Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Перспектывы ўкаранення электроннага правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь абмеркавалі ў Вярхоўным Судзе

12 чэрвеня 2019  1558

11 чэрвеня 2019 года адбыўся круглы стол, прысвечаны абмеркаванню перспектыў укаранення электроннага правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь.

Удзельнікамі круглага стала сталі прадстаўнікі кіраўніцтва, суддзі, работнікі апарата Вярхоўнага Суда, Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце, адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, міжнародныя эксперты, а таксама кіраўнік праекта Савета Еўропы «Садзейнічанне ў рэалізацыі судовай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь» Аляксандра Сытнік.

У рэжыме відэаканферэнцсувязі ўдзел прынялі і прадстаўнікі абласных і эканамічных судоў.

Адкрыў работу круглага стала першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерый Леанідавіч Калінковіч.

Дакладчык нагадаў гісторыю развіцця інфарматызацыі сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі, адзначыўшы, што з 2015 года ключавым напрамкам інфарматызацыі стала мадэрнізацыя аўтаматызаванай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі (АІС САЮ) з мэтай стварэння адзінага сродку забеспячэння паўсядзённай дзейнасці судоў усіх узроўняў. Акрамя таго, зроблены сур’ёзныя крокі па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы і інфармацыйнай інфраструктуры судоў, забяспечваецца належны ўзровень інфармацыйнай бяспекі.

На сённяшні дзень, як падкрэсліў Калінковіч, распрацаваныя і ўкаранёныя ў судах усіх узроўняў базавыя для сістэмы судоў падсістэмы АІС САЮ: «Агульнае справаводства», «Кіраванне кадрамі», «Паштовае ўзаемадзеянне», «Прыкладное адміністраванне» і іншыя. Распрацаваныя базавыя функцыі падсістэмы аўдыя- і відэафіксацыі судовых працэсаў, пратакаліравання і відэаканферэнцсувязі. Усе суды падключаны да сістэмы міжведамаснага электроннага дакументаабароту дзяржорганаў Беларусі. Забяспечана перадача судамі звестак у базы даных МУС Рэспублікі Беларусь (Дзяржаўную інфармацыйную сістэму «Рэгістр насельніцтва», банк даных аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, права на выезд якіх з краіны часова абмежаванае).

У 2018 годзе Вярхоўны Суд прыступіў да распрацоўкі асноўнай і самай маштабнай падсістэмы АІС САЮ – падсістэмы судовага справаводства. У межах мадэрнізацыі АІС САЮ да 2021 года мяркуецца забяспечыць, па-першае, аўтаматызацыю выканання функцый судовага справаводства. Аднаразовы ўвод матэрыялаў справы ў АІС САЮ дазволіць мінімізаваць апрацоўваемую інфармацыю, выключыць яе дубліраванне ў сістэме, прадаставіць судам розных інстанцый магчымасць працаваць з адной электроннай справай. Па-другое, аўтаматызаванае фарміраванне статыстычных і іншых справаздач, як па канкрэтным судзе, так і па выбранай групе судоў, па абласцях, рэспубліцы. Па-трэцяе, будзе забяспечана магчымасць для судовага адміністратара атрымліваць інфармацыю аб руху канкрэтнай справы, а таксама аб выкананні даручэнняў па ўсёй судовай сістэме. Мяркуецца стварэнне адзінай гібкай сістэмы пошуку інфармацыі, пашырэнне прымянення тэхналогіі электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП) для забеспячэння легітымнасці электронных дакументаў у межах электроннага дакументаабароту і судовага справаводства, а таксама мабільнага кліента і сістэмы абароны інфармацыі.

Валерый Калінковіч таксама расказаў аб планах у межах інфарматызацыі судоў па арганізацыі функцыянальнага інфармацыйнага ўзаемадзеяння АІС САЮ з базамі даных дзяржаўных органаў і арганізацый у аўтаматызаваным рэжыме пры дапамозе агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы (ААІС).

Новым перспектыўным напрамкам у сферы інфарматызацыі з’яўляецца развіццё нашай нацыянальнай сістэмы аўдыя-, відэафіксацыі, пратакаліравання і відэаканферэнцсувязі (падсістэма фіксацыі), якая стане аналагам дарагіх замежных сістэм. Унікальнасць такой падсістэмы фіксацыі ў магчымасці яе поўнай інтэграцыі з падсістэмай судовага справаводства АІС САЮ і сістэмай відэаканферэнцсувязі.

Валерый Леанідавіч Калінковіч звярнуў увагу прысутных на тое, што ў новым будынку Вярхоўнага Суда, а таксама пры распрацоўцы праектаў новых будынкаў судоў рэалізаваная новая архітэктура пабудовы падсістэмы фіксацыі з прымяненнем новых тэхналогій.

Як адзначыў першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда, тэма лічбавізацыі правасуддзя набыла новае гучанне ў кантэксце нарады па пытаннях удасканалення дзейнасці сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі з удзелам Кіраўніка дзяржавы, якая адбылася 5 красавіка бягучага года. Па даручэнні Прэзідэнта да 1 верасня 2020 года павінна быць ажыццёўлена лічбавізацыя дзейнасці Вярхоўнага Суда і судоў абласнога звяна і ўнесены прапановы па лічбавізацыі астатняй сістэмы з тэрмінам рэалізацыі да 1 студзеня 2022 года.

Пры гэтым да 1 верасня бягучага года на разгляд Прэзідэнта павінен быць унесены законапраект, які прадугледжвае магчымасць фіксацыі ходу судовых пасяджэнняў шляхам выкарыстання лічбавых тэхналогій у асноўных відах судаводства, а да 1 студзеня 2021 года – створаны агульнадаступны электронны банк судовых рашэнняў.

«Маштабнасць задач і сціснутыя тэрміны іх рашэнняў, – падкрэсліў Калінковіч, – абавязваюць нас падыйсці да пошуку аптымальных рашэнняў з усёй адказнасцю. Тым больш што без далейшага развіцця лічбавізацыі мы не зможам забяспечыць тую ступень адкрытасці нашага правасуддзя для грамадства, якая поўнасцю адпавядала б сучасным уяўленням аб судзе як аб публічным органе, што па справядлівасці вырашае спрэчкі і канфлікты, аб’ектыўна садзейнічае захаванню і ўмацаванню высокага ўзроўню даверу да судовай улады».

Пры рэалізацыі такіх значных праектаў, як сказаў Калінковіч, важна ўлічыць міжнародны вопыт у аналагічнай сферы. І размова не толькі пра канкрэтныя алгарытмы стварэння і функцыянавання лічбавых сістэм забеспячэння правасуддзя. Не менш важнае ўяўленне пра вырашэнне на міжнародным узроўні праблем, звязаных з аховай тайны асабістага жыцця бакоў пры фарміраванні агульнадаступных банкаў даных судовых рашэнняў. Не трэба забываць і пра межы лічбавізацыі судовай дзейнасці, каб не дапусціць у правасуддзі падмены чалавечай справядлівасці лічбавымі алгарытмамі.

У ходзе круглага стала з дакладамі выступілі запрошаныя міжнародныя эксперты.

Так, незалежны эксперт па IT і судовай рэформе (Нідэрланды), старшы суддзя ў адстаўцы Амстэрдамскага раённага суда, галоўны спецыяліст па судовай рэформе Сусветнага банка (2004–2007), кандыдат навук Доры Райлінг расказала пра новыя магчымасці і новыя выклікі ўкаранення электроннага правасуддзя на прыкладзе ўласных даследаванняў у гэтай галіне.

Доры Райлінг звярнула ўвагу, што самым важным пры першапачатковым выбары падыходаў у рэалізацыі праектаў, звязаных з IT у правасуддзі, з’яўляецца вызначэнне рэальных інтарэсаў канчатковых карыстальнікаў прадукту. Пытанне вызначэння каштоўнасцей карыстальніка прадукту стратэгічнае. Ад яго залежыць канчатковы вынік і яго ацэнка. Для гэтага, як сказала Доры Райлінг, неабходны працэс глабальнага асэнсавання ўсяго працэсу судаводства для наступнай адаптацыі заканадаўства з улікам укаранення IT. Варта таксама памятаць, што IT-сфера развіваецца імкліва. І ўжо створаныя і ўкаранёныя прадукты могуць вельмі хутка старэць. Таму ад пачатку яны павінны стварацца з улікам магчымасці іх хуткай карэкціроўкі і адаптацыі пад новыя задачы.

Доры Райлінг таксама расказала аб вопыце Еўрапейскай камісіі, якая займаецца ацэнкай дзейнасці судоў з улікам іх ступені лічбавізацыі. Магчыма, у такое даследаванне будзе праз некаторы час уключана і Беларусь.

Доры Райлінг як эксперт з вялікім вопытам асаблівую ўвагу надала аналізу праблем лічбавізацыі правасуддзя. Асноўныя сярод іх, па словах міжнароднага эксперта, тычацца вызначэння лічбавай асобы, лічбавай няроўнасці, а таксама аховы асабістых даных. «Аднак мы не можам ігнараваць хуткі тэмп зменаў нашага жыцця, – рэзюмавала эксперт, – штучны інтэлект, IT-сфера ў цэлым – гэта данасць. Важна, каб канчатковае рашэнне ўсё ж прымалі людзі».

Міжнародны эксперт Савета Еўропы, адвакат Рымантас Сімаіціс (Літва) азнаёміў аўдыторыю з вопытам Літвы ў сферы лічбавізацыі правасуддзя.

Па словах эксперта, у Літве створана адзіная інфармацыйная сістэма судоў. Яна дае магчымасць падачы ўсіх працэсуальных дакументаў у суд у электронным выглядзе. Аднак ёсць і альтэрнатыва – магчымасць падачы ў суд дакументаў у традыцыйным папяровым выглядзе. Рымантас Сімаіціс адзначыў, што дзяржава стымулюе развіццё электроннага правасуддзя. Напрыклад, пры падачы працэсуальных дакументаў у суд у электронным выглядзе дзейнічаюць зніжкі да 25% па выплаце дзяржаўнай пошліны. Каля 70% дакументаў па грамадзянскіх справах, па словах эксперта, паступае ў суд у электронным выглядзе. Некалькі ніжэйшыя паказчыкі па адміністрацыйных справах – да 50%. Аднак сістэма пакуль закрытая для падачы матэрыялаў у суд у электронным выглядзе па крымінальных справах.

Рымантас Сімаіціс расказаў пра шырокае прымяненне відэаканферэнцсувязі ў судах. Сістэма ВКС дзейнічае ў Літве з 2006 года. Цікавы той факт, што цяпер у Літве абмяркоўваюць магчымасць выкарыстання ў судаводстве не толькі сістэмы ВКС, але і іншых мэсэнджараў. Напрыклад, таго ж скайпа. Гэта звязана з тым, што не паўсюль ёсць магчымасць укараніць менавіта сістэму ВКС – яна дарагая і чалавеку ўсё роўна трэба кудысьці ехаць, каб паўдзельнічаць у судовым пасяджэнні.

Цікавы вопыт Літвы, пра які расказаў эксперт, і ў тым, што яны адмовіліся ад ідэі архівавання відэазапісаў. Па словах Рымантаса Сімаіціса, архіваванне відэазапісаў патрабуе велізарных рэсурсаў, стварэння сістэмы захоўвання.

Таксама цікавы вопыт выкарыстання праграмнага прадукту для абязлічвання пры стварэнні банка судовых рашэнняў. Абязлічванне адбываецца, як сказаў эксперт, аўтаматычна, праз адпаведную праграму.

У Літве ўкаранёная сістэма электроннай справы. Гэта вельмі цікавы вопыт. Як расказаў Рымантас Сімаіціс, электронная справа – гэта свайго роду кангламерат. У электроннай справе ўтрымліваюцца ўсе працэсуальныя дакументы, усе матэрыялы. Націсканнем адной кнопкі можна сфарміраваць тамы справы, карыстальнік мае магчымасць прагледзець, пры неабходнасці раздрукаваць любы матэрыял па справе. Працуе таксама сістэма пошуку.

Рымантас Сімаіціс расказаў і аб праблемах, з якімі давялося сутыкнуцца пры ўкараненні IT у сферу правасуддзя. Перш за ўсё, па словах эксперта, укараненне інфармацыйных тэхналогій – працэс доўгі. "Літве спатрэбілася больш за 10 гадоў для пераходу ад папяровага дакументаабароту ў судах да лічбавага. Акрамя таго, усе павінны разумець, што гэты працэс дарагі. Нарэшце, складанасці ўзнікалі пры вызначэнні кола IT-спецыялістаў, суддзяў, юрыстаў, аналітыкаў, якія будуць непасрэдна распрацоўваць і ўкараняць праекты. Але галоўная праблема, як адзначыў эксперт, гэта праблема змены мыслення. Пераход да лічбавізацыі правасуддзя магчымы тады, калі да гэтага гатовыя ўсе зацікаўленыя асобы – як суддзі і юрысты ў цэлым, так і грамадзяне", - рэзюмаваў эксперт.

Прадстаўнік судовай адміністрацыі Латвіі, начальнік аддзела інфармацыйнай сістэмы судоў Яна Земберга прадставіла аўдыторыі латвійскі вопыт укаранення электроннага правасуддзя.

Яна Земберга расказала аб электроннай сістэме размеркавання спраў у судах Латвіі. Такое размеркаванне, па словах эксперта, ажыццяўляецца зыходзячы з прынцыпу прапарцыянальнасці. Сістэма сама бачыць і ўлічвае судовую нагрузку суддзі, размеркаванне адбываецца з улікам яго занятасці і магчымасцей. Толькі ў асобных выпадках старшыня суда мануальна размяркоўвае справы паміж суддзямі, калі гэтага патрабуюць канкрэтныя абставіны.

Цікавы латвійскі вопыт стварэння банка судовых рашэнняў. Як расказала Яна Земберга, раней публікацыяй судовых рашэнняў займаліся судовыя адміністратары. Аднак сістэма апублікавання паступова спрашчалася і на сённяшні дзень свае судовыя рашэнні ў банк даных суддзі дабаўляюць самастойна.

Суддзя, доктар права, выкладчык Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Павел Вжашч азнаёміў прысутных з вопытам укаранення электроннага правасуддзя ў Рэспубліцы Польшча.

У Польшчы, па словах эксперта, таксама ўкаранёная сістэма электроннага правасуддзя. Дзейнічае электронная сістэма размеркавання спраў сярод суддзяў. У адрозненне ад Латвіі, у Польшчы справы размяркоўваюцца шляхам выпадковай выбаркі з улікам каэфіцыентаў складанасці спраў. Гэта дазваляе аптымізаваць нагрузку сярод суддзяў і пазбегнуць  прадузятасці.

Эксперт азнаёміў аўдыторыю з сістэмай выкарыстання біяметрычнага подпісу для пацвярджэння адпраўкі паведамленняў (павестак). Пасля прастаўлення на планшэце подпісу, інфармацыя аб належным апавяшчэнні аўтаматычна трапляе ў электронную судовую базу.

Павел Вжашч таксама расказаў аб электроннай сістэме кіравання справамі, што развіваецца ў Польшчы.

Любы заяўнік можа падаць заяву праз спецыялізаваны сайт у акружны суд. І атрымаць па ёй рашэнне. Пры нязгодзе з прынятым рашэннем – а для гэтага толькі дастаткова напісаць адну фразу «Я не згодны з прынятым рашэннем» – заяўнік мае права звярнуцца ў суд агульнай юрысдыкцыі.

Завяршаючы работу круглага стала, Валерый Леанідавіч Калінковіч падзякаваў усім экспертам і слухачам за ўдзел, за прадстаўлены вопыт у сферы лічбавізацыі правасуддзя. Гэты вопыт безумоўна карысны і будзе ўлічвацца пры рэалізацыі падобных праектаў у нас у краіне. «Пры гэтым, – адзначыў Калінковіч, – любое рэфармаванне, асабліва ў прававой сферы, павінна праходзіць з улікам нацыянальных традыцый, у тым ліку прававых. Век інфармацыйных тэхналогій, безумоўна, фарміруе новыя традыцыі, у тым ліку, прававыя. Але лічбавае рэфармаванне ў судовай сферы не павінна стаць самамэтай. Лічбавізацыя правасуддзя робіцца дзеля таго, каб і жыхары канкрэтнай краіны, і тыя, хто аказваецца на тэрыторыі суверэннай дзяржавы, маглі эфектыўна абараніць свае парушаныя правы і інтарэсы ў судзе – з выкарыстаннем усіх дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу».

Кіраўнік праекта Савета Еўропы «Садзейнічанне ў рэалізацыі судовай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь» Аляксандра Сытнік таксама падзякавала ўсім прысутным за ўдзел, адзначыўшы, што асноўная мэта круглага стала – кароткае знаёмства з міжнародным вопытам у сферы лічбавізацыі правасуддзя – дасягнута.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык