Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Да пытання аб фота-, кіна- і відэаздымцы ў ходзе судовага разбору і да пачатку судовага працэсу

9 сакавіка 2015  4076

 

Адказ на пытанне, якім чынам заканадаўча ўрэгулявана права на ажыццяўленне фота-, кіна-, відэаздымкі ў ходзе судовага разбору, дадзены ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 20 снежня 2013 года № 11 «Аб забеспячэнні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя і распаўсюджванні інфармацыі аб дзейнасці судоў» (далей – пастанова Пленума № 11).

Частка другая пункта 5 пастановы Пленума № 11 гаворыць: «… фотаздымка, кіназдымка, відэазапіс ходу судовага разбору могуць ажыццяўляцца па грамадзянскай справе з дазволу суда і з улікам меркавання юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб (частка чацвёртая артыкула 271 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса), а па крымінальнай справе – з дазволу старшыні судовага пасяджэння і са згоды бакоў (частка 6 артыкула 287 УПК)».

Акрамя таго, Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь утрымлівае норму, якая рэгулюе ажыццяўленне кіна-, фотаздымкі, гука- і відэазапісу пры разглядзе эканамічнай справы. У прыватнасці, згодна з часткай шостай артыкула 176 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса, кіна-, фотаздымка, гука- і відэазапіс, а таксама трансляцыя судовага пасяджэння па радыё і тэлебачанні дапускаюцца з дазволу суда, які разглядае справу, з улікам меркаванняў асоб, якія ў ім удзельнічаюць.

Што павінен зрабіць журналіст для рэалізацыі свайго права на фота-, кіна-, відэаздымку

Згодна з пунктам 6 пастановы Пленума № 11, удзельнікі працэсу, якія жадаюць ажыццявіць фотаздымку, кіназдымку, відэазапіс ходу адкрытага судовага разбору, заяўляюць хадайніцтва, а асобы, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі судовага працэсу, журналісты сродкаў масавай інфармацыі, звяртаюцца да суда з адпаведнай просьбай (заявай).

Наяўнасць такога хадайніцтва (просьбы), а таксама меркаванне бакоў (юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб) адлюстроўваюцца ў пратаколе судовага пасяджэння. Пры адсутнасці ў бакоў (юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб) пярэчанняў супраць ажыццяўлення фотаздымкі, кіназдымкі, відэазапісу ходу адкрытага судовага разбору суду пры вырашэнні гэтага пытання варта ўлічваць, што такія дзеянні магчымыя, калі яны не прывядуць да парушэння правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў судовага працэсу: на недатыкальнасць асабістага і сямейнага жыцця; гонару і годнасці; тайны перапіскі, тэлефонных перагавораў, паштовых, тэлеграфных і іншых паведамленняў, якія ўтрымліваюць звесткі асабістага характару.

Калі парадак у судовым пасяджэнні парушаны

У выпадках парушэння парадку ў судовым пасяджэнні асобай, якая выконвае фота-, кіназдымку, відэазапіс судовага пасяджэння, або калі ўказаныя дзеянні перашкаджаюць нармальнаму ходу судовага разбору, старшыня (суд) мае права абмежаваць іх ажыццяўленне па часе або спыніць.

Праяўленне непавагі да суда грамадзянамі, прысутнымі ў судовым пасяджэнні, ў выглядзе непадпарадкавання распараджэнню старшыні, парушэння імі парадку ў час судовага пасяджэння, а таксама здзяйснення кім-небудзь дзеянняў, якія сведчаць аб відавочнай пагардзе да суда або ўстаноўленых у судзе правіл, цягнуць за сабой прымяненне мер, прадугледжаных Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (артыкул 24.1 КоАП).

Ці можна здымаць да пачатку судовага працэсу?

Працэсуальнае заканадаўства не ўтрымлівае прамых забарон на ажыццяўленне фота- і відэафіксацыі падзей, якія адбываюцца ў зале суда да пачатку судовага пасяджэння.

Абавязак па ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі СМІ, у тым ліку па каардынацыі іх дзеянняў да пачатку судовага разбору, у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь ускладзены на супрацоўнікаў прэс-службы Вярхоўнага Суда (прэс-сакратара і вядучага спецыяліста), у ніжэйшых судах – на супрацоўнікаў апаратаў судоў, адказных за ўзаемадзеянне са СМІ.

Звяртаем увагу журналістаў сродкаў масавай інфармацыі, што аб сваіх намерах ажыццявіць фота-, кіна-, відэаздымку, у тым ліку да пачатку судовага разбору, журналісты маюць магчымасць праінфармаваць прадстаўніка суда загадзя. Гэта дазволіць папярэдзіць узнікненне канфліктных сітуацый.

 

 

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык