Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь


Права на аліменты: інтэрв’ю суддзі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь В.Б. Кругавай

21 чэрвеня 2019  10148

Пытанні, якія датычацца спагнання аліментаў, выклікаюць павышаны інтарэс грамадскасці і заўсёды знаходзяцца ў зоне пільнай увагі органаў судовай улады. Канфліктныя сітуацыі, звязаныя з невыкананнем аліментных абавязацельстваў, вырашаюцца ў судовым парадку. Разгляд судом спрэчак аб спагнанні аліментаў гарантуе іх хуткае і правільнае вырашэнне, забяспечваючы абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Актуальнасць тэмы, якая ўзнімаецца, абумоўлена і даволі высокай колькасцю спрэчак, звязаных са спагнаннем аліментаў, што разглядаюцца судамі.

12 чэрвеня г.г. гэтай тэме была прысвечана праграма «Актуальны мікрафон» Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з удзелам суддзі судовай калегіі па грамадзянскіх справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Веры Барысаўны Кругавай.

Праграма выклікала вялікі інтарэс у слухачоў, і мы дадаткова публікуем інтэрв’ю суддзі на такую сацыяльна важную тэму.

На фота: суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Вера Барысаўна Кругава

– Вера Барысаўна, раскажыце, які парадак устаноўлены заканадаўствам пры звароце ў суд аб спагнанні аліментаў, ці можа самастойна грамадзянін скласці заяву без звароту за юрыдычнай кансультацыяй?

– Аліменты на непаўналетніх дзяцей могуць быць спагнаны ў парадку загаднага і ў парадку іскавага вядзення. Спагнанне аліментаў у парадку загаднага вядзення выконваецца без правядзення судовага пасяджэння і выкліку бакоў. У загадным парадку аліменты могуць быць спагнаны, калі гэта не звязана з устанаўленнем бацькоўства (мацярынства) або неабходнасцю прыцягнення трэціх асоб для ўдзелу ў справе. У гэтым выпадку суддзя выносіць вызначэнне аб судовым загадзе, якое адначасова з’яўляецца і выканаўчым дакументам.

Іскавая заява аб спагнанні аліментаў падаецца ў пісьмовай форме з прыкладаннем копіі заявы для накіравання адказчыку і павінна адпавядаць патрабаванням арт. арт. 109, 243 ГПК.

Дарэчы, на інфармацыйных стэндах судоў і на нашым інтэрнэт-партале размешчаны ўзоры іскавых заяў, якія найбольш часта падаюцца ў суд, у тым ліку аб спагнанні аліментаў на дзіця ў парадку іскавага вядзення і аб спагнанні аліментаў у парадку загаднага вядзення.

– Ці трэба аплачваць дзяржпошліну пры звароце ў суд з заявай аб спагнанні аліментаў?

– Не, не трэба. У адпаведнасці з патрабаваннямі Падатковага кодэкса істцы, заяўнікі вызваляюцца ад уплаты дзяржаўнай пошліны пры звароце ў суд з іскавымі заявамі і заявамі аб узбуджэнні загаднага вядзення аб спагнанні аліментаў. Пры гэтым абавязак выплаціць у далейшым дзяржпошліну ўскладваецца на адказчыка.

– Як вядома, адным з вынікаў судова-прававой рэформы стала стварэнне адзінай сістэмы органаў прымусовага выканання судовых пастаноў і іншых выканаўчых дакументаў. Куды трэба звяртацца для спагнання аліментаў? Дзе заканчваецца кампетэнцыя суда і пачынаецца судовых выканаўцаў?

 

– Вядзенне па справе аб спагнанні аліментаў заканчваецца вынясеннем судом судовай пастановы (рашэння аб спагнанні аліментаў, вызначэння аб судовым загадзе аб спагнанні аліментаў).

Па справах загаднага вядзення аб спагнанні аліментаў, калі ва ўстаноўлены тэрмін ад даўжніка ў суд не паступіць пярэчанне, суддзя выдае спагнанніку вызначэнне аб судовым загадзе з указаннем даты ўступлення яго ў законную сілу для прад’яўлення яго да выканання. Па справах іскавага вядзення па заяве спагнанніка на падставе рашэння суда аб спагнанні аліментаў выдаецца выканаўчы ліст.

На этапе выдачы судом выканаўчага дакумента спагнанніку заканчваецца кампетэнцыя суда, і пасля прад’яўлення яго да выканання органам прымусовага выканання пачынаецца кампетэнцыя судовых выканаўцаў.

– Як быць, калі, на думку спагнанніка аліментаў, судовы выканаўца бяздзейнічае ці прымае не ўсе меры для спагнання аліментаў з даўжніка?

– Мяркую, што перш, чым абскардзіць бяздзеянне судовага выканаўцы, варта азнаёміцца з матэрыяламі выканаўчага вядзення. Цалкам верагодна, што судовы выканаўца робіць для гэтага ўсё магчымае. Але калі матэрыялы выканаўчага вядзення пацвердзяць бяздзеянне судовага выканаўцы, то спагнаннік аліментаў мае права абскардзіць бяздзеянне судовага выканаўцы ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Што тычыцца парадку абскарджання бяздзеяння судовага выканаўцы непасрэдна ў суд, то ён рэгламентаваны артыкулам 360-3 ГПК.

– Ці могуць бакі акрамя судовага парадку спагнання аліментаў добраахвотна ўрэгуляваць гэта пытанне без звароту ў суд?

– Безумоўна, гэта магчыма. Аліменты могуць выплачвацца ў добраахвотным парадку асобай, якая абавязана выплачваць аліменты, або шляхам утрымання з заработнай платы па месцы работы ці па месцы атрымання пенсіі, дапамогі, стыпендыі, ажыццяўлення іншых выплат. Наймальнік, які выплачвае заработную плату, арганізацыя, якая выплачвае пенсіі, дапамогі, стыпендыі і якая ажыццяўляе іншыя выплаты, абавязаны на падставе пісьмовай заявы асобы, якая выплачвае аліменты, штомесячна ўтрымліваць з яго заработнай платы, пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншых выплат грашовыя сумы ўстаноўленых памераў з улікам абмежаванняў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, і выплачваць (пералічаць на рахунак, пераводзіць па пошце за кошт сродкаў асобы, якая выплачвае аліменты) не пазней чым у трохдзённы тэрмін з дня выплаты заработнай платы, пенсіі, дапамогі, стыпендыі і ажыццяўлення іншых выплат асобе, названай у заяве.

– А калі плацельшчык аліментаў мяняе месца работы?

– Пры пераходзе грамадзяніна, з якога ўтрымліваюцца аліменты па заяве, на іншую работу ці, напрыклад, перамене ім месца жыхарства ўтрыманне аліментаў праводзіцца на падставе зноў пададзенай ім заявы. Пры гэтым утрыманне аліментаў на падставе заявы не можа праводзіцца, калі агульная сума, якая падлягае спагнанню на падставе заявы і выканаўчых дакументаў, перавышае 50 працэнтаў заработку і (ці) іншага даходу, з якіх выконваецца ўтрыманне аліментаў, а таксама калі з даўжніка спаганяюцца па судовай пастанове аліменты на дзяцей ад іншай маці, за выключэннем выпадку выплаты аліментаў на непаўналетніх дзяцей.

Так, калі аліменты выплачваюцца на непаўналетніх дзяцей, то на падставе заявы могуць утрымлівацца аліменты і ў выпадку, калі агульная сума ўтрыманняў на падставе такой заявы і выканаўчых дакументаў перавышае 50 працэнтаў заработку і (ці) іншага даходу асобы, якая абавязана выплачваць аліменты, але не вышэй за 70 працэнтаў. Гэта значыць, калі работнік выплачвае аліменты на непаўналетніх дзяцей, што павінна быць указана ў заяве, памер утрыманых аліментаў можа быць большы за 50 працэнтаў заработку, але не вышэйшы за 70 працэнтаў.

Пры гэтым трэба звярнуць увагу, што для працаздольных бацькоў мінімальны памер аліментаў у месяц павінен складаць не менш за 50 працэнтаў на адно дзіця, 75 працэнтаў – на двух дзяцей, 100 працэнтаў – на трох і больш дзяцей бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

– Вера Барысаўна, патлумачце, на працягу якога тэрміну могуць быць прад’яўлены патрабаванні аб спагнанні аліментаў і ці магчыма спагнаць аліменты за мінулы час?

– У цэлым, варта сказаць, што бацькі абавязаны ўтрымліваць сваіх непаўналетніх і маючых патрэбу ў дапамозе непрацаздольных дарослых дзяцей, гэта значыць абавязак па ўтрыманні дзіцяці ўзнікае ў бацькоў з моманту нараджэння дзіцяці. Асоба, якая мае права на атрыманне аліментаў, можа звярнуцца з заявай аб спагнанні аліментаў у суд незалежна ад тэрміну, які мінуў з моманту ўзнікнення права на атрыманне аліментаў. Аднак аліменты прысуджаюцца з моманту звароту з заявай у суд і да паўналецця дзіцяці. Разам з тым аліменты могуць быць спагнаны і за мінулы час, але не болей чым за тры папярэднія гады, калі судом будзе вызначана, што да звароту ў суд прымаліся захады да атрымання сродкаў на ўтрыманне, але з прычыны ўхілення асобы, якая абавязана выплачваць аліменты, ад іх выплаты, аліменты не былі атрыманы.

– Што можна сказаць аб тэрмінах разгляду спраў гэтай катэгорыі?

– Справы па ісках аб спагнанні аліментаў павінны разглядацца судом першай інстанцыі не пазней аднаго месяца з дня прыняцця заявы. Пры разглядзе спраў у загадным парадку вызначэнне аб судовым загадзе аб спагнанні аліментаў выносіцца ў трохдзённы тэрмін з  дня паступлення заявы ў суд. Гэта азначае, што ў загадным парадку аліменты могуць быць спагнаны больш аператыўна чым у іскавым, але загадны парадак дапушчальны толькі ў тым выпадку, калі гэта не звязана з устанаўленнем бацькоўства (мацярынства) або неабходнасцю прыцягнення трэціх асоб для ўдзелу ў справе.

– Як спагнаць аліменты, калі адзін з бацькоў, абавязаны іх выплачваць, пражывае і працуе за межамі Беларусі? Куды звяртацца для спагнання аліментаў?

– У такім выпадку ісцец (спагнаннік) з заявай аб спагнанні аліментаў можа звярнуцца ў суд як па сваім месцы жыхарства, так і па месцы жыхарства адказчыка (даўжніка).

Падсуднасць судам Рэспублікі Беларусь грамадзянскіх спраў па спрэчках, у якіх удзельнічаюць замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, замежныя юрыдычныя асобы, а таксама па спрэчках, па якіх хаця б адзін з бакоў пражывае за мяжой, рэгламентуецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці пісьмовым пагадненнем бакоў.

Напрыклад, што тычыцца адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй па пытанні спагнання аліментаў дзейнічае Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, у адпаведнасці з якой справы па аліментных абавязацельствах адносяцца да кампетэнцыі суда Дагаворнага боку, на тэрыторыі якога бацькі і дзеці маюць пастаяннае сумеснае месца жыхарства, а пры адсутнасці пастаяннага сумеснага месца жыхарства бацькоў і дзяцей – суд Дагаворнага боку, грамадзянінам якога з’яўляецца дзіця, ці па патрабаванні істца па аліментных абавязацельствах – суд Дагаворнага боку, на тэрыторыі якога пастаянна пражывае дзіця.

Варта адзначыць, што па пытанні спагнання аліментаў ісцец можа звярнуцца як у беларускі суд па месцы свайго жыхарства, так і ў расійскі суд – па месцы жыхарства адказчыка.

Важным з’яўляецца і тое, што 3 сакавіка 2015 года паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй падпісана Пагадненне аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні аліментаў, у сілу якога не патрабуецца спецыяльнай працэдуры прызнання і выканання судовых пастаноў.

Што датычыцца іншых дзяржаў, то ў кожным канкрэтным выпадку трэба зыходзіць з умоў міжнароднага дагавора (калі ён ёсць).

– Але як быць маці (бацьку), калі яна (ён) не валодае звесткамі аб месцы жыхарства бацькі (маці)?

– Іск да адказчыка, месца жыхарства якога невядома або які не мае месца жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, можа быць прад’яўлены па месцы знаходжання яго маёмасці ці па апошнім вядомым месцы яго жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Калі месца знаходжання адказчыка па ісках аб спагнанні аліментаў невядома, суддзя абавязаны абвясціць вышук адказчыка праз тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў. У гэтым выпадку суд можа прыпыніць вядзенне па справе аб спагнанні аліментаў.

– Калі ў пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці не ўнесены даныя аб бацьку ці ў выпадку непрызнання дзіцяці бацькам, куды звяртацца маці для спагнання аліментаў?

– Узаемныя правы і абавязкі бацькоў і дзяцей (у тым ліку і абавязак бацькоў па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей) засноўваюцца на паходжанні дзяцей, засведчаным ва ўстаноўленым парадку.

Паходжанне дзіцяці ад бацькі, які не знаходзіцца ў шлюбе з маці дзіцяці, устанаўліваецца на падставе сумеснай заявы бацькі і маці дзіцяці аб рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства, пададзенага ў органы, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану.

Калі бацькі дзіцяці не знаходзяцца ў шлюбе паміж сабой і ў органы, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, не прадстаўлены заявы аб рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства, а таксама калі звесткі аб бацьку дзіцяці ў запіс акта аб нараджэнні ўнесены па ўказанні маці, якая не знаходзіцца ў шлюбе, то бацькоўства можа быць устаноўлена ў судовым парадку.

Узаемныя правы і абавязкі паміж бацькам і дзіцем, калі бацька і маці дзіцяці не знаходзяцца ў шлюбе, узнікаюць з моманту ўнясення ва ўстаноўленым парадку звестак аб ім як бацьку ў запіс акта аб нараджэнні дзіцяці або з моманту ўступлення ў законную сілу рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства, за выключэннем абавязку па ўтрыманні, які можа быць ускладзены з моманту прад’яўлення іску аб устанаўленні бацькоўства.

Устанаўленне бацькоўства ў судовым парадку адбываецца па заяве аднаго з бацькоў ці апекуна, папячыцеля дзіцяці, а таксама самога дзіцяці па дасягненні ім паўналецця.

Такім чынам, калі ў актавым запісе аб нараджэнні дзіцяці звесткі аб бацьку ўказаны са слоў маці, якая не знаходзіцца ў шлюбе, то спачатку трэба паставіць пытанне аб устанаўленні бацькоўства, а затым – аб спагнанні аліментаў. Такія патрабаванні ісцец мае права заявіць у адной іскавай заяве. У гэтым выпадку аліменты могуць быць спагнаны з моманту прад’яўлення іску аб устанаўленні бацькоўства.

Для даведкі: з вынясеннем рашэння ў 2018 годзе разгледжана 20 625 спраў аб спагнанні аліментаў, з іх па 20 227 справах (98%) патрабаванні задаволены (у 2017 годзе разгледжана 20 670 спраў аб спагнанні аліментаў, з іх па 20 267 справах (98%) патрабаванні задаволены.

– Даволі часта бываюць сітуацыі, калі дзіця пражывае летам ці ў іншы працяглы час у аднаго з бацькоў, які абавязаны выплачваць аліменты. Пры гэтым на поўным яго забеспячэнні. У такой сітуацыі ці трэба яму яшчэ і аліменты плаціць за гэты перыяд?

– Безумоўна, той з бацькоў дзіцяці, які абавязаны па судовай пастанове да выплаты аліментаў на дзіця, павінен у адпаведнасці з патрабаваннямі ГПК выконваць рашэнне суда. Разам з тым бацькі дзіцяці ў гэтым выпадку ўжо ў рамках выканаўчага вядзення могуць заключыць міравое пагадненне, якое зацвярджаецца судом, па пытанні выканання аліментных абавязацельстваў бацькам у названы перыяд.

– Як быць у выпадках, калі з аднаго з бацькоў прымусова спаганяюцца аліменты, паколькі грошы на ўтрыманне дзіцяці ён не выплачваў, але высвятляецца, што ён пры гэтым забяспечваў дзіця прадуктамі, адзежай. Ці залічваецца гэта ў суму аліментаў?

– Давайце прааналізуем палажэнні главы 11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і (КаШС). Яны ўказваюць на тое, што аліменты, як правіла, прадстаўляюць сабой грашовыя выплаты. Магчымасць выплаты аліментаў у неграшовай форме, напрыклад, шляхам перадачы маёмасці ва ўласнасць дзіцяці можа быць прадугледжана толькі натарыяльна засведчаным Пагадненнем аб выплаце аліментаў ці Шлюбным дагаворам. Хачу адзначыць, што бацька, які абавязаны да выплаты аліментаў, мае права прадаставіць свайму дзіцяці матэрыяльнае ўтрыманне і звыш вызначанага судом памеру.

– У працяг тэмы аб Шлюбным Дагаворы, Пагадненні аб выплаце аліментаў і Пагадненні аб дзецях. Якую працэдуру неабходна захаваць для заключэння Шлюбнага дагавора, Пагаднення аб выплаце аліментаў і Пагаднення аб дзецях? Як часта бацькі заключаюць іх, бо многія з бацькоў нават і не ведаюць аб такой магчымасці, прадугледжанай заканадаўствам?

– Пытанні ўтрымання, вызначэння месца жыхарства дзяцей і іншыя пытанні, якія тычыцца выхавання дзяцей, могуць быць урэгуляваныя мужам і жонкай у Шлюбным дагаворы, Пагадненні аб дзецях. У Пагадненні аб выплаце аліментаў могуць быць вырашаны пытанні толькі аб памеры, спосабах і парадку выплаты аліментаў.

Шлюбны дагавор заключаецца ў пісьмовай форме і належыць натарыяльнаму сведчанню. Калі Шлюбны дагавор утрымлівае ўмовы, якія з’яўляюцца ці могуць стаць падставай узнікнення, пераходу, спынення правоў, абмежаванняў (абцяжарванняў) правоў на нерухомую маёмасць, то патрабуецца таксама абавязковая дзяржаўная рэгістрацыя Шлюбнага дагавора ў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яго і здзелак з ім. Такія ж патрабаванні заканадаўца прад’яўляе і да Пагаднення аб выплаце аліментаў. Пагадненне аб дзецях муж і жонка могуць заключыць у парадку, вызначаным ГПК для міравых пагадненняў пры скасаванні шлюбу ў судзе.

Заканадаўца не выключае магчымасці ўказання ў Шлюбным дагаворы, Пагадненні аб выплаце аліментаў, Пагадненні аб дзецях выплаты аліментаў у цвёрдай грашовай суме, у базавых велічынях, у працэнтных адносінах да заработку.

Пагадненне аб выплаце аліментаў не можа быць заключана, калі аліменты выплачваюцца ў адпаведнасці з заключанымі ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку Шлюбным дагаворам ці Пагадненнем аб дзецях, а таксама ўступіўшай у законную сілу судовай пастановай, у якіх вырашаны пытанні выплаты аліментаў на непаўналетніх і (ці) непрацаздольных дарослых дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе (ч. 7 арт. 91 КаШС).

– Ці любы памер аліментаў на непаўналетніх дзяцей можа быць вызначаны бакамі ў Шлюбным дагаворы, Пагадненні аб выплаце аліментаў, Пагадненні аб дзецях?

– Умовы Шлюбнага дагавора, Пагаднення аб выплаце аліментаў ці Пагаднення аб дзецях не павінны парушаць правоў і законных інтарэсаў іншых асоб, а таксама не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Гэта значыць памер аліментаў, вызначаных у Шлюбным дагаворы, Пагадненні аб выплаце аліментаў ці Пагадненні аб дзецях, не павінен быць меней за памер, устаноўлены артыкулам 92 КаШС, з якога зыходзяць суды пры спагнанні аліментаў у судовым парадку.

Для даведкі: па паведамленні Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь натарыусамі рэспублікі ў 2018 годзе засведчана 3 923 Шлюбныя дагаворы і 191 Пагадненне аб выплаце аліментаў.

– Актуальным з’яўляецца пытанне аб магчымасці выплаты аліментаў шляхам перадачы нерухомай маёмасці ва ўласнасць дзіцяці. Як гэта дзейнічае на практыцы?

– Заканадаўца дапускае магчымасць выплаты аліментаў шляхам перадачы нерухомай маёмасці ва ўласнасць дзіцяці. Такі парадак можа быць замацаваны ў Шлюбным дагаворы або ў Пагадненні аб выплаце аліментаў. Калі аліменты спагнаны судом у працэнтных адносінах да заработку або ў цвёрдай грашовай суме ці ў базавых велічынях, то пытанне аб выплаце аліментаў на будучы час шляхам перадачы ва ўласнасць дзіцяці нерухомай маёмасці можа быць вырашана бацькамі дзіцяці па ўзаемнай дамоўленасці ў рамках выканаўчага вядзення шляхам заключэння міравога пагаднення, якое належыць зацвярджэнню судом.

– Бываюць выпадкі, калі па некалькіх рашэннях судоў з адказчыка прысуджаны аліменты на дзяцей ад розных маці ці бацькоў і ў выніку сума аліментаў перавышае памер, устаноўлены заканадаўствам. У такой сітуацыі ці можна паменшыць памер аліментаў?

– Сапраўды, заканадаўца дапускае магчымасць памяншэння памеру аліментаў судом у выпадку, калі ў бацькі, які абавязаны выплачваць аліменты, ёсць іншыя непаўналетнія дзеці, якія пры спагнанні аліментаў аказаліся менш забяспечанымі матэрыяльна, чым дзеці, якія атрымліваюць аліменты, а таксама, калі такі бацька з’яўляецца інвалідам 1 ці 2 групы. У выпадку ўзнікнення такіх абставін, бацька, які выплачвае аліменты на непаўналетніх дзяцей па судовай пастанове, мае права звярнуцца з іскам аб змяншэнні памеру аліментаў, што ўстаноўлены і спаганяецца судом на ўтрыманне дзяцей.

Немалаважным з’яўляецца і той факт, што ў выключных выпадках суд можа вызваліць бацьку, які з’яўляецца інвалідам I ці II групы, ад выплаты аліментаў, а таксама паменшыць мінімальны памер аліментаў, якія спаганяюцца з працаздольнага бацькі, які па аб’ектыўных прычынах не можа іх выплачваць ва ўстаноўленых памерах.

– На якую матэрыяльную дапамогу ад бацькі дзіцяці можа разлічваць маці, якая знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў, калі бацькі сумесна не пражываюць?

– Маці (бацька), якая (які) ажыццяўляе догляд за агульным дзіцем да дасягнення ім трох гадоў і якая (які) мае патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе, мае права на атрыманне забеспячэння ад бацькі (маці), які (якая) валодае неабходнымі для гэтага сродкамі, у выпадку калі яны знаходзяцца ў шлюбе, і захоўвае гэта права ў выпадку скасавання шлюбу. У гэтым выпадку той з бакоў, які мае патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе і ажыццяўляе догляд за дзіцем, мае права звярнуцца ў суд з іскам да другога боку (былога мужа ці жонкі) аб спагнанні сродкаў на сваё ўтрыманне да дасягнення дзіцем трохгадовага ўзросту. Памер прысуджанай сумы будзе залежаць ад забяспечанасці істца, а таксама ўлічваць матэрыяльнае і сямейнае становішча адказчыка, абавязанага прадаставіць матэрыяльную падтрымку, наяўнасць у яго абавязацельстваў перад іншымі асобамі, якім ён у сілу закона таксама абавязаны дапамагаць. Калі ўмовы, якія з’яўляюцца падставай для атрымання ўтрымання, адпалі, а таксама калі разведзены муж (жонка), які (якая) атрымлівае сродкі на ўтрыманне, уступіць у новы шлюб, то той з бакоў, які выплачвае такія сродкі па рашэнні суда, мае права звярнуцца ў суд з іскам аб вызваленні яго ад іх далейшай выплаты.

– Ці абавязаны бацька ўтрымліваць сваё дзіця пасля дасягнення ім 18-гадовага ўзросту?

– Абавязак па ўтрыманні дзяцей пасля дасягнення імі 18-гадовага ўзросту замацавана заканадаўствам у дачыненні да непрацаздольных дарослых дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Таксама Шлюбным дагаворам ці Пагадненнем аб выплаце аліментаў можа быць прадугледжана выплата аліментаў на дзяцей і пасля дасягнення імі паўналецця (напрыклад, да атрымання дзіцем пасля заканчэння школы першай вышэйшай адукацыі).

– Вера Барысаўна, патлумачце, які парадак павінен захаваць спагнаннік для непасрэднага выканання рашэння суда пасля вынясення судовай пастановы аб спагнанні аліментаў?

– Спагнаннік павінен атрымаць у судзе, які вынес судовую пастанову аб спагнанні аліментаў, выканаўчы ліст ці вызначэнне аб судовым загадзе, і звярнуцца з ім у орган прымусовага выканання з заявай аб узбуджэнні выканаўчага вядзення. Трэба таксама звярнуць увагу, што, калі бок па Шлюбным дагаворы, Пагадненні аб выплаце аліментаў, Пагадненні аб дзецях не выконвае абавязацельстваў па выплаце аліментаў, спагнаннік мае права звярнуцца ў суд з заявай аб выдачы выканаўчага ліста і прад’явіць яго ў орган прымусовага выканання для прымусовага спагнання аліментаў.

– Часта бацькі ўхіляюцца ад выплаты сродкаў на ўтрыманне дзяцей. Якая адказнасць прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь за ўхіленне бацькоў ад утрымання сваіх дзяцей?

– За ўхіленне бацькоў больш за тры месяцы на працягу года ад выплаты па судовай пастанове сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх ці дарослых, але непрацаздольных і маючых патрэбу ў дапамозе дзяцей, прадугледжана крымінальная адказнасць.

У прыватнасці, санкцыяй ч. 1 арт. 174 КК прадугледжана пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ ці папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, ці арышту, ці абмежавання свабоды на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўлення волі на тэрмін да аднаго года.

У выпадку здзяйснення названага дзеяння асобай, раней судзімай за ўхіленне ад ўтрымання дзяцей, ч. 3 арт. 174 КК прадугледжана пакаранне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін ад аднаго года да двух гадоў, ці арышту, ці абмежавання свабоды на тэрмін ад аднаго года да трох гадоў, ці пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.

– Рэзюмуючы ўсё вышэйсказанае, неабходна яшчэ раз падкрэсліць важнасць абмяркоўваемай сёння тэмы і павышаны інтарэс да яе з боку грамадскасці. А наколькі яна важная для органаў судовай улады?

– Разгляд спраў, звязаных з абаронай дзяцінства, з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці судоў. Пры разглядзе шлюбна-сямейных спрэчак, у тым ліку аб спагнанні аліментаў, суды прымаюць вычарпальныя меры, накіраваныя на прымірэнне мужа і жонкі, захаванне сям’і і галоўнае – абарону правоў і інтарэсаў дзяцей. Бо ў сучасным цывілізаваным грамадстве дзіця з’яўляецца асабліва ахоўнай каштоўнасцю, агульнапрызнаны на сусветным узроўні і мае права на такое матэрыяльнае забеспячэнне з боку сям’і і дзяржавы, якое неабходна для яго паўнацэннага фізічнага і разумовага развіцця, рэалізацыі прыродных схільнасцей і талентаў, атрымання адукацыі ў адпаведнасці з яго здольнасцямі з мэтай садзейнічання гарманічнаму развіццю асобы і выхаванню дастойнага члена грамадства.

Падрыхтавана Анастасіяй Шыльвян

21.06.2019