Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь


Інфармацыя аб выніках дзейнасці судовай сістэмы Беларусі ў 2018 годзе

7 лютага 2019  4403

Нагрузка на суддзяў

У 2018 годзе штатная нагрузка ў судах агульнай юрысдыкцыі склала 73,5 справы і матэрыялаў у месяц (у 2017 годзе гэты паказчык раўняўся 73,3), па эканамічных судах яна склала 76,4 справы і матэрыялы (у 2017 годзе – 93,7).

Судзімасць

У 2018 годзе ў вядзенні судоў рэспублікі знаходзілася 43 620 крымінальных спраў. Па выніках судовых разбораў асуджана 40 612 асоб, што на 2 523 асобы, ці 5,8 %, меней, чым у 2017 годзе (43 135).

Апраўдальныя прыгаворы вынесены ў дачыненні да 80 асоб. Асноўнымі падставамі для апраўдання, як і ў мінулыя гады, з'явіліся адсутнасць у дзеяннях саставу злачынства або недаказанасць удзелу абвінавачанага ў яго здзяйсненні. Пры гэтым найбольш істотны сегмент апраўданых па абвінавачаннях у злачынствах супраць жыцця і здароўя чалавека – 32 (з іх двое апраўданыя па абвінавачанні ў забойстве); асабістай свабоды, гонару і годнасці – 13; уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці – 10.

Структура судзімасці ў цэлым у параўнанні з 2017 годам не змянілася. Як і раней асноўную масу складаюць асуджаныя за менш цяжкія (59,9 %) злачынствы і злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі (28,6 %) . Удзельная вага асуджаных за здзяйсненне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў склала 11,4 % ад агульнай колькасці асоб, у дачыненні да якіх вынесены абвінаваўчыя прыгаворы.

Найбольшая колькасць асоб асуджана за здзяйсненне крадзяжоў маёмасці рознымі спосабамі (15 111 асоб, ці 37,2 %) і ўхіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад пакрыцця выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца ці знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні (5 804 асобы, ці 14,3 %). Пры гэтым знізілася колькасць асуджаных за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсараў ці аналагаў (да 2 452 асоб), што склала 6,03 % у агульнай структуры судзімасці. За злачынствы супраць грамадскага парадку і грамадскай маралі асуджаны 3 014 асоб (7,4 %), за ўхіленне ад адбывання розных відаў пакаранняў – 2 831 асоба, ці 7 %.

З ліку асуджаных:

  • 2 452 асобы асуджаны за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі – на 16,7 % менш у параўнанні з 2017 годам (2 942 асобы);
  • 1 005 асоб асуджана за здзяйсненне злачынстваў карупцыйнай накіраванасці – на 44,8 % больш, чым у 2017 годзе (694 асобы);
  • 884 асобы асуджаны за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення, перадачу кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмову ад праходжання праверкі (агляду) – на 14,4 % менш, чым у 2018 годзе (1 033 асобы);
  • 15 988 асоб здзейснілі злачынствы ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап'янення, што складае 39,4 % ад агульнай колькасці асуджаных (у 2017 годзе 16 834 асобы, ці 39 % ад агульнай колькасці асуджаных);
  • 16 812 асоб здзейснілі злачынства пры нязнятай ці непагашанай судзімасці за здзейсненае раней злачынства, што складае 41,4 % ад агульнай колькасці асуджаных (у 2017 годзе 17 323 асобы, ці 40,2 %);

Структура крымінальных пакаранняў:

  • грамадскія работы – 4 745 асоб (11,7 %);
  • штраф – 5 339 асоб (13,1 %);
  • пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю – 217 асоб (0,5 %);
  • папраўчыя работы – 1 956 асоб (4,8 %);
  • абмежаванне свабоды – 7 702 асобы (19 %);
  • арышт – 7 507 асоб (18,5 %);
  • лік асуджаных да пазбаўлення волі ў 2018 годзе знізіўся на 2 399 асоб і склаў 9 621 асобу (23,7 %);
  • адтэрміноўка выканання пакарання – 1 869 асоб (4,6 %);
  • умоўнае непрымяненне пакарання – 1 265 асоб (3,1 %);
  • меры выхаваўчага характару – 279 асоб (0,7 %);
  • вызвалены ў сувязі з прымяненнем амністыі – 9 асоб (0,02 %);
  • без прызначэння пакарання – 98 асоб (0,2 %);
  • выключная мера пакарання – 2 асобы;
  • пажыццёвае зняволенне – 1 асоба.

Вышэйстаячымі судамі скасаваныя прыгаворы раённых і гарадскіх судоў у дачыненні да 232 асоб (у 2017 г. – у дачыненні да 240 асоб), што складае 0,5 % ад агульнай колькасці асоб, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці. Зменены прыгаворы ў дачыненні да 1 566 асоб – 3,7 % ад агульнай колькасці асоб, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці (у 2017 г. – у дачыненні да 1 587 асоб).

Справы аб адміністрацыйных правапарушэннях

(без уліку даных аб справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, разгледжаных эканамічнымі судамі)

У 2018 годзе колькасць разгледжаных раённымі (гарадскімі) судамі рэспублікі спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях нязначна знізілася. Калі ў 2017 годзе разгледжана 370 109 спраў гэтай катэгорыі, то ў 2018 годзе іх колькасць зменшылася на 1,2 % да 365 549 спраў.

У агульнай структуры адміністрацыйных правапарушэнняў асноўную масу склалі справы аб такіх правапарушэннях, як:

  •  распіццё алкагольных, слабаалкагольных напіткаў ці піва, спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ці іх аналагаў у грамадскім месцы або паяўленне ў грамадскім месцы ці на працы ў стане ап'янення (79 144) (арт. 17.3 КоАП);
  •  наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання і іншыя насільныя дзеянні або парушэнне абароннага прадпісання (77 144) (арт. 9.1 КоАП);
  •  дробнае хуліганства (34 584) (арт. 17.1 КоАП);
  • дробны крадзеж (22 627) (арт. 10.5 КоАП).

Структура накладання адміністрацыйных спагнанняў за справаздачны перыяд у параўнанні з 2017 годам істотных змен не зведала. Грашоваму штрафу падвергнута 78,5 %, ці 217 590 прыцягнутых асоб (у 2017 годзе 79,6 %, ці 235 122 асобы). Адміністрацыйнаму арышту падвергнуты – 51 590 прыцягнутых асоб, ці 18,6 % (у 2017 годзе – 52 069, ці 17,6 %). Пры гэтым з агульнай колькасці разгледжаных спраў амаль па 53 тысячах спраў, ці 14,3 %, судамі прымаліся рашэнні аб спыненні вядзення па справе. Суды ўважліва падыходзілі да ацэнкі захавання норм матэрыяльнага і працэсуальнага права пры падрыхтоўцы спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях да разгляду. Таму ў сувязі з адсутнасцю ў дзеянні саставу адміністрацыйнага правапарушэння судамі спынена 6 814 спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, што сведчыць пра неабгрунтаванасць пачатку вядзення адміністрацыйнага працэсу, а таксама ўсё яшчэ невысокі ўзровень якасці дасудовага вядзення па такіх справах.

Больш чым 27 тысяч спраў (7,5 %) вярталіся судамі для выпраўлення недахопаў пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія перашкаджаюць іх разгляду па сутнасці. Амаль па 6,5 тысячах спраў (1,8 %) суддзямі прымаліся рашэнні аб вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці (напрыклад, у сувязі з малазначнасцю дзеяння).

Грамадзянскае правасуддзе

У мінулым годзе аб'ём грамадзянскага правасуддзя па рэспубліцы ў параўнанні з 2017 годам павялічыўся на 1,8 %. Усяго ў 2018 годзе ў суды рэспублікі паступіла 203 563 грамадзянскія справы (у 2017 годзе – 200 061 справа). Судамі з вынясеннем рашэння разгледжана 175 065 грамадзянскіх спраў (у 2017 годзе – 171 576). З іх з задавальненнем іску разгледжана 165 806 спраў, ці 94,7 % (у 2017 годзе – 161 959, ці 94,4 %). З ліку разгледжаных спраў у парадку іскавага вядзення разгледжана 123 041 справа, што на 1,9 % болей, чым у мінулым годзе (у 2017 годзе разгледжана 120 744 справы). З ліку разгледжаных у іскавым вядзенні грамадзянскіх спраў найбольшую колькасць складаюць справы аб скасаванні шлюбу – 24 897 (у 2017 годзе – 23 414). Задаволенасць па гэтай катэгорыі складае 99,6 % (у 2017 годзе – 99,7 %). У 2018 годзе разгледжана 8 572 жыллёвыя спрэчкі (у 2017 годзе – 8 618). У тым ліку:

  • аб высяленні з прадастаўленнем іншага памяшкання 152 (з іх з задавальненнем іску 125, ці 82,2 %);
  • аб высяленні без прадастаўлення іншага жылога памяшкання – 3 642 (з іх з задавальненнем іску 3 208, ці 88,1 %);
  • аб скасаванні дагавора найму жылога памяшкання – 1 614 (з іх з задавальненнем іску 1431, ці 88,7 %);
  • аб прызнанні права ўласнасці на жылыя дамы і кватэры – 892 (з іх з задавальненнем іску 751, ці 84,2 %).

Значную колькасць таксама складаюць працоўныя спрэчкі – 6 628 грамадзянскіх спраў гэтай катэгорыі разгледжана ў 2018 годзе (у 2017 – 7 763). Задаволенасць па гэтай катэгорыі спраў высокая і склала 82 % (у 2017 годзе – 81,2 %).

Сярод іх 517 грамадзянскіх спраў – аб узнаўленні на працы (з іх з задавальненнем іску 164, ці 31,7 %);

  • аб выплаце заработнай платы – 2 687 (з іх з задавальненнем іску 2 390, ці 89 %);
  • аб пакрыцці маёмаснага ўрону, прычыненага работнікам пры выкананні службовых (працоўных) абавязкаў – 2 155 (з іх з задавальненнем іску 2 004, ці 93 %);
  • іншыя працоўныя спрэчкі – 1 269 (з іх з задавальненнем іску 874, ці 68,9 %).

Судамі рэспублікі разгледжана 8 007 грамадзянскіх спраў аб спагнанні аліментаў на ўтрыманне дзяцей (у 2017 разгледжана 7 564 справы). Задаволенасць па гэтай катэгорыі, як і ў 2017 годзе, складае 95,2 %. Таксама разгледжана 87 грамадзянскіх спраў аб пакрыцці шкоды здароўю па ўпершыню прад'яўленых ісках (у 2017 годзе – 108 спраў), пры гэтым задаволенасць па іх складае 81,6 % (у 2017 годзе – 89,8 %); аб абароне гонару і годнасці – 117 спраў (у 2017 годзе – 100 спраў), задаволенасць па іх 44,4 % (у 2017 годзе – 37 %).

Па справах, якія ўзнікаюць з адміністрацыйна-прававых адносін, скончана вынясеннем рашэнняў 1 638, што на 27,7 % больш, чым у 2017 годзе – 1 283 справы.

У 2018 годзе судамі разгледжана 26 645 спраў асаблівага вядзення (у 2017 годзе – 28 824). З іх: 6 168 спраў аб устанаўленні фактаў, якія маюць юрыдычнае значэнне (у 2017 годзе – 6 771); 8 614 спраў аб прымусовай шпіталізацыі і лячэнні грамадзян (у 2017 годзе – 8 888), у тым ліку аб змяшчэнні ў ЛПП – 7 837 (у 2017 годзе – 7 868).

Павялічылася на 14,6 % колькасць заяў, разгледжаных у парадку загаднага вядзення – з 20 725 спраў у 2017 годзе да 23 741 справы ў 2018 годзе. Большасць з разгледжаных у парадку загаднага вядзення заяў – аб спагнанні аліментаў на непаўналетніх дзяцей – 12 618 (у 2017 годзе – 13 106).

У выніку праверкі вышэйстаячымі судамі пераважная большасць рашэнняў па грамадзянскіх справах прызнаныя законнымі і абгрунтаванымі. Вышэйстаячымі судамі адменена 1 075 рашэнняў (у тым ліку з вынясеннем новага рашэння 568), што складае 0,6 % ад агульнай колькасці вынесеных рашэнняў. Зменена 541 рашэнне – 0,3 % ад агульнай колькасці вынесеных рашэнняў (у 2017 годзе адменена 1 282, ці 0,7 %, з іх з вынясеннем новага рашэння 529; зменена – 516, ці 0,3 %).

Звесткі аб рабоце судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь за 2018 год апублікаваныя раней і даступныя тут

Эканамічнае правасуддзе

Паступленне працэсуальных зваротаў (формы звароту ў суд, які разглядае эканамічныя справы, устаноўленыя артыкулам 7 ГПК) у эканамічныя суды зніжаецца з 2016 года.

У 2018 годзе памяншэнне паступлення ў параўнанні з 2017 годам склала 18 %, у эканамічныя суды паступіла каля 104,9 тысяч зваротаў (у 2017 – 127,4 тысячы).

Колькасць разгледжаных эканамічнымі судамі спраў у парадку іскавага вядзення ў 2018 годзе зменшылася на 18 % і склала каля 17,5 тысяч, з якіх маёмасныя спрэчкі – 76 %, немаёмасныя – 24 %. Задавальненне іскавых заяў па сістэме эканамічных судоў складае каля 59,4 % ад разгледжаных. Адмоўлена ў задавальненні заяўленых патрабаванняў па 12,9 %, вядзенне спынена па 22,4 % разгледжаных спраў, пакінута без разгляду – 5,3 %. Пачынаючы з 2016 года назіраецца штогадовае на 17–23 % змяншэнне паступленняў у эканамічныя суды заяў аб выдачы вызначэння аб судовым загадзе. У 2018 годзе колькасць заяў, якія паступілі, зменшылася на 17 %.

Задаволенасць заяў аб выдачы вызначэнняў аб судовым загадзе па сістэме эканамічных судоў складае 85 % ад агульнай колькасці разгледжаных, што адпавядае мінуламу перыяду.

У рамках артыкула 226 ГПК вынесена 1 314 вызначэнняў аб адмене вызначэння аб судовым загадзе, што складае 2,5 % ад колькасці вынесеных вызначэнняў аб судовым загадзе і аналагічна 2017 году.

У справаздачным перыядзе захавалася тэндэнцыя да памяншэння (на 9 %) колькасці заяў, якія паступілі ў эканамічныя суды, аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве), якая пачалася ў 2017.

За мінулы год судамі завершаны вядзенні па 2 941 справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве), што амаль на трэць болей, чым у 2017 годзе (2 016 спраў).

Колькасць спраў, тэрмін ліквідацыйнага вядзення па якіх перавышае 12 месяцаў, зменшылася ў судах рэспублікі за год у два разы (з 1 097 да 548 спраў).

Названыя паказчыкі абумоўлены зменай падыходаў да спагнання субсідыярнай адказнасці з улікам палажэнняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.11.2017 № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», растлумачэнні аб прымяненні якога былі накіраваны ў суды судовай калегіяй па эканамічных справах.

Аптымізацыя тэрмінаў завяршэння ліквідацыйных вядзенняў, павышэнне інтэнсіўнасці іх правядзення судамі па справах названай катэгорыі забяспечылі зніжэнне рэшты незакончаных спраў аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) у вядзенні судоў у параўнанні з пачаткам года амаль на трэць (з 3 115 да 2 183 спраў).

Разгляд спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях

У структуры зваротаў у эканамічныя суды ў 2018 годзе колькасць спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія паступілі, знізілася з 5,4 % да 3,8 %. Колькасны паказчык паступлення такіх спраў знізіўся на 42 % (з 6,3 тысяч да 3,6 тысяч).

У аналізуемым перыядзе адбыліся змены ў адпаведнасці з вынікамі разгляду эканамічнымі судамі спраў у вядзенні аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання вынесены па 91,2 % спраў, вядзенні спынены па 8,8 % спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. У 2017 годзе такія суадносіны склалі 94,3 % і 5,7 % адпаведна.

Перагляд судовых пастаноў

У 2018 годзе колькасны паказчык зваротаў, якія паступілі ў эканамічныя суды ў парадку абскарджання судовых пастаноў, знізіўся на 11 % (з 6 371 у 2017 да 5 677 у справаздачным перыядзе). Пры гэтым доля такіх зваротаў павялічылася і складае 5,4 % ад усіх, што паступілі (у 2017 годзе – 5 %).

Ад колькасці разгледжаных эканамічнымі судамі спраў па першай інстанцыі (улічаны справы, разгледжаныя ў парадку іскавага вядзення і вядзення па справах аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)) стадыі апеляцыйнага разгляду прайшло 12,5 % спраў (у 2017 – 11,5 %), касацыйнага разгляду – 6,1 % спраў (у 2017 – 6,0 %), перагляду ў парадку нагляду – каля 1,3% спраў (2017 – 1 %).

Колькасць судовых пастаноў, адмененых (змененых) пры пераглядзе апеляцыйнай, касацыйнай і нагляднай інстанцыямі скарацілася на 21,2 % (з 433 у 2017 да 341 (пры падліку колькасці адмененых судовых пастаноў не ўлічваюцца судовыя пастановы, якія адменены са спыненнем вядзення па справе ў сувязі з заключэннем міравога пагаднення, пагаднення аб прымірэнні, адмовай істца ад іску, у сувязі з пакіданнем іскавай заявы без разгляду) адмененай судовай пастановы ў справаздачным перыядзе).

Агульная ўдзельная вага адмененых судовых пастаноў да ліку разгледжаных па першай інстанцыі (з улікам іскавага вядзення і вядзення па справах аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)) знізілася нязначна з 1,9 % у 2017 да 1,7 %.

Пры гэтым у апеляцыйным парадку адменена (зменена) 229 судовых пастаноў (рашэнняў), ці 1,1 % ад разгледжаных па першай інстанцыі спраў, у касацыйным – 101, ці 0,5 %.

Прэзідыумам Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь адменены судовыя пастановы па 3 справах, з якіх 2 справы не праходзілі стадыі апеляцыйнага і касацыйнага перагляду, па 1 справе пастанова касацыйнай інстанцыі, якой раней адменены судовыя пастановы ніжэйстаячых інстанцый, адменена з накіраваннем справы на новы разгляд у суд касацыйнай інстанцыі.