывання ў іншай краіне, асабістыя якасці бацькоў, магчымасць стварэння належных матэрыяльна-бытавых умоў і маральна-псіхалагічнай атмасферы, забеспячэння належнага ўзроўню выхавання і многія іншыя абставіны. Гэта значыць, што ў кожным канкрэтным выпадку суды ўстанаўліваюць кола фактаў, што дазваляюць прыняць рашэнне, якое максімальна ўлічвае інтарэсы дзіцяці.

Калі суд прыйдзе да вываду, што выезд непаўналетняга дзіцяці на пастаяннае месца жыхарства ў іншую краіну не будзе адпавядаць інтарэсам дзіцяці, то суд адмовіць у такім выездзе.

– Ці часта суд становіцца на бок бацькі, а не маці?

– Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не ўстанаўлівае прыярытэту правоў маці ці бацькі пры вырашэнні спрэчак, звязаных з выхаваннем дзяцей. Пры разглядзе такіх спраў суды зыходзяць з прынцыпу роўнасці правоў абаіх бацькоў і кіруюцца перш за ўсё прыярытэтам правоў непаўналетніх дзяцей. У судовай практыцы нярэдкія выпадкі, калі па выніках разгляду справы суд, скрупулёзна даследаваўшы і ацаніўшы ўсе абставіны, прыходзіць да вываду аб тым, што пражыванне з бацькам у найбольшай ступені адпавядае інтарэсам непаўналетняга дзіцяці.

– Калі суд вынес рашэнне не на карысць істца, матываваўшы гэта неабходнасцю стварэння належных умоў для выхавання дзіцяці, ці можа ісцец паўторна звярнуцца ў суд з іскам, калі ён змяніў умовы для выхавання дзіцяці?

– Згодна з пунктам 5 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 30.09.2004 № 11 «Аб практыцы разгляду судамі спрэчак, звязаных з выхаваннем дзяцей», праваадносіны паміж бацькамі па пытаннях, звязаных з выхаваннем дзяцей, з’яўляюцца працяглымі, таму наяўнасць рашэння суда не з’яўляецца перашкодай для ўзбуджэння новай справы паміж тымі ж бакамі і аб тым жа прадмеце, калі змяніліся абставіны, на якіх заснавана рашэнне.

– Калі рашэнне суда адным з бацькоў не выконваецца, куды звяртацца істцу і якія наступствы могуць быць за невыкананне рашэння суда?

– Судовая дзейнасць па разглядзе і вырашэнні спрэчак аб дзецях аб’яднана агульнай прыметай – накіраванасцю на абарону інтарэсаў дзіцяці. Судовае рашэнне як акт, які з’яўляецца вынікам судовай дзейнасці па вырашэнні сямейна-прававога канфлікту, мае велізарнае юрыдычнае і сацыяльнае значэнне. З ім звязаны далейшыя паводзіны бацькоў у дачыненні да дзіцяці.

Калі ўсё ж адзін з бацькоў не выконвае рашэнне суда, у сілу якога ён абавязаны ажыццявіць пэўныя дзеянні ці ўстрымацца ад іх ажыццяўлення, зацікаўленая асоба ў адпаведнасці з артыкулам 460 ГПК мае права звярнуцца ў суд за выдачай выканаўчага дакумента, а затым – у органы прымусовага выканання.

Непасрэднае ажыццяўленне функцый па выкананні выканаўчых дакументаў ускладваецца на судовых выканаўцаў.

Згодна з артыкулам 7 Закона ад 24.10.2016 № 439-З (рэд. ад 09.01.2019) «Аб выканаўчым вядзенні», законныя патрабаванні судовага выканаўцы пры выкананні выканаўчых дакументаў з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асоб (уключаючы дзяржаўныя органы, органы мясцовага самакіравання), арганізацый, якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, іх службовых асоб і належаць няўхільнаму выкананню на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з артыкулам 24.10 КоАП за парушэнне даўжніком заканадаўства аб выканаўчым вядзенні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу.

– Якую параду Вы можаце даць бацькам, у якіх узнікла спрэчка аб дзецях?

– Бацькам трэба памятаць, што яны маюць роўныя правы і абавязкі ў дачыненні да сваіх дзяцей. Названыя правы і абавязкі бацькоў карэспандуюць з правам дзіцяці на паўнацэннае выхаванне, якое найбольш поўна можа быць рэалізавана толькі ва ўмовах усебаковага клопату як з боку маці, так і з боку бацькі і іншых сваякоў, што прадугледжвае неабходнасць іх рэгулярных зносін з дзецьмі.

Таму ў выпадку ўзнікнення рознагалосся бацькам трэба пакінуць асабістыя ўзаемныя крыўды і прэтэнзіі і паспрабаваць вырашыць усе пытанні мірным шляхам. Гэта дазволіць ім пазбавіць дзіця ад неабходнасці ўдзелу ў ініцыіраваных імі ж судовых спрэчках, якія могуць прычыніць яму псіхалагічны дыскамфорт; захаваць паміж імі добрыя ўзаемаадносіны, што безумоўна павысіць іх аўтарытэт у вачах дзіцяці, наглядна прадэманструе яму магчымасць мірнага ўрэгулявання праблем, дазволіць бацькам і ў далейшым па меры сталення дзіцяці вырашаць звязаныя з яго выхаваннем пытанні шляхам узаемнай дамоўленасці; а акрамя таго, дазволіць ім сэканоміць час і сродкі, абумоўленыя судовымі цяжбамі.

Таму фарміраванне ў бацькоў умення дамаўляцца паміж сабой па ўсіх праблемных пытаннях, што ўзнікаюць у сям’і, не даводзячы спрэчку да судовага разбору, сёння становіцца адной з найважнейшых задач сям’і і грамадства ў цэлым.

Гутарыла Анастасія Шыльвян

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі