Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Укараненне інфармацыйных тэхналогій у дзейнасць судоў павышае якасць і эфектыўнасць правасуддзя

18 мая 2018

17 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Інфармацыйныя тэхналогіі і права (Прававая інфарматызацыя – 2018)».

Вярхоўны Суд выступіў адным з арганізатараў канферэнцыі сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі (НЦПІ), Кафедрай ЮНЕСКА па інфармацыйных тэхналогіях і праву НЦПІ, Міністэрствам юстыцыі, Рэспубліканскай калегіяй адвакатаў і Беларускай натарыяльнай палатай.

Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі, намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Вацлававіч Міцкевіч падкрэсліў, што «інфарматызацыя дазваляе знаходзіць новыя шляхі рашэння прыкладных задач у прававой сферы, служыць добрым імпульсам для ўдасканалення нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці, садзейнічае павышэнню эфектыўнасці нацыянальнага заканадаўства».

Якая сёння роля, стан і перспектывы прававой інфарматызацыі ў кантэксце фарміравання інфармацыйнага грамадства? Як правільна выбудоўваць прыярытэты ў сферы развіцця прававой інфарматызацыі і ацаніць рызыкі і выклікі? Якая будучыня ў электроннага правасуддзя? Як інфармацыйныя тэхналогіі выкарыстоўваюць у адвакацкай і натарыяльнай дзейнасці? Гэтыя і іншыя пытанні сталі прадметам абмеркавання ўдзельнікамі форуму.

Адкрыў пленарнае пасяджэнне канферэнцыі першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Валерый Леанідавіч Калінковіч.

У сваім дакладзе ён адзначыў, што ў сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі працягваецца мэтанакіраваная работа па ўкараненні сучасных інфармацыйных тэхналогій: «Сёння з упэўненасцю можна сцвярджаць, што стварэнне адзінай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі, цэнтралізацыя функцый судовага адміністравання дазволіла забяспечыць падтрымку ў належным стане камп'ютарнага парку на ўзроўні сучасных патрабаванняў, што дазваляе забяспечыць узаемадзеянне з інфармацыйнымі рэсурсамі цэлага рада міністэрстваў і ведамстваў па атрыманні і перадачы даных, якія маюць значэнне для належнага ажыццяўлення правасуддзя і выканання судовых рашэнняў».

Важным этапам, па словах першага намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда, стала мадэрнізацыя інтэрнэт-партала судоў агульнай юрысдыкцыі, распрацоўка яго беларускамоўнай версіі, стварэнне старонак судоў абласнога звяна і сістэмы электронных сэрвісаў «E-court Электроннае судаводства па эканамічных справах».

Акрамя таго, сёння ўкаранёныя ў эксплуатацыю асобныя модулі АІС САЮ (па дакументаабароце, кіраванні кадрамі, паштовым узаемадзеянні, суправаджэнні даведнікаў і класіфікатараў, прыкладным адміністраванні), праведзены першы этап распрацоўкі падсістэмы аўдыявідэафіксацыі, пратакаліравання і відэа-канферэнц-сувязі.

Гаворачы пра перспектывы далейшага развіцця інфарматызацыі судаводства, Калінковіч акрэсліў некаторыя з іх. Так, у бліжэйшыя гады мяркуецца аўтаматызаваць выкананне функцый судовага справаводства, адзінага пошуку інфармацыі, фарміравання статыстычнай справаздачнасці, а таксама стварыць мабільны кліент і сістэму абароны інфармацыі. Акрамя таго, стварэнне адзінай АІС САЮ дазволіць забяспечыць сучасны ўзровень кантролю руху судовых спраў па ўсёй сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі, арганізацыю зручнага і функцыянальнага інфармацыйнага ўзаемадзеяння судоў з іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, у тым ліку арганізацыю доступу да адпаведных інфармацыйных рэсурсаў і баз даных, а таксама прадастаўленне ўласнай інфармацыі праз агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму (ААІС). Плануецца таксама пашырыць прымяненне тэхналогіі электроннага лічбавага подпісу для забеспячэння аўтэнтыфікацыі карыстальнікаў у АІС САЮ і легітымнасці электронных дакументаў.

Адной са значных навацый, на думку Калінковіча, з'яўляецца развіццё сэрвісу – «E-court Электроннае судаводства па эканамічных справах». Ён дае зарэгістраваным аўтарызаваным карыстальнікам магчымасць праз інтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі дыстанцыйна звяртацца ў суд, які разглядае эканамічныя справы, з працэсуальнымі дакументамі, пералічанымі ў артыкуле 7 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Дакументы падаюцца ў электронным выглядзе пры дапамозе спецыяльна распрацаванага інтэрфейса.

Асаблівы акцэнт у сваім выступленні Валерый Калінковіч зрабіў на неабходнасці ўдасканалення заканадаўства, у тым ліку працэсуальнага, якое сёння некалькі адстае ад тэмпаў развіцця сучасных тэхналогій. «Сёння заяўнік абавязаны даць у эканамічны суд арыгінал дакумента, які пацвярджае факт платы дзяржпошліны. У выпадку падачы зваротаў у электронным выглядзе праз сэрвіс e-court без падавання арыгінала квітанцыі аб плаце дзяржпошліны суд можа пакінуць іскавую заяву без руху ў адпаведнасці з абзацам 3 часткі 1 артыкула 162 ГПК, або вярнуць зварот (абзац 6 часткі 1 артыкула 272 ГПК – пры падачы апеляцыйнай скаргі, абзац 5 часткі 1 артыкула 288 ГПК – пры падачы касацыйнай скаргі і г.д.). Практыка паказала, што колькасць пададзеных праз электронны сэрвіс e-court зваротаў пакуль невялікая. Асноўная прычына, на наш погляд, як раз звязана з асаблівасцямі пацвярджэння факта платы дзяржпошліны».

Спыніўся ён і на праблеме абароны персанальных даных.

«Размяшчэнне судовых пастаноў, а таксама іншай інфармацыі (тых жа звестак аб раскладзе судовых пасяджэнняў) у сетцы інтэрнэт дае магчымасць для азнаямлення няпэўнага кола асоб з інфармацыяй, распаўсюджанне якой абмежавана нормамі заканадаўства. Магчымасць выкарыстання персанальных даных ці іх распаўсюджання павінна або прама санкцыяніравацца заканадаўствам, або ажыццяўляцца з дазволу фізічнай асобы, чые персанальныя даныя выкарыстоўваюцца. Разумны баланс паміж абаронай персанальных даных, развіццём інфармацыйных тэхналогій і неабходнасцю выканання дзяржаўных функцый трэба, на нашу думку, шукаць на заканадаўчым узроўні», – адзначыў ён.

Рэзюмуючы, Валерый Леанідавіч Калінковіч запэўніў, што ўкараненне і развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі накіраваныя на павышэнне якасці і эфектыўнасці правасуддзя, робячы яго больш эканамічным, даступным і зразумелым для ўсіх грамадзян. Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэты працэс не павінен выцясняць сутнасць правасуддзя і да таго ж суправаджацца своечасовымі карэспандуючымі зменамі на заканадаўчым узроўні.

Таксама, на думку Калінковіча, не варта ігнараваць рызыкі, звязаныя з укараненнем тэхнічных навацый: «Забяспечваць укараненне інфармацыйных тэхналогій у судаводства, павышаючы ўзровень адкрытасці і даступнасці правасуддзя, варта з улікам рызык і выклікаў, звязаных з кантролем за выкананнем судовай інфармацыі, якая знаходзіцца ў адкрытым доступе, трэцімі асобамі», – сказаў ён.

Падрабязней аб ролі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у судаводстве ішла размова на адной з секцый канферэнцыі, арганізаванай Вярхоўным Судом і Міністэрствам юстыцыі.

Мадэратарамі секцыі выступілі суддзя судовай калегіі па грамадзянскіх справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Святлана Анатольеўна Любецкая і начальнік галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь – Галоўны судовы выканаўца Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Уладзіміравіч Каваленка.

У ходзе дыскусіі ўдзельнікі абмеркавалі не толькі дасягненні ў сферы інфарматызацыі правасуддзя і выканання судовых рашэнняў, але і вызначылі некаторыя праблемныя моманты, звязаныя як з неабходнасцю ўдасканалення заканадаўства ў гэтай сферы, так і з практыкай выкарыстання новых тэхналогій у дзейнасці судоў і судовых выканаўцаў.

У ходзе работы секцыі абмеркавалі і міжнародны вопыт у сферы развіцця прававой інфарматызацыі, у прыватнасці дзейнасць Савета Европы ў сферы ўкаранення інфармацыйных тэхналогій у судах і органах прадастаўлення прававой дапамогі, а таксама вопыт Расіі ў сферы тэхналагічнай аптымізацыі ў судаводстве.

Трансляцыя канферэнцыі. 17 мая 2018 года. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. г. Мінск. Рэспубліка Беларусь. (НЦПІ)

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык