Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Аб тэндэнцыях у сферы ажыццяўлення правасуддзя па справах інтэлектуальнай уласнасці: інтэрв'ю намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Жанны Барысаўны Шкурдзюк

26 чэрвеня 2020  8042

Роля суда ў грамадстве не вычэрпваецца выкананнем правасуддзя

В марте 2020 года исполнилось 20 лет с момента создания в Верховном Суде судебной коллегии для рассмотрения споров в сфере интеллектуальной собственности. О том, какие тенденции характерны сегодня для работы судебной коллегии по делам интеллектуальной собственности, какое влияние правоприменительная практика коллегии оказывает на совершенствование законодательства, о роли коллегии в правовом просвещении в интервью журналу "Судовы веснік" рассказала заместитель Председателя Верховного Суда Республики Беларусь Жанна ШКУРДЮК.

У сакавіку 2020 года споўнілася 20 гадоў з моманту стварэння ў Вярхоўным Судзе судовай калегіі для разгляду спрэчак у сферы інтэлектуальнай уласнасці. Аб тым, якія тэндэнцыі характэрныя сёння для работы судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці, які ўплыў правапрымяняльная практыка калегіі аказвае на ўдасканаленне заканадаўства, аб ролі калегіі ў прававой асвеце ў інтэрв'ю часопісу "Судовы веснік" рассказала намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Жанна ШКУРДЗЮК.

– Жанна Барысаўна, судовая калегія, якую Вы ўзначальваеце, не так даўно адзначыла юбілей – 20 гадоў з моманту яе ўтварэння ў складзе Вярхоўнага Суда. Ці можна казаць аб тым, што сёння судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасці карыстаецца найбольшым даверам праваўладальнікаў і іншых удзельнікаў праваадносін у сферы інтэлектуальнай уласнасці, якія сутыкнуліся з неабходнасцю абароны сваіх парушаных правоў, як найбольш кампетэнтная спецыялізаваная інстанцыя па вырашэнні спрэчак у гэтай сферы?

– Лічу, для гэтага аб’ектыўна ёсць усе падставы. Але спачатку хачу нагадаць, што ўтвораная ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь у 2000 годзе судовая калегія па патэнтных справах стала першым спецыялізаваным судом у сферы інтэлектуальнай уласнасці на ўсёй постсавецкай прасторы. Гэты крок сведчыў аб тым, што ў нашай краіне ўжо ў той перыяд выразна ўсведамлялі, наколькі важным фактарам устойлівага эканамічнага развіцця з’яўляецца стварэнне эфектыўнай сістэмы прававой абароны прамысловай уласнасці, а таксама аб адданасці Беларусі выкананню сваіх абавязацельстваў як члена Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці.

У 2007 годзе калегія была пераўтворана ў судовую калегію па справах інтэлектуальнай уласнасці, што больш дакладна адлюстроўвала яе кампетэнцыю, якая склалася к таму часу, і характар спрэчак, якія ёй разглядаліся.

Што да ўзроўню даверу да нас як спецыялізаванага суда, то лепш за ўсё аб ім, напэўна, сведчыць статыстыка зваротаў у судовую калегію. Напрыклад, калі за першыя пяць гадоў работы калегіі было разгледжана ўсяго каля 200 заяў і скарг, то толькі за адзін мінулы год іх паступіла больш за 240. Устойлівы рост колькасці зваротаў у судовую калегію назіраецца з 2016 года. Пры гэтым штогод па 20% спраў істцамі і заяўнікамі з’яўляюцца суб’екты замежных дзяржаў.  

Аб тым, што судовая абарона правоў у сферы інтэлектуальнай уласнасці ў нашай краіне адпавядае міжнародным стандартам у гэтай галіне судаводства, сведчыць і станоўчая ацэнка работы калегіі міжнароднымі экспертамі.

Так, у студзені 2018 года адбылася сустрэча суддзяў калегіі з прадстаўнікамі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ). Гэта, без перабольшання, была знамянальная  падзея для Вярхоўнага Суда і судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці.

Сустрэча ў Вярхоўным Судзе адбылася ў рамках афіцыйнага візіту ў Рэспубліку Беларусь спадара Джона Сэндэджа, намесніка Генеральнага дырэктара САІУ. Сусветную арганізацыю таксама прадстаўляў Яўгеній Сясіцкі, кіраўнік праграм Дэпартамента краін з пераходнай і развітай эканомікай САІУ.

Падчас сустрэчы намеснік дырэктара САІУ высока ацаніў вопыт Беларусі па стварэнні спецыялізаванага суда і фарміраванні яго кадравага саставу. Станоўчую ацэнку міжнародных экспертаў атрымалі ўстаноўлены парадак вырашэння спрэчак у сферы прамысловай уласнасці калегіяльным саставам з трох суддзяў, а таксама разумны памер ставак дзяржаўнай пошліны, якая выплачваецца за падачу заяў і скарг у калегію, што забяспечвае даступнасць судовага спосабу абароны.

Прадстаўнікі САІУ звярнулі ўвагу і на тую акалічнасць, што пры наяўнасці заканадаўча прадугледжанай магчымасці  вырашаць спрэчкі, якія тычацца аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, пры дапамозе медыяцыі і трацейскага разбору бакі па-ранейшаму аддаюць перавагу звароту ў спецыялізаваную калегію, што сведчыць аб больш высокім узроўні даверу менавіта да дзяржаўнага суда.

У сваю чаргу, суддзі калегіі праінфармавалі гасцей аб тым, што ў практыцы калегіі аказаўся запатрабаваным вопыт Цэнтра па арбітражы і пасрэдніцтве САІУ ў галіне вырашэння спрэчак, якія тычацца даменных імёнаў.

Спадар Джон Сэндэдж прапанаваў суддзям калегіі падзяліцца вопытам разгляду спраў, якія адносяцца да кампетэнцыі калегіі, у межах навучальных семінараў, што праводзяцца САІУ. Раней я ўжо мела гонар прымаць удзел у падобных мерапрыемствах у якасці міжнароднага дакладчыка ад Беларусі і магу канстатаваць, што іх выніковасць у плане абмену вопытам і ўспрымання лепшых, найбольш перадавых практык вырашэння спрэчак у сферы інтэлектуальнай уласнасці вельмі высокая.

– Вы адзначылі штогадовае павелічэнне колькасці зваротаў у судовую калегію па справах інтэлектуальнай уласнасці. Размова ідзе аб стабільным ці скачкападобным росце? І якія катэгорыі і віды спрэчак пераважаюць на сённяшні дзень сярод тых, што разглядаюцца калегіяй?

– Адказваючы на першую частку пытання, павінна адзначыць, што, сапраўды, калі раней мы адзначалі штогадовае павелічэнне агульнай колькасці спрэчак, якія паступалі на вырашэнне, на 10–20%, то ў 2019 годзе адбыўся рэзкі скачок – рост склаў ужо 45%. І калі зыходзіць з колькасці заяў, што паступілі ў калегію на працягу студзеня – мая 2020 года, у бягучым годзе рост захаваецца – пакуль нельга сказаць, ці будзе ён больш плаўным.

Для нагляднасці дазволю сабе спаслацца на канкрэтныя статыстычныя даныя. Так, у 2017 годзе ў вядзенні калегіі знаходзілася 143 справы, у 2018 годзе – 167, у 2019 годзе – ужо 243. За пяць месяцаў 2020 года ў калегію паступілі 123 заявы і скаргі.

Што да катэгорый спрэчак, то ў перыяд з 2017 года па май 2020 года ўключна, па даным статыстыкі, судовай калегіяй разгледжана 542 справы, з іх 394 справы, або 72,6%, – гэта спрэчкі ў сферы аўтарскага права і сумежных правоў, 107 спраў (19,8%) – спрэчкі ў дачыненні да таварных знакаў і знакаў абслугоўвання, 41 (7,6%) – спрэчкі ў сферы прамысловай уласнасці.

У структуры спрэчак у сферы аўтарскага права і сумежных правоў 25,9% (з 72,6%) складалі іскі аб спагнанні кампенсацыі ў сувязі з парушэннем выключнага права на аб’екты аўтарскага права і сумежных правоў, 29,2% – іскі аб спагнанні запазычанасці па дагаворах, пені і працэнтаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі, 4,6% – іскі аб спагнанні ліцэнзійнага ўзнагароджання, астатнія 12,9% – іскі аб спагнанні аўтарскага ўзнагароджання, пакрыцці страт, кампенсацыі маральнай шкоды, аб змяненні ўмоў дагавора, спыненні парушэнняў выключных правоў.

Сярод спрэчак, якія тычацца таварных знакаў і знакаў абслугоўвання, 6,2% складалі іскі аб датэрміновым спыненні прававой аховы ў Рэспубліцы Беларусь таварных знакаў і знакаў абслугоўвання, 4,9% – скаргі на рашэнні Апеляцыйнага савета пры патэнтным органе, звязаныя з рэгістрацыяй або адмовай у рэгістрацыі такіх знакаў, 3,5% – іскі аб спыненні парушэння правоў на таварныя знакі, 2,2% – іскі аб спагнанні ліцэнзійнага ўзнагароджання, 1,4% – скаргі на рашэнні Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якімі дзеянні па рэгістрацыі і выкарыстанні таварных знакаў і знакаў абслугоўвання прызнаныя актамі нядобрасумленнай канкурэнцыі, 1,2% – іскі аб прызнанні нядобрасумленнай канкурэнцыяй дзеянняў, звязаных з рэгістрацыяй і выкарыстаннем таварных знакаў.

У сферы прамысловай уласнасці пераважаюць спрэчкі аб спыненні парушэння правоў на аб’екты прамысловай уласнасці – 3,4%, аб спагнанні ўзнагароджання за выкарыстанне вынаходстваў або карысных мадэлей – 2,6%.

Як бачым, найбольшая колькасць спрэчак у апошні час – гэта так званыя разліковыя справы, якія звязаны са спагнаннем запазычанасці па дагаворах, што ўтварылася з прычыны невыканання або неналежнага выканання адным з бакоў узятых на сябе дагаворных абавязацельстваў у межах стварэння аб’ектаў аўтарскага права – камп’ютарных праграм, дызайнерскіх праектаў, рэкламных відэаролікаў і г. д. Такая тэндэнцыя сведчыць аб неналежнай дагаворнай дысцыпліне. Між тым ад узроўню дагаворнай дысцыпліны не толькі ў многім залежыць дзелавая рэпутацыя ўдзельнікаў грамадзянскага абароту – агульнапрызнана, што нізкая дагаворная дысцыпліна з’яўляецца адной з унутраных пагроз эканамічнай бяспекі любой краіны.

– Спрэчкі, звязаныя з правамі на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, – гэта ўсё-такі вельмі спецыфічная катэгорыя спраў, для разгляду якой невыпадкова створана спецыялізаваная калегія. А як часта патрабуецца прыцягваць экспертаў пры разглядзе такіх спраў? І ці ўплывае гэта на тэрміны іх разгляду?

– У судовай калегіі разглядаюцца спрэчкі, звязаныя з абаронай цэлага спектра аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці – вынаходстваў, карысных мадэлей, прамысловых узораў, таварных знакаў, аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў. Спецыфіка гэтых спраў заключаецца ў тым, што характарыстыкамі такіх аб’ектаў, якія выступаюць неад’емнай умовай іх аховы, могуць быць арыгінальнасць, непаўторнасць, індывідуальнасць, творчы характар твора і да т. п. У патэнтным праве адным з неабходных крытэрыяў для прадастаўлення аб’екту прававой аховы з’яўляецца навізна. Заяўляючы патрабаванні аб спыненні парушэння выключных правоў, істцы спасылаюцца на выкарыстанне адказчыкамі без дазволу і без выплаты ўзнагароджання іх інтэлектуальнай уласнасці. Адказчыкі ж, як правіла, выстаўляюць контрдоказы таго, што вырабляемая імі прадукцыя, распрацаваныя праграмнае забеспячэнне ці дызайн, напісаная карціна, створаны літаратурны, музычны, фатаграфічны або аўдыёвізуальны твор і г. д. не запазычаны ў праваўладальнікаў-істцоў, а з’яўляюцца вынікам самастойнай творчай дзейнасці. Акрамя таго, адказчыкі могуць аспрэчваць і сам факт аднясення аб’ектаў, аб якіх узнікла спрэчка, да ахоўных аб’ектаў у сувязі з іх неадпаведнасцю крытэрыям аховаздольнасці. У рамках разгляду разліковых спраў аспрэчваюцца паўната і якасць выканання комплексу работ па ўводзе ў эксплуатацыю, укараненні і тэсціраванні праграмнага забеспячэння, указваецца на неадпаведнасць распрацаванага ПЗ тэхнічнаму заданню.

У падобных выпадках для праверкі довадаў бакоў у працэсе, як правіла, патрабуецца прыцягненне асоб, якія валодаюць спецыяльнымі ведамі ў пэўнай галіне, і прызначэнне экспертызы.

За апошнія тры з паловай гады суддзямі калегіі было прызначана 18 экспертыз: па тры – патэнтна-хімічныя і мастацтвазнаўчыя, па дзве кожнага віду – камп’ютарна-тэхнічныя, патэнтна-тэхнічныя, дызайнерскія, музычна-лінгвістычныя і ў дачыненні да таварных знакаў, а таксама адна патэнтна-эканамічная і адна почырказнаўчая. Амаль усе экспертызы прызначаліся на стадыі папярэдняга судовага пасяджэння з прыпыненнем вядзення па справе. Пры гэтым суд дае экспертам ад аднаго да двух месяцаў на правядзенне экспертызы – у залежнасці ад складанасці і аб’ёму неабходных даследаванняў, так што прызначэнне і правядзенне экспертыз на тэрмінах разгляду спраў сур’ёзным чынам не адбіваецца і тым больш не прыводзіць да іх парушэння.

– А калі казаць пра якасць экспертыз – ці заўсёды яна на належным узроўні? І ці ёсць, на Ваш погляд, патрэба ва ўдасканаленні прававога рэгулявання судова-экспертнай дзейнасці?

– У цэлым у суддзяў калегіі сёння няма прэтэнзій да якасці праведзеных экспертыз. Але павінна звярнуць увагу на адзін нюанс: з усіх названых экспертыз толькі почырказнаўчая была праведзена Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. Усе астатнія дадзенай установай не праводзяцца, што, бясспрэчна, стварае для калегіі пэўныя цяжкасці ў сувязі з неабходнасцю шукаць экспертаў з асяроддзя выкладчыкаў ВНУ, патэнтных павераных па спецыялізацыі, мастакоў, фатографаў і г. д. Асаблівыя цяжкасці ўзнікаюць пры прызначэнні камп’ютарна-тэхнічных экспертыз, звязаных з высвятленнем паўнаты і якасці выканання комплексу прац па ўводзе ў эксплуатацыю, укараненні і тэсціраванні праграмнага забеспячэння.

І хоць узровень кваліфікацыі асоб, якія прыцягваюцца да ўдзелу ў справах у якасці экспертаў, дастаткова высокі, не варта скідаць з рахунку тую акалічнасць, што кожны з экспертаў займаецца правядзеннем экспертызы толькі ў вольны ад асноўнай працы час. Разам з тым экспертная дзейнасць – гэта карпатлівая праца, якая патрабуе пастаянных зносін з калегамі, удзелу ў навуковай дзейнасці, ёй неабходна займацца не ад выпадку да выпадку, а прафесійна і сістэмна на аснове распрацаваных метадаў даследавання.

Судовыя экспертызы, звязаныя з даследаваннем аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, маюць сваю спецыфіку. Для правядзення якасных даследаванняў на высокім прафесійным узроўні патрабуецца цэнтралізацыя менавіта ў спецыялізаванай экспертнай установе групы спецыялістаў, якія маюць адпаведную адукацыю і дастатковы вопыт работы ў сферы інфармацыйных тэхналогій, мастацтва, філалогіі, дызайну і г. д. Асобыя веды ў галіне патэнтазнаўства, фізікі, хіміі, механікі, машынабудавання, электронікі патрэбны і пры правядзенні якасных даследаванняў у дачыненні да вынаходстваў і карысных мадэлей. Неабходна таксама дасканалае веданне экспертам заканадаўчай і нарматыўна-прававой базы, а таксама норм міжнароднага права, якія рэгулююць спецыфічную сферу інтэлектуальнай уласнасці.

Вельмі спадзяемся на тое, што Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз абмяркуе і станоўча вырашыць пытанне аб дапаўненні пераліку асноўных відаў экспертыз і экспертных спецыяльнасцей новым відам экспертыз – «Экспертыза, звязаная з аховай правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці» – і адпаведна новымі экспертнымі спецыяльнасцямі, звязанымі з даследаваннямі канкрэтных аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці – як у галіне прамысловай уласнасці, так і ў галіне аўтарскага права і сумежных правоў. У эпоху чацвёртай прамысловай рэвалюцыі гэта асабліва актуальна.

– Паколькі размова зайшла аб удасканаленні прававога рэгулявання, давайце працягнем гэту тэму. У апошнія гады ў заканадаўства, якое рэгулюе сферу абароту аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, унесены істотныя змены. Якія з іх найбольш важныя з пункта гледжання судовай калегіі як правапрымяняльніка? І ў якой ступені яны ўлічваюць вынікі аналізу правапрымяняльнай практыкі, што праводзіцца калегіяй на сістэмнай аснове?

– Хачу звярнуць увагу на тое, што заканадаўства ў сферы інтэлектуальнай уласнасці дастаткова інтэнсіўна абнаўляецца пачынаючы з 2000 года. Асабліва часта падвяргаюцца карэкціроўцы законы, якія найбольш актыўна прымяняюцца і да якіх неабходна аднесці законы Рэспублікі Беларусь ад 17.05.2011 № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», ад 16.12.2002 № 160-З «Аб патэнтах на вынаходніцтвы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры», ад 05.02.1993 № 2181-XII «Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання». Базавыя законы ўдасканальваюцца пастаянна з тым, каб адпавядаць рэаліям часу.

Так, унясенне змен і дапаўненняў у Закон «Аб патэнтах на вынаходніцтвы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры», які ўступіў у сілу з 7 ліпеня 2018 г. [1], было абумоўлена неабходнасцю ўлічыць напрацаваную правапрымяняльную практыку, у тым ліку судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда. Акрамя таго, было неабходна гарманізаваць заканадаўства з улікам патрабаванняў, прадугледжаных Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29.05.2014, прывесці нормы Закона ў адпаведнасць з Дагаворам аб патэнтным праве ад 01.06.2000, да якога Рэспубліка Беларусь далучылася ў 2016 годзе, а таксама з Пагадненнем па гандлёвых аспектах правоў інтэлектуальнай уласнасці (TRIPS) у сувязі з праходжаннем рэспублікай працэдуры ўступлення ў СГА.

Мэтай унясення змен у Закон «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», якія ўступілі ў сілу зусім нядаўна – 27 мая б.г. [2], распрацоўшчык вызначыў неабходнасць удасканалення норм Закона з улікам практыкі яго прымянення. Калі гаварыць больш канкрэтна, то стаяла задача ў першую чаргу вырашыць на заканадаўчым узроўні задаўнены канфлікт паміж аператарамі кабельнага тэлебачання і праваўладальнікамі, органам па кіраванні правамі аўтараў на калектыўнай аснове наконт адказнасці аператараў пры выкарыстанні твораў у ходзе распаўсюджвання абавязковага агульнадаступнага пакета тэлепраграм. Паралельна ўнесены і іншыя значныя змены і дапаўненні ў Закон.

Суддзі калегіі прымаюць самы актыўны ўдзел у рабоце па ўдасканаленні заканадаўства, у тым ліку ў складзе рабочых груп. Нам вельмі важна падчас работы над законапраектамі рэалізаваць як мага болей ініцыятыў Вярхоўнага Суда, у аснове якіх заўсёды ляжыць судовая правапрымяняльная практыка, з мэтай яе набліжэння да міжнародных стандартаў.

Напрыклад, пры ўнясенні паправак у Закон аб патэнтах была рэалізавана адна з прынцыповых прапаноў Вярхоўнага Суда, якая тычыцца ўвядзення патэнтнай экспертызы ў дачыненні да карысных мадэлей для іх праверкі на адпаведнасць умовам патэнтаздольнасці, устаноўленым гэтым Законам, пры падачы ў Апеляцыйны савет пры патэнтным органе пярэчанняў супраць прадастаўлення ім прававой аховы. Палажэнні Закона аб патэнтах раней не прадугледжвалі такую праверку.

Разам з тым, як паказаў аналіз судовай практыкі, пры праверцы дадзеных аб’ектаў прамысловай уласнасці на патэнтаздольнасць у Апеляцыйным савеце пры патэнтным органе больш за 75 % патэнтаў на карысныя мадэлі прызнаваліся несапраўднымі, такімі, якія не адпавядаюць умовам патэнтаздольнасці. Адсутнасць патэнтнай экспертызы заявак на карысныя мадэлі дазваляла нядобрасумленным патэнтаўладальнікам злоўжываць сваімі выключнымі правамі на названыя аб’екты прамысловай уласнасці як пры прад’яўленні неабгрунтаваных іскаў аб парушэнні іх выключных правоў, так і пры атрыманні даходу ад выкарыстання такіх аб’ектаў.

Значнай навелай стала і прадастаўленне патэнтаўладальнікам або асобам, у якіх ёсць права выкарыстання вынаходства, карыснай мадэлі, прамысловага ўзору па дагаворы выключнай ліцэнзіі, магчымасці па сваім выбары патрабаваць ад асобы, якая парушыла выключнае права на названыя аб’екты прамысловай уласнасці, выплаты кампенсацыі замест прадугледжанага Законам пакрыцця страт. Памер кампенсацыі можа складаць ад адной да пяцідзесяці тысяч базавых велічынь і вызначаецца судом з улікам характару парушэння. Пры разглядзе спрэчак, як паказвала судовая практыка, не заўсёды было магчыма ў сілу спецыфікі аб’екта правапарушэння вызначыць страты, прычыненыя праваўладальніку. Кампенсацыя ж уяўляе сабой від грамадзянска-прававой адказнасці, уведзенай заканадаўцам з улікам цяжкасці даказвання аб’ёму страт ад правапарушэнняў. Таму дадзеная навела дазваляе найбольш шчыльна і ўсебакова абараніць інтарэсы праваўладальнікаў пры несанкцыянаваным выкарыстанні запатэнтаваных аб’ектаў прамысловай уласнасці.

З мэтай абароны інтарэсаў ліцэнзіята па выключнай ліцэнзіі магчымасць праследаваць парушальніка была прадастаўлена не толькі праваўладальніку, але і ўладальніку выключнай ліцэнзіі ў аб’ёме перададзеных яму правоў.

Па ініцыятыве Вярхоўнага Суда ўстаноўленыя ў Законе аб патэнтах падставы прызнання патэнта на прамысловы ўзор несапраўдным дапоўнены ўказаннем на тое, што такі патэнт можа быць прызнаны несапраўдным на працягу тэрміну яго дзеяння ў выпадку прадастаўлення прававой аховы ў якасці прамысловага ўзору рашэнню, тоеснаму або падобнаму да ступені змешвання з таварным знакам, выключнае права на які належыць іншай асобе ў дачыненні да аднародных тавараў, калі гэты таварны знак валодае больш раннім прыярытэтам. Названае дапаўненне дазваляе ўрэгуляваць спрэчкі, звязаныя з прадастаўленнем прававой аховы тоесным або падобным да ступені змешвання таварным знакам і прамысловым узорам. Пры гэтым улічвалася, што ў Законе «Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання» ўтрымліваецца падстава для адмовы ў прадастаўленні прававой аховы ў якасці таварных знакаў абазначэнням, тоесным або падобным да ступені змешвання з прамысловымі ўзорамі.

– Гэта значыць, можна смела гаварыць пра тое, што правапрымяняльная практыка судовай калегіі непасрэдна ўплывае на працэс удасканалення прававых норм у сферы інтэлектуальнай уласнасці?

– Дзеля аб’ектыўнасці варта адзначыць, што часам нам даволі складана давесці сваю пазіцыю да распрацоўшчыкаў і зацікаўленых, хоць неабходнасць рэалізацыі прапаноў менавіта Вярхоўнага Суда, лічу, відавочная. Наша пазіцыя заўсёды аргументаваная, грунтуецца на шматгадовай выверанай практыцы правапрымянення і накіравана ў першую чаргу на павышэнне ўзроўню прававой абароненасці як праваўладальнікаў, так і карыстальнікаў. Бо недарэмна гавораць: практыка – крытэрый ісціны.

Напрыклад, у працэсе работы ў складзе рабочай групы над законапраектам аб унясенні змен у Закон «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» Вярхоўнаму Суду няпроста было рэалізаваць ініцыятыву, якая датычылася зніжэння мінімальнага парога кампенсацыі, якая спаганяецца замест пакрыцця страт у сувязі з парушэннем выключнага права на аб’екты аўтарскага права і сумежных правоў, з дзесяці базавых велічынь да адной [3]. Пярэчанні зводзіліся да таго, што такім зніжэннем будуць парушацца правы аўтараў і іншых праваўладальнікаў. Гэты довад быў яўна непераканаўчым.

Ніжні парог кампенсацыі варта было знізіць у сувязі з неабходнасцю замацавання аднастайнага падыходу да рашэння гэтага пытання ва ўсіх базавых законах, якія рэгулююць падобныя праваадносіны. Да таго часу дзеючыя законы «Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання», «Аб патэнтах на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры», «Аб прававой ахове тапалогій інтэгральных мікрасхем» ужо прадугледжвалі ніжні парог кампенсацыі, роўны адной базавай велічыні. Новая рэдакцыя Закона Рэспублікі Беларусь ад 17.07.2002 № 127-З «Аб геаграфічных указаннях», якая праходзіла абмеркаванне ў гэты ж перыяд у рабочых групах, таксама ўтрымлівала аналагічныя палажэнні ў частцы мінімальнага памеру кампенсацыі. Такім чынам, толькі ў Законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» заставаўся ніжні парог кампенсацыі ў дзесяць базавых велічынь, што ставіла праваўладальнікаў на аб’екты аўтарскага права і сумежных правоў без усякіх на тое падстаў у больш выгаднае ў параўнанні з астатнімі праваўладальнікамі становішча і парушала канстытуцыйны прынцып роўнасці перад законам і судом пры абароне сваіх правоў і законных інтарэсаў.

Акрамя таго, судовая практыка па гэтай катэгорыі спрэчак паказвала, што, напрыклад, за невялікія па памеры літаратурныя або музычныя творы ці нават іх часткі, а таксама пры так званым множным парушэнні, калі адным проціпраўным дзеяннем парушаліся правы на некалькі твораў, аўтарамі за кожны твор заяўляўся мінімальны памер кампенсацыі ў дзесяць базавых велічынь, які з’яўляецца з улікам абставін канкрэтных спраў яўна несуразмерным дапушчаным парушэнням. Пры гэтым суд быў пазбаўлены магчымасці дыферэнцыраваць адказнасць і ў поўным аб’ёме захаваць патрабаванні справядлівасці і суразмернасці адказнасці. У прыватнасці, судом не маглі быць улічаны характар і сутнасць парушэння, ступень віны парушальніка, характар наступстваў парушэнняў для праваўладальніка і г. д., гэта значыць усе тыя абставіны, якія належаць абавязковаму ўліку пры вынясенні рашэнняў, з тым каб вердыкты былі законнымі, абгрунтаванымі і справядлівымі.

Але ў выніку наша прапанова была ўлічана, і мінімальны памер кампенсацыі, роўны адной базавай велічыні, устаноўлены з 27 ліпеня 2019 г., паколькі гэта норма ўведзена ў дзеянне адразу пасля афіцыйнага апублікавання Закона ад 15.07.2019 № 216-З.

– Жанна Барысаўна, на нарадзе па пытаннях удасканалення работы судоў агульнай юрысдыкцыі, якая адбылася 5 красавіка 2019 г. з удзелам Кіраўніка дзяржавы, быў агучаны шэраг задач, якія ў далейшым трансфармаваліся ў канкрэтныя даручэнні судам. Адна з задач – паскорыць лічбавізацыю судовай дзейнасці, у тым ліку ўжо ў верасні 2020 г. перайсці да аўдыя-, відэафіксацыі ўсіх судовых пасяджэнняў у Вярхоўным Судзе з адмовай ад складання поўных пратаколаў судовых пасяджэнняў на папяровых носьбітах. Да абазначанага тэрміну павінен быць прыняты і ўведзены ў сілу і адпаведны Закон, які ўносіць неабходныя змены ў працэсуальныя кодэксы. Наколькі гатова судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасці да гэтага новаўвядзення?

– Укараненне электроннага судаводства – гэта, бясспрэчна, рэвалюцыйны крок. Сёння выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій павінна легчы ў аснову рацыянальнай арганізацыі работы судовай сістэмы і служыць базай сучаснага судовага працэсу.

Увядзенне аўдыяпратакаліравання – вельмі значны складальнік такой рацыянальнай арганізацыі работы. Бо пратакол судовага пасяджэння – гэта люстэрка працэсу, важнейшы працэсуальны дакумент, які падрабязна адлюстроўвае ўвесь ход судовага разбору, захаванне судом правоў асоб, якія ўдзельнічаюць у працэсе, прынцыпаў спаборнасці і раўнапраўя бакоў у працэсе, іншых прынцыпаў судаводства. Дзякуючы дакладнай фіксацыі ўсяго, што адбываецца ў зале судовага пасяджэння, будуць мінімізаваны ўплыў чалавечага фактару, верагоднасць адлюстравання няпоўных звестак аб ходзе працэсу.

Аўдыя-, відэафіксацыя судовых пасяджэнняў, бясспрэчна, будзе дысцыплінаваць усіх удзельнікаў працэсу і садзейнічаць павышэнню культуры судовага разбору. Пры ўзнікненні спрэчных пытанняў адносна ходу працэсу бакі змогуць звярнуцца да электроннага запісу і ўпэўніцца ў сваёй правільнасці або памылковасці прэтэнзій.

Немалаважна і тое, што істотна знізіцца цяжар на сакратароў судовага пасяджэння – памочнікаў суддзяў, у якіх значная частка рабочага, а часам і асабістага часу ідзе на складанне поўных пратаколаў судовых пасяджэнняў, што негатыўна адбіваецца на арганізацыі і выніковасці работы. Ды і ў суддзяў вызваліцца час, які затрачваецца на вычытванне аб’ёмных пратаколаў перад іх падпісаннем. Можна разлічваць і на тое, што зменшыцца колькасць неаргументаваных і беспадстаўных заўваг на пратаколы судовых пасяджэнняў, якія падаюцца часта не ў сувязі з непаўнатой або недакладнасцю выкладу сказанага ў працэсе, а з мэтай выключэння з пратакола непажаданых тлумачэнняў.

Што да гатоўнасці судовай калегіі да гэтага новаўвядзення, то ў мяне няма сумненняў у тым, што суддзі гатовы выкарыстоўваць усе магчымасці навукова-тэхнічнага прагрэсу для падняцця ўзроўню выканання правасуддзя на якасна новую ступень. Суддзі калегіі амаль штодзённа разглядаюць справы або асабіста, або ў калегіяльным складзе. У кожнага з іх за плячыма сур’ёзны шматгадовы прафесійны вопыт работы ў якасці суддзі першай інстанцыі, дасканалыя веды працэсуальных норм. Усе нашы суддзі стрэсаўстойлівыя, здольныя спакойна выконваць свае абавязкі, карэктныя і тактоўныя ў судовых пасяджэннях. Нікога з іх не будзе бянтэжыць такая ступень транспарэнтнасці, і аўдыя-, відэафіксацыя судовых пасяджэнняў не павінна прывесці да сур’ёзнай псіхалагічнай і эмацыянальнай нагрузкі на суддзяў.

– На пасяджэнні, што адбылося ў красавіку 2019 г., было закранута і пытанне аб увядзенні апеляцыйнага парадку перагляду рашэнняў Вярхоўнага Суда, вынесеных у якасці суда першай інстанцыі. Відавочна, што абмеркаванне аптымальнага варыянта рэалізацыі гэтай прапановы пакуль не закончана. Але, можа быць, Вы маглі б падзяліцца сваімі разважаннямі аб перспектывах змены ўсталяванага парадку абскарджання?

– Сапраўды, пытанне аб немагчымасці абскарджання прыгавораў судовай калегіі па крымінальных справах, вынесеных па першай інстанцыі, якія не ўступілі ў законную сілу, рашэнняў судовых калегій па грамадзянскіх і эканамічных справах і, безумоўна ж, рашэнні судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда, у якой штогод па першай інстанцыі разглядаецца найбольшая колькасць спраў, перыядычна падымалася ў грамадстве – у парадку, які склаўся, бачылася парушэнне права на абскарджанне і на абарону. У гэтай сувязі наспявала неабходнасць абмеркавання пытання аб арганізацыі перагляду прыгавораў і рашэнняў Вярхоўнага Суда ў апеляцыйным парадку.

Па выніках згаданай нарады быў сфарміраваны пратакол даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у якім сярод іншых даручэнняў названа неабходнасць забяспечыць апеляцыйнае абскарджанне судовых пастаноў Вярхоўнага Суда.

Гэта пытанне ўжо прайшло стадыю прапрацоўкі ў Вярхоўным Судзе: прапанаваны варыянты перагляду ў апеляцыйным парадку судовых пастаноў, вынесеных па першай інстанцыі калегіямі Вярхоўнага Суда, комплексна вывучаны магчымыя перавагі і недахопы прапанаваных варыянтаў з мэтай вызначэння аптымальнай мадэлі арганізацыі апеляцыйнага перагляду.

Мне бы не хацелася апярэджваць падзеі і весці размову аб канкрэтыцы. Але магу расказаць аб мадэлі апеляцыі, прапанаванай судовай калегіяй па справах інтэлектуальнай уласнасці, якую, на наш погляд, можна рэалізаваць у Вярхоўным Судзе з мінімальнымі арганізацыйнымі намаганнямі і без якіх-небудзь дадатковых фінансавых укладанняў.

Калегіяй прапанавана стварыць у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь Апеляцыйную калегію. Колькасны склад Апеляцыйнай калегіі павінен быць вызначаны заканадаўча і ўключаць у сябе роўную колькасць суддзяў ад усіх чатырох калегій Вярхоўнага Суда. Члены Апеляцыйнай калегіі, як думаецца, павінны выбірацца Пленумам Вярхоўнага Суда па рэкамендацыі Старшыні Вярхоўнага Суда на вызначаны тэрмін (напрыклад, на пяць гадоў). Па меры паступлення апеляцыйных скарг будуць фарміравацца і зацвярджацца саставы з трох суддзяў для іх вырашэння. Суддзі, выбраныя ў Апеляцыйную калегію, поруч з работай у ёй будуць заставацца ў саставах сваіх судовых калегій і ў перыяд паміж пасяджэннямі Апеляцыйнай калегіі ўдзельнічаць у разглядзе спраў у складзе адпаведнай калегіі з захаваннем патрабавання аб недапушчальнасці паўторнага ўдзелу суддзі ў разглядзе адной і той жа справы.

Кампетэнцыя Апеляцыйнай калегіі павінна ўключаць разгляд у якасці суда апеляцыйнай інстанцыі спраў, падсудных Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь, рашэнні па якіх вынесены па першай інстанцыі судовымі калегіямі Вярхоўнага Суда, разгляд у межах сваіх паўнамоцтваў спраў па новых абставінах, абагульненне апеляцыйнай практыкі і ажыццяўленне іншых паўнамоцтваў у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і статусе суддзяў (куды варта ўнесці адпаведныя змены і дапаўненні).

На думку калегіі, такі парадак забяспечыць грамадзянам і юрыдычным асобам магчымасць рэалізацыі ў поўнай меры права на судовую абарону.

– Жанна Барысаўна, Вы працуеце ў судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці з моманту яе стварэння. На Ваш погляд, як змяніўся за два дзесяцігоддзі ўзровень прававой дасведчанасці праваўладальнікаў і іншых удзельнікаў праваадносін у сферы інтэлектуальнай уласнасці? І якую ролю адыграла ў станаўленні правасвядомасці гэтай часткі грамадства дзейнасць калегіі?

– Ёсць мудрае выслоўе: «Настаўнік прыходзіць тады, калі вучань гатовы». Калі яго спраецыраваць на дзейнасць судовай калегіі, то на працягу гэтых 20 гадоў суддзі калегіі былі і застаюцца і настаўнікамі, і экспертамі, і лектарамі, паколькі не абмяжоўваліся функцыяй толькі разгляду спраў. Мы актыўна выступалі ў ролі асветнікаў з першых дзён функцыянавання калегіі, паколькі раздзяляем той пункт погляду, што роля суда ў грамадстве не вычэрпваецца толькі выкананнем правасуддзя. Публікацыя аналітычных артыкулаў па актуальных праблемах правапрымянення ў перыядычным друку, растлумачэнне заканадаўства ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, рэгулярныя выступленні з лекцыямі і дакладамі перад патэнтнымі паверанымі, адвакатамі, кіраўнікамі і супрацоўнікамі патэнтных і юрыдычных служб прадпрыемстваў і арганізацый, удзел у міжнародных і рэспубліканскіх семінарах і канферэнцыях – усё гэта было накіравана на пераадоленне прававога нігілізму, навучанне як праваўладальнікаў, так і карыстальнікаў, на шырокае інфармаванне грамадскасці аб дзейнасці спецыялізаванай судовай структуры. Для павышэння ўзроўню прававой пісьменнасці і дасведчанасці беларусаў у дачыненні да складанай сферы інтэлектуальнай уласнасці, а таксама з мэтай рэалізацыі прынцыпаў галоснасці правасуддзя, адкрытасці і празрыстасці судовай дзейнасці мы актыўна выкарыстоўваем і інфармацыйныя рэсурсы Вярхоўнага Суда: на інтэрнэт-партале судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь сумесна з прэс-службай Вярхоўнага Суда была створана рубрыка «Пытанне-адказ», дзе размяшчаліся разгорнутыя адказы на пытанні ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, якія найбольш часта ўзнікаюць у зацікаўленых асоб. Адказы на актуальныя пытанні па дадзенай тэматыцы публікаваліся таксама ў часопісе «Судебный вестник Плюс: экономическое правосудие», на афіцыйным партале штоквартальна абнародуюцца звесткі аб выніках работы калегіі.

Бясспрэчна, узровень прававой культуры і грамадзян, і кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання за апошняе дзесяцігоддзе прыметна вырас. Праваўладальнікі сталі больш актыўныя ў абароне сваіх парушаных правоў, а парушальнікі – больш добрасумленныя, праўда, гэта выяўляецца не ва ўстрыманні ад парушэнняў, а ў гатоўнасці задавальняць законныя прэтэнзіі праваўладальнікаў у выпадку парушэння іх правоў, з тым каб не даводзіць справу да суда і вычарпаць канфлікт на стадыі дасудовага ўрэгулявання спрэчкі. Хочацца верыць, што наша актыўная асветніцкая дзейнасць у пэўнай ступені садзейнічала павышэнню ўзроўню прававога выхавання і адыграла пазітыўную ролю ў станаўленні правасвядомасці зацікаўленай часткі грамадства.

Гутарыла А. Кісялёва

Крыніца: часопіс "Судовы веснік" №2 (2020)

[1] Унесены Законам Рэспублікі Беларусь ад 18.12.2017 № 88-З. – Тут і далей заўвагі рэд.

[2] Унесены Законам Рэспублікі Беларусь ад 15.07.2019 № 216-З.

[3] Названыя змены ўнесены Законам Рэспублікі Беларусь ад 15.07.2019 № 216-З.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі