Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Р.Г. Аніскевіч прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай пытанням прафілактыкі спажывання непаўналетнімі наркотыкаў і алкаголю

2 жніўня 2019  863

2 жніўня 2019 года ў рамках міжнароднай канферэнцыі прадстаўнікі Вярхоўнага Суда, Генеральнай пракуратуры, Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ), Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці (УНЗААН), Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, міністэрстваў унутраных спраў, аховы здароўя і адукацыі, грамадскіх аб’яднанняў абмеркавалі глабальныя пытанні папярэджання спажывання непаўналетнімі наркотыкаў і алкаголю.

«У нашай краіне створана і функцыянуе шматузроўневая сістэма процідзеяння спажыванню дзецьмі псіхаактыўных рэчываў. Наладжана комплекснае нарматыўнае прававое рэгуляванне, – адзначыў, выступаючы перад удзельнікамі канферэнцыі намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лашын. – Аднак для далейшай стабілізацыі наркалагічнага становішча сярод непаўналетніх нам неабходна паляпшаць прафілактычную работу. І тут для нас цікавыя міжнародны вопыт, лепшыя практыкі, праблемныя аспекты іх укаранення».

Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі, намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, старшыня судовай калегіі па крымінальных справах Руслан Аніскевіч таксама падкрэсліў важнасць абранай тэмы для абмеркавання.

«Пытанні прафілактыкі наркаспажывання архіважныя для ўсяго нашага грамадства, – адзначыў Аніскевіч. Не сакрэт, што праблема наркатызацыі грамадства ў цэлым і моладзі ў прыватнасці на пастаянным кантролі з боку дзяржавы, праваахоўных органаў, судовай сістэмы, таму што незаконны абарот наркотыкаў – гэта пытанне, перш за ўсё, нашай нацыянальнай бяспекі. Сёння, калі дзякуючы сістэме прынятых дзяржавай жорсткіх антынаркатычных мер атрымалася зменшыць хвалю наркаспажывання, якая нарастала, на першы план выходзіць задача прафілактыкі. Варта вывучаць і гаварыць не толькі аб прычынах і ўмовах распаўсюджання гэтай згубнай з’явы, але і прымяняць дзейсныя меры прафілактычнага характару, здольныя паўплываць на сітуацыю».

Руслан Аніскевіч таксама закрануў пытанне, звязанае з прымяненнем нядаўна прынятага Закона Рэспублікі Беларусь «Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», пад дзеянне якога патрапяць у тым ліку і непаўналетнія, асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў, а таксама аб нядаўніх зменах у Крымінальным кодэксе, накіраваных на зніжэнне ніжняй мяжы пакарання па артыкуле 328 КК «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў»:

«На сённяшні дзень стаіць вельмі сур’ёзнае пытанне рэабілітацыі і рэсацыялізацыі непаўналетніх, якія выйдуць на волю з папраўчых устаноў. Важна, каб яны не засталіся адзін на адзін са сваёй праблемай, каб грамадства было здольнае аказаць ім падтрымку і каб яны не былі зноў уцягнутыя ў сферу наркаабароту. Павінны быць створаны ўмовы для вяртання ў нармальнае жыццё ў грамадстве».

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык