Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Прадстаўнікі Вярхоўнага Суда прынялі ўдзел у пасяджэнні круглага стала, прысвечанага пытанням страхавой дзейнасці

10 чэрвеня 2019  1316

7 чэрвеня 2019 года на базе Беларускага бюро па транспартным страхаванні адбыўся круглы стол, арганізатарамі якога выступілі Вярхоўны Суд, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Беларуская асацыяцыя страхоўшчыкаў, прадстаўнікі і кіраўнікі страхавых кампаній, навуковай і адвакацкай супольнасці.

Тэмай абмеркавання сталі пытанні страхавой дзейнасці: заканадаўчае рэгуляванне і правапрымяняльная практыка.

Адкрываючы работу круглага стала, намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Юрый Віктаравіч Кобец адзначыў важнасць сустрэчы ў кантэксце тых змен заканадаўства ў сферы страхавой дзейнасці, што адбыліся і плануюцца, – гэта і прыняты зусім нядаўна Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 мая 2019 года № 175 «Аб страхаванні», і распрацоўка законапраекта «Аб страхавой дзейнасці».

Юрый Кобец нагадаў, што колькасць вырашаных эканамічнымі судамі спраў, у аснове якіх ляжаць дагаворы страхавання, за апошнія тры гады павялічылася ў два разы.

На думку намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда, гэта сведчыць пра наяўнасць пытанняў, якія патрабуюць растлумачэння як на ўзроўні рэгулятара, так і пры дапамозе правапрымянення. «Першаступеннай задачай судоў, – падкрэсліў Юрый Кобец, – з’яўляецца аператыўны разгляд любой спрэчкі з вынясеннем законнага і абгрунтаванага рашэння, якое будзе эканамічна лагічным і справядлівым. У гэтым мы бачым свой уклад у развіццё дзелавой актыўнасці нашага бізнесу, устойлівасці ў тым ліку страхавога рынку».

У ходзе круглага стала ўвага была ўдзелена практычным пытанням правапрымянення па асобных аспектах страхавой дзейнасці.

Варта адзначыць, што пры яго падрыхтоўцы была створана рабочая група з ліку прадстаўнікоў судзейскага корпуса, Міністэрства фінансаў і ўдзельнікаў страхавога рынку для вызначэння кола пытанняў, актуальных як для страхоўшчыкаў, так і для рэгулятара і судоў. Як адзначыў Юрый Віктаравіч Кобец, у працэсе абмеркавання пытанняў, якія паступілі, дыяметральна супрацьлеглых пазіцый не было, што сведчыць аб  аднолькавым разуменні дзеючага заканадаўства і закладзеных у ім пасылаў.

Намеснік Міністра фінансаў Андрэй Міхайлавіч Белкавец таксама падкрэсліў важнасць сустрэчы ў выбраным фармаце, калі ўсе зацікаўленыя ўдзельнікі могуць абмеркаваць актуальныя пытанні страхавой дзейнасці. «Правільнае і аднастайнае прымяненне заканадаўства аб страхаванні, забяспечваючы абарону інтарэсаў страхавальніка і страхавой арганізацыі, мінімізуе памылкі ў працы страхоўшчыкаў і садзейнічае зніжэнню колькасці судовых спрэчак», – адзначыў намеснік Міністра фінансаў.

У межах сустрэчы былі разгледжаны не толькі актуальныя пытанні страхавання, але і асноўныя канцэптуальныя падыходы далейшага ўдасканалення заканадаўства ў гэтай  сферы, у прыватнасці канцэпцыі закона аб страхавой дзейнасці.

З дакладамі па актуальных пытаннях правапрымяняльнай практыкі ў сферы страхавой дзейнасці выступілі суддзі Вярхоўнага Суда.

Так, даклад суддзі Вярхоўнага Суда Аксаны Мікалаеўны Міхнюк быў прысвечаны пытанням прымянення заканадаўства аб страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальніка транспартнага сродку. Суддзя прааналізавала асновы і межы грамадзянскай адказнасці, асаблівасці пры змене ўладальніка транспартнага сродку.

«Сістэма абавязковага страхавання – сфера дзяржаўнага рэгулявання. І адным з самых масавых яго відаў з’яўляецца абавязковае страхаванне адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, мэта якога – абарона правоў пацярпелых на кампенсаванне шкоды, прычыненай іх жыццю, здароўю або маёмасці пры выкарыстанні транспартных сродкаў іншымі асобамі», – адзначыла суддзя Вярхоўнага Суда.

Аксана Міхнюк падкрэсліла, што за судовай абаронай грамадзяне і арганізацыі часцей звяртаюцца са спрэчкамі, якія вынікаюць з гэтага віду страхавання. Дзякуючы дадзенаму заканадаўцам пацярпеламу ў ДТЗ права выбару страхоўшчыка, да якога ён можа звярнуцца за кампенсацыяй шкоды ў выглядзе выплаты страхавой сумы (а гэта, як вядома, можа быць не толькі страхоўшчык грамадзянскай адказнасці таго, хто прычыніў шкоду, але і страхавая арганізацыя, якая ажыццяўляе страхаванне грамадзянскай адказнасці самога пацярпелага – уладальніка транспартнага сродку, і страхавая арганізацыя, якая заключыла з пацярпелым дагавор добраахвотнага страхавання ў дачыненні да яго пашкоджанай маёмасці), судовыя спрэчкі ў большасці выпадкаў тычацца патрабаванняў страхавых арганізацый па кампенсаванні ім зробленых страхавых выплат асобамі, адказнымі за прычыненне шкоды. І нярэдка гэта спрэчкі паміж страхавымі арганізацыямі, што сведчыць у тым ліку і аб неадназначным разуменні прафесійнымі ўдзельнікамі рынку страхавых паслуг норм заканадаўства аб страхаванні.

Суддзя прааналізавала праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у судовай практыцы па дадзенай катэгорыі спраў. У прыватнасці, пытанне вызначэння памеру шкоды, што падлягае кампенсаванню, з улікам ступені зносу пашкоджанага транспартнага сродку і дэталяў, якія замяняюцца, а таксама пытанне, звязанае з пераменай уласніка транспартнага сродку, а менавіта з асаблівасцямі пераходу права ўласнасці на аўтамабіль па здзелках з удзелам грамадзян.

У заключэнне суддзя падкрэсліла, што заканадаўства аб страхаванні ўдасканальваецца і даволі дынамічна змяняецца, рэагуючы і на судовую практыку, якая складваецца. Але закон такі, які ён ёсць. Задача судоў – яго правільнае прымяненне.

Суддзя Вярхоўнага Суда Алена Уладзіміраўна Каравай у сваім дакладзе прааналізавала асаблівасці правапрымянення пры разглядзе эканамічнымі судамі спраў, звязаных са страхаваннем грамадзянскай адказнасці часовых (антыкрызісных) кіраўнікоў.

Як адзначыла суддзя, згодна з практыкай разгляду эканамічнымі судамі спраў, звязаных са страхаваннем грамадзянскай адказнасці часовых кіраўнікоў, суды разглядаюць іскі аб пакрыцці страт па віне кіраўніка, якія прад’яўляюцца як да кіраўніка, так і да страхавой арганізацыі. У некаторых выпадках пры разглядзе спраў па ісках да былых кіраўнікоў аб пакрыцці страт, што былі прычыненыя крэдыторам або даўжніку, страхоўшчыкі прыцягваліся да ўдзелу ў справе ў якасці трэціх асоб, якія не заяўляюць самастойных патрабаванняў на прадмет спрэчкі, на баку адказчыка.

З дакладам аб перспектывах удасканалення заканадаўства аб страхавой дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь выступіла Наталля Валер’еўна Новікава, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення страхавога нагляду Міністэрства фінансаў. Яна падрабязна спынілася на аналізе падыходаў да прадмета прававога рэгулявання законапраекта «Аб страхавой дзейнасці» і расказала пра яго структуру.

Навуковы погляд на праблему ўдасканалення заканадаўства ў сферы страхавой дзейнасці быў прадстаўлены ў дакладзе кандыдата юрыдычных навук, дацэнта кафедры грамадзянскага і гаспадарчага права Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Марыны Мікалаеўны Шымковіч. У прыватнасці, яна расказала аб некаторых аспектах грамадзянска-прававой адказнасці пры множнасці ўдзельнікаў праваадносін у выніку прычынення шкоды крыніцай павышанай небяспекі.

Круглы стол завяршыўся дыскусіяй, мадэратарам якой выступіў намеснік дырэктара Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ Уладзімір Пятровіч Мароз.

Даклады і іншыя матэрыялы круглага стала будуць апублікаваныя ў ведамасных выданнях Вярхоўнага Суда і Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь.

Як адзначыў, завяршаючы работу круглага стала, Юрый Віктаравіч Кобец, такі фармат сустрэч, калі праблемы і пытанні, што ўзнікаюць на практыцы, сумесна абмяркоўваюць усе зацікаўленыя ўдзельнікі, не толькі карысны, але і сведчыць пра намер чуць і ўлічваць інтарэсы адзін аднаго.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык