Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Судом Мазырскага раёна пастаноўлены прыгавор па крымінальнай справе па абвінавачанні службовых асоб філіяла «Ельская мэблевая фабрыка» ААТ «Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат» у здзяйсненні карупцыйнага злачынства

13 лістапада 2018  1215

12 лістапада 2018 года судом Мазырскага раёна разгледжана крымінальная справа па абвінавачанні В. (дырэктара філіяла «Ельская мэблевая фабрыка» ААТ «Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат»), Ю. (галоўнага інжынера філіяла «Ельская мэблевая фабрыка» ААТ «Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат») у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 430 КК, па абвінавачанні Г. (на момант затрымання займала пасаду дырэктара ТАА «Э») у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 431 КК.

Абвінавачаны В., працуючы на пасадзе дырэктара філіяла «Ельская мэблевая фабрыка» ААТ «Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат» (далей – фабрыка), дасягнуў папярэдняй дамоўленасці з дырэктарам ТАА «Э» –абвінавачанай Г. аб тым, што з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў забяспечыць закупку таварна-матэрыяльных каштоўнасцей для патрэб фабрыкі ў ТАА «Э» і іх своечасовую аплату, а абвінавачаная Г. перадасць яму банкаўскую плацежную картку, адкрытую на яе імя ў банку, на якую будзе пералічаць для яго незаконнае грашовае ўзнагароджанне (хабар) у памеры ад 3 да 10 % ад кошту таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, што закупаюцца фабрыкай.

У перыяд са снежня 2016 па май 2017 абвінавачаны В. прыняў для сябе ад абвінавачанай Г. у некалькі этапаў незаконнае грашовае ўзнагароджанне на агульную суму не менш за 6333 рублёў 91 капейку.

Дзейнічаючы ў працяг свайго злачыннага намеру, абвінавачаны В. уступіў у злачынную змову з галоўным інжынерам фабрыкі – абвінавачаным Ю. Згодна з дасягнутай паміж імі дамоўленасці, абвінавачаны Ю., выкарыстоўваючы свае паўнамоцтвы старшыні конкурснай камісіі, павінен быў забяспечыць перамогу ТАА «Э» ў конкурсных працэдурах па выбары пастаўшчыка таварна-матэрыяльных каштоўнасцей для патрэб фабрыкі, а абвінавачаны В. адгрузку прадукцыі фабрыкі ў якасці аплаты за пастаўленыя ТАА «Э» на фабрыку таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, аб чым была інфармавана абвінавачаная Г.

Па меры пастаўкі ТАА «Э» на фабрыку таварна-матэрыяльных каштоўнасцей абвінавачаная Г. пералічыла на разліковы рахунак для абвінавачаных В. і Ю. незаконнае грашовае ўзнагароджанне на агульную суму не менш за 3427 рублёў 53 капейкі.

Прыгаворам суда

абвінавачаны В. прызнаны вінаватым у прыняцці службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцей, прадастаўляемых выключна ў сувязі са службовым становішчам, якое яна займае, за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю, за выкананне ў інтарэсах таго, хто дае хабар, і прадстаўляемых ім асоб якога-небудзь дзеяння, якое гэта асоба павінна была і магла здзейсніць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў (атрыманне хабару), паўторна, групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры і на падставе ч. 2 арт. 430 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый, на тэрмін 5 гадоў.

Абвінавачаны Ю. прызнаны вінаватым у прыняцці службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцей, прадастаўляемых выключна ў сувязі са службовым становішчам, якое яна займае, за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю, за выкананне ў інтарэсах таго, хто дае хабар, і прадстаўляемых ім асоб якога-небудзь дзеяння, якое гэта асоба павінна была і магла здзейсніць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў (атрыманне хабару), паўторна, групай асоб па папярэдняй змове і па ч. 2 арт. 430 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых функцый, на тэрмін 4 гады 6 месяцаў.

Абвінавачаная Г. прызнана вінаватай у дачы хабару паўторна, у буйным памеры і на падставе ч. 2 арт. 431 КК ёй прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды на тэрмін 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Мера стрымання ў дачыненні да абвінавачанай Г. да ўступлення прыгавору ў законную сілу зменена са зняволення пад варту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах, вызваліўшы абвінавачаную Г. з-пад варты ў зале суда.

Прыгавор у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык