Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у XIII нарадзе старшынь Вярхоўных судоў дзяржаў-членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

31 мая 2018

З 24 па 28 мая 2018 года ў горадзе Пекіне Кітайскай Народнай Рэспублікі праходзіла XIII нарада старшынь Вярхоўных судоў дзяржаў-членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС).

У прывітальным слове да дэлегатаў XIII нарады Старшыня КНР Сі Цзіньпін падкрэсліў асаблівую ролю падзеі:

«З'яўляючыся важным механізмам судова-прававога супрацоўніцтва ў рамках ШАС, нарада старшынь Вярхоўных судоў адыгрывае значную ролю для абмену ідэямі і заканадаўчым вопытам па забеспячэнні верхавенства закона і паглыблення шматпланавага практычнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі-членамі».

XIII нарада праходзіла пад старшынствам Вярхоўнага народнага суда Кітайскай Народнай Рэспублікі. На ёй выступілі кіраўнікі і спецыялісты вышэйшых судовых органаў дзяржаў – членаў ШАС, а таксама прадстаўнікі дзяржаў-назіральнікаў і партнёраў па дыялогу.

Беларуская дэлегацыя была запрошана Вярхоўным Судом КНР і прымала ўдзел у гэтым мерапрыемстве ў адпаведнасці са статусам нашай краіны як дзяржавы-назіральніцы. Нагадаем, што на саміце ШАС у г. Уфа 10 ліпеня 2015 г. кіраўнікамі дзяржаў ШАС падпісана рашэнне аб прадастаўленні Рэспубліцы Беларусь статусу назіральніка ў ШАС.

У рамках нарады абмяркоўваліся пытанні развіцця і ўкаранення інфармацыйных тэхналогій у судаводства і судовае адміністраванне; транснацыянальнага судовага супрацоўніцтва, звязанага з барацьбой з тэрарызмам, наркотыкамі, адмываннем грошай і іншымі злачынствамі; судовай практыкі выключэння недапушчальных доказаў у крымінальным працэсе; прымянення заканадаўства ў сферы вырашэння спрэчак, якія выцякаюць з міжнароднай камерцыйнай дзейнасці; удасканалення механізмаў міжнароднага супрацоўніцтва судовых органаў у ШАС.

Удзел першага намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь як прадстаўніка дзяржавы-назіральніцы ў рабоце XIII нарады старшынь Вярхоўных судоў дзяржаў-членаў ШАС дазволіла абмяняцца вопытам у рашэнні прававых пытанняў, умацаваць прафесійныя сувязі, давесці да ведама ўдзельнікаў мерапрыемства аб'ектыўную інфармацыю аб дзейнасці судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь, абмеркаваць актуальныя пытанні судовага ладу і судаводства, удасканалення заканадаўства і правапрымянення.

Валерый Калінковіч у ходзе нарады выступіў з дакладам у тэматычнай секцыі, прысвечанай інфарматызацыі судоў і стварэнню інтэлектуальнага суда.

Ён расказаў аб структуры і прынцыпах функцыянавання сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі Беларусі, а таксама аб стане і перспектывах правядзення мерапрыемстваў па інфарматызацыі судовай дзейнасці.

Калінковіч падрабязна спыніўся на асаблівасцях укаранення ў судаводства анлайн-тэхналогій, аўдыёвідэапратакаліравання судовых пасяджэнняў, сістэм дыстанцыйнага звароту ў суд і скарачэння ў сувязі з гэтым папяровага дакументаабароту. Расказаў аб развіцці адкрытасці і даступнасці правасуддзя і судовай практыкі, аб перспектывах фарміравання інтэрактыўных баз даных судовай практыкі і стварэння ўнутрысістэмных інфармацыйных рэсурсаў з далейшым іх сумяшчэннем з адзінымі агульнадзяржаўнымі базамі даных.

Варта адзначыць, што сёння КНР з'яўляецца адным з лідэраў у працэсе інфарматызацыі судоў. Пры Вярхоўным народным судзе створаны Цэнтр інфармацыйнага кіравання, куды ў анлайн-рэжыме сцякаецца інфармацыя аб дзейнасці ўсіх судоў краіны і рашэннях, якія імі прымаюцца. За год у інтэрнэце трансліруецца да 850 тыс. судовых пасяджэнняў; адпаведныя рэсурсы наведвае да 6 млрд чалавек. Сістэма дазваляе не толькі ў лічаныя секунды фарміраваць судовую статыстыку па зададзеных параметрах і напрамках, але і падбіраць судовую практыку і судовыя прэцэдэнты па тэме, якая цікавіць канкрэтнага суддзю. Сістэма сінхранізаваная з агульнадзяржаўнымі аналітычнымі і інфармацыйнымі рэсурсамі, яе даныя выкарыстоўваюцца пры правядзенні сацыяльных даследаванняў і прагнозаў, наладжаны аўтаматызаваны кантроль вынікаў даследавання судовых рашэнняў.

У ходзе візіту таксама адбылася пратакольная сустрэча беларускай дэлегацыі з намеснікам Старшыні Вярхоўнага народнага суда КНР Шэнь Дэюнам, у ходзе якой бакі абмяняліся думкамі па праблематыцы нарады і перспектывах развіцця двухбаковых адносін КНР і Беларусі ў сферы ажыццяўлення правасуддзя. Канстатавана блізкасць пазіцый па пытаннях, якія абмяркоўваліся, а таксама гатоўнасць да далейшага пашырэння канструктыўнага прававога супрацоўніцтва і ўмацавання ўзаемаразумення паміж прадстаўнікамі прававых сістэм дзвюх краін.

Кітайскаму боку перададзена асабістае пасланне Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь старшыні Вярхоўнага народнага суда КНР з запрашэннем наведаць Рэспубліку Беларусь у 2019 годзе.

Падчас работы нарады праведзены рад рабочых сустрэч з кіраўнікамі Вярхоўных судоў Туркменіі, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Расіі, Манголіі, Індыі, Пакістана, Камбоджы. У ходзе гэтых сустрэч адбыўся абмен думкамі як па агульнай праблематыцы нарады, так і па шырокім коле пытанняў, звязаных з ажыццяўленнем судовых рэформ, спрашчэннем судаводства, зніжэннем судовай нагрузкі, ролі судовых сістэм у стымуляванні развіцця грамадзянскага абароту.

Па выніках XIII нарады старшынь Вярхоўных судоў дзяржаў-членаў ШАС прынята сумесная заява, у якой абазначаны ключавыя падыходы да далейшага развіцця супрацоўніцтва ў галіне правасуддзя.

Адзначана, што такое міждзяржаўнае ўзаемадзеянне садзейнічае абароне доўгатэрміновага міру, бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне. У заяве падкрэслена важнасць далейшага пашырэння прававога супрацоўніцтва і правядзення сумесных мерапрыемстваў, накіраваных на спыненне трансгранічнай злачыннасці, а таксама ўдасканаленне спосабаў вырашэння міжнародных грамадзянскіх і камерцыйных спрэчак.

Важным момантам, сказана ў заяве, з'яўляецца дамоўленасць аб гатоўнасці ажыццяўляць абмен вопытам, у тым ліку шляхам стварэння рабочай экспертнай групы ў галіне ўкаранення ў дзейнасць судоў такіх інфармацыйных тэхналогій, як вялікія даныя, воблачныя вылічэнні, інтэрнэт рэчаў і штучны інтэлект, каб адпавядаць глабальнай сусветнай лічбавізацыі і павышаць узровень інфарматызацыі судовай дзейнасці.

Працягнецца і ўмацаванне супрацоўніцтва ў барацьбе з такімі пагрозамі і выклікамі бяспекі, як тэрарызм, экстрэмізм і сепаратызм, наркатрафік, гандаль людзьмі і адмыванне грошай.

Азначана пазіцыя па выключэнні недапушчальных доказаў - агульнапрынятаму ў сусветнай практыцы прававому правілу, якое мае важнае значэнне для прадухілення прымусу да дачы паказанняў, абароны асноўных правоў і свабод чалавека і забеспячэння судовай справядлівасці.

Вярхоўныя суды дзяржаў-членаў ШАС гатовы праводзіць паўнацэнны абмен думкамі і вопытам у гэтым напрамку, а таксама актывізаваць узаемны абмен інфармацыяй па тыповых прыкладах судовай практыкі, удасканальваць прававы механізм выключэння недапушчальных доказаў у сваёй краіне і пастаянна паляпшаць рэжым прафілактыкі правапарушэнняў у выглядзе прымусу да дачы паказанняў з прымяненнем катаванняў, сумесна прасоўваць развіццё правасуддзя ў больш справядлівым, эфектыўным, цывілізаваным і нарміраваным рэчышчы.

Падкрэслена важнасць гарманізацыі прававых норм, якія рэгулююць міжнародную куплю-продаж тавараў.

Таксама Вярхоўныя суды дзяржаў-членаў ШАС згодныя ажыццяўляць узаемны абмен візітамі суддзяў, удасканальваць работу па павышэнні іх кваліфікацыі.

Першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі Валерый Калінковіч высока ацаніў удзел Рэспублікі Беларусь у статусе назіральніцы ў XIII нарадзе старшынь Вярхоўных судоў дзяржаў-членаў ШАС, падкрэсліў, што гэта падзея

«садзейнічае фарміраванню пазітыўнага іміджу нашай дзяржавы і яе сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі, умацаванню міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў судовай сферы, узаемнаму ўразуменню прававых пазіцый паміж прадстаўнікамі судовых сістэм краін з рознымі прававымі мадэлямі».

Калінковіч адзначыў, што ўдзел у мерапрыемствах нарады, звязаных з наведваннем судоў розных узроўняў у Пекіне, Ханчжоў і Шанхае дазволілі атрымаць практычнае ўяўленне аб перадавым вопыце развіцця інфарматызацыі судовай дзейнасці, жаданых выніках, да дасягнення якіх варта імкнуцца пры правядзенні аналагічнай работы ў Беларусі. Далейшае развіццё ўзаемаадносін з судовымі сістэмамі дзяржаў рэгіёна ШАС, уключаючы ўдзел прадстаўнікоў беларускай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі ў двухбаковых і шматбаковых мерапрыемствах і кантактах на розным узроўні, будзе садзейнічаць паляпшэнню якасці і эфектыўнасці работы нашай судовай сістэмы і зробіць свой станоўчы ўнёсак у рашэнне задач, якія стаяць перад нашай краінай на міжнароднай арэне.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі