Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Рашэнне падатковага органа аб даналічэнні падаткаў перавозчыку, які выкарыстоўваў электронны сэрвіс «Яндэкс-Таксі», пакінута ў сіле

8 красавіка 2021  1441

25 лютага 2021 года ў эканамічным судзе Віцебскай вобласці разгледжана заява таварыства з абмежаванай адказнасцю «Б» (заяўнік, перавозчык, заказчык, ТАА «Б») аб прызнанні несапраўдным рашэння інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь (зацікаўленая асоба, ІМПЗ, падатковы орган) па акце праверкі.

Зацікаўленай асобай праведзена камеральная праверка заяўніка ў частцы прадстаўленых падатковых дэкларацый па падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання за 1, 2 кварталы 2020 года на падставе дакументаў і інфармацыі, прадстаўленых ТАА «Б» і атрыманых падатковым органам у адпаведнасці з заканадаўствам.

Падатковым органам было ўстаноўлена, што ТАА «Б» у перыяд з 1 студзеня 2020 года па 30 чэрвеня 2020 года ў якасці перавозчыка выконвала заказы кліентаў-пасажыраў, якія атрымлівала пры дапамозе электроннага сэрвісу «Яндэкс-Таксі». Перавозчык з’яўляецца партнёрам кампаніі «Uber ML B.V.» (Нідэрланды) у частцы ажыццяўлення ў правяраемым перыядзе перавозак аўтамабілямі таксі пасажыраў і багажу.

Названая дзейнасць ажыццяўляецца заяўнікам на падставе заключанага паміж ім і кампаніяй «Uber ML B.V.» (выканаўца) пагаднення, па якім выканаўца абавязваецца аказаць заказчыку электронныя паслугі пры дапамозе электроннага сэрвісу, а заказчык выступае як юрыдычная асоба, што аказвае паслугі па перавозцы пасажыраў і абавязана забяспечваць належную якасць паслуг перавозкі.

Заказчыкам выканаўцу аплачваецца сэрвісны збор за адпаведны справаздачны перыяд у адпаведнасці з устаноўленымі ў пагадненні тарыфамі.

Па выніках камеральнай праверкі падатковы орган прыйшоў да высновы аб заніжэнні падатковай базы для злічэння падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання па стаўцы 5 % за 1, 2 кварталы 2020 года ў частцы даходу ад аказання паслуг па перавозцы пасажыраў, аплачаных за наяўны разлік. Памер выручкі падатковым органам быў вызначаны зыходзячы са звестак, прадстаўленых кампаніяй «Uber ML B.V.».

На падставе акта камеральнай праверкі вынесена рашэнне ад 2 снежня 2020 года аб спагнанні з ТАА «Б» падатку і пені.

Перавозчык з названым рашэннем падатковага органа не згадзіўся і звярнуўся ў эканамічны суд Віцебскай вобласці.

У сваёй заяве ён указаў аб нязгодзе з вывадам ІМПЗ аб неадпаведнасці даных, наяўных у інспекцыі, прадстаўленых кампаніяй «Uber ML B.V.», з данымі, адлюстраванымі ў дакументах, прадстаўленых ТАА «Б», па даходах, атрыманых ад аказання паслуг па перавозцы пасажыраў, аплачаных за наяўны разлік, паколькі кампанія «Uber ML B.V.» не можа забяспечыць паўнату і дакладнасць звестак і інфармацыі аб суме аказаных перавозчыкам паслуг па перавозцы пасажыраў, аплачаных за наяўны разлік, паколькі не з’яўляецца непасрэдным удзельнікам аперацый і разлікаў па дадзеным відзе перавозкі.

Вызначэннем ад 18 лютага 2021 года суд абавязаў заяўніка прадставіць доказы па няздзейсненых, адмененых і іншых паездках, сумы якіх былі ўключаны ў выніковую графу «наяўныя» скрыншота асабістага кабінета «Uber ML B.V.», а таксама ў інфармацыю ад «Uber ML B.V.», прадастаўленую падатковаму органу. Названае вызначэнне заяўнікам не выканана. Пры гэтым «Uber ML B.V.» растлумачыў, што ў графе «арыенціровачныя даходы, атрыманыя наяўнымі грашовымі сродкамі», утрымліваецца інфармацыя аб выкананых заказах па перавозцы пасажыраў, аплачаных за наяўны разлік. Інфармацыя аб сумах грашовых сродкаў па адмененых заказах у названай графе не ўтрымліваецца.

Падчас разгляду справы, суд прыйшоў да высновы аб няслушнасці довадаў заяўніка аб тым, што ён не мае дакладных звестак аб кошце аказанай паслугі, аплачанай наяўнымі грашовымі сродкамі, паколькі з матэрыялаў справы бачыцца, што электронны сэрвіс рэгіструе кожны выпадак перавозкі незалежна ад формы аплаты; у ім адлюстроўваюцца даныя аб кошце выкананых перавозак незалежна ад формы аплаты; ТАА «Б» аплачвае кампаніі «Uber ML B.V.» сэрвісны збор ад кожнай перавозкі, выкананай з выкарыстаннем электроннага сэрвісу, незалежна ад формы аплаты; памер падлеглага аплаце сэрвіснага збору кампаніі «Uber ML B.V.» фіксуецца ў двухбаковым акце; памер падлеглага аплаце сэрвіснага збору кампаніі «Uber ML B.V.» адпавядае суме, вылічанай ад атрыманых як наяўных, так і безнаяўных грашовых сродкаў. Пярэчанні на акты выканаўцы па сумах сэрвіснага збору заказчыкам не прадастаўляліся.

Ацаніўшы ўстаноўленыя фактычныя абставіны і наяўныя доказы, эканамічны суд адмовіў у задавальненні патрабаванняў таварыства з абмежаванай адказнасцю «Б» аб прызнанні несапраўдным рашэння падатковага органа ад 2 снежня 2020 года.

Рашэнне эканамічнага суда Віцебскай вобласці не абскарджвалася і 20 сакавіка 2021 года ўступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі