Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Суд Навагрудскага раёна абараніў правы звольненага работніка – спагнаны сярэдні заробак за затрымку выдачы працоўнай кніжкі і панесеныя судовыя выдаткі

14 мая 2021  1267

21 красавіка 2021 года судом Навагрудскага раёна разгледжана грамадзянская справа па іску былога работніка (далей – ісцец) да ААТ «Шчорсы» (далей – адказчык) аб спагнанні сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу пры затрымцы выдачы працоўнай кніжкі і змене даты звальнення.

У заяве суду з улікам наступных дапаўненняў і ўдакладненняў ісцец указаў, што працаваў жывёлаводам у ААТ «Шчорсы».

Загадам наймальніка ад 17 верасня 2020 года ісцец быў звольнены па ініцыятыве наймальніка з 31 жніўня 2020 года ў адпаведнасці з п. 5 арт. 42 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за няяўку на працу на працягу больш чатырох месяцаў запар з прычыны часовай непрацаздольнасці.

У парушэнне патрабаванняў дзеючага заканадаўства працоўная кніжка істцу выдадзена не была. З загадам аб звальненні ён азнаёмлены не быў.

Ісцец ад атрымання працоўнай кніжкі не адмаўляўся, пісьмо аб неабходнасці з’явіцца за атрыманнем працоўнай кніжкі не атрымліваў.

Наймальнікам 5 кастрычніка 2020 года з істцом быў праведзены канчатковы разлік.

Працоўная кніжка была вернута яго дачцэ толькі 1 лютага 2021 года.

Ісцец прасіў суд спагнаць на яго карысць з адказчыка сярэдні заробак за час вымушанага прагулу пры затрымцы выдачы працоўнай кніжкі, пачынаючы з 18 верасня 2020 года па 1 лютага 2021 года, а таксама абавязаць адказчыка ўнесці змены ў запіс аб звальненні ў працоўнай кніжцы, указаўшы датай звальнення дзень выдачы працоўнай кніжкі 1 лютага 2021 года. Таксама ісцец прасіў спагнаць выдаткі па аплаце юрыдычнай дапамогі ў памеры 50 рублёў.

Падчас судовага пасяджэння ісцец і яго прадстаўнік заяўленыя патрабаванні падтрымалі, настойваючы на іх задавальненні.

Заслухаўшы тлумачэнні юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб, даследаваўшы пісьмовыя доказы, суд палічыў, што іск падлягае задавальненню.

Рашэннем суда Навагрудскага раёна ад 21 красавіка 2021 года пастаноўлена:

- спагнаць з ААТ «Шчорсы» на карысць К. сярэдні заробак за затрымку выдачы працоўнай кніжкі ў памеры 2589,44 рубля, а таксама панесеныя судовыя выдаткі 50 рублёў;

- абавязаць ААТ «Шчорсы» ўнесці змены ў працоўную кніжку К., змяніўшы дату звальнення з 31 жніўня 2020 года на 1 лютага 2021 года;

- спагнаць з ААТ «Шчорсы» дзяржаўную пошліну ў памеры 129,47 рубля.

Рашэнне не абскарджана (не апратэставана) і ўступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі