Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

За парушэнне правіл супрацьпажарнай бяспекі па рашэнні эканамічнага суда прыпынена дзейнасць саўны «Чыкага» ў г. Віцебску

16 чэрвеня 2021  1148

25 мая 2021 года ў эканамічным судзе Віцебскай вобласці разгледжана заява ўстановы «Віцебскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь» (заяўнік) да індывідуальнага прадпрымальніка А. (зацікаўленая асоба) аб прыпыненні дзейнасці саўны «Чыкага» ў г. Віцебску да ліквідацыі парушэнняў.

У перыяд з 5 студзеня 2021 года па 18 студзеня 2021 года службовай асобай заяўніка ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку правядзення маніторынгу, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.10.2009 № 510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (далей – Палажэнне аб парадку правядзення маніторынгу) праведзены маніторынг дзейнасці саўны індывідуальнага прадпрымальніка А.

У выніку праведзенага маніторынгу выяўлена больш за дзясятак парушэнняў заканадаўства аб пажарнай бяспецы, патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў, у прыватнасці памяшканні саўны не абсталяваны сістэмай аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі; не забяспечана магчымасць свабоднага адкрывання знутры без ключа замкоў дзвярэй, размешчаных на шляхах эвакуацыі; для запаўнення падвеснай столі ў калідоры прыменены матэрыялы з высокай пажарнай небяспекай; адсутнічае неабходная колькасць першасных сродкаў пажаратушэння і іншыя парушэнні.

Па выніках маніторынгу службовая асоба заяўніка прыйшла да вываду аб тым, што выяўленыя парушэнні заканадаўства аб пажарнай бяспецы ствараюць пагрозу прычынення шкоды жыццю і здароўю грамадзян, і 18 студзеня 2021 года на падставе пункта 7 Палажэння аб парадку правядзення маніторынгу накіравала зацікаўленай асобе прапанову аб прыпыненні (забароне) дзейнасці суб’ектаў (яго цэхаў, вытворчых участкаў), абсталявання (далей – прапанова), якая была атрымана ёй 21 студзеня 2021 года. Пры гэтым інфармацыі аб прынятым на падставе прапановы рашэнні ад зацікаўленай асобы не паступала.

Зацікаўленая асоба ў судовым пасяджэнні поўнасцю прызнала патрабаванне, выкладзенае ў заяве, і прызнала наяўнасць выяўленых парушэнняў. Таксама зацікаўленая асоба паведаміла, што названыя парушэнні на дзень судовага пасяджэння не ліквідаваны ў поўным аб’ёме.

Даследаваўшы прадстаўленыя па справе доказы, эканамічны суд прыйшоў да вываду, што заява пададзена абгрунтавана і падлягае задавальненню, паколькі дзейнасць (работа) саўны без ліквідацыі парушэнняў супрацьпажарных патрабаванняў стварае пагрозу прычынення шкоды жыццю і здароўю людзей.

Рашэннем суда ад 25 мая 2021 года дзейнасць саўны індывідуальнага прадпрымальніка А. прыпынена да ліквідацыі парушэнняў. Рашэнне аб прыпыненні дзейнасці падлягае неадкладнаму выкананню.

Рашэнне эканамічнага суда Віцебскай вобласці не абскарджвалася і 16 чэрвеня 2021 года ўступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі