Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Пытанні процідзеяння насіллю ў сям’і абмеркавалі ў Вярхоўным Судзе

21 лютага 2020  2403

19 лютага 2020 года адбыўся круглы стол, прысвечаны абмеркаванню актуальных пытанняў і праблем процідзеяння насіллю ў сям’і ў Рэспубліцы Беларусь. У яго рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі судовай сістэмы, МУС, Генеральнай пракуратуры, міністэрстваў адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, грамадскіх аб’яднанняў.

Дзейнасць па процідзеянні насіллю ў сям’і ўяўляе сабой комплекс прававых, арганізацыйных, сацыяльна-эканамічных, папераджальных, аднаўленчых мер. У Беларусі дзейнічае механізм узаемадзеяння паміж адпаведнымі дзяржаўнымі органамі і няўрадавымі арганізацыямі, іншымі структурамі, які дазваляе абараніць ад насілля і аказаць падтрымку пацярпелым, перашкодзіць дамашнім гвалтаўнікам, прыцягнуць іх да адказнасці. Тым не менш ёсць шэраг праблемных пытанняў, якія патрабуюць абмеркавання і вырашэння.

Першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерый Леанідавіч Калінковіч адзначыў, што ідэя абмеркаваць з экспертамі ў фармаце круглага стала актуальныя пытанні процідзеяння насіллю ў сям’і паўстала ў рамках падрыхтоўкі да маючага адбыцца ў сакавіку бягучага года пасяджэння Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, прысвечанага практыцы разгляду судамі спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаных артыкулам 9.1 КоАП.

Як адзначыў Валерый Калінковіч, абагульненне судовай практыкі па справах дадзенай катэгорыі выявіла цэлы шэраг праблемных пытанняў, якія так ці інакш звязаны з тэмай дамашняга насілля. Таму вельмі важны абмен думкамі паміж усімі зацікаўленымі, уключаючы як прадстаўнікоў судоў, так і іншых дзяржаўных органаў і арганізацый, што адносяцца да суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў. Такое шматаспектнае абмеркаванне дазволіць кансалідаваць намаганні для вырашэння агульнай праблемы па зніжэнні колькасці правапарушэнняў у сферы дамашняга насілля і папярэджанні іх здзяйснення.

Суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Анатольевіч Улога выступіў з дакладам, прысвечаным пытанням адміністрацыйнай адказнасці ў сферы процідзеяння насіллю ў сям’і. Суддзя падкрэсліў, што Вярхоўны Суд звярнуўся да пытанняў адміністрацыйнай адказнасці ў сферы процідзеяння насіллю ў сям’і, кіруючыся не толькі сацыяльнай значнасцю тэмы, але і зыходзячы з даных судовай статыстыкі.

Па словах дакладчыка, такія справы (па арт. 9.1 КоАП) складаюць не толькі практычна 20 % ад усіх разгледжаных судамі спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, але і ў цэлым складаюць амаль 10 % ад усяго аб’ёму судаводства ў судах краіны, гэта значыць ад агульнай колькасці крымінальных, грамадзянскіх і адміністрацыйных спраў і матэрыялаў. Дзмітрый Улога адзначыў, што з моманту ўключэння заканадаўцам у артыкул 9.1 КоАП часткі другой, якая прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за нанясенне пабояў, што не пацягнулі прычынення цялесных пашкоджанняў, наўмыснае прычыненне болю, фізічных або псіхічных пакут, здзейсненых у дачыненні да блізкага сваяка або члена сям’і, ужо прайшло больш за шэсць гадоў. Акрамя таго, два гады дзейнічае адказнасць за парушэнне абарончага прадпісання. І сёння, па словах суддзі, з’яўляецца відавочнай неабходнасць даць ацэнку эфектыўнасці прымаемых дзяржавай мер па абароне правоў пацярпелых ад насілля ў сям’і, а таксама абмеркаваць існуючую практыку прымянення дадзеных норм, напрамкі далейшага развіцця заканадаўства ў дадзенай сферы.

З дакладам аб дзейнасці органаў унутраных спраў па процідзеянні насіллю ў сям’і выступіў Алег Георгіевіч Каразей, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МГБ МУС – начальнік упраўлення прафілактыкі ГУАПП МГБ МУС Рэспублікі Беларусь.

Па словах Алега Каразея, тэма процідзеяння насіллю ў сям’і год ад году становіцца ўсё больш актуальнай. Толькі ў мінулым годзе 110 чалавек загінула менавіта ў выніку злачынстваў, здзейсненых у сферы быту. Акрамя таго, гэта кожнае трэцяе забойства, кожнае трэцяе цяжкае цялеснае пашкоджанне. Гэта даныя з улікам падыходаў органаў унутраных спраў да ацэнкі паняцця «насілле ў сям’і». І відавочна, што сапраўдны маштаб праблемы дамашняга насілля значна большы. Алег Каразей звярнуў увагу і на даныя сацыялагічных даследаванняў, згодна з якімі кожная другая жанчына сутыкаецца з той ці іншай формай насілля, а з фізічным насіллем сутыкаецца кожная трэцяя жанчына.

Алег Каразей прывёў даныя сацыялагічных даследаванняў, згодна з якімі сярод прычын здзяйснення партнёрам фізічнага насілля на першым месцы злоўжыванне партнёра алкаголем, наркотыкамі (68,5 %). Затым сярод прычын сацыёлагі называюць рэўнасць партнёра (44,9 %), жаданне партнёра паказаць сваё вяршэнства і ўладу (21,3 %). Пры гэтым у 11,6 % выпадкаў насілле адбываецца без бачных прычын.

Прадстаўнік МУС расказаў аб комплексе мер процідзеяння насіллю ў сям’і. У прыватнасці, аб выкарыстанні такога інструменту прававой абароны пацярпелага, як абарончае прадпісанне, гэта значыць устанаўленне грамадзяніну, які здзейсніў насілле ў сям’і, абмежаванняў на здзяйсненне пэўных дзеянняў. Гэта новая норма, якая працуе з 2014 года і актыўна прымяняецца, прычым, па словах Алега Каразея, з прадпісаннем пакінуць памяшканне.

Завяршаючы выступленне, Алег Каразей нагадаў, што планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2020 год прадугледжана распрацоўка закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў», дзе будуць прадугледжаны істотныя карэкціроўкі норм па процідзеянні насіллю ў сям’і. Мяркуецца, што паняцце «насілле ў сям’і» будзе пашырана, будуць дакладна вызначаны паўнамоцтвы суб’ектаў прафілактыкі і каардынуючы орган.

Іван Лявонцьевіч Федчук, намеснік начальніка кафедры адміністрацыйнай дзейнасці ОУС Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, выступіў з дакладам па пытаннях кваліфікацыі адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з насіллем у сям’і.

Суддзя Мінскага гарадскога суда Яўгеній Віктаравіч Хаткевіч азнаёміў удзельнікаў круглага стала з практыкай разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаных ч. 2 арт. 9.1. КоАП у раённых судах Мінска.

Аб праблемах прафілактыкі насілля ў сем’ях з непаўналетнімі дзецьмі расказаў Аляксей Аляксандравіч Падвойскі, начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Аляксей Падвойскі падкрэсліў, што хаця ўвесь комплекс мер па процідзеянні насіллю ў сям’і накіраваны на ахову і абарону сям’і, але пакуль няма цэласнасці ў падыходах. Пры выбудоўванні такой работы, адзначыў Падвойскі, важна ўлічваць наступствы ўмяшання ў жыццё сям’і. Таму ўсю работу па ўдасканаленні абарончых механізмаў трэба праводзіць паступальна, выкарыстоўваючы ў поўнай меры ўжо наяўныя сацыяльныя і прававыя рэсурсы па рэгуляванні ўнутрысямейных адносін. У заканадаўстве не павінна быць істотнага перакосу, які парушыць цэласнасць сям’і. Гаворачы аб насіллі ў сем’ях з дзецьмі, Падвойскі звярнуў увагу, што, як правіла, гэта так званыя праблемныя сем’і. Праблема паўстае тады, калі прыметы дрэннага становішча выяўляюцца позна і абарончыя прафілактычныя меры прымяніць складана. Дакладчык таксама падкрэсліў неабходнасць удасканалення работы па супрацоўніцтве дзяржорганаў і грамадскіх аб’яднанняў, а таксама рэсацыялізацыі дамашніх агрэсараў.

Аб асаблівасцях аказання дапамогі ў сістэме сацыяльнага абслугоўвання пацярпелым ад насілля расказала Марына Барысаўна Арцёменка, намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Сярод асноўных напрамкаў работы яна назвала далейшы маніторынг на адпаведнасць крызісных пакояў патрабаванням да ўтрымання і якасці сацыяльных паслуг, удасканаленне заканадаўства ў частцы фармалізацыі пратаколаў міжведамаснага ўзаемадзеяння па аказанні дапамогі пацярпелым ад насілля ў сям’і, узмацненне міжведамаснага ўзаемадзеяння ў частцы аператыўнага накіравання інфармаванай згоды, у тым ліку ад органаў аховы здароўя і адукацыі, інфармацыйна-растлумачальную работу.

Марына Арцёменка адзначыла, што на 1 студзеня 2020 года ў Беларусі дзейнічае 136 крызісных пакояў, у якіх 454 чалавекі атрымалі паслугу часовага прытулку. З іх 262 жанчыны, 153 дзіцяці, 39 мужчын. Яна падкрэсліла, што ўся інфармацыя па знаходжанні ахвяр дамашняга насілля ў такіх крызісных пакоях выключна канфідэнцыяльная і адрасы такіх пакояў не выдаюцца, што забяспечвае бяспеку грамадзян, якія там знаходзяцца.

Аб рабоце Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей і аб арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння расказала дырэктар цэнтра Кацярына Барысаўна Мальцава. Па яе словах, 689 зваротаў у 2019 годзе (4,4 % усіх зваротаў у цэнтр) звязаны з насіллем у сям’і. На гарачую лінію для пацярпелых ад насілля ў сям’і, якая кругласутачна працуе ў цэнтры, звяртаюцца пацярпелыя. Усім аказваецца інфармацыйная дапамога і падтрымка. Спецыяліст гарачай лініі дапаможа і накіруе ў крызісны пакой. Далей ён суправаджае чалавека, які звярнуўся па дапамогу, аж да самага засялення ў крызісны пакой і атрымлівае адваротную сувязь.

Кацярына Мальцава расказала аб сацыяльна-прафілактычных праектах цэнтра. У тым ліку аб карэкцыйнай праграме для мужчын-агрэсараў. Гэта праграма па карэкцыі мужчынскіх гвалтоўных паводзін, навучанні агрэсараў навыкам паважлівых зносін, развіцці і абагачэнні навыкаў адэкватных, канструктыўных паводзін, рэгуляцыі сацыяльных адносін, фарміраванні адэкватнай самаацэнкі, трэніроўцы практычных навыкаў зняцця празмернага напружання і трывожнасці. Праграма прадугледжвае групавую і індывідуальную работу з агрэсарамі. У прыватнасці, у працэсе работы ў групе мужчыны атрымліваюць магчымасць ацаніць уласныя паводзіны, выслухваючы іншых людзей, якія прызнаюць сваю адказнасць за насілле, кантроль і спробы ізаляваць партнёраў.

Аб актуальных пытаннях папярэджання дамашняга насілля ў Беларусі на аснове вопыту працы гарачай лініі для пацярпелых ад насілля МГА «Гендарныя перспектывы» расказала старшыня праўлення грамадскага аб’яднання Ірына Аляксандраўна Альхоўка.

Яна адзначыла, што па даных работы гарачай лініі 94 % тых, хто звярнуўся, – жанчыны. Пры гэтым часцей за ўсё (51 %) агрэсарамі з’яўляюцца мужы, у 13 % выпадкаў – сыны. Кожная шостая абанентка пакутуе ад насілля з боку былога мужа.

Усяго за час работы гарачай лініі з 2012 па 2020 год звярнуліся 13605 абанентаў.

На думку Ірыны Альхоўкі, сярод агульных тэндэнцый у сферы насілля ў сям’і адзначаецца нізкі ўзровень псіхалагічнай культуры ў грамадстве (страх перад зваротам да прафесійных псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў), нізкі ўзровень прававой культуры (няведанне законаў і сваіх правоў), рост выпадкаў праследавання (сталкінгу).

Падводзячы вынікі работы круглага стала, Валерый Калінковіч яшчэ раз падкрэсліў, што актуальнасць праблемы насілля ў сям’і, яе разнапланавасць і шматбаковасць, патрабуе зладжанага міжведамаснага ўзаемадзеяння, глыбокага вывучэння прычын гэтай небяспечнай сацыяльнай з’явы, разумнага ўдасканалення заканадаўства.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык