Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная вынікам дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі ў 2017 годзе

31 студзеня 2018

31 студзеня 2018 года адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная вынікам дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі ў 2017 годзе. Удзельнікам дыялогу з журналістамі стаў першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерый Леанідавіч Калінковіч.

Валерый Калінковіч падкрэсліў, што вынікі работы сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі ў мінулым годзе ў асноўным станоўчыя, і коратка праінфармаваў аб іх журналістаў.

Першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь адзначыў агульную тэндэнцыю зніжэння колькасці крымінальных, грамадзянскіх і эканамічных спраў і спрэчак, якія паступілі для разгляду, і захаванне найбольш высокага ўзроўню нагрузкі ў судах г. Мінска. Акрамя таго, як сказаў Калінковіч, агульны рост назіраецца па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, падведамасных раённым судам, які адбыўся за кошт павелічэння паступленняў спраў аб дробным хуліганстве, распіванні спіртнога ў грамадскіх месцах і дробным крадзяжы.

Калінковіч таксама паведаміў аб зніжэнні колькасці асоб, асуджаных да пазбаўлення волі (у 2017 годзе іх на 1700 чалавек менш у параўнанні з 2016 годам). Праінфармаваў ён і аб больш актыўным прызначэнні судамі такіх відаў пакаранняў, як грамадскія работы, грашовы штраф, абмежаванне свабоды. У той жа час, адзначыў Валерый Леанідавіч, асобы, якія дапусцілі рэцыдыў злачынстваў, па-ранейшаму складаюць адну трэць ад агульнай колькасці асуджаных, што, безумоўна ж, з’яўляецца істотным фактарам, які ўплывае на прызначэнне пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі.

Гаворачы аб якасці правасуддзя, Калінковіч адзначыў, што скарацілася колькасць скасаваных і змененых вышэйстаячымі судамі прыгавораў і рашэнняў. Практычнае прымяненне апеляцыйнага парадку перагляду прыгавораў, а таксама рашэнняў эканамічных судоў і прымяненне элементаў апеляцыі ў грамадзянскім працэсе дазволілі дабіцца канчатковага вырашэння большасці спраў ужо ў судах другой інстанцыі.

Асаблівы акцэнт у выступленні першы намеснік кіраўніка вышэйшай судовай інстанцыі зрабіў на правядзенні на пастаяннай аснове мерапрыемстваў па паляпшэнні агульнай арганізацыі работы судоў, развіцці інфраструктуры, стварэнні належных умоў для ажыццяўлення правасуддзя і рэалізацыі бакамі права на судовую абарону; захавання прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці ў крымінальным і адміністрацыйным працэсах; выключэння фактаў валакіты, парушэнняў дзеючага заканадаўства, неналежнага стаўлення да грамадзян з боку суддзяў і работнікаў апарату судоў, выключэнню карупцыйных рызыкаў.

Размова таксама ішла і аб інавацыях. У прыватнасці, аб працягу развіцця і ўкаранення ў практыку элементаў электроннага судоводства і перадавых інфармацыйных тэхналогій. У 2020 годзе, паведаміў Калінковіч, плануецца ўкараніць поўную версію адзінай АІС САЮ.

Валерый Леанідавіч праінфармаваў і аб знакавай падзеі мінулага года. Ёй стала правядзенне першай Рэспубліканскай канферэнцыі суддзяў – новага органа судзейскай супольнасці. Канферэнцыяй быў выбраны новы склад Рэспубліканскага Савета суддзяў, прынятыя і іншыя рашэнні, рэалізацыя якіх павінна садзейнічаць кансалідацыі судзейскай супольнасці на рашэнне задач, якія стаяць перад судовай уладай.

Валерый Калінковіч адзначыў, што нягледзячы на завяршэнне асноўнага этапу судовай рэформы, працягваецца распрацоўка і рэалізацыя заканадаўчых і практычных мерапрыемстваў па далейшым развіцці і ўдасканаленні судовай сістэмы нашай краіны.

Адной з важных сфер судовай дзейнасці з’яўляецца кадравая палітыка. Пры гэтым, па словах Калінковіча, стратэгічнай застаецца задача фарміравання судзейскага корпуса, здольнага забяспечыць практычную рэалізацыю прынцыпу публічнасці судовай улады. Сёння гэта патрабуе спалучэння высокага ўзроўню юрыдычнай кваліфікацыі, інтэлектуальнага і культурнага развіцця, валодання замежнымі мовамі і асновамі камп’ютарнай пісьменнасці са здольнасцю вусна і пісьмова выказваць свае думкі па прававых пытаннях простай, зразумелай і даступнай для людзей мовай.

Асаблівая ўвага пры падборы кадраў і іх прасоўванні, фарміраванні корпуса эфектыўных кіраўнікоў судоў удзяляецца ацэнцы валявых і маральна-этычных якасцей, здольнасці да самастойнага выбару і прыняцця правільных рашэнняў, процістаяння знешняму ціску і карупцыйным рызыкам.

І надалей самае сур’ёзнае значэнне, па словах Калінковіча, будзе надавацца аб’ектыўнаму разгляду скарг і зваротаў грамадзян па пытаннях арганізацыі работы судоў і прыняцці неадкладных мер, калі скарга аказваецца абгрунтаванай.

Першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда закрануў і тэму ўзаемасувязі работы сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі з функцыянаваннем эканомікі: «Пры ажыццяўленні правасуддзя і арганізацыі работы судоў, ацэнцы вынікаў судовай дзейнасці мы ўжо кіруемся закладзенымі ў Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» прынцыпамі ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў, іх службовых асоб з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Гэта прынцыпы прэзумпцыі добрасумленнасці суб’ектаў гаспадарання; прэзумпцыі праваты прыватнай асобы ў спрэчках з суб’ектамі ўладных структур; прыярытэтнай накіраванасці на прафілактыку правапарушэнняў, а не выключна на прыцягненне да адказнасці; персаналізацыі адказнасці кіраўніка за належную арганізацыю дзейнасці суб’екта гаспадарання; суразмернасці пакарання характару здзейсненага правапарушэння і яго наступствам. У гэтым кантэксце – прымяненні інстытутаў вызвалення ад адказнасці пры малазначнасці дзеяння і па іншых законных падставах», – сказаў ён.

У фокусе ўвагі судоў, на думку Калінковіча, і апрабацыя новых прававых інстытутаў, прадугледжаных п. 5 Дэкрэта № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі».

Адзін з галоўных вынікаў 2017 года – увядзенне апеляцыйнага парадку разгляду скарг на судовыя рашэнні па грамадзянскіх справах, якія не ўступілі ў законную сілу. Ён пачне працаваць ужо летам бягучага года і дазволіць у асноўных відах правасуддзя канчаткова завяршаць вядзенне па справах ужо на ўзроўні суда другой інстанцыі. Па словах Калінковіча, гэта, у сваю чаргу, ужо сёння дазваляе заканадаўча абмяжоўваць і прававыя падставы, і тэрміны перагляду судовых рашэнняў, якія ўступілі ў законную сілу ў так званым парадку нагляду.

У сваю чаргу, адзначыў Валерый Леанідавіч, рашэнне гэтых пытанняў ставіць на парадак дня актыўную распрацоўку адзінага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса для ўніфікацыі працэдур разгляду як грамадзянскіх, так і эканамічных спраў і спрэчак. Безумоўна, пры гэтым трэба будзе захаваць усё добрае і эфектыўнае, што змяшчаюць два дзеючыя працэсуальныя кодэксы.

Завяршаючы выступленне, Валерый Леанідавіч Калінковіч акрэсліў перспектывы ў сферы заканадаўчага і практычнага забеспячэння судовай дзейнасці:

пераход на поўнасцю спаборны судовы працэс і ўзмацненне працэсуальнай адказнасці бакоў за нядобрасумленнае выкарыстанне сваіх правоў;

пераход да поўнамаштабнага апеляцыйнага судаводства і стварэння апеляцыйнай інстанцыі для рашэнняў, якія прымаюцца па першай інстанцыі Вярхоўным Судом;

заканадаўчае скарачэнне падстаў для перагляду судовых пастаноў, якія ўступілі ў законную сілу, і рэформа нагляднага вядзення;

прыняцце адзінага ГПК;

спрашчэнне судовых працэдур для разгляду бясспрэчных спраў і патрабаванняў;

удасканаленне працэдур банкруцтва і ўпарадкаванне працэсуальнага ўдзелу эканамічных судоў у гэтай дзейнасці, павышэнне адказнасці антыкрызісных кіраўнікоў за практычныя вынікі;

далейшая падтрымка і разумнае развіццё галоснасці і адкрытасці ў рабоце судовай сістэмы, у тым ліку і праз інтэрнэт-рэсурсы.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык